Перайсьці да зьместу

Новак Джокавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Новак Джокавіч
Краіна
Пражывае ў
Нарадзіўся 22 траўня 1987(1987-05-22)[1][3][4][…] (39 гадоў)
Рост 188 см[5]
Вага 82 кг[5]
Пачатак кар’еры 2003 — цяпер
Працоўная рука праварукасьць[d][1]
Прызавыя грошы 194 656 816 $[1]
Адзіночны разрад
Матчаў 1177–238[1]
Тытулаў 101
Найвышэйшы рэйтынг 1 (4 ліпеня 2011)
Турніры Вялікага шлему
Аўстралія перамога (2008, 2011, 2012, 2013, 2015, 2016, 2019, 2020, 2021, 2023)
Францыя перамога (2016, 2021, 2023)
Ўімбэлдан перамога (2011, 2014, 2015, 2018, 2019, 2021, 2022)
ЗША перамога (2011, 2015, 2018, 2023)
Асноўныя турніры
Кубак Мастэрз перамога (2008, 2012, 2013, 2014, 2015, 2022, 2023)
Алімпіяда залаты (Парыж, 2024)
Парны разрад
Матчаў 67–83[1]
Тытулаў 1
Найвышэйшы рэйтынг 114 (30 лістапада 2009)
Турніры Вялікага шлему ў пары
Аўстралія 1 раўнд (2006, 2007)
Францыя 1 раўнд (2006)
Ўімбэлдан 2 раўнд (2006)
ЗША 1 раўнд (2006)
Новак Джокавіч у Вікісховішчы

Но́вак Джо́кавіч (па-сэрбску: Новак Ђоковић, нар. 22 траўня 1987 году, Бялград, Югаславія) — сэрбскі тэнісіст, шматразовы пераможца Ўімбэлданскага турніру, адкрытых чэмпіянатуў Аўстраліі, Францыі і ЗША, пераможца Кубка мастэрз 2008 году, уладальнік Кубка Дэвіса 2010 году ў складзе зборнай Сэрбіі. Алімпійскі чэмпіён 2024 году. 4 ліпеня 2011 году ўпершыню стаў першай ракеткай сьвету ў рэйтынгу ATP.

30 жніўня Новак стартаваў на US Open 2011. У паўфінале, які стаў для Джокавіча шостым запар на турнірах Вялікага шлему, ён саступаў Роджэру Фэдэрэру 0:2 па сэтах, а затым 3:5 у пятым сэце й 40-15 на падачы швайцарца. Аднак адыграўшы падвойны матчбол, сэрб атрымаў выніковую перамогу (6:7, 4:6, 6:3, 6:2, 7:5). 12 верасьня ў фінале ў шосты раз запар адолеў Рафаэля Надаля (6:2, 6:4, 6:7, 6:1), упершыню ў кар’еры выйграўшы US Open. Такім чынам, у 2011 году Новак перамог на трох турнірах Вялікага шлема.

Джокавіч пачаў сэзон 2012 году зь перамогі на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. У фінале сэрб перамог Надаля ў пяці сэтах, зрабіўшы брэйк у вырашальным сэце і выгуляўшы зь лікам 7:5. Матч трываў 5 гадзін 53 хвіліны, што зрабіла яго самым працяглым матчам у гісторыі аўстралійскага турніру, а таксама найдаўжэйшым фіналам у гісторыі любога турніру Вялікага шлема[6]. Далей Джокавіч прагуляў Джону Ізнэру ў паўфінале ў Індыян-Ўэлзе, але пасьпяхова абараніў свой тытул у Маямі. У Монтэ-Карлё ён саступіў у фінале Надалю ў двух сэтах запар, ня здолеўшы перашкодзіць гішпанцу здабыць там свой рэкордны восьмы тытул. Джокавіч таксама зазнаў паразу гішпанцу ў Рыме ў двух сэтах[7].

Тэнісіст у 2012 годзе.

