Прэзыдэнт Летувы
артыкул з сэрыі |
Дзяржаўны лад Летувы |
---|
Герб Летувы |
Канстытуцыя |
Заканадаўчая ўлада
|
Судовая ўлада
|
Прэзыдэнт Летувіскай Рэспублікі (па-летувіску: Lietuvos Respublikos Prezidentas) — кіраўнік Летувіскай Рэспублікі. Прадстаўляе дзяржаву і выконвае ўскладзеныя на яго Канстытуцыяй і законамі абавязкі.
Паводле канстытуцыі Летува зьяўляецца парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікай, у якой прэзыдэнт выконвае ролю пасярэдніка паміж заканадаўчым і выканаўчым органамі ўлады.
Выбары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выбары прэзыдэнта адбываюцца за месяц да сканчэньня тэрміну дзейнага прэзыдэнта. Кандыдатамі ў прэзыдэнты могуць быць грамадзяне Летувы паводле паходжаньня, якія пражываюць у Летуве ня менш за 3 апошнія гады, на дзень выбараў векам ня меней за 40 гадоў і маюць права быць абранымі ў Сэйм. Тэрмін знаходжаньня прэзыдэнта на пасадзе складае 5 гадоў. Асоба, абраная прэзыдэнтам, павінная спыніць свой удзел у партыях і палітычных арганізацыях, таксама ня можа спалучаць сваю дзейнасьць з парлямэнцкай. Асоба прэзыдэнта недатыкальная.
Зьняцьце
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прэзыдэнт можа быць датэрмінова пазбаўлены пасады ў выпадку істотнага парушэньня Канстытуцыі, парушэньня прысягі, зьдзяйсьненьня злачынства. Рашэньне пра гэта прымае Сэйм. Ён жа можа цягам 30 дзён ад свайго першага паседжаньня колькасьцю 3/5 галасоў зацьвердзіць датэрміновыя выбары.
Кампэтэнцыя прэзыдэнта сканчаецца ў выпадках:
- заканчэньня тэрміну, на які ён быў абраны (пасаду прэзыдэнта можна займаць ня больш за 2 разы);
- датэрміновых выбараў;
- паданьня ў адстаўку;
- сьмерці;
- пазбаўленьня пасады Сэймам;
- колькасьцю ня меней 3/5 галасоў дэпутатаў Сэйму на запыт Канстытуцыйнага суду, паводле якога стан здароўя прэзыдэнта не дазваляе выконваць абавязкі.
Прэзыдэнта, які ня здольны выконваць свае абавязкі, замяняе старшыня Сэйму, які ў гэты час ня мае права прызначаць датэрміновыя выбары ў Сэйм, здымаць або прызначаць міністраў бяз згоды Сэйму, разглядаць запыты на выказваньне вотуму недаверу старшыні Сэйму.
Паўнамоцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У кампэтэнцыі прэзыдэнта ў супрацоўніцтве з парлямэнтам знаходзяцца:
- скліканьне надзвычайнай сэсіі парлямэнту;
- прадстаўленьне штогадовай справаздачы пра стан дзяржавы і ўнутраную палітыку;
- правядзеньне чарговых і датэрміновых выбараў;
- прадстаўленьне да ратыфікацыі падпісаных міжнародных дагавораў;
- прызначэньне і зьняцьце прэм’ер-міністра;
- прадстаўленьне кандыдатураў судзьдзяў і старшыні Вярхоўнага суду;
- прызначэньне судзьдзяў і старшыняў Апэляцыйнага і Канстытуцыйнага судоў;
- прызначэньне генэральнага пракурора;
- прызначэньне дзяржаўнага кантралёра і старшыні Ўправы Банку Летувы;
- падпісаньня і афіцыйнага публікаваньня законаў, прынятых Сэймам, ці вяртаньне законаў на паўторны разгляд;
- прызначэньне і зьняцьце галоўнакамандуючага войскам і кіраўніка службы бясьпекі;
- увядзеньне ваеннага становішча, мабілізацыі і надзвычайнага становішча.
У кампэтэнцыі прэзыдэнта ў супрацоўніцтве з урадам знаходзяцца:
- прызначэньне старшыні Рады Міністраў, перадача яму задачы фармаваньня ўраду і зацьверджаньня ягонага складу;
- прыняцьце адстаўкі ўраду, асобных міністраў;
- прызначэньне і зьняцьце дыпляматычных прадстаўнікоў Летувы ў іншых дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях;
- прызначэньне і зьняцьце на прапанову прэм’ер-міністра міністраў ці службовых асобаў.
Прэзыдэнт у прадугледжаным законам парадку надае грамадзянства; прысвойвае дзяржаўныя ўзнагароды; прымае даверчыя граматы; надае найвышэйшыя дыпляматычныя рангі і вайсковыя званьні; мае права памілаваньня асуджаных.