Перайсьці да зьместу

Сандэй Адэладжа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Са́ндэй Сунка́нмі Адэла́джа (нарадзіўся 28 траўня 1967 году, в. Ідаміла, Нігерыя) — украінскі прапаведнік-эвангеліст нігерыйскага паходжаньня, заснавальнік і старшы пастар найвялікшай поўнаэвангельскай мэгацарквы(en)[1] ў Эўропе пад назовам «Амбасада Боская» (з цэнтрам у Кіеве, Украіна).

Сандэй Адэладжа нарадзіўся ў вёсцы Ідаміла на паўднёвым захадзе Нігерыі ў прэсьвітэрыянскай сям’і. Насуперак дыягназу ўрачоў пра тое, што ягоная маці ня можа мець дзяцей, Тэніёла, якая была дачкой кіраўніка паселішча, нарадзіла сына, назваўшы яго Сандэем (па-беларуску: нядзеля) паводле дню нараджэньня. Яна дала хлопчыку сваё прозьвішча Адэладжа («той, хто прымірае людзей»), бо на шостым месяцы цяжарнасьці, яшчэ ня ведаючы пра гэты факт, канчаткова разьвіталася з мужам празь сямейныя праблемы. Празь некалькі год Тэніёла ізноў выйшла замуж і зьехала да мужа, а хлопчыка да 16 гадоў выхоўвала бабуля Рэйчэл.

Цягам 1973 году адзін за адным загінулі тры родныя браты Сандэя, а калі яму споўнілася 16 гадоў, памерла бабуля. Пасьля апошняга выпадку Сандэй вырашыў усур’ёз заняцца вучобай і ў 1986 годзе скончыў школу з залатым мэдалём. Гэта давала яму шанец атрымаць дзяржаўную стыпэндыю на навучаньне.

Убачыўшы па тэлевізіі рэлігійную праграму, Сандэй Адэладжа стаў наведваць царкву і прыняў хрысьціянства. Неўзабаве была атрыманая стыпэндыя на навучаньне, і ён вырашыў ехаць у СССР, дзе паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

У 1989 годзе Сандэй зь сябрамі-афрыканцамі сталі наведваць набажэнствы баптыстаў і пяцідзясятнікаў, а ў 1990 годзе пачалі езьдзіць з эвангелізацыйнымі паездкамі па Беларусі, Прыбалтыцы, Расеі і Ўкраіне. Прапаведвалі ў розных грамадзкіх месцах: электрычках, аўтобусах, падземных пераходах.

У 1993 Сандэй Адэладжа скончыў унівэрсытэт з чырвоным дыплёмам і, як ангельскамоўны журналіст, атрымаў запрашэньне на адзін з кіеўскіх тэлеканалаў. Перадаўшы царкву ў Менску, якую яны запачаткавалі разам, Руфусу Аджыбае, Сандэй пераехаў у Кіеў. Для вывучэньня Бібліі пачаў зьбіраць знаёмых на ўласнай кватэры.

У 1994 годзе пакінуў працу на тэлебачаньні і цалкам прысьвяціў сябе хрысьціянскай дзейнасьці. Першымі парафіянамі царквы «Слова веры» сталі 7 афрыканцаў-сяброў Сандэя[2]. З павелічэньнем колькасьці парафіянаў цэнтар супольнасьці з прыватнай кватэры перамясьціўся сьпярша ў арандаваны кінатэатар, а ў 1999 годзе — у струхлелы спартовы комплекс на ўскрайку Кіева. У 1996 годзе да суполкі далучыўся бізнэсоўца, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, а ў будучыні мэр Кіеву Леанід Чарнавецкі. У 1998 годзе сям’я Чарнавецкіх адчыніла дабрачынную сталоўку для немаёмных «Стэфанія», якая існуе і ў цяперашні час і штодня забясьпечвае харчаваньнем ад 1000 да 2000 абяздоленых.

У часы прэзыдэнцтва Леаніда Кучмы ўлада намагалася выслаць Сандэя Адэладжу за межы краіны, але дзякуючы пратэкцыі амэрыканскіх праваабарончых арганізацыяў ён застаўся ва Ўкраіне.

У 2006 годзе Адэладжу адмовілі ва ўезьдзе ў Расею[3]. Сам пастар патлумачыў гэта тым, што ў свой час ён падтрымаў Памяранцавую рэвалюцыю[4].

23 красавіка 2007 году Сандэй Адэладжа адчыніў малітвай паседжаньне Сэнату ЗША[5], а 23 жніўня адбыўся ягоны выступ на штогадовай Генэральнай Асамблеі ААН[6].

У 2008 годзе пачалося місіянэрскае служэньне «ChurchShift» пастара Адэладжы ў Амэрыцы[7].

Напісаў і апублікаваў больш за 80 кніг, многія зь якіх былі перакладзеныя на ангельскую, нямецкую, кітайскую, арабскую, галяндзкую й іншыя мовы; было запісана больш за 1 мільён ягоных пропаведзей[8].

У 2002 годзе царква «Слова веры» зьмяніла сваю назву на «Амбасада дабраславёнага Царства Боскага для ўсіх народаў» (скарочана «Амбасада Боская»). З 2000 па 2003 гады былі адчыненыя 256 цэркваў ва Ўкраіне (Сымфэропаль, Керч, Чаркасы, Львоў, Луганск, Харкаў, Дніпро, Чарнаўцы, Тарнопаль, Вышгарад, Нятышын, Фастаў), 95 — у іншых краінах СНД; таксама ў ААЭ, ЗША, Ізраілі, Індыі, ПАР. У Кіеве пачала ладзіць набажэнствы ангельскамоўная (пастар Басэ Адэладжа) царква.

Па стане на 2010 год царква «Амбасада Боская» мае 400 прадстаўніцтваў і больш як 40 000 парафіянаў ва Ўкраіне і 25 краінах сьвету: Армэніі, Баўгарыі, Беларусі, Грузіі, ЗША, Індыі, Італіі, Казахстане, Канадзе, Кеніі, Латвіі, Малдове, Нідэрляндах, Нямеччыне, Польшчы, Расеі, Таджыкістане, Узбэкістане, Фінляндыі, Францыі, Чэскай рэспубліцы, Швайцарыі, Швэцыі, Эстоніі, Японіі. Колькасьць парафіянаў у кіеўскай царкве ацэньваецца ў 25 000 чалавек. Гэта найвялікшая царква ў Эўропе.

Дзейнічае праграма, па якой бяздомныя людзі маюць магчымасьць атрымаць прафэсію і такім чынам вярнуцца да нармалёвага жыцьця. Па сьведчаньні царквы, больш за 2000 бяздомных дзяцей былі вернутыя з вуліцы ў сем’і. Дзейнічае кругласутачная гарачая лінія для патрэбаў абяздоленых.

Удзел у Аранжавай рэвалюцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 2004 годзе чальцы царквы прымалі ўдзел у «Аранжавай рэвалюцыі». Адбываліся шматгадзінавыя малітвы за абуджэньне і ўратаваньне Ўкраіны (у тым ліку на галоўнай плошчы Кіева); удзельнікі «намётавага гарадку» атрымоўвалі ежу, харчаваньне, мэдыкамэнты, цёплую вопратку; заля лёгкаатлетычнага манэжу (месца набажэнстваў царквы) служыла начлегам для прыежджых[9]. Прэзыдэнт Віктар Юшчанка выказаў падзяку Адэладжу за падтрымку рэвалюцыі[10].

Палітычныя перакананьні

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Адэладжа падтрымоўвае ўкраінскі нацыяналізм, лічачы, што Ўкраіна можа стаць незалежнай праз нацыяналістычныя настроі[11].

Адэладжа лічыць, што расізм, супраць якога цяпер змагаецца ва Ўкраіне «Амбасада Боская» — гэта нават не ўкраінская зьява(en).

Зьяўляўся адданым прыхільнікам Аранжавай рэвалюцыі. Так ён выказваўся пра тагачаснага кандыдата і пазьнейшага пераможцы на выбарах 2004 году Віктара Юшчанку:

« Ён адданы вернік, упэўнены ў сваёй веры, і кіраваны Богам і Бібліяй »

—С. Адэладжа

Аднак падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Адэладжа заклікаў усе зьвязаныя цэрквы падтрымаць Віктара Януковіча, апанэнта лідэраў «аранжавай рэвалюцыі» Цімашэнкі й Юшчанкі.

