Гіпатэрыёз
| Гіпатэрыёз | |
Азызласьць павекаў і невыразны твар пры цяжкім гіпатэрыёзе (2014 г.) | |
| Сынонімы | паніжаная шчытавідка, недастатковасьць шчытавіднай залозы |
|---|---|
| Спэцыяльнасьць | эндакрыналёгія |
| Сымптомы | зябкасьць, слабасьць, запоры, дэпрэсія |
| Ускладненьні | прыдуркаватасьць, малакроўе |
| Звычайна праяўляецца | пасьля 60 гадоў |
| Віды | першасны, другасны |
| Прычыны | недахоп ёду, запаленьне шчытавіднай залозы |
| Фактары рызыкі | рэдкае ўжываньне марской рыбы |
| Мэтад дыягностыкі | біяхімічны аналіз крыві |
| Прафіляктыка | спажываньне ёдаванай солі і морапрадуктаў |
| Лекі | леватыраксін натру |
| Частасьць | 2% людзей (2017 г.) |
| Клясыфікацыі | |
| МКХ-11 | 5A00 |
| МКХ-10 | E03.9 |
| МКХ-10-КМ | E03.9 |
| МКХ-9-КМ | 244.9[1][2] |
| DiseasesDB | 6558 |
| MedlinePlus | 000353 |
| MeSH | D007037 |
| Гіпатэрыёз у Вікісховішчы | |
Гіпатэрыёз (грэц. ὑπό + лац. thyreoidea — унізе + шчытавідная залоза) — паніжаны ўзровень гармонаў шчытападобнай залозы: трыёдтыраніну і тыраксіну (тэтраёдтыраніну).
Віды: першасны (парушэньне працы шчытавіднай залозы), другасны (зьніжэньне выпрацоўкі тырэатропнага гармону мазгавым прывескам, што ўплывае на працу шчытавіднай залозы). Выклікае зябкасьць і слабасьць, бо гармоны шчытападобнай залозы падтрымліваюць абмен рэчываў[3]. Найчасьцей хварэюць пажылыя людзі (7%)[4].
Папярэджаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Прадухіленьню хваробы спрыяе саленьне ежы ёдаванай сольлю напрыканцы гатаваньня, бо ёдыд калю разбураецца пры награваньні. Таксама пазьбегнуць недахопу ёду дапамагае ўжываньне марской рыбы і іншых морапрадуктаў, грэцкіх арэхаў і хурмы (штодня да 0,3 міліграму ёду). Карысна харчавацца ежай, багатай на амінакісьлю тыразін (3-4 грамы тыразіну штодня): гарбузовае насеньне, бананы, кунжут, мяса, рыба, мігдалы і малочныя вырабы. Для паўнавартаснай працы шчытападобнай залозы варта спажываць да 0,15 міліграму сэлену, які зьмяшчаюць: часнок, цыбуля, піўныя дрожджы, мяса, асабліва кураціна, морапрадукты і цэльнае збожжа. Зь іншага боку, варта абмяжоўваць спажываньне соі, бо тая зьмяшчае ізафлявоны (фітаэстрагены), якія замінаюць фэрмэнту шчытавіднай залозы — пэраксыдазе — акісьляць іёны ёду ў атамарны ёд. Таксама карысна абмежавана ўжываць крыжакветную гародніну (брокалі, гарчыца, кальрабі, рэпа, белакачанная, брусэльская і каляровая капуста, бручка), бо ў ёй зьмяшчаюцца гарчычныя алеі (ізатыяцыянаты), якія зьніжаюць пранікальнасьць мэмбранаў вузаў шчытападобнай залозы[3].
Чыньнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Узьнікненьню хваробы спрыяе запаленьне шчытавіднай залозы, што парушае ўтварэньне яе тканкі і сынтэз гармонаў. Пажыцьцёвую немач выклікае апэратыўнае (хірургічнае) выдаленьне шчытавіднай залозы. Адмоўна ўплывае рэдкае ўжываньне марской рыбы і морапрадуктаў, і наадварот частае ўжываньне крыжакветнай гародніны (капусты). Таксама варта зважаць на расьліны, вырашчаныя на дзярновых і дзярнова-падзолістых глебах, бо тыя ня могуць накапліваць ёд[3]. Урэшце хваробу могуць выклікаць прыроджаная недаразьвітасьць шчытападобнай залозы і ўзьдзеяньне радыяактыўнага ёду[4].
Праявы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Хвароба выяўляецца праз запаволенасьць, млявасьць і абыякавасьць. Твар губляе выразнасьць і становіцца адутлаватым. Голас становіцца нізкім і хрыплым. Маўленьне — запаволеным і блытаным. Становіцца цяжка вымаўляць словы. Захварэлы чалавек пастаянна мерзьне па прычыне зьніжэньня абмену рэчываў (часам на 35-40%) — вузавага дыханьня, за якое адказваюць гармоны шчытавіднай залозы. Адзначаюцца хуткая стамляльнасьць і слабасьць, запоры, перапады артэрыяльнага ціску, ацёкі канцавінаў, сухасьць скуры і выпадзеньне валасоў. Суправаджаецца зьніжэньнем памяці і разважлівасьці, дрымотнасьцю. Таксама ў 2/3 пацярпелых сустракаецца дэпрэсія, што выклікае павышаную раздражняльнасьць, плаксівасьць і трывожнасьць[3]. Урэшце разьвіваецца малакроўе і парэстэзія. Парушаецца слых і становіцца цяжка дыхаць праз нос. Хвароба ўскладняецца атлусьценьнем, атэрасклерозам і запавольваньнем сэрцабіцьця (брадыкардыя)[4].
Дыягностыка і лячэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Для вызначэньня парушэньня працы шчытавіднай залозы робяць біяхімічны аналіз крыві, дзе ў зьвязаным стане знаходзіцца большая частка 2 гармонаў, якія выпрацоўвае шчытавідная залоза — трыёдтыранін (Т3) і тыразін (тэтраёдтыранін, Т4). Вымяраюцца свабодныя фракцыі гармонаў, якія ўплываюць на жыцьцядзейнасьць. Прыкметай хваробы ёсьць вынік, пры якім тыраксін складае менш за 0,8 нанаграм/дэцылітар (нг/дл), або 10 пікамоль/літар (пмоль/л). Для трыёдтыраніну такі паказьнік складае менш за 3 пікаграм/мілілітар (пг/мл). Для выяўленьня другаснага гіпатэрыёзу дасьледуюць узровень тырэатропнага гармону (ТТГ), які выпрацоўвае мазгавы прывесак. Пра хваробу сьведчыць паказьнік менш за 4 міліадзінкі дзеяньня/мілілітар (АД/мл)[3].
Пры выяўленьні хваробы лекары прызначаюць замяшчальнае лячэньне сынтэтычным гармонам шчытападобнай залозы (леватыраксінам натру) з улікам узроўню свабоднага тыраксіну і тырэатропнага гармону ў крыві[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ а б Анталёгія захворваньняў (анг.) — 2016.
- ^ а б Monarch Disease Ontology release 2018-06-29 — 2018-06-29 — 2018.
- ^ а б в г д е Кацярына Вяргейчык-Лабецкая. Вераломны гіпатырэёз // Партал «Здаровыя людзі», 6 траўня 2018 г. Праверана 17 траўня 2018 г.
- ^ а б в Вольга Барташэвіч. І марская капуста ў дапамогу. 25 мая – Сусьветны дзень захворваньняў шчытападобнай залозы // Газэта «Ляхавіцкі весьнік», 24 траўня 2017 г. Праверана 21 траўня 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сьвятлана Барысенка. У чым прычына дзіцячага атлусьценьня // Краіна здароўя. — 24 жніўня 2013. — № 8 (309). — С. 4.
| Гэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |