Перайсьці да зьместу

Вершаваны рытм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вершава́ны рытм — моўны рытм, які засноўваецца на чаргаваньні пэўных рытмастваральных кампанэнтаў, галоўных і дапаможных. Адзінкай рытму верша зьяўляецца вершаваны радок, ня толькі выдзелены графічна, але і падкрэсьлены міжрадковай паўзай, рыфмай або кляўзулай.

Рытм нельга атаясамліваць, як гэта часам робяць, з мэтрам або памерам. Вершаваныя радкі аднаго мэтру (харэічнага, дактылічнага і г. д.) або аднаго памеру (чатырохстопнага ямба, трохстопнага дактыля і г. д.) дзякуючы багацьцю рытмастваральных кампанэнтаў амаль ніколі не бываюць ідэнтычнымі па рытмічнаму малюнку. Рытм у вершы выконвае шмат функцый.

Функцыі вершаванага рытму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Генэтычная — вершавы рытм дае жыцьцё вершу як цэласнай зьяве.
  • Сэнсавыяўленчая — адна з самых галоўных функцый вершавага рытму. Тэарэтыкі і практыкі верша даўно заўважылі, што адны мэтры (напрыклад, харэічныя) дапамагаюць лепшаму выяўленьню радаснага, вясёлага настрою, у той час як іншыя (напрыклад, дактылічныя) — настрою роздуму, развагі, суму. Трэба падкрэсьліць, аднак, што гаворка тут ідзе не пра жорсткае правіла, а толькі пра тэндэнцыю, бо некаторыя надзвычай «ёмістыя» памеры, у прыватнасьці чатырохстопны ямб, з аднолькавым посьпехам могуць перадаваць розныя эмоцыі і думкі (прыгадаем «Евгения Онегина» А. Пушкіна, «Новую зямлю» і «Рыбакову хату» Я. Коласа, напісаныя гэтым памерам).
  • Мнэманічная — дапамагае лепшаму запамінаньню вершаванага твора. На гэтай уласьцівасьці рытму заснаваныя мнэманічныя вершы.

Дзякуючы мнэманічнай моцы да нас дайшлі многія шэдэўры старажытнай літаратуры («Махабхарата», «Іліяда», «Адысэя» і інш.), беларускія ананімныя творы XVIII—ХІХ стагодзьдзяў (паэмы, вершы, гутаркі).