Паўднёвы машынабудаўнічы завод

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 48°26′3″ пн. ш. 34°58′56″ у. д. / 48.43417° пн. ш. 34.98222° у. д. / 48.43417; 34.98222

«Поўдзеньмаш»
укр. «Південний машинобудівний завод»
Тып дзяржаўнае прадпрыемства[d]
Заснаваная 21 ліпеня 1944 (79 гадоў таму)
Заснавальнікі Дзяржаўны камітэт абароны СССР
Краіна Украіна
Разьмяшчэньне Дняпро
Адрас Чачэліўскі раён, Крывароская вул., д. 1[1]
Ключавыя фігуры Сяргей Войт, Уладзімер Сакалоў[2]
Галіна цяжкая прамысловасьць
Прадукцыя ракета-носьбіт, ракетны рухавік, самалётнае шасі, спадарожнік, трактар
Абарачэньне 1,784 млрд грыўнаў[3] ($75,321 млн; 2019 год)[4]
Апэрацыйны прыбытак 130,7 млн грыўнаў ($5,519 млн; 2019 год)
Чысты прыбытак 118,8 млн грыўнаў ($5,016 млн; 2019 год)
Лік супрацоўнікаў 5208 (2020 год)
Матчына кампанія Дзяржаўнае касьмічнае агенцтва Ўкраіны
Даччыныя кампаніі «Паўлаградзкі мэханічны завод» (Днепрапятроўская вобласьць)
Аўдытар «Грант-Торнтан» (Ангельшчына)[5]

«Паўднё́вы машынабудаўні́чы заво́д» («ПМЗ») — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Ўкраіны, заснаванае ў ліпені 1944 году ў якасьці «Днепрапятроўскага аўтамабільнага заводу».

На 2020 год «Поўдзеньмаш» меў 7 вытворчасьцяў: мэталюргічную, зборачную, выпрабавальную, зварачную, ліцейную, кавальскую і апрацоўчую. На прадпрыемстве выраблялі: ракета-носьбіты, трактары, шасі самалётаў, вузлы цеплавых электрастанцыяў і ўзбраеньне[6].

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год «Поўдзеньмаш» улучаў некалькі адасобленых падразьдзяленьняў.

  • «Завод ракетна-авіяцыйных агрэгатаў». Апрацоўваў вузлы для ракета-носьбітаў і агрэгатаў шасі для самалётаў Ан-140, Ан-148 і Ан-158.
  • «Паўлаградзкі мэханічны завод» (Днепрапятроўская вобласьць). Вырабляў вузлы ракета-носьбітаў і трактароў. Выпрабоўваў і ўтылізаваў боепрыпасы.
  • «Днепрапятроўскі трактарны завод». Выпускаў узворвальныя колавыя трактары «ПМЗ» магутнасьцю ад 65 да 100 конскіх сілаў і запчасткі да іх.
  • «Мэталюргія і тэхналягічнае абсталяваньне». Выпускаў прылады для станкоў з рэжучай сталі і стопкаў. Ажыцьцяўляў кавальства, пакоўку і дакладнае, каляровае і чорнае ліцьцё.
  • Будаўніча-мантажны комплекс. Узводзіў і праектаваў будынкі.
  • Спартовы комплекс «Мэтэор». Улучаў аднайменныя забаўляльны палац і стадыён, а таксама водную станцыю «Машынабудаўнік», дзе рыхтавалі спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў.
  • Грамадзка-побытавае кіраўніцтва. Улучала Палац культуры машынабудаўнікоў і гасьцініцу «Паўднёвы». Накіроўвала на адпачынак у здраўніцы «Дубрава» і «Сяброўства».
  • «Поўдзеньмашавія». Ажыцьцяўляе паветраныя грузаперавозкі[7].

Вырабы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштовая марка Ўкраіны. Ракета-носьбіт «Зэніт-3» (2013 год)

На 2020 год «Паўднёвы машынабудаўнічы завод» выпускаў:

  • 4 віды ракета-носьбітаў (РН) — 2-ступеньчаты «Антарэс» для дастаўкі на Міжнародную касьмічную станцыю (галоўны блёк 1-й ступені; карысны груз 5,5 тоны), 3-ступеньчатыя «Зэніт-3МС» пад «Марскі старт» (6 тонаў), «Зэніт-3МСБ» пад «Наземны старт» з Байкануру (цяга рухавіка 740 тона-сілаў) і «Цыклён-4» для вываду спадарожнікаў на вышыню 500 км (5,5 тоны, цяга 297,4 тоны, шматразовая 3-я ступеня)[8];
  • 9 відаў вадкасных ракетных рухавікоў — ДУ-802 для расейска-ўкраінскага ракета-носьбіта «Дняпро» (500 кг паліва), РД-120 для 2-й ступені РН «Зэніт» (цяга 93 тона-сілы), РД-261 для 1-й ступені РН «Цыклён-4» (тры 2-камэрныя РД-250, 251 тона-сіла), РД-262 для 2-й ступені РН «Цыклён-4» (95 тона-сілаў), РД-8 для 2-й ступені РН «Зэніт» (8 тона-сілаў), РД-809К для РН «Маяк» (10 т-с), РД-815 для 1-й ступені РН «Зэніт» (251 т-с), РД-843 для францускага РН «Вэга» (250 кг-сіла), РД-861К для 3-й ступені РН «Цыклён-4» (8 тона-сілаў)[9];
  • 2 віды спадарожнікаў — «Мікраспадарожнік» з грузам да 75 кг на 3 гады (арбіта да 668 км) і МС-2-8 з грузам да 48 кг на 5 год (магутнасьць 59 ват)[10];
  • 2 віды шасі самалётаў «Антонаў» — для Ан-140 і Ан-148/158[11];
  • 5 відаў вытворчых вузлоў — газавыя кулебалёны дыямэтрам 65 см (ціск 340 кГс/см²), трубаправодныя пнэўмакляпаны дыямэтрам 4 мм і электрапнэўмакляпаны дыямэтрам 40 см (кіраўнічы ціск 23 МПа), турбанасосы для ракетнага рухавіка (641 к.с.) і трубаправодныя сыльфоны (ціск 16 МПа)[12];
  • колавыя трактары «ПМЗ-10264Н» падымальнасьцю 4,5 тоны і магутнасьцю 101 к.с. (74 кіляваты)[13].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трактар «ПМЗ-6КЛ» 1986 году выпуску (2011 год, Віньніцкая вобласьць)

21 ліпеня 1944 году Дзяржаўны камітэт абароны СССР зацьвердзіў Пастанову аб будаўніцтве «Днепрапятроўскага аўтамабільнага заводу». У 1945 годзе пачалі будаваць 3 цэхі: 1) рамонтна-кавальскі, 2) рамонтна-ліцейны, 3) шасі. 7 лістапада 1948 году на заводзе сабралі 1-ы грузавік, якім стаў «ДАЗ-150». У ліпені-верасьні 1949 году на Дняпры выпрабавалі 2 плавальныя самаходы «ДАЗ-485». 10 траўня 1951 году міністар узбраеньня СССР Зьміцер Усьцінаў падпісаў Загад аб прысваеньні «Днепрапятроўскаму машынабудаўнічаму заводу» № 586. На заводзе распачалі сэрыйную вытворчасьць балістычных ракетаў Р-1, Р-2 і Р-5 распрацоўкі Сяргея Каралёва. У 1952 годзе назву прадпрыемства зьмянілі на «Дзяржаўны саюзны завод № 586». У 1953 годзе выпусьцілі 1-ю партыю вадкасных рэактыўных рухавікоў для зэнітных ракетаў. У 1957 годзе пачалі распрацоўку ракета-носьбіта для запуску спадарожніка. У 1958 годзе выпусьцілі 100-тысячны трактар. У 1961 годзе на касмадроме Байканур (Казаская ССР) правялі 1-ы запуск ракеты наземнага пуску. 16 сакавіка 1962 году на арбіту вывелі 1-ы штучны спадарожнік Зямлі «Космас-1» (ДС-2 — днепрапятроўскі спадарожнік) з ракета-носьбітам «Космас» (63С1). У 1966 годзе падпісалі Пагадненьне аб супрацы ў галіне касьмічных дасьледаваньняў з Францыяй і перайменавалі прадпрыемства ў «Паўднёвы машынабудаўнічы завод» («ПМЗ»). У красавіку 1967 году ў Маскве (Расейская СФСР) прадстаўнікі ўстановаў зь 9 краінаў Рады эканамічнай узаемадапамогі зацьвердзілі Праграму «Інтэркосмас» для супрацы ў дасьледаваньні і выкарыстаньні касьмічнай прасторы ў мірных мэтах. У 1971 годзе запусьцілі спадарожнік «Арэол-1», створаны сумечна з францускім Нацыянальным цэнтрам вывучэньня космасу для дасьледаваньня канцавоснага зьзяньня ў верхніх слаях атмасфэры. У 1978 годзе з галоўнага канвэера трактарнай вытворчасьці сышоў мільённы трактар. У 1980 годзе скончылі лётныя выпрабаваньні ракета-носьбіта «Цыклён-3» (11К68). У 1983 годзе прадпрыемства стала 1-м у сьвеце, дзе асвоілі кантактна-стыкавую зварку абечак. 28 верасьня 1983 году запусьцілі спадарожнік «Акіян-01» («Космас-1500»), які вывеў караван караблёў зь лядовага палону ў пратоцы Лонга. У 1984 годзе ўвялі ў дзеяньне найбольшы ў галіне цэх агульнай зборкі ракета-носьбітаў «Зэніт». У 1988 годзе на прадпрыемстве пачалі стварэньне ветраэнэргетычных установак[14].

Ракета-носьбіт «Зэніт-2» (2001 год, Байканур)

У 1991 годзе на вытворчым аб’яднаньні «Паўднёвы машынабудаўнічы завод» стварылі 3 заводы: 1) ракетна-касьмічны, 2) тавараў народнага спажываньня, 3) трактарны. У 1992 годзе вырабілі 1-ы ветраагрэгат АВЕ-100/250 і 2-сэкцыйны тралейбус «ПМЗ Т-1». На «Паўлаградзкім мэханічным заводзе» (Днепрапятроўская вобласьць) ўсталявалі ветраагрэгат АВЕ-250С. У 1993 годзе выпусьцілі 1-сэкцыйны тралейбус «ПМЗ Т-2». 25 студзеня 1994 годзе запусьцілі спадарожнік «Мэтэор-3» з ракета-носьбітам «Цыклён-3». У 1995 годзе падпісалі дамову з амэрыканскім «Боінгам» (Чыкага), нарвэскім «Акерам Квэрнэрам» (Форнэбу) і расейскай «Энэргіяй» (Каралёў) на вытворчасьць ракета-носьбітаў «Зэніт» для плывучага касмадрому «Марскі старт». 9 кастрычніка 1999 году ўпершыню ў гісторыі касманаўтыкі з марскога касмадрому ў Ціхім акіяне запусьцілі амэрыканскі спадарожнік з ракета-носьбітам «Зэніт-3МС». 26 верасьня 2000 году запусьцілі ракету-носьбіт «Дняпро» з 5-ю замежнымі спадарожнікамі. Таксама ў 2000 годзе з Байкануру запусьцілі ракету «Зэніт» з расейскім спадарожнікам «Енісей». У 2002 годзе пачалі вытворчасьць мікраспадарожнікаў. У 2007 годзе прадпрыемства ўпершыню паўдзельнічала ў «Маскоўскім авіякасьмічным салёне» («МАКС»). У 2008 годзе з Байкануру правялі 1-ы пуск ракета-носьбіта «Зэніт-3МСБ» у рамках амэрыкана-расейска-ўкраінскай дамовы пра «Наземны старт». Таксама з амэрыканскім прадпрыемствам «Орбітал» (штат Вірджынія) падпісалі дамову аб супрацы ў стварэньні ракета-носьбіта «Таўрус 2». За 2008 год лік пускаў ракета-носьбітаў «Зэніт-3МС» вырасла да 5. У 2009 годзе цэх галоўнай зборкі выпусьціў 100-ы ракета-носьбіт. Па выніках 2009 году «Поўдзеньмаш» заняў 4-е месца ў сьвеце паводле ліку запушчаных ракета-носьбітаў. У 2010 годзе выпрабавалі спадарожнік «Сеч-2» і сабралі 1-ю ступеню ракета-носьбіта «Таўрус 2». У 2011 годзе з Байкануру запусьцілі 1-ы ракета-носьбіт «Зэніт-3Ф» і аднавілі выпуск ракета-носьбітаў «Зэніт-3МС» пасьля 3-гадовага перапынку. 25 жніўня 2011 году ажыцьцявілі 1-ы пуск спадарожніка «Сеч-2» (МС-2-8). 13 лютага 2012 году з касмадрому Куру (Француская Гвіяна) запусьцілі ракета-носьбіт «Вэга» з вадкасным ракетным рухавіком РД-843 вытворчасьці «Поўдзеньмаш». За 2012 год на 2 расейскія авіязаводы ў Варонежы і Самары паставілі 9 набораў шасі для самалётаў Ан-140, Ан-148 і Ан-158. 19 верасьня 2013 году запусьцілі ракета-носьбіт «Антарэс» з грузавым касьмічным караблём «Сігнус» для амэрыканскага прадпрыемства «Орбітал»[14]. У 2016 годзе пачалі буйнавузлавую зборку тралейбусаў «Дняпро Т103». Да 2020 году ад заснаваньня прадпрыемства на ім вырабілі каля 400 спадарожнікаў з ракета-носьбітамі 3-х сямействаў: «Цыклён», «Космас» і «Зэніт»[6].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Леанід Кучма — 6-ы кіраўнік заводу (2001 год)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кантакты (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  2. ^ Кіраўніцтва (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  3. ^ К.П. Чосава, Сяргей Войт. Фінансавая справаздачнасьць і справаздача незалежнага аўдытара за 2018 год (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2019 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  4. ^ Афіцыйны курс грыўны да замежных валютаў на 31 сьнежня 2019 году (23,6862 за даляр ЗША) (укр.) // Нацыянальны банк Украіны, 31 сьнежня 2019 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  5. ^ Сяргей Войт. Справаздача пра кіраваньне за 2019 год (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  6. ^ а б Пра кампанію (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  7. ^ Структурныя падразьдзяленьні (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  8. ^ Ракета-носьбіты (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  9. ^ Вадкасныя ракетныя рухавікі (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  10. ^ Касьмічныя апараты (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  11. ^ Агрэгаты шасі (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  12. ^ Вырабы вытворча-тэхнічнага прызначэньня (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  13. ^ Трактар «ПМЗ-10264Н» (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  14. ^ а б Вехі разьвіцьця (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.
  15. ^ Дырэктары (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўднёвы машынабудаўнічы заводсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  • Навіны (укр.) // ДП «Паўднёвы машынабудаўнічы завод», 2020 г. Праверана 6 траўня 2020 г.