Джокавіч выйшаў у свой першы фінал на адкрытым чэмпіянаце Францыі, перамогшы ў паўфінале Фэдэрэра[8]. Ён мог зрабіцца першым гульцом пасьля Рода Лэйвэра ў 1969 годзе, які валодаў усімі чатырма тытуламі ATP адначасна, але прагуляў Надалю ў чатырох сэтах у фінале[9]. На Ўімбэлдане тэнісіст саступіў у паўфінале Фэдэрэру. У выніку перамогі на гэтым турніры Фэдэрэр абышоў Джокавіча ў рэйтынгу, стаўшы першай ракеткай сьвету. На Алімпіядзе ў Лёндане ў 2012 годзе Джокавіч быў сьцяганосцам зборнай Сэрбіі[10]. Там ён дакрочыў да паўфіналу, але саступіў будучаму чэмпіёну Эндзі Марэю (5:7, 5:7), а ў матчы за трэцяе месца прагуляў Хуану Мартыну дэль Потра (5:7, 4:6), такім чынам, ня здолеўшы паўтарыць свой бронзавы вынік з папярэдняй Алімпіяды. На адкрытым чэмпіянаце ЗША Джокавіч упэўнена прабіўся ў фінал, прайграўшы толькі адзін сэт у шасьці матчах, але ў вырашальным паядынку саступіў Марэю[11]. Пасьля гэтага спартовец здабыў перамогі на адкрытым чэмпіянаце Кітаю і турніры Шанхай мастэрз. Па зьняцьці Фэдэрэра з мастэрз у Парыжы Джокавіч забясьпечыў сабе першае месца ў рэйтынгу сэзону. На выніковым турніры сэрб быў мацней за ўсіх супернікаў.

Сэзон 2013 году спартовец пачаў з посьпеху ў Аўстраліі, дзе ў фінале сэрбам быў пераможаны Марэй, чым абараніў тытул папярэдніх двух гадоў[12]. Гэта зрабіла яго першым тэнісістам адкрытай эры, які тройчы запар стаў чэмпіёнам чэмпіянату Аўстраліі. Акрамя таго, ён ураўняў свае вынікі з Андрэ Агасі і Роджэрам Фэдэрэрам паводле агульнай колькасьці тытулаў. Пасьля некалькіх няўдалых выступаў Джокавіч перамог на турніры мастэрз у Монтэ-Карлё, адолеўшы ў фінале Рафаэля Надаля. Гэта пераірвала васьмігадовую сэрыю перамог гішпанца на турніры. На Ралян Гаросе сэрб дакрочыў да паўфіналу, але саступіў Надалю. На Ўімбэлданскі турніры тэнісіст дакрочыў да паўфіналу, ня маючы паразаў у сэтах. Аднак, у паўфінальным матчы супраць Хуана Мартына дэль Потра дзеля перамогі яму спатрэбілася згуляць усе 5 партыяў. У фінале сэрб саступіў у трох сэтах Марэю. У некалькіх наступных турнірах Джокавіч кожны раз быў выбіты Надалем, і толькі на турніры ў Пэкіне сэрб выгуляў гішпанца ў фінальным матчы. Чэмпіёнскім для спартоўца стаў і турнір у Шанхаі. У пачатку лістапада ў Парыжы Джокавіч выйграў свой трэці мастэрз у сэзоне.

Джокавіч на турніры ў Італіі ў 2014 годзе.

У 2014 годзе Джокавіч традыцыйна пачаў сэзон на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. У чвэрцьфінале ён сустрэўся з Станісласам Ваўрынкам, зь якім летась двойчы гуляў у 5-сэтавых матчах на сусьветным туры АТП. Аднак на гэты раз у пятай партыі сэрб прайграў зь лікам 9:7. Такім чынам абарваліся ягоныя тры сэрыі, як то сэрыя з 28 перамогаў пасьля паразы ў фінале адкрытага чэмпіянату ЗША 2013 году, сэрыя з 25 перамог на Аўстраліян Оўпэн і серыя з 14 паўфіналаў запар у сусьветнай сэрыі АТП. Ваўрынка ў выніку выйграў турнір. У сакавіку сэрб перамог у двух мастэрзах. Спачатку ў фінале Індыян-Ўэйлза ён выгуляў Роджэра Фэдэрэра ў трох сэтах, а ў фінале Маямі перамог Рафаэля Надаля ў двух сэтах.

На адкрытым чэмпіянаце Францыі тэнісіст зазнаў паразу ў фінале ад Надаля, але празь месяц выйграў свой сёмы тытул АТП, перамогшы Фэдэрэра ў фінале Ўімбэлданскага турніру ў 5 сэтах. На адкрытым чэмпіянаце ЗША Джокавіч дакрочыў да паўфіналу, дзе зазнаў паразу ў чатырох сэтах ад Кеі Нісікоры. У Пэкіне Джокавіч здабыў свой пяты тытул за шэсьць гадоў, але саступіў Фэдэрэру ў паўфінале шанхайскага мастэрз. Сэрб завяршыў сэзон з двума дадатковымі тытуламі, спачатку на парыскім мастэрз, дзе не аддаў аніводнага сэту, а потым быў пераможцам выніковага турніру.

Упершыню з 2010 году Джокавіч пачаў сэзон не з адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У пачатку студзеня ён узяў удзел у адкрытым чэмпіянаце Катару, дзе выбыў у чвэрцьфінале.

У Аўстраліі тэнісіст не аддаў супернікам аніводнага сэту ажно да паўфіналу. У паўфінале ён перамог дзейнага чэмпіёна Стэна Ваўрынку ў пяці сэтах, а ў фінале быў мацней за Эндзі Марэя ў чатырох сэтах. Такім чынам Джокавіч стаў першым тэнісістам адкрытай эры, які здабыў пяць тытулаў чэмпіянату Аўстраліі. Джокавіч упершыню перамог Рафаэля Надаля на Ралян Гаросе ў 2015 годзе, але саступіў у фінале Ваўрынку. Аднак ужо празь месяц ён пасьпяхова абараніў свой тытул пераможцы Ўімбэлданскага турніру, у другі раз запар перамогшы ў фінале Роджэра Фэдэрэра. На адкрытым чэмпіянаце ЗША Джокавіч зноў перамог Фэдэрэра ў фінале, выйграўшы свой 10-ы тытул Вялікага шлема. Гэтая перамога дазволіла яму датэрмінова завяршыць год на вяршыні рэйтынгу. Гэта быў чацьверты сэзон, які Джокавіч завяршаў у якасьці першай ракеткі сьвету, і першы, у якім ён утрымліваў першую пазыцыю цягам усіх 52-х тыдняў[13].

У час пасьля турніру ў ЗША Джокавіч перамагаў ува ўсіх турнірах, у якіх браў удзел, то бок у Пэкіне, Шанхаі і Парыжы, а таксама быў найлепшым на выніковым турніры.

Джокавіч у траўні 2016 году.

Джокавіч пачаў сэзон 2016 году зь перамогі на турніры ў Досе, які стаў для яго 60-м тытулам у кар’еры. Пасьля гэтай перамогі ён палепшыў уласны рэкорд паводле колькасьці рэйтынгавых пунктаў, набраўшы агулам 16 790 пунктаў.

У студзені Джокавіч пасьпяхова абараніў свой тытул на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, перамогшы на шляху да чэмпіёнства Роджэра Фэдэрэра ў паўфінале і Эндзі Марэя ў фінале. Гэты тытул стаў для яго шостым у Мэльбурне, чым параўнаўся з Роем Эмэрсанам. На турніры ў Індыян-Ўэйлзе сэрб зноў перамог Надаля і ў выніку абараніў свой тытул, перамогшы ў выніковым матчы Мілаша Раоніча зь лікам 6:2, 6:0. У чэрвені Джокавіч здабыў свой першы тытул на Ралян Гаросе. Ён таксама стаў адначасным уладальнікам тытулаў усіх турніраў Вялікага шлема і палепшыў уласны рэкорд паводле рэйтынгавых пунктаў, якіх у яго стала 16 950.

Джокавіч з трафэем пераможцы адкрытага чэмпіянату Катару.

У студзені Джокавіч абараніў тытул на турніры ў Досе, перамогшы ў фінале першую ракетку сьвету Эндзі Марэя. Тэнісіст прыехаў абараняць свой тытул на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, але сэнсацыйна саступіў у другім раўндзе 117-й ракетцы плянэты ўзбэку Дзянісу Істоміну. У выніку Джокавіч ня здолеў прабіцца ў чвэрцьфінал турніру ўпершыню з адкрытага чэмпіянату Аўстраліі 2007 году. Гэта таксама была ягоная першая параза на турнірах Вялікага шлема ад гульца, які не ўваходзіць у топ-100[14]. У лютым Джокавіч браў удзел у адкрытым чэмпіянаце Мэксыкі, а ў сакавіку — на мастэрз у Індыян-Ўэйлзе, але зазнаў паразу ў абодвух турнірах Ніку Кірыясу ў трэцім і чацьвертым раўндах адпаведна. У красавіку Джокавіч выйшаў у чвэрцьфінал турніру мастэрз у Монтэ-Карлё, дзе прагуляў Давіду Гафэну. Пасьля гэтага турніру ён спыніў супрацу з сваім шматгадовым трэнэрам Марыянам Вайдам, спэцыялістам па фітнэсу Гебардам Філ-Грытчам і фізыятэрапэўтам Мільянам Аманавічам. Затым ён дакрочыў да паўфіналу мастэрз у Мадрыдзе, дзе саступіў Надалю ў двух сэтах[15].

21 траўня Джокавіч абвесьціў, што Андрэ Агасі стане ягоным новым трэнэрам, пачынаючы з турніру на Ралян Гарос. На тым першынстве ён саступіў у чвэрцьфінале Домініку Тыму[16]. Да Ўімбэлдану сэрб рыхтаваўся, выступаючы на Істбарнскім міжнародным турніры. Гэта быў першы раз з 2010 году, калі ён браў удзел на турніры на траве, акрамя Ўімбэлдану. Джокавіч здабыў тытул, перамогшы ў фінале Гаэля Манфіса. Тытул у Істбарне быў першым тытулам тэнісіста на траве па-за межамі Ўімбэлданскага турніру. Сэрб зьняўся з Ўімбэлдану падчас матчу супраць Томаша Бэрдыха праз траўму локця, якая, паводле ягоных словаў, турбавала яго апошнія паўтара гады[17]. 26 ліпеня спартовец абвесьціў, што прапусьціць чэмпіянат ЗША і астатнюю частку сэзону, каб цалкам акрыяць ад траўмы[18].

Тэнісіст у 2018 годзе.

Джокавіч пачаў сэзон 2018 году ў студзені з выставачнага турніру Куёнг у Аўстраліі, дзе перамог Домініка Тыма зь лікам 6:1, 6:4. На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі тэнісіст дакрочыў да чацьвертага кола, дзе саступіў карэйцу Чон Хёну зь лікам 6:7, 5:7, 6:7. У канцы студзеня яму зрабілі апэрацыю на локці, але вярнуцца на корт гулец пасьпеў на турнір у Індыян-Ўэлзе, дзе зазнаў паразу ў першым матчы. На наступным турніры мастэрз у Маямі ён таксама прайграў у першым матчы.

У красавіку ў каманду Джокавіча вярнуўся яго трэнэр Мар’ян Вайда. У Монтэ-Карлё сэрб саступіў у трэцім раўндзе Тыму. Гэтак жа няўдала ён правёў наступныя турніры, толькі ў Рыме ён прасунуўся да паўфіналу, дзе ягоны супраціў адолеў Надаль. На Ралян Гаросе Джокавіч дайшоў да чвэрцьфіналу, дзе прагуляў італьянцу Марка Чэкіната. Джокавіч пачаў травяны сэзон на турніры АТП-500 у Лёндане, дзе прасунуўся ў фінал упершыню за 12 месяцаў, але саступіў па матч-пойнце Марыну Чылічу. На Ўімбэлданскім турніры сэрб быў 12-м нумарам пасеву. У сваіх першых пяці матчах ён прайграў толькі два сэты. У паўфінале, які доўжыўся 5 гадзінаў 17 хвілін, Джокавіч перамог Надаля, перамогшы яго зь лікам 10:8 у пятым сэце. Гэты матч стаў другім паводле працягласьці паўфіналам у гісторыі турніру. У фінале Джокавіч перамог Кевіна Андэрсана. Дзякуючы гэтай перамозе ён вярнуўся ў першую дзясятку рэйтынгу.

У другой палове году Джокавіч стаў пераможцам на турніры ў Цынцынаці, перамогшы ў фінале Роджэра Фэдэрэра. Такім чынам, ён упершыню стаў пераможцам мастэрз Цынцынаці, стаўшы першым тэнісістам, які здолеў здабыць перамогі ўва ўсіх 9 турнірах сэрыі мастэрз, атрымаўшы гэтак званы «Залаты Мастэрз». Трыюмф працягнуўся на адкрытым чэмпіянаце ЗША, але астатнія турніры года склаліся няўдала.

Джокавіч пачаў сэзон 2019 году зь перамогі на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, дзе ў фінале перамог Рафаэля Надаля ў трох сэтах. Дзякуючы гэтай перамозе Новак стаў адзіным гульцом у гісторыі, які займеў 7 тытулаў чэмпіёну Аўстраліі, а таксама адзіным гульцом, які здабыў тры тытулы Сусьветнага тура АТП запар. Да яго двойчы гэта рабілі Дон Бадж, Род Лэйвэр і Роджэр Фэдэрэр, а Рой Эмэрсан, Піт Сампрас і Рафаэль Надаль — толькі адзін раз. На Ралян Гарос сэрб прабіўся ў паўфінал, дзе саступіў Тыму. У ліпені Джокавіч здабыў свой пяты тытул чэмпіёну Ўімбэлданскага турніру, перамогшы Роджэра Фэдэрэра ў гістарычным матчы зь лікам 7:6(7:5), 1:6, 7:6(7:4), 4:6, 13:12(7:3). Матч працягваўся 4 гадзіны 57 хвілін і стаў самым працяглым фіналам у гісторыі Ўімбэлдана. Гэта таксама быў першы мужчынскі адзіночны матч, які скончыўся вырашальным тай-брэйкам у пятым сэце, бо да 2019 году на Ўімбэлдане не было тай-брэйку ў апошнім сэце[19][20].

Джокавіч з прызам Ўімбэлданскага турніру ў 2019 годзе.

Ён зазнаў паразу ў паўфінале адкрытага чэмпіянату Цынцынаці будучаму чэмпіёну Даніілу Мядзьведзеву, і зьняўся праз траўму з чацьвертага раўнду адкрытага чэмпіянату ЗША ў матчы супраць Стэна Ваўрынкі. У кастрычніку Джокавіч здабыў тытул пераможцы адкрытага чэмпіянату Японіі, але быў выбіты у чвэрцьфінале шанхайскага турніру Мастэрз. Сэрб завяршыў сэзон і дзесяцігодьдзе, узяўшы свой пяты тытул Парыскага турніру[21], стаўшы самым пасьпяховым гульцом у мужчынскім тэнісе за дзесяцігодзьдзе[22].

На першым розыгрышы Кубка АТП у 2020 годзе Джокавіч прывёў зборную Сэрбіі да перамогі, здабыўшы перамогаў у шэсьці матчах, у тым ліку супраць Мядзьведзева ў паўфінале і Рафаэля Надаля ў фінале[23]. На Аўстраліян-Оўпэн ён перамог Фэдэрэра ў паўфінале і Тыма ў фінале ў пяці сэтах, здабыўшы свой восьмы тытул аўстралійскага чэмпіёна і 17-ы тытул Вялікага шлему агулам[24]. Гэта дазволіла яму вярнуць сабе званьне першай ракеткі сьвету[25] і стаць першым гульцом у час адкрытай эры, які браў тытулы Вялікага шлему ў трох розных дзесяцігодзьдзях. Пасьля гэтага спартовец заваяваў свой пяты тытул на чэмпіянаце Дубаю, перамогшы Стэфанаса Цыцыпаса ў фінале[26][27]. У чэрвені, у час арганізаванага ім Адрыя туры, Джокавіч атрымаў станоўчы тэст на каранавірус з шэрагам іншых удзельнікаў, што выклікала крытыку праз адсутнасьць належных мэдычных пратаколаў[28][29][30]. Сэрб папрасіў прабачэньня, заявіўшы, што яны верылі, нібыта турнір адпавядае ўсім патрабаваньням, але прызнаў, што памыляліся[31]. Пазьней ён назваў крытыку на свой адрас часткай «паляваньня на ведзьмаў»[32]. З адкрытага чэмпіянату ЗША Джокавіч быў дыскваліфікаваны ў матчы чацьвертага раўнду пасьля таго, як ён ударыў мяч і выпадкова трапіў у асыстэнтку судзьдзі[33][34]. На Ралян Гарос ён саступіў Надалю ў фінальным матчы.

Джокавіч пачаў сэзон з удзелу ў Кубку АТП, але зборная Сэрбіі ня здолела абараніць свой леташні тытул. У лютым ён выйграў свой дзявяты тытул адкрытага чэмпіянату Аўстраліі, перамогшы Мядзьведзева ў фінале зь лікам 7–5, 6–2, 6–2. У панядзелак, 8 сакавіка, Джокавіч пачаў свой 311-ы тыдзень у якасьці першай ракеткі сьвету, перасягнуўшы папярэдні рэкорд Роджэра Фэдэрэра ў 310 тыдняў. Падчас сэзону на грунтовых кортах Джокавіч узяў тытул у Сэрбіі і дакрочыў да фіналу Мастэрз у Мадрыдзе, дзе зазнаў паразу ад Надаля ў трох сэтах. У паўфінале адкрытага чэмпіянату Францыі тэнісіст перамог Надаля ў другі раз на турніры, а ў фінале быў мацней за Цыцыпаса ў пяці сэтах. Дзякуючы гэтай перамозе Джокавіч стаў першым гульцом у адкрытую эру, які браў кожны турнір Вялікага шлему хаця б двойчы. У ліпені Джокавіч стаў чэмпіёнам ужо ў шосты раз Ўімбэлданскага турніру, перамогшы ў фінале Матэо Бэрэтыні зь лікам 6–7(4), 6–4, 6–4, 6–3. Гэтая перамога ўраўнала яго з Роджэрам Фэдэрэрам і Рафаэлем Надалем у колькасьці тытулаў Вялікага шлему, прычым яны ўтрох здабылі па 20 тытулаў.

На летніх Алімпійскіх гульнях 2020 году Джокавіч імкнуўся заваяваць залаты мэдаль, але прайграў Аляксандру Зьвераву ў паўфінале, а затым Паблё Карэньнё Бусту ў матчы за бронзу. Амаль тое самае адбылося ў парным разрадзе Алімпіяды, але тады Джокавіч зьняўся з матчу за бронзавыя мэдалі праз пашкоджаньне[35]. На адкрытым чэмпіянаце ЗША ёг дасягнуў фіналу, але саступіў Мядзьведзяву.

У студзені Джокавіч прыбыў у Мэльбурн, каб узяць удзел у адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. Па прыбыцьці памежная агенцыя краіны анулявала ягоную візу, спасылаючыся на памылку ў заяўцы. Па дэпартацыі адвакаты спартоўца заявілі, што будуць абскарджваць гэтую пастанову[36]. Аднак, фэдэральны суд Аўстраліі адхіліў апэляцыю аб паўторным ануляваньні ягонай візы, у выніку чаго Джокавіч быў дэпартаваны. Тэнісіст пакінуў Аўстралію, не згуляўшы на турніры[37][38][39][40].

У чэрвені Джокавіч страціў сваю першую пазыцыю ў сусьветным рэйтынгу, апусьціўшыся на дзьве пазіцыі ў рэйтынгу АТП, а на чале сьпіс устаў расеец Данііл Мядзьведзеў[41]. Джокавіч здабыў свой сёмы тытул Ўімбэлданскага турніру і 21-ы тытул Вялікага шлему. Сэрб прапусьціў адкрыты чэмпіянат ЗША 2022 году, зьняўшыся з турніру да ягонага лёсаваньня празь немажлівасьць трапіць у ЗША праз абавязковыя патрабаваньні краіны-арганізатаркі да вакцынацыі для неграмадзянаў[42]. Атлет завяршыў год трыюмфам у фінале выніковага турніру, атрымаўшы сваю шостую перамогу на гэтым турніры.

Джокавіч на Ралян Гаросе 2023 году.

Джокавіч пачаў год зь перамогі на міжнародным турніры ў Адэлаідзе, адбіўшы матчбол і перамогшы Сэбастыяна Корда. На адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, не зважаючы на праблемы з падкаленным сухажылам[43], ён перамог Стэфанаса Цыцыпаса ў фінале, заваяваўшы рэкордны дзясяты тытул і вярнуўшы сабе месца на гары сусьветнага рэйтынгу[44]. Ён прапусьціў турніры ў Індыян-Ўэлзе і Маямі праз абмежаваньні на ўезд у ЗША. Падчас грунтавага сэзону ён зарана вылецеў з турніраў у Монтэ-Карлё і Баня-Луцы, а таксама зазнаў паразу ў чвэрцьфінале чэмпіянату Рыму. На Ралян Гаросе Джокавіч перамог Карляса Алькараса ў паўфінале і Каспэра Руўда ў фінале, здабыўшы рэкордны 23-і тытул Вялікага шлему, і стаў першым мужчынам, які аформіў патройны кар’ерны посьпех на турнірах Вялікага шлему[45]. Пасьля турніру ён таксама вярнуў сабе першы радок рэйтынгу, які страціў незадоўга да гэтага[46].

На Ўімбэлданскім турніры тэнісіст дасягнуў свайго дзявятага фіналу, але саступіў Алькарасу ў пяці сэтах, што спыніла ягоную 34-матчавую пераможную сэрыю на турніры[47]. Затым ён выйграў на адкрытым чэмпіянаце Цынцынаці, адолеўшы Алькараса за 3 гадзіны 49 хвілінаў у самым працяглым фінале АТП у фармаце да перамогі ў трох сэтах[48]. На US Open ён перамог Мядзьведзева ў трох сэтах, заваяваўшы свой чацьверты тытул на гэтым турніры і рэкордны 24-ы тытул Вялікага шляху ў адзінкавым разрадзе[49][50]. Джокавіч стаў самым узроставым чэмпіёнам адкрытага чэмпіянату ЗША ў адзінкавым турніры ў час адкрытай эры[51][52]. Завяршыў сэзон чарговай перамогай на выніковым турніры АТП, гарантаваўшы сабе рэйтынг №1 паводле вынікаў году ў рэкордны восьмы раз[53].

На Аўстраліян-Оўпэн Джокавіч дасягнуў паўфіналу, але прайграў чацьвертаму нумару рэйтынгу Яніку Сынэру ў чатырох сэтах, што спыніла ягоную 33-матчавую пераможную сэрыю на турніры і стала ягонай першай паразаю ў паўфінале тут. Тым ня менш, гэта не перашкодзіла паўтарыць рэкорд Роджэра Фэдэрэра, якія дасягаў 58 чвэрцьфіналаў у адзіночцы на турнірах Вялікага шлему[54]. Таксама сэрб захаваў першы радок рэйтынгу.

У Індыян-Ўэлз тэнісіст нечакана саступіў у трэцім раўндзе Люку Нардзі, які займаў тады 123-е месца, што было найніжэйшым рэйтынгам суперніка, які калі-небудзь перамагаў Джокавіча на турнірах Мастэрз-1000 або турнірах Вялікага шлему[55]. У Монтэ-Карлё спартовец дасягнуў паўфіналу, але выбыў у матч супраць Руўда. У Рыме, пасьля таго як у яго выпадкова трапілі бутэлькай з вадой пасьля матчу[56], ён зазнаў паразу ў трэцім раўндзе чылійцу Алехандра Табілё. На адкрытым чэмпіянаце Жэнэвы ён здабыў сваю 1100-ю перамогу ў кар’еры ў дзень свайго 37-годзьдзя, стаўшы трэцім спартоўцам у адкрытую эру, які дасягнуў гэтай адзнакі, маючы найвышэйшы адсотак перамог сярод іх (83,5%)[57]. На адкрытым чэмпіянаце Францыі Джокавіч цяжка прабіваўся праз раўнду, атрымаўшы перамогі ў трэцім раўндзе над Лярэнца Музэцьці, і Франсіска Сэрундалё ў чацьвертым раўндзе, аднак падчас апошняга з матчаў атрымаў разрыў сярпка сустаўнога правага калена, што вымусіла яго зьняцца перад чвэрцьфіналам. У выніку спартовец страціў лідэрства рэйтынгу на карысьць Сынэра[58]. На Ўімбэлдане Джокавіч дасягнуў свайго 37-га фіналу Вялікага шляху, дзе саступіў Алькарасу ў трох сэтах[59][60]. На летніх Алімпійскіх гульнях 2024 году ён прабіўся да фіналу, дзе ўжо перамог гішпанца ў трох сэтах і заваяваў залаты мэдаль[61].

