Паэзіязнаўства
Паэзіязна́ўства — галіна літаратуразнаўства, якая вывучае паэзію як форму адлюстраваньня рэчаіснасьці і як мастацтва ў яе ўзаемадачыненьнях з грамадзкім жыцьцём і літаратурай у цэлым. Як асобная сыстэма ведаў пра паэзію ўзьнікла ў старажытнасьці і да гэтага часу разьвіваецца ў рэчышчы літаратуразнаўства.
Мае свой аб’ект дасьледаваньня (усё, што адносіцца да паэзіі: асобны паэтычны твор, паэтычны жанр, творчасьць паэта і г. д.), сваю тэрміналёгію, карыстаецца агульнай для ўсяго літаратуразнаўства мэтадалёгіяй. З усіх разьдзелаў паэзіязнаўства пакуль што найбольшую вядомасьць і самастойнасьць набыло вершазнаўства.
Сувязь зь іншымі навукамі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Глыбокае разуменьне паэзіі немагчыма бязь веданьня законаў разьвіцьця грамадзтва, культуры, мовы. Таму паэзіязнаўства цесна зьвязанае з гісторыяй, псыхалёгіяй, эстэтыкай, мовазнаўствам, некаторымі іншымі грамадзкімі і гуманітарнымі навукамі.
Дысцыпліны паэзіязнаўства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўныя дысцыпліны:
- Крытыка паэзіі імкнецца даць ацэнку бягучым фактам паэзіі з пункту гледжаньня значэньня іх для сучаснасьці. Такая ацэнка, з аднаго боку, дазваляе паэтам суаднесьці вынікі сваёй працы з тымі патрабаваньнямі, якія прад’яўляе да літаратуры грамадзтва. Зь іншага боку, яна дапамагае фармаваць грамадзкую думку, выпрацоўваць у чытачоў аб’ектыўныя погляды на літаратурныя зьявы, удасканальваць эстэтычны густ і эстэтычны ідэал. Крытыку паэзіі патрэбна мець тонкі эстэтычны густ, глыбокія веды па гісторыі і тэорыі паэзіі, валодаць пачуцьцём вершаванага рытму, быць надзвычай чуйным да слова, і ня толькі да яго сэмантыкі, але і да гучаньня, адчуваць нават няўлоўныя ўзаемаадносіны зьместу і формы. Узьнікшы адразу пасьля ўзьнікненьня самой паэзіі, высокапрафэсійная, патрабавальная, зацікаўленая крытыка паэзіі стала яе неабходным спадарожнікам. Асноўныя жанры сучаснай крытыкі паэзіі — рэцэнзія, артыкул (аглядны, праблемны), бібліяграфічная нататка, літаратурны партрэт, рэпліка, пародыя, манаграфічнае дасьледаваньне.
- Гісторыя паэзіі вывучае гістарычныя заканамернасьці ўзьнікненьня і разьвіцьця нацыянальнай, рэгіянальнай і сусьветнай паэзіі, акрэсьлівае месца і значэньне творчасьці тых ці іншых паэтаў і асобных іх твораў у літаратурным працэсе.
- Тэорыя паэзіі дасьледуе сутнасьць, своеасаблівасьць паэзіі як грамадзкай зьявы і мастацтва слова, вывучае гістарычныя заканамернасьці разьвіцьця, сацыяльна-гістарычную ролю і прынцыпы аналізу паэзіі. Грунтуецца на матэрыяле не адной якой-небудзь або некалькіх літаратур, а выкарыстоўвае мастацкі вопыт розных народаў і розных эпохаў.
Дапаможныя дысцыпліны:
- Бібліяграфія рэгіструе і апісвае апублікаваныя паэтычныя творы, а таксама працы па гісторыі, тэорыі і крытыцы паэзіі.
- Гістарыяграфія дасьледуе ступень вывучанасьці асобных пытаньняў паэзіязнаўства, імкнецца выявіць невядомае, сканцэнтраваць намаганьні гісторыкаў, тэарэтыкаў і крытыкаў паэзіі на далейшай распрацоўцы актуальных праблемаў.
- Тэксталёгія вызначае канчатковы, так званы кананічны, аўтарскі тэкст, вызвалены ад розных памылак і скажэньняў. Кананічным лічыцца тэкст аўтарскага рукапісу, а калі яго няма — апошняга прыжыцьцёвага выданьня твора. Асобай задачай тэксталёгіі зьяўляецца атрыбуцыя — устанаўленьне аўтарства ананімнага або псэўданімнага твора.
- Крыніцазнаўства займаецца выяўленьнем і публікацыяй літаратурных крыніц: асобных твораў, матэрыялаў, зьвязаных з жыцьцём і творчай дзейнасьцю пісьменьнікаў. Многія такія матэрыялы захоўваюцца ў архівах (у Менску — Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва), музэях (напрыклад, у літаратурных музэях Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі), рукапісных аддзелах бібліятэк (Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа і інш.).
- Біяграфістыка імкнецца стварыць як мага больш поўныя, навукова грунтоўныя біяграфіі буйных прадстаўнікоў нацыянальнай паэзіі. Найбольш распаўсюджаны яе жанр — крытыка-біяграфічны нарыс.
- Літаратурнае краязнаўства займаецца вывучэньнем літаратурнай гісторыі пэўнай мясцовасьці (вуснай народнай творчасьці, сувязі пісьменьніка з пэўным краем, устанаўленьне пісьменьніцкіх прататыпаў, якія жылі ці жывуць у дадзенай мясцовасьці, і г. д.).
- Храналёгія сваёй задачай лічыць вызначэньне дакладных, дакумэнтальна пацьверджаных датаў, зьвязаных зь літаратурным працэсам. У храналягічным запісе кожны факт пашпартызуецца, г. зн. указваецца крыніца, адкуль узятыя зьвесткі. У літаратуразнаўстве пашырэньне набыў асобны жанр храналёгіі — летапіс жыцьця і творчасьці пісьменьніка. Такія летапісы зьмяшчаюцца звычайна ў канцы навуковых збораў твораў.
Разьдзелы гісторыі паэзіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аўтаразнаўства. Аўтаразнаўчыя дасьледаваньні ахопліваюць творчасьць аднаго паэта. Часам такіх дасьледаваньняў, прысьвечаных клясыку нацыянальнай літаратуры, назапашваецца столькі, што ўзьнікае неабходнасьць вылучыць у аўтаразнаўстве асобны разьдзел, які носіць імя гэтага клясыка: купалазнаўства, коласазнаўства і інш.
- Гісторыя нацыянальнай паэзіі.
- Гісторыя рэгіянальнай паэзіі.
- Гісторыя сусьветнай паэзіі.
Разьдзелы тэорыі паэзіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Эстэтыка паэзіі разглядае паэзію як адну з формаў мадэляваньня рэчаіснасьці, паказвае сувязь яе з грамадзкім жыцьцём, месца паэзіі сярод іншых відаў мастацтва (паэзія як від мастацтва, клясавасьць, народнасьць паэзіі і інш.)
- Тэорыя літаратурнага працэсу выяўляе гістарычны характар разьвіцьця паэзіі як мастацтва слова, дасьледуе заканамернасьці, зьвязаныя з узьнікненьнем і эвалюцыяй асобных родаў і відаў літаратуры, мастацкіх мэтадаў і літаратурных напрамкаў.
- Мэтадалёгія аналізу паэзіі ўстанаўлівае асноўныя прынцыпы навуковага дасьледаваньня паэзіі.
- Паэтыка вывучае характар, структуру і зьмястоўнасьць паэтычнай формы.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Р. І. Гульман. Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры. Мн., 1980.
- Каваленка В. А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі / Рэд. П. К. Дзюбайла. — Мн.: Навука і тэхніка, 1977.
- Мушынскі, М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20—30-я гады. ― Мн., 1975.
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
- Ралько, І. Д. Верш і мова: Праблемы тэорыі і гісторыі беларускага верша. — Мінск: Навука і тэхніка, 1986.