Палацава-паркавы комплекс Трамбіцкіх
Славутасьць | |
Палацава-паркавы комплекс Трамбіцкіх
| |
Краіна | Беларусь |
пасёлак | Інтэрнацыянальны |
Каардынаты | 52°29′37″ пн. ш. 24°28′49″ у. д. / 52.49361° пн. ш. 24.48028° у. д.Каардынаты: 52°29′37″ пн. ш. 24°28′49″ у. д. / 52.49361° пн. ш. 24.48028° у. д. |
Тып будынка | сядзіба |
Архітэктурны стыль | клясыцызм |
Заснавальнік | Вінцэнт Трамбіцкі |
Будаваньне | канец XVIII ст.—пачатак XIX ст. |
Будынкі: сядзіба • бровар
| |
Прыбудоўкі | гаспадарчыя пабудовы |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Стан | занядбаны |
± Палацава-паркавы комплекс Трамбіцкіх | |
Палацава-паркавы комплекс Трамбіцкіх на Вікісховішчы |
Пала́цава-па́ркавы ко́мплекс Трамбі́цкіх — рэшткі сядзібна-палацавага комплексу ў пасёлку Інтэрнацыянальны Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Ахоўваецца дзяржавай.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Лінова стала ўладаньнем генэрала Пятра Румянцава, які хутка распрадаў гэтыя землі. Лінова набыў Вінцэнт Трамбіцкі (1762—1842) гербу «Сьлепаўрон», кобрынскі лоўчы і шамбелян апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста[1]. На мяжы XVIII—XIX стагодзьдзяў ён збудаваў тут сядзібу ў клясычным стылі, у якой жылі чатыры пакаленьні роду. Гэта быў цагляны аднапавярховы будынак, накрыты чатырохсхільным дахам.
Толькі ў пачатку XX стагодзьдзя, калі сядзіба стала цеснай для ўсіх нашчадкаў, тагачасны ўласьнік Уладыслаў Трамбіцкі заняўся яе перабудовай. Былі прыбудаваныя бакавыя крылы, аднак у працэсе будоўлі не хапіла сродкаў на поўную рэалізацыю задумкі, да таго ж яе зьдзяйсьненьню зашкодзіў выбух Першай сусьветнай вайны, і зьмены атрымаліся ня надта ўдалымі[2].
У сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў доме была вялізная бібліятэка, якая належала бібліяфілу Ўладыславу Трамбіцкаму, брату ўласьніка Лінова Багуслава. Ня маючы добрага дому ў сваім маёнтку ў Мікітычах, Уладыслаў захоўваў кнігі ў Ліноўскім маёнтку. Зь цягам часу іх колькасьць дасягнула некалькі тысячаў тамоў, у асноўным польская і француская літаратура. У бібліятэцы былі кнігі і рукапісы са збораў Міхаіла Баброўскага, набытыя ў 1847 року. Па сьмерці Ўладыслава Трамбіцкага ягоная бібліятэка амаль цалкам была прададзеная Замойскім і апынулася ў Варшаве (у 1944 року загінула ў часе пажару). Рэшткі кніг былі вывезеныя немцамі пасьля акупацыі Пружаншчыны ў Першую сусьветную вайну[3].
За савецкім часам у клясыцыстычным палацы Трамбіцкім разьмяшчалася кантора крухмальнага завода[4] (які паўстаў у памяшканьнях бровару). Аднак пасьля таго, як завод збанкрутаваў, сядзіба паступова разбуралася.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палац зьяўляўся цэнтрам кампазыцыі. У пачатку XX стагодзьдзя быў перабудаваны ў духу сядзібнай архітэктуры XIX стагодзьдзя. Даўжыня будынку складала 110 м. Цэнтральная частка двухпавярховая (16×10 м), бакавыя крылы аднапавярховыя (19×11 м). На адной кароткай восі разьмяшчаліся пад’езная алея, партэр і палац, аднак новыя прыбудовы, запачаткаваныя Ўладыславам, парушылі восевую сымэтрыю: правае крыло недабудавалі, і яно адрозьнівалася ад астатняй часткі палацу.
