Перайсьці да зьместу

Сыманас Даўкантас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сымон Даўконт»)
Сыманас Даўкантас
Род дзейнасьці гісторык
Дата нараджэньня 28 кастрычніка 1793
Месца нараджэньня Кальві, цяпер Шкудзкі раён, Летува
Дата сьмерці 6 сьнежня 1864 (71 год)
Месца сьмерці Папіляны, цяпер Акмянскі раён
Месца вучобы
Занятак гісторык, пісьменьнік, лексыкограф

Сы́манас Да́ўкантас або Сымон Даўконт[1] (лет. Simonas Daukantas, польск. Szymon Dowkont; 17 (28) кастрычніка 1793, Кальві, цяпер Шкудзкі раён, Летува — 24 лістапада (6 сьнежня) 1864, Папіляны, цяпер Акмянскі раён) — летувіскі гісторык, асьветнік, адзін зь першых ідэолягаў летувіскага нацыянальнага абуджэньня, аўтар першых працаў з гісторыі Летувы на летувіскай мове.

Летувіскі пераклад Сыманаса Даўкантаса «з лацінскай мовы на жамойцкую» (1834—1836 гг., з мэтай фальсыфікацыі больш раньняга часу стварэньня падпісаны «1798 г.»)[2]
Мэмарыяльны музэй Даўкантаса (Папіляны)

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Навучаўся ў школах Крэтынгі й Жамойцкай Кальварыі (цяпер Вардува), у Віленскай гімназіі. Паступіў ў 1816 годзе ў Віленскі ўнівэрсытэт, спачатку навучаўся на аддзяленьні літаратуры й вольных мастацтваў, потым (з 1818 году) на аддзяленьні маральных і палітычных навук вывучаў гісторыю й антычную літаратуру. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт з ступеньню кандыдата ў 1819 годзе. У 1822 годзе абараніў дысэртацыю на ступень магістра, але праз працэс філяматаў і філярэтаў дыплём магістра права атрымаў толькі ў 1825 годзе.

Служыў у Рызе ў канцылярыі расейскага генэрал-губэрнатара (1825—1834), потым у Санкт-Пецярбургу памагатым мэтрыканта Літоўскай мэтрыкі ў канцылярыі Сэнату (1835—1851).

У 1850 годзе вярнуўся ў Летуву. У 1851 годзе выйшаў на пэнсію. Жыў у Вярнях у біскупа Мацея Валанчэўскага, потым у мэцэнатаў — у лекара Пятра Смуглевіча ў маёнтку Ной-Бэргфрыд на паўдарогі паміж Баўскай і Елгавай (цяпер Яўнсьвірлаўка ў Латвіі)[3], а апошнія гады правёў у мястэчку Папілянах (сучасная Летува).

Вокладка кнігі «Звычаі старажытных летувісаў — горнікаў і жамойтаў» («Budą senowęs lёtuwiū, kalnienū ir žȧmajtiū»), 1845 г.

За сваім жыцьцём надрукаваў толькі адзіны твор «Звычаі старадаўніх летувісаў — горнікаў і жамойтаў» («Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių», 1845 год), дзе называў беларусаў «белымі гудамі»[4] і сьцьвярджаў іх «славянізаванымі летувісамі»[5].

Апроч таго, напісаў «Дзеяньні старадаўніх летувісаў і жамойтаў» («Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių», 1822 год). А ў 1831—1834 гадоў падрыхтаваў працяг гэтай працы, азначаны як «Гісторыя Жамойці» («Istoryje Zemaitiszka»), упершыню выдадзены ў 1893 (кніга 1) і 1897 (кніга 2) гадох пад назвай «Гісторыя Літвы» (лет. «Lietuvos istorija»)[2].

Складальнік зборніку летувіскага фальклёру «Жамойцкія песьні» («Dajnes Žiamajtiû», 1846 год), слоўніка летувіскай мовы. Аўтар падручнікаў, кніг зь сельскай гаспадаркі.

У 1845 годзе прапанаваў наватвор «віціс» (výtis) (з малой літары й з націскам на першым складзе) дзеля азначэньня вершніка-рыцара на гербе Пагоня[6][7]. Дзеля азначэньня гербу цалкам слова «Vytís» (ужо зь вялікай літары і з націскам на другім складзе) упершыню выкарысталі толькі ў 1884 годзе (раней Пагоню па-летувіску звычайна звалі «Vaikymas» — 'Перасьледаваньне'). Да канца XIX ст. слова «Vytis» стала агульнапрынятым у Летуве дзеля азначэньня Пагоні. Аднак яшчэ доўгі час ішлі спрэчкі пра тое, на якім складзе трэба рабіць націск — на першым ці на другім. Толькі ў 1930-я гады з гэтым канчаткова вызначыліся — спыніліся на «Výtis»[8].

Калі выдадзеная ў 1822 годзе праца Сыманаса Даўкантаса мела назву «Дзеяньні старажытных летувісаў і жамойтаў» («Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių»), то ўжо ў 1845 годзе (па публікацыях Ёганэса Фогта і Тэадора Нарбута, дзе тыя фактычна вярнулі зь нябыту назву «Аўкштота») ён выдаў сваё дасьледаваньне пад назвай «Звычаі старажытных летувісаў — горнікаў і жамойтаў» (жамойцкае «Budą senowęs lёtuwiū, kalnienū ir žȧmajtiū», сучаснае летувіскае «Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių»). Такім спосабам Даўкантас пераклаў старажытны нямецка-лацінскі тэрмін уласным летувіскім наватворам «горнікі» (ад лет. kalnas 'гара'). Тое, што Даўкантас «першым прыдумаў і выкарыстаў тэрмін дзеля апісаньня этнаграфічнай супольнасьці, вядомай цяпер як аўкштайты», прызнаецца ў сучасных летувіскіх школьных падручніках[9].

  • Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių (1822)
  • Istorija žemaitiška (1838)
  • Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių (Звычаі старажытных летувісаў, горнікаў і жамойтаў) (1845)
  • Pasakojimas apie veikalus lietuvių tautos senovėje (1850)

Партрэт Сыманаса Даўкантаса зьмясьцілі на банкноце 100 літаў.

  1. ^ Габрусевіч С., Марозава С. Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына. — Горадня, 2005.
  2. ^ а б Roma Bončkutė, Nedegantys Simono Daukanto raštai, bernardinai.lt, 28 лістапада 2020 г.
  3. ^ Egidijus Aleksandravičius. XIX amžiaus profiliai. — Vilnius: Lietuvos rašytojų sąjungos leidykla, 1993. ISBN 9986-413-09-5. — P. 167 (лет.)
  4. ^ Bezzenberger A. Sitzungsberichte der Altertumsgesellschaft Prussia. — Königsberg, 1896. S. 230.
  5. ^ Bezzenberger A. Sitzungsberichte der Altertumsgesellschaft Prussia. — Königsberg, 1896. S. 231.
  6. ^ Краўцэвіч А. Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 54.
  7. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 349.
  8. ^ Rimša E. Heraldika // Iš praeities į dabartį. — Vilnius: Versus aureus, 2004. — P. 61—63.
  9. ^ Martišiūtė-Linartienė A. Elektroninė literatūros chrestomatija 11 klasei. — Vilnius, 2011. P. 608.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0 С. 67.
  • Lietuvių rašytojai. Biobibliografinis žodynas. I: A — J. Vilnius: Vaga, 1979. P. 392—409.
  • Merkys V. Simonas Daukantas. Vilnius: Vyturys, 1991.
  • Žukas S. Simonas Daukantas. Kaunas: Šviesa, 1988.
  • История литовской литературы. Вильнюс: Vaga, 1977. С. 76—78.