Прэміі і ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Зьяўляецца ганаровым доктарам тэалёгіі, акадэмікам Міжнароднай акадэміі духоўнага яднаньня народаў сьвету пры ААН. У 2005 року атрымаў узнагароду ад Міжнароднага камітэту абароны правоў чалавека[12].

У сакавіку 2007 году стаў ганаровым сябрам Міжнароднае эўразійскае гандлёвае палаты.

У красавіку 2009 году на фэсьце «Azusa Street Revival» атрымаў першую міжнародную ўзнагароду Ўільяма Сэймура(en) як рэвалюцыйны лідэр хрысьціянскага сьвету[13]. У траўні таго ж году стаў тварам Кіеву-2009 па выніках інтэрнэт-галасаваньня, зладжанага часопісам «Афіша». Ён атрымаў 1/3 частку ўсіх галасоў, апярэдзіўшы Народнага артыста Ўкраіны Багдана Ступку і Віталя Клічка[14].

У кастрычніку 2010 году Сандэй Адэладжа стаў адным з замежнікаў, хто атрымаў узнагароду газэты «Kyiv Post» «Самыя ўплывовыя экспаты-2010»[15].

13 жніўня 1994 году ажаніўся з Абасэдэ Адэладжа[16] (цяпер пастар Басэ), якая таксама родам зь Нігерыі і праходзіла навучаньне ў Савецкім Саюзе. Маюць сына Фарэса і дачок Зою і Пэрл[17].

У Ірпені(uk) пад Кіевам маюць два 4-павярховыя асабнякі[18], якія выкарыстоўваюцца для прыёму замежных дэлегацыяў, што наведваюць «Амбасаду Боскую».

Абвінавачаньне ў махлярстве

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Міністар унутраных справаў Украіны Юры Луцэнка ў 2009 годзе абвінаваціў Сандэя Адэладжу ў махлярстве ў сувязі са справай кампаніі «Кінгз Кэпітал»[19], якую ўзначальвае адзін з чальцоў ягонай кангрэгацыі. Большую частку ўкладальнікаў кампаніі складаюць менавіта парахвіяне «Амбасады Боскае».

Пачынаючы з сакавіка 2006 году па лістапад 2008 фінансавая структура прыцягвала сродкі ўкладальнікаў, гарантуючы ім ад 36 да 60% гадавых. У кастрычніка 2008 кампанія перастала выплочваць сродкі па ўкладах, і ўкраінскія праваахоўнікі арыштавалі двух заснавальнікаў «King’s Capital» па падазрэньні ў махлярстве[20]. На думку сьледзтва, Сандэй Адэладжа адыграў ключавую ролю ў пабудове фінансавае піраміды — ён заклікаў парахвіянаў укладаць грашовыя сродкі ў «Кінгз Кэпітал». 14 сакавіка 2009 году Сандэю было забаронена пакідаць тэрыторыю Ўкраіны да сканчэньня сьледзтва[20].

Сандэй лічыць, што судовы працэс супраць яго мае палітычную падаплёку, а банкруцтва фірмы адбылося ў выніку фінансавага крызісу 2008—2009 гадоў альбо з-за благога кіраваньня[21].

Гэта ўжо 23-і судовы працэс супраць Сандэя Адэладжы з часу заснаваньня ім царквы «Амбасада Боская». Усе 22 папярэднія суды ён выйграў[22].

28 сьнежня 2008 году дзевяць лідэраў эвангельскіх цэркваў Украіны падпісалі заяву, у якой, акрамя іншага, адмяжоўваюцца ад Сандэя Адэладжы і ягонай дзейнасьці. Яны абвінавацілі яго ў спробе стварэньня культу асобы, у выкарыстаньні мэтадаў і спосабаў, заснаваных на самарэкляме, перабольшаньні ўласных заслугаў, прапагандзе дактрыны посьпеху і граху срэбралюбства, а таксама ў ягонай практыцы пракляцьця нязгодных зь ягонай думкай служыцеляў[23][24]. Гэты заклік не падтрымалі лідэры двух іншых мэгацэркваў Украіны: Генры Мадава («Перамога») і Яўген Касевіч («Хілсонг»)[1][23].

