Перайсьці да зьместу

Рустаўская сталь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 41°31′51″ пн. ш. 45°1′56″ у. д. / 41.53083° пн. ш. 45.03222° у. д. / 41.53083; 45.03222

«Рустаўская сталь»
груз. რუსთავის ფოლადი
Тып таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Заснаваная 1948
Уласьнікі «Таляніюс Кіраваньне» (Нідэрлянды), «Капітал Паркавай вуліцы» (ЗША)[1]
Краіна Грузія
Разьмяшчэньне край Ніжняя Картлія
Адрас Дманіскі муніцыпалітэт, Руставі, вул. Гагарына, д. 12[2]
Ключавыя фігуры Іраклій Рухадзэ (старшыня), Нугзар Качухашвілі (генэральны дырэктар)[3]
Галіна мэталюргія
Прадукцыя арматура, бясшвовая труба, сталь, чыгун, дзындра
Абарачэньне 322,33 млн лары (2022 год; 119,293 млн $)
Апэрацыйны прыбытак 14,338 млн лары (2022 год; 5,306 млн $)
Чысты прыбытак 20,578 млн лары (2022 год; 7,615 млн $)[1]
Лік супрацоўнікаў 1600 (2024 год)
Матчына кампанія «Партнэры Ганўэл» (Ангельшчына)
Аўдытар «Прайсўотэрхаўс-Купэрс» (Ангельшчына)

«Руста́ўская сталь» — мэталюргічнае прадпрыемства Грузіі, заснаванае ў 1948 годзе ў якасьці «Рустаўскаўскага мэталюргічнага заводу».

На 2024 год была адным з найбольшых мэталюргічных прадпрыемстваў Каўказу. У 2011 годзе стварылі таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Рустаўская сталь», якое набыло маёмасьць «Рустаўскаўскага мэталюргічнага заводу». Завод вырабляў арматурны пракат, бясшвовыя трубы, квадратныя мэталаканструкцыі, чыгуннае ліцьцё, мэханічныя дэталі, фармовачнае ліцьцё, грануляваную дзындру, крэмнемарган, вапну і вапняк. Значную частку вырабаў пастаўлялі за мяжу ў больш як 40 краінаў, у тым ліку ў краіны Эўразьвязу і ЗША, на Блізкі Ўсход, а таксама ў суседнія Армэнію, Азэрбайджан і Турэччыну. Прадпрыемства займала 552 га і наймала звыш 1300 завадзкіх работнікаў[4].

На 2024 год «Рустаўская сталь» мела 6 цэхоў і 3 службы.

  • Трубапракатны цэх. Вырабляў гарачакатаныя бясшвовыя трубы прамерам ад 168 да 426 мм з таўшчынёй сьценкі 6—50 мм, у тым ліку помпава-кампрэсарныя, муфтавыя і гладкапаверхневыя, для магістральных трубаправодаў і сьвідравінаў для здабычы газу і нафты, а таксама для будаўніцтва і аўтамабілебудаваньня. Улучаў кальцавую печ і 2 прашыўныя станы, аўтаматызаваны і пракатны станы, валачыльны стан зь 7-ю клеткамі і выпроствальныя машыны. Таксама 8-ярусны будынак даўжынёй 632 м і шырынёй 240 м зьмяшчаў ахаладжальнік, разагравальную печ, участак плякаваньня трубаў, рэжучыя станкі, участак цынкаваньня і сталы агляду якасьці[5].
  • Сталеплавільны цэх. Вырабляў квадратныя загатоўкі 100х100 мм зь нізкавуглядодзістай сталі для будаўнічых арматурных пруткоў. Улучаў таварны двор для нарыхтоўкі лому і шэсьць 12-тонных індукцыйных печаў, 15-тонную дугавую печ і печ-коўш, 2-ліпейную машыну безупыннага ліцьця і 14 маставых кранаў[6].
  • Арматурны цэх. Вырабляў арматурны пракат з пруткамі прамерам ад 10 да 32 мм. Улучаў: 1) 2-камэрную печ безупыннага нагрэву са штурхальнікам і прыладай выкіду; 2) пракатную лінію з 16-латковым станам, у якім было па 6 разборных і прамежкавых латкоў ды 4 ачышчальныя, а таксама з наборамі лятучых нажніцаў і машынай тэрмаапрацоўкі; 3) участак халоднай рэзкі з халадзільнікам, прэсам халоднага пілаваньня, пакавальнай машынай і складам[7].
  • Ліцейны цэх. Абсталяваны электрадугавымі печамі на 3 і 5 тонаў, дзе выраблялі адліўкі са сталі, чыгуну і каляровых мэталаў, у тым ліку для іншых цэхоў. Вырабляў карпусы рэдуктараў і пласьціны, шары для станаў, вечкі люкаў, краты для каналізацыйных трубаў і парэнчы вагой ад 500 грамаў да 5 тонаў. З алюміну і медзі, бронзы і іншых стопкаў выпускалі вырабы вагой да 500 грамаў да 300 кг[8].
  • Цэх перапрацоўкі шлаку і лому. Месьціцца на шлакаадвале плошчай звыш кв.км, дзе знаходзіцца 8 млн тонаў дзындры і лому з мартэнаўскіх і даменных печаў. Магнітнае адасабленьне дае чорны мэтал з доляй 70 % жалеза, які выкарыстоўваюць для сталеплаўленьня. «Мартэнаўскую» дзындру выкарыстоўваюць у дарожным будаўніцтве. «Даменную» якасную дзындру — у вытворчасьці будаўнічых блёкаў і клінкеру, а нізкаякасную грануляваную — для вытворчасьці цэмэнту. Выпускалі дзындру 5 відаў: даменныя абломкі 2-га гатунку (1—4 см), мартэнаўскія магнітныя абломкі да 8, 16 і 60 мм, а таксама попел. Штомесяц завод вырабляў каля 130 000 тонаў дзындры, зь іх 100 000 мартэнаўскай[9].
  • Мэханічны цэх. Зьмяшчаў кавальскі ўчастак, дзе выраблялі сталёвыя загатоўкі прамерам ад 5 да 60 см. Зь іх стваралі мэханічныя дэталі для ўласных патрэбаў заводу і на заказ. Такарна-карусельныя станкі апрацоўвалі дэталі прамерам ад 1 да 5 мэтраў вышынёй да 1,5 м. Са сталёвых загатовак выраблялі зубчастыя колы, муфты, цыліндры і рэечныя колы. Буйнагабарытныя такарныя станкі апрацоўвалі восі і валы прамерам ад 10 да 65 см і даўжынёй да 10 м. Зубарэзныя станкі наразалі 28 відаў рэечных колаў прамерам да 4 м, 10 відаў шасьцерняў унутранага рэжыму і 12 відаў сьпіральных шасьцерняў. Сярод іншых, выкарыстоўвалі фрэзэрныя, габлявальныя, рубальныя, унутрырэзныя і сьвідравальныя станкі[10].
  • Служба мэханічнага абсталяваньня. Улучала 5 участкаў: рамонтна-мэханічны, рамонту тэхналягічнага абсталяваньня, ліцейны, мэталаканструкцыяў і рамонту мэталюргічных печаў.
  • Служба энэргазабесьпячэньня. Улучала электратэхнічную лябараторыю і 7 участкаў: энэргарамонтны, рамонту электраабсталяваньня, электразабесьпячэньня, тленавы, электраэнэргетычны, тленава-кампрэсарны, сродкаў вымярэньня і аўтаматызацыі.
  • Служба дапаможнай вытворчасьці. Улучала галоўную лябараторыю і 5 участкаў: чыгуначнага і аўтатранспарту, будаўнічых матэрыялаў, рамонтна-будаўнічы, досьледны і мэтралёгіі[11].

На 2024 год «Рустаўская сталь» вырабляла:

  • бясшвовыя трубы — 1) абсадныя прамерам ад 168 да 324 мм з таўшчынёй сьценкі ад 7,32 да 14,2 мм для выведкі радовішчаў і нафтагазавых сьвідравінаў, 2) круглыя мэханічныя прамерам ад 168 да 426 мм з таўшчынё сьценкі ад 6 да 50 мм для машынабудаваньня[12];
  • арматуру — тэрмаўмацаваную і гладкую прамерам ад 10 да 32 мм да 12 000 тонаў за месяц[13];
  • квадратныя загатоўкі прамерам 10х10 см і даўжынёй да 6 м[14];
  • адліўкі з чыгуну — блёкі па 20 кг да 1000 тонаў за месяц[15];
  • вапняк — 60 000 тонаў за месяц для вапны, клінкеру і асфальтавага напаўняльніка[16];
  • мэханічныя дэталі — муфты, шасьцерні прамерам да 4 м, рэдуктары маставых кранаў, восі і валы прамерам ад 10 да 65 см і даўжынёй да 10 м[17];
  • адліўкі са сталі — карпусы рэдуктараў і пласьціны, шары для шаравых станаў, вечкі люкаў, краты для каналізацыйных трубаў і парэнчы вагой ад 500 грамаў да 5 тонаў, а пры выпуску з каляровых мэталаў (алюміну і медзі), бронзы і іншых стопкаў з вагой да 300 кг[18];
  • мэталаканструкцыі — сталёвыя рэзэрвуары таўшчынёй да 40 см і прамерам да 3,5 м, хадавыя катушкі маставых кранаў, цыліндры і конусы[19];
  • грануляваную дзындру — 1) даменныя абломкі (да 30 000 тонаў за месяц) 1-га гатунку да 10 мм і 2-га гатунку да 40 мм для будаўнічых блёкаў, клінкера і цэмэнту, 2) мартэнаўскія магнітныя абломкі (да 100 000 тонаў за месяц) да 10, 60, 250 і звыш 250 мм для дарожнага будаўніцтва[20];
  • фэрастопкі — крэмнемарганавы[21].

23 сакавіка 1944 году каля станцыі «Руставі» Закаўкаскай чыгункі распачалося будаўніцтва мэталюргічнага заводу. У 1946 годзе адчынілі цеплаэлектрацэнтраль, рамонтна-мэханічны цэх, ліцейны цэх і цэх металаканструкцыяў. У 1948 годзе ў Грузінскай ССР заснавалі «Рустаўскі мэталюргічны завод», які стаў 1-м прадпрыемствам поўнага мэталюргічнага цыклу ў Закаўказьзі. Завод выпускаў сталь і гарачакатаныя бясшвовыя трубы для нафтарадовішчаў у Казаскай, Азэрбайджанскай і Туркмэнскай ССР, а таксама на Блізкім Усходзе. Сярод іншага, выпускалі канструкцыі з чыгуну, алюміну і жалеза[4].

Панарама Рустаўскага мэталюргічнага заводу (1957 год)

27 сакавіка 1950 году на заводзе вырабілі першыя 150 тонаў сталі. У верасьні 1952 году ў трабапракатным цэху выпусьцілі першую гарачакатаную бясшвовую трубу. У ліпені 1954 году выплавілі першы чыгун. У 1954 годзе атрымалі першы кокс. У 1955 годзе адчынілі лістапракатны цэх. У 1961 году запусьцілі цэх халоднага ўпрыску. У 1962 годзе аўтаматызавалі вытворчасьць трубаў прамерам 40 см. У 1967 годзе на 1-й машыне безупыннага ліцьця адлілі сьлябы. За 1975—1980 гады магутнасьць печаў Мартэна павялічылі са 150 да 200 тонаў. У 1980 годзе памер даменнай печы павялічылі зь 750 да 1093 кубамэтраў. У 1982 годзе адчынілі новую агляфабрыку. Гадавая вытворчасьць дасягнула 1,45 млн тонаў сталі, па 1,2 млн тонаў аглямэрату і трубных нарыхтовак, 700 000 тонаў чыгуну і 620 000 тонаў коксу, 500 000 тонаў бясшвовых трубаў і па 130 000 тонаў ліставых рулёнаў і мэталапракату. Вытворчая магутнасьць агляфабрыкі складала 2,2 млн тонаў за год, 8 печаў Мартэна і ліцейнага цэху — па 1,5 млн тонаў, нарыхтоўчага ўчастку — 1 млн тонаў, даменнай пачу — 725 000 тонаў, 2-х коксавых батарэяў і ўчастка бясшвовых трубаў прамерам 40 см — па 350 000 тонаў, арматурнага ўчастка — 160 000 тонаў, участка трубаў прамерам 14 см — 120 000 тонаў і ўчастка трубаў халоднай пракаткі — 50 000 тонаў[4].

У 1999 годзе завод цалкам спыніў вытворчасьць, бо перасталі пастаўляць жалезную руду з Азэрбайджану[4]. У 2005 годзе ўрад Грузіі прыватызаваў завод на карысьць брытанскага ТАА «Энэргія і прамысловасьць», якое належала ТАА «Тэмзаўская сталь». У 2006 годзе ангельска-грузінскае прадпрыемства «Грузінская сталь» набыло завод сумесна з ТАА «Туджы 21»[1]. У 2009 годзе ў сталеліцейным цэху ўсталявалі індукцыйныя печы, адбудавалі пракатны цэх і пачалі вырабляць арматуру. У студзені 2012 году ТАА «Рустаўская сталь», заснаванае 29 верасьня 2011 году, набыло «Рустаўскі мэталюргічны камбінат», дзе аднавіла вытворчасьць бясшвовых трубаў вялікага прамеру 40 см. Таксама пачалі пастаўку ў краіны Эўразьвязу і ЗША. Бясшвовыя сталёвыя трубы сталі пастаўляць для патрэбаў машынабудаваньня і будаўніцтва. Вытворчая магутнасьць заводу складала 350 000 тонаў трубаў вялікага прамеру за год. Пры аднове рамонтных майстарняў у іх улучылі мэханічны, ліцейны, арматурны і электрарамонтны цэхі дзеля ўнутраных патрэбаў заводу[4].

За 2014—2019 гады вытворчасьць арматуры падвоілі з 64 000 да 129 000 тонаў. У 2019 годзе набылі электрадугавую печ, што дазволіла аднавіць выраб круглых загатовак[3]. У 2021 годзе запусьцілі печ на 35 тонаў, што дазволіла павялічыць вытворчую магутнасьць на 400 000 тонаў за год. У 2022 годзе 87 % выручкі далі продажы арматуры пераважна на ўнутраны рынак, а 11 % склалі продажы бясшоўных трубаў у асноўным на экспарт[1].

  1. ^ а б в г Лаша Янэлідзэ, Нугзар Качухашвілі. Фінансавая справаздача ТАА «Рустаўская сталь» за 2022 год згодна МСФС з высновамі незалежнага аўдытара (груз.) // «Рэпартал Грузіі» Міністэрства фінансаў Грузіі, 2 кастрычніка 2023 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  2. ^ Зьвесткі для сувязі (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  3. ^ а б «Рустаўская сталь» (анг.) // «Партнэры Ганўэл», 2021 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  4. ^ а б в г д Пра нас (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  5. ^ Трубапракатны цэх (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  6. ^ Сталеплавільны цэх (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  7. ^ Арматурны цэх (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  8. ^ Ліцейны цэх (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  9. ^ Цэх перапрацоўкі шлаку і лому (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  10. ^ Мэханічны цэх (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  11. ^ Дапаможныя службы (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  12. ^ Бясшвовыя трубы (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  13. ^ Арматура (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  14. ^ Квадратныя загатоўкі (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  15. ^ Адліўкі з чыгуну (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  16. ^ Вапняк (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  17. ^ Мэханічныя дэталі (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  18. ^ Фармовачныя адліўкі (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  19. ^ Мэталаканструкцыі (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  20. ^ Грануляваная дзындра (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.
  21. ^ Фэрастопкі (груз.) // ТАА «Рустаўская сталь», 2024 г. Праверана 27 траўня 2024 г.