  1. 1 2 3 4 5 6 7 Association of Tennis Professionals website
  2. https://www.fedcourt.gov.au/__data/assets/pdf_file/0019/95050/Affidavit-of-Novak-Djokovic-sworn-on-10-January-2022.pdf — С. 9.
  3. Novak Djoković // Brockhaus Enzyklopädie (ням.)F.A. Brockhaus, 1796.
  4. Novak Djoković // Brockhaus Enzyklopädie (ням.)F.A. Brockhaus, 1796.
  5. 1 2 https://www.atpworldtour.com/en/players/novak-djokovic/d643/overview
  6. «Djokovic has that unbeatable feeling». Yahoo Sports.
  7. «Rafael Nadal beats Novak Djokovic to win Italian Open». BBC.
  8. «French Open men’s semi-finals». BBC.
  9. «Nadal tops Djokovic for record seventh French». Tennis.com.
  10. «Novak Djokovic will be Serbia’s flag bearer at Olympics». Yahoo Sports.
  11. «Andy Murray: US Open success 'means the world to me'». BBC.
  12. Novak piše istoriju Melburna!». B92.
  13. «Djokovic Clinches Year-End No. 1 Emirates ATP Ranking For Fourth Time». ATP.
  14. «SENZACIJA: Ispao Novak Đoković!». Mondo.rs.
  15. «PROMENIO CEO STRUČNI ŠTAB Novak: Želim opet da pronađem pobedničku igru». Blic.
  16. «Thiem Takes Out Defending Champ Djokovic». ATP.
  17. «Novak Djokovic retires from Wimbledon quarterfinal match with injury». USA Today.
  18. «Novak Djokovic will miss the rest of 2017 season with elbow injury». The Guardian.
  19. «Novak Djokovic Wins Wimbledon». New York Times.
  20. «Djokovic tops Federer in epic Wimbledon final». ESPN.
  21. Novak Djokovic beats Denis Shapovalov to win fifth Paris Masters title // BBC Sport, 03.11.2019 г. Архіўная копія ад 04.11.2019 г.
  22. The Men's Player of the Decade: Novak Djokovic Архіўная копія ад 23.07.2023 г.
  23. Serbia wins atp cup. ABC News (12.01.2020). Архіўная копія ад 14.01.2020 г.
  24. Bellshaw, George (02.02.2020) Novak Djokovic makes history by beating Dominic Thiem to win eighth Australian Open. Metro. Архіўная копія ад 15.06.2020 г.
  25. Djokovic zum achten Mal Australian-Open-Champion. Süddeutsche Zeitung (02.02.2020). Архіўная копія ад 27.11.2020 г.
  26. Novak Djokovic defeats Stefanos Tsitsipas for Dubai title. Los Angeles Times (29.02.2020). Архіўная копія ад 01.03.2020 г.
  27. Jurejko, Jonathan (29.02.2020) Dubai Tennis Championships: Novak Djokovic beats Stefanos Tsitsipas in final. BBC. Архіўная копія ад 08.03.2021 г.
  28. Novak Djokovic tests positive for Covid-19 amid Adria Tour fiasco. The Guardian (23.06.2020). Архіўная копія ад 24.08.2020 г.
  29. Novak Djokovic's canceled Adria Tour a cautionary tale during coronavirus pandemic. ESPN (30.06.2020). Архіўная копія ад 01.07.2020 г.
  30. Clarey, Christopher. After Virus Tests, Djokovic Is Criticized for Holding Exhibition // The New York Times, 22.06.2020 г. Архіўная копія ад 23.06.2020 г.
  31. Shapiro, Emily. Tennis champ Novak Djokovic tests positive for COVID-19, apologizes for holding tournament: 'We were wrong' // ABC News, 23.06.2020 г. Архіўная копія ад 23.07.2020 г.
  32. Bengel, Chris (08.07.2020) Novak Djokovic says he's been subject of 'witch hunt'. CBS Sports. Архіўная копія ад 14.07.2020 г.
  33. Novak Djokovic's image takes another hit after US Open default Архіўная копія ад 17.08.2025 г.
  34. Novak Djokovic disqualified after hitting ball at line judge in US Open Архіўная копія ад 07.09.2020 г.
  35. Goodwin, Sam (30.07.2021) Tennis fans erupt over Barty and Djokovic development at Olympics. au.sports.yahoo.com.
  36. Австралія анулювала візу тенісистові Джоковичу. Він буде висланий з країни. РБК-Украина.
  37. CNN, Julia Hollingsworth, Hilary Whiteman, Angus Watson, Ben Church and Hannah Ritchie Djokovic out of the Australian Open after court rejects visa challenge. CNN.
  38. Тенісист Джокович після скандалу залишив Австралію. РБК-Украина.
  39. Djokovic loses deportation appeal, exits Australia. ESPN.com (16.01.2022).
  40. Першу ракетку світу Джоковича депортують з Австралії. Суд виніс рішення. РБК-Украина.
  41. Джоковіч втратив статус першої ракетки світу, опустившись на дві позиції в рейтингу ATP. РБК-Украина.
  42. Djokovic withdraws from the US Open and his Grand Slam season is over. Tennis Majors (25.08.2022).
  43. Novak Djokovic seemingly pain free in entertaining exhibition match against Nick Kyrgios ahead of the Australian Open. Eurosport (13.01.2023).
  44. Novak Djokovic's triumph was the ultimate revenge against those who villainised him. The Telegraph. Архіўная копія ад 02.05.2023 г.
  45. Djokovic Wins Roland Garros For Historic 23rd Major Title. ATP.
  46. Djokovic returns to world number one, Nadal out of top 100. Reuters (13.06.2023).
  47. Carlos Alcaraz beats Novak Djokovic to win Wimbledon title in final for the ages. The Guardian (16.07.2023).
  48. Novak Djokovic Saves MP, Stuns Carlos Alcaraz For Cincinnati Title. ATP Tour.
  49. US Open 2023 results: Novak Djokovic wins 24th major by beating Daniil Medvedev. BBC Sport (10.09.2023). Архіўная копія ад 23.12.2023 г.
  50. Ageless Djokovic dismantles Medvedev in US Open final to win 24th grand slam title. The Guardian (11.09.2023). Архіўная копія ад 26.11.2023 г.
  51. Fendrich, Howard (10.09.2023) Novak Djokovic wins the US Open for his 24th Grand Slam title by beating Daniil Medvedev. AP News. Архіўная копія ад 22.10.2023 г.
  52. Novak Djokovic Continues Big Titles Dominance With US Open Victory. ATP Tour (10.09.2023). Архіўная копія ад 24.09.2023 г.
  53. Djokovic Clinches Record-Extending Eighth Year-End No. 1 Presented By Pepperstone. www.nittoatpfinals.com (12.11.2023). Архіўная копія ад 13.11.2023 г.
  54. Novak Djokovic equals record with 58th grand slam quarter-final Архіўная копія ад 28.01.2024 г.
  55. Rasmussen, Karl Novak Djokovic Suffers Unexpected Defeat in Indian Wells vs. 20-Year-Old Luca Nardi // Sports Illustrated. — 12.03.2024.
  56. Novak Djokovic makes light of scary incident in Rome | ATP Tour | Tennis. ATP Tour. Архіўная копія ад 12.05.2024 г.
  57. Novak Djokovic celebrates 1,100th win on 37th birthday in Geneva | ATP Tour | Tennis. ATP Tour.
  58. Injured Djokovic withdraws from French Open Архіўная копія ад 04.06.2024 г.
  59. Alcaraz crushes Djokovic to retain Wimbledon title Архіўная копія ад 19.07.2024 г.
  60. Wimbledon: Carlos Alcaraz bullies Novak Djokovic to win his second straight title at All England Club. Sky Sports (15.07.2024). Архіўная копія ад 19.07.2024 г.
  61. Fendrich, Howard (08.2024) Golden Slam completed: Djokovic secures Olympic gold after topping Alcaraz in men's final. CBC.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]