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. 1 2 List of megachurches — Europe (анг.). Global Oneness. Праверана 12 лістапада 2010 г.
  2. Helen Fawkes (30 кастрычніка 2006) Nigerian pastor finds new flock in Ukraine (анг.). BBC News. Праверана 12 лістапада 2010 г.
  3. ФСБ: пастор Сандей Аделаджа — угроза для России (рас.) Общество. Мегапортал христианских ресурсов Invictory.org (22 сьнежня 2006). Праверана 12 лістапада 2010 г.
  4. Пастор Сандей Аделаджа: «Бог даёт России еще 3 года для пробуждения» (рас.). «JesusChrist.ru — Сервер христианского общения» (31 траўня 2006). Праверана 12 лістапада 2010 г.
  5. Малітва пастара Сандэя Аделаджы ў Сэнаце ЗША на YouTube
  6. Выступ пастара Сандэя Адэладжы на паседжаньні ААН на YouTube
  7. 2008 год (рас.) История церкви. Sunday Adelaja Ministries. Праверана 13 лістапада 2010 г.
  8. Биография (рас.) Пастор Сандей. Амбасада дабраславёнага Царства Боскага для ўсіх народаў. Праверана 13 лістапада 2010 г.
  9. Kenneth Chan (5 лютага 2005) More Unity Among Ukraine Christians Following Elections (анг.) World. часопіс «The Christian Post». Праверана 13 лістапада 2010 г.
  10. Alan Cullison (21 ліпеня 2006) WSJ: Man With a Mission (анг.). Wall Street Journal. Праверана 12 лістапада 2010 г.
  11. Сандей Аделаджа признался в любви украинскому национализму // Власти.net, 26 кастрычніка 2008
  12. Pentecostal Pastor to Receive International Human Rights Award (анг.) Pentecostals. Religion Information Service of Ukraine (1 красавіка 2005). Праверана 13 лістапада 2010 г.
  13. Azusa Street Festival and Kingdom Summit (анг.). Christian News Wire (April 2009). Праверана 13 лістапада 2010 г.
  14. Лица Киева (рас.). часопіс Афіша (травень 2009). Праверана 12 лістапада 2010 г.
  15. Most Influential Expats: Sunday Adelaja (анг.). Kyiv Post (7 кастрычніка 2010). Праверана 12 лістапада 2010 г.
  16. Adelaja, S. Church Shift: Revolutionizing Your Faith, Church, and Life for the 21st Century. — Charisma House, 2008. — ISBN 1-59979-097-1
  17. Вакар, Г. (12 лютага 2009) Сандея Аделаджу не выпускают из Украины (рас.) Люди. Gazeta.ua. Праверана 13 лістапада 2010 г.
  18. Андрей Ткач (9 чэрвеня 2009) Сандей Аделаджа — кто он? Дом «скромного» пастора – два 4-этажных особняках с кинозалом и SPA-салоном (рас.) Религия. Власти.net. Праверана 13 лістапада 2010 г.
  19. Юрий Луценко: Сейчас господин Сандей находится на двух подписках о невыезде по делу, которое ведёт Главное следственное управление (рас.) Политика. Всекомментарии.com (14 кастрычніка 2009). Праверана 12 лістапада 2010 г.
  20. 1 2 У подельников Аделаджи арестуют банковские счета (рас.) Религия. Власти.net (2 чэрвеня 2010). Праверана 14 лістапада 2010 г.
  21. Police questions Embassy of God church pastor Sunday Adelaja suspected of money embezzlement (анг.) Ukrainian News. Kyiv Post (14 кастрычніка 2009). Праверана 13 лістапада 2010 г.
  22. Pastor Sunday Adelaja — Standing Strong Amidst Opposition // Real Relationships, June 2009. — С. 28-29, 42.
  23. 1 2 Ukraine Evangelicals «dissociate» themselves from Sunday Adelaja (анг.) Protestant. Religious Information Service of Ukraine (31 сьнежня 2008). Праверана 13 лістапада 2010 г.
  24. Епископы Украины сделали заявление: «Сандей должен оставить служение!» (рас.). CNL-News (29 сьнежня 2008). Праверана 13 лістапада 2010 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]