Цэнтральны ўваход у сядзібны дом меў масіўны портык, першы паверх якога складалі 5 аркадаў, над якімі ўзвышаліся 4 калёны з трохвугольным франтонам. Сярэдні рызаліт паркавага фасаду аднапавярховы, мае прасторную тэрасу. Левае крыло двухпавярховае, зь невялікім гаўбцом і калёнамі.
Інтэр’еры памяшканьняў вылучаліся разнастайнасьцю і багацьцем аздабленьня. У цэнтральным холе стаялі мармуровыя бюсты Нэрона і Агрыпіны, столя пакрытая выразанымі з дрэва кесонамі. Па сьценах сталоўкі, якая адначасна служыла бальнай заляй, віселі партрэты сем’яў Трамбіцкіх і Ажэшкаў. Сьцены «цёмнага» салёну былі паклееныя цёмнымі шпалерамі, а мэбля абцягнутая цёмна-зялёным сукном. У «ясным» салёне мэбля была абабітая чырвоным атлясам.
Парк
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плошча парку складае 3 га. Пляніроўка выцягнутая. Да сядзібы вяла ліпавая алея шырынёй 20 м, якая пачыналася ад галоўнай алеі з конскага каштану. З усходняга боку ад уязной алеі разьмяшчалася стайня. У 1921 року ў сядзібе быў пабудаваны бровар, да якога вяла другая алея зь ліпы крымскай і буйналістай. З боку заводу праходзіў вузкі канал, прызначаны для адводу лішкаў вады ў Мухавец.
Па абодва бакі сымэтрычна будынку сядзібы стаялі дзьве брамы. На партэры між брамамі і хатай расьлі клёны, грабы, ясені, дубы, ліпы, конскія каштаны, ракіта залацістапабегавая, арэхі грэцкія, сосны крымскія. Невялікі сядзібны парк дапаўняўся садам.
Сучасны стан
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 113Г000610 |
Дом патрабуе тэрміновага капітальнага рамонту. Толькі частка яго перакрытая і выкарыстоўваецца. Бровар захаваўся, і да нядаўнае пары ў ім дзейнічаў крухмальны завод.
Паркавы партэр бессыстэмна засаджаны дрэвамі, якія закрываюць выгляд на фасад сядзібы. Захаваліся дрэвы ўзростам больш за 150 гадоў.
3 студзеня 2012 року сядзіба разам з крухмальным заводам была прададзеная з аўкцыёну за 1,1 млрд рублёў (130 000 даляраў). Пераможцам стаў расейскі бізнэсоўца Бліноў, якія зьяўляецца суўладальнікам беларуска-расейскай фірмы. Адной з умоваў продажу была захаванасьць сядзібы ў якасьці аб’екту гісторыка-культурнай спадчыны[5].
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Roman Aftanazy. Linowa // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 64. — ISBN 9788304037014
- ^ Roman Aftanazy. Linowa // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 65. — ISBN 9788304037014
- ^ Roman Aftanazy. Linowa // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 66. — ISBN 9788304037014
- ^ Ілья Свірын. (21 студзеня 2012) Ці здыме аўкцыён «праклён незапатрабаванасці» з сядзіб? Общество. Туризм и отдых. Праверана 16 лютага 2012 г.
- ^ Расіянін купіў шляхецкую сядзібу пад Пружанамі. Эўрарадыё (4 студзеня 2012). Праверана 16 лютага 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Roman Aftanazy. Linowa // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej(pl). — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — 470 с. — ISBN 9788304037014
- Какушкіна Н. Боль старога парка // Зара камунізму. — 13 лістапада 1986.
- Несцярчук Л.М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х—ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Мн.: БелТА, 2002. — 336 с.
- Федорук А.Т. Линово // Старинные усадьбы Берестейщины. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — 576 с. — ISBN 985-11-0305-5
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палацава-паркавы комплекс Трамбіцкіх — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў