Амазонка
| Амазонка | |
Rio de las Amazonas, Río Amazonas | |
Вусьце Амазонкі з космасу | |
| Агульныя зьвесткі | |
|---|---|
| Выток | Мараньнён і Укаялі |
| Вусьце | Атлянтычны акіян |
| Краіны басэйну | Пэру, Калюмбія, Бразылія, Балівія, Вэнэсуэла, Эквадор, Гаяна |
| Даўжыня | 7025 км |
| Плошча басэйну | 7 050 000 км² |
| Месцазнаходжаньне | |
| | |
Амазо́нка — адная з найдаўжэйшых рэк у сьвеце, знаходзіцца ў Паўднёвай Амэрыцы, мае найбуйнейшы рачны басэйн (паверхня басэйна 7 млн км²)[1] і найбольшыя водныя рэсурсы. Пытаньне аб тым ці даўжэйшая яна за Ніл застаеццца спрэчным[1][2]. Амазонка мае сярэдні расход вады блізу 6591—7570 км³ у год, што больш, чым у наступных за ёю сямі найбуйнейшых рэк разам узятых. Дзьве зь дзесяці найбуйнейшых рэк паводле расходу вады ёсьць прытокамі Амазонкі. На Амазонку прыпыдае 20% сусьветнага рачнога сьцёку ў акіяны[3]. Вадазбор Амазонкі ўважаецца за найбуйнейшы ў сьвеце.
Уздоўж ракі растуць трапічныя лясы. Назва хутчэй за ўсё мае паходжаньне ад няправільнага пераклада назвы amacunu — «мядзьведзь водных хмур», якую распаўсюдзіў у Эўропе пасьля 1540 году Гіспан Арэлан, які першы праплыў з Андаў да вусьця.
Даўжыня ракі заўсёды была спрэчнай. Вымярэньне ўскладнялася ня толькі вызначэньнем ракі (сярод больш за 1000 прытокаў), але і дасягненьне да ўкрытых у недасяжных тэрыторыях вытокаў. У 2001 годзе была пацьверджана інфармацыя, паводле якой рака мае даўжыню 7025 км, паводле бразыльскіх зьвестак, раней прызнаваных дакладнымі, рака мае даўжыню 6515 км, а раней даўжынёй прызнавалі 6400 км.
Цячэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Амазонка цячэ па тэрыторыі Пэру, Бразыліі і часткова, як памежная рака праз Калюмбію. Вытокі Амазонкі знаходзяцца ў Андах, потым рака цячэ на ўсход праз Амазонскую нізіну. Амазонка мае некалькі вытокавых рэк, у залежнасьці ад прыняцьця адной зь іх за галоўную мяняецца і даўжыня. Часьцей за галоўную раку прымаюць Укаялі, радзей Мараньнён.
У сярэднім цячэньні, ад упадзеньня Явары да ўпадзеньня Рыў-Нэгру, Амазонка мае назву Solimões. Шырыня ракі ў сярэднім цячэньні даходзіць да 20 км, у ніжнім цячэньні да 100 км. Вусьце Амазонкі мае выгляд вялікай дэльты зь ілістымі, аддзеленымі адзін ад аднаго рукавамі. Найвялікшы рукаў мае пачатак за 350 км ад акіяна. У вусьці рака мае шырыню каля 80 км.
Максымальны расход вады ў вусьці даходзіць да 300 тыс. м³/с (сярэднегадавы каля 120 тыс м³/с). Так вялікая маса прэснай вады выклікае апрасьненьне акіянічнай вады на адлегласьці да 400 км ад вусьця.
Суднаходнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Амазонка суднаходная рака на працягу 4300 км, таму яна ўважаецца за асноўны шлях, які злучае значную частку Паўднёвай Амэрыкі. Галоўнае рэчышча суднаходнае для буйных акіянічных параходаў да Манаўса, які ляжыць за 1 500 км уверх па плыні ад вусьця. Меншыя акіянічныя судны водазьмяшчэньнем да 9000 тонаў і з асадкай меншай за 5,5 мэтраў могуць даходзіць да Ікітасу ў Пэру, то бок за 3 600 км ад мора. Меншыя рачныя судны могуць даходзіць яшчэ глыбей ажно да мысу Ачуаль. Далей малыя чоўны часта ўздымаюцца да Понга-дэ-Мансэрычэ, крыху вышэй за мыс Ачуаль у Пэру.
Паводкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Ня ўсе прытокі Амазонкі разьліваюцца ў адзін і той самы час году. Шматлікія адгалінаваньні пачынаюць выходзіць зь берагоў у лістападзе і ўзровень вады ў іх можа працягваць уздымацца да чэрвеня. Пад’ём вады ў Рыў-Нэгру пачынаецца ў лютым або сакавіку, а пачынае зьніжацца толькі ў чэрвені. Рака Мадэйра ўздымаецца і спадае на два месяцы раней, чым большасьць астатніх частак рачной сыстэмы Амазонкі.
Глыбіня Амазонкі паміж Манакапуру і Обідусам складае паміж 20 і 26 мэтрамі. У Манакапуру ўзровень вады ў Амазонцы блізкі да 24 мэтраў над сярэднім узроўнем мора. Больш за палову вады ў Амазонцы ніжэй за Манакапуру знаходзіцца ніжэй за ўзровень мора[4]. У ніжнім бегу ракі сярэдняя глыбіня складае 20—50 мэтраў, а месцамі дасягае 100 мэтраў[5].
Штогадовыя паводкі адбываюцца напрыканцы зімы ў паўночным паўшар’і падчас прыплываў, калі вада з Атлянтычнага акіяна ўцягваецца ў дэльту Амазонкі. Утвораная хвалістая прыплыўная хваля называецца парарока. Ейная першасная хваля можа дасягаць 7,6 мэтраў вышынёю і заходзіць да 800 км углыб мацерыка[6][7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 Amazon River Encyclopædia Britannica Архіўная копія ад 08.11.2020 г.
- ↑ Uereyen, Soner; Kuenzer, Claudia A Review of Earth Observation-Based Analyses for Major River Basins // Remote Sensing. — 09.12.2019. — Т. 11. — № 24. — С. 2951. — DOI:10.3390/rs11242951
- ↑ Moura, Rodrigo L.; Amado-Filho, Gilberto M.; Moraes, Fernando C.; Brasileiro, Poliana S.; Salomon, Paulo S.; Mahiques, Michel M.; Bastos, Alex C.; Almeida, Marcelo G.; Silva, Jomar M.; Araujo, Beatriz F.; Brito, Frederico P.; Rangel, Thiago P.; Oliveira, Braulio C.V.; Bahia, Ricardo G.; Paranhos, Rodolfo P.; Dias, Rodolfo J. S.; Siegle, Eduardo; Figueiredo, Alberto G.; Pereira, Renato C. An extensive reef system at the Amazon River mouth // Science Advances. — 01.04.2016. — Т. 2. — № 4. — DOI:10.1126/sciadv.1501252
- ↑ Junk, Wolfgang J. The Central Amazon Floodplain: Ecology of a Pulsing System. — Springer, 1997. — ISBN 978-3-540-59276-1
- ↑ Whitton, B.A. River Ecology. — University of California Press, 1975. — ISBN 978-0-520-03016-9
- ↑ Erickson, Jon Environmental Geology: Facing the Challenges of Our Changing Earth. — Infobase Publishing, 2014. — С. 110–11. — ISBN 978-1-4381-0963-3
- ↑ Lynch, David K. Tidal Bores // Scientific American. — 1982. — Т. 247. — № 4. — С. 146. — DOI:10.1038/scientificamerican1082-146
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Інфармацыя на Extreme Science.