Наёмны забойца (фільм, 2015)
«Наёмны забойца» | |
гішп. Sicario | |
Жанр | драма |
---|---|
Рэжысэр | Дэні Вільнёў |
Сцэнарыст | Тэйлар Шэрыдан |
Прадусар | Базыль Іванюк |
У ролях | Эмілія Блант, Бэнісіё дэль Торо |
Кампазытар | Ёхан Ёхансан |
Апэратар | Роджэр Дыкінс |
Мантаж | Джо Ўокер |
Вытворчасьць | «Чорны лэйбл» (Лос-Анджэлес, штат Каліфорнія) |
Распаўсюд | Lionsgate Films[d] і Netflix |
Дата выхаду | 19 траўня 2015 (9 гадоў таму) |
Працягласьць | 121 хвіліна |
Краіна | ЗША |
Мова | ангельская |
Бюджэт | $30 млн |
Прыбытак | $84,9 млн |
Папярэдні | «Вораг» (2013) |
Наступны | «Прыбыцьцё» (2016) |
Старонка на IMDb | |
Афіцыйны сайт |
«Наёмны забойца» (інш. пераклады: рас. Забойца, яп. Мяжа) — амэрыканская кінадрама 2015 году пра ўдзел афіцэркі Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў у дзейнасьці міжведамаснай апэратыўнай групы, створанай дзеля разьбіцьця Санорскага наркакартэлю ў Мэксыцы.
Здымкі фільма пачаліся 30 чэрвеня 2014 году ў Албукерке (штат Нью-Мэксыка). Першы паказ адбыўся на 68-м Канскім кінафэстывалі (Францыя). У 1-ы дзень паказу ў ЗША 18 верасьня 2015 году касавы збор склаў $4,3 млн. За першы тыдзень зборы перавысілі $12,1 млн, што дазволіла фільму заняць 3-е месца ў кінапракаце ЗША. Па выніках 2-га тыдня фільм заняў 5-е месца ў кінапракаце, сабраўшы яшчэ $7,6 млн 5 студзеня 2016 год фільм «Наёмны забойца» выйшаў на лічбавых відэакружэлках (DVD) і блю-рэй.
11 чэрвеня 2018 году выйшаў фільм-працяг «Наёмны забойца: дзень жаўнера».
Дзея
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Штурмавое зьвяно Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў (ФБР) ЗША праводзіць налёт на дом у горадзе Чандлер (Арызона) у пошуку закладнікаў. У адказ на стрэл з драбавіка афіцэрка ФБР Кейт Мэйсэр пускае чаргу з аўтамата ў нападніка. Афіцэр ФБР Рэджы Ўэйн знаходзіць у пакоі 2 трупы, замураваныя ў сьцяну, у якую стрэліў нападнік. Чыноўнік ФБР Філіп Купэрс кажа пра датычнасьць Санорскага наркакартэлю Мэксыкі. Сьледчыя выяўляюць яшчэ 35 целаў у сьценах дома. Іншы чыноўнік ФБР Давыд Джэнінгз згадвае прыналежнасьць дома Мануэлю Дыясу. Пара мясцовых паліцыянтаў знаходзіць уваход у падвал на складзе пры доме, але падрываецца на міне пры яго адкрыцьці. На нарадзе чыноўнікі ФБР кажуць, што Кейт ачольвае зьвяно супраць выкраданьняў 3 гады і была ў 5 перастрэлках. Афіцэр Цэнтральнай разьведвальнай управы Мэт’ю Грэйвэр высьвятляе, што замест сьледзтва яна займалася затрыманьнямі. Чыноўнікі кажуць, што Рэджы Ўэйн служыць 18 месяцаў, меў стыпэндыю ад Корпусу падрыхтоўкі афіцэраў запасу у Мэрылэндзе, служыў на Ірацкай вайне і атрымаў ступеню ў правазнаўстве ад Унівэрсытэту Паўночнай Караліны. Аднак Мэт’ю забракоўвае яго, бо той праўнік. Запрошаная на нараду Кейт кажа, што Мануэль Дыяс валодае 80 нявыкупленымі будынкамі ў ЗША праз прадпрыемства «Сонечны аазіс». Мэт’ю згадвае, што той мае брата Гіерма і стрыечнага брата. Чыноўнік удакладняе, што імя стрыечнага Фаўсто Аляркон, і называе яго 3-м па старшынстве ў Санорскім картэлі. Мэт’ю высьвятляе ў Кейт, што тая ў разводзе безь дзяцей. Чыноўнік ФБР Давыд Джэнінгз кажа Кейт, што Міністэрства юстыцыі ЗША шукае дарадцу ў справе вышуку Дыяса для зьвяна на чале з Мэт’ю Грэйвэрам. Ёй паведамляюць, што Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША прыцягвае яе ў якасьці сувязной. Мэт’ю кажа, што празь дзень яе сустрэнуць на вайсковай авіябазе Люк (штат Арызона) для выправы за Гіермам у ваколіцы Эль-Паса (штат Тэхас). Давыд Джэнінгз згадвае, што Кейт мае выказаць жаданьне ўдзельнічаць у міжведамаснай апэратыўнай групе. Кейт выклікаецца добраахвотніцай.
У памежным горадзе Нагалес (штат Санора) сын будзіць бацьку Сыльвіё, каб той правадзіў яго гуляць у футбол. Маці гатуе сьняданак, за якім Сыльвіё выпівае. Сыльвіё апранае паліцэйскую форму і сыходзіць з сынам.
Рэджы прывозіць Кейт на авіябазу, дзе яе сустракае Мэт’ю. Яны адлятаюць на прыватным самалёце, дзе Кейт сустракае яго памагатага Алехандра. Той пытае, ці была яна раней у мэксыканскім горадзе Хуарэсе (штат Чыўаўа). Па прылёце іх сустракае афіцэр ЦРУ Стывэн Форсінг. Той кажа, што на баявым інфармацыйным пасту (БІП) сабралося зьвяно з прыставаў, афіцэраў Управы па барацьбе з наркотыкамі і вэтэранаў Амэрыканска-аўганскай вайны. На БІПе ім паведамляюць пра суправаджэньне Фэдэральнай паліцыяй Мэксыкі да суда ў Хуарэсе і найбольшую імавернасьць нападу пры вяртаньні назад на памежным пераходзе. Прысутным прадстаўляюць прыставаў Кевіна і Кіта, а таксама 2 зьвяна са спэцатраду «Дэльта» Войска ЗША. Першае зьвяно разьмяркоўваюць у 1-ы фургон, 2-е — між мэтавым і апошнім фургонамі. Алехандро кажа Кейт, што працаваў пракурорам у Хуарэсе і прыехаў з калюмбійскага гораду Картахена. Калі Мэт’ю прыносіць ёй бронекамізэльку, Кейт пытае пра датычнасьць яго і Алехандра да ЦРУ. Пры пад’езьдзе да мяжы Стывэн Форсінг згадвае, што ў 1909 годзе прэзыдэнт ЗША Ўільям Тафт сустракаўся з мэксыканскім прэзыдэнтам Парфірыё Дыясам у Хуарэсе. Стывэн удакладняе, што Тафт узяў з сабой 4000 жаўнераў аховы і ў выніку тыя затрымалі ў Хуарэсе чалавека зь пісталетам, які зьбіраўся ўчыніць замах на Тафта. Калі іх калёна з 5 фургонаў праяжджае празь мяжу без прыпынку на кантрольна-прапускных пастах (КПП), 8 лёгкіх грузавікоў з аўтаматчыкамі Фэдэральнай паліцыі Мэксыкі суправаджаюць іх у суд. Па дарозе Кейт бачыць голыя абезгалоўленыя целы 4 чалавек, падвешаныя пад мастом. Стывэн тлумачыць, што забойцы зьнявечылі целы, каб людзі думалі быццам забітых пакаралі за пэўныя ўчынкі. У сувязі зь перастрэлкай на дарозе іх калёна прыяжджае ў суд аб’язным шляхам. У судзе яны забіраюць Гіерма. Па дарозе назад калёна трапляе ў дарожную корку між КПП. Там адбываецца перастрэлка з 8 узброенымі людзьмі на 2 машынах, якіх забіваюць Алехандро і Стывэн. Чалавек у форме мэксыканскай паліцыі страляе па машыне, у якой засталася Кейт, аднак Кейт забівае яго.
Прывезены з Мэксыкі Гіермо кажа Мэт’ю быццам не разумее ангельскай. Тым часам Алехандро сустракае ў калідоры базы мэксыканскага фэдэральнага паліцыянта Рафаэля, якому дзякуе за захаваньне жыцьця Гіерма. Рафаэль прызнаецца, што яго жонка і абодва сыны 6-і і 8-і гадоў жывуць ва ўсходнемэксыканскім горадзе Мантэрэі (штат Новы Леон), бо там больш мірна. Рафаэль згадвае чутку пра церазьмежны тунэль Фаўста ў Арызону і папярэджвае, што на яго выкрыцьцё засталося 3 дні. Алехандро заносіць у пакой з Гіерма вылізную бутэльку вады. Стывэн выводзіць з пакоя апэратара Цімафея і выключае відэазапіс. Гіерма пазнае ў Алехандра медэінца. Тым часам жаўнер «Дэльты» паказвае Кейт празь бінокль перастрэлку ў Хуарэсе, што пачалася ў сувязі з выдачай Гіерма ў ЗША. Уначы Рэджы сустракае Кейт з Алехандрам і Мэт’ю пасьля іх прылёту ў Фінікс (Арызона). Праз 2 гадзіны Рэджы прывозіць іх у Тусан (штат Арызона), дзе іх чакае 6 аўтобусаў з мэксыканцамі, затрыманымі пры незаконным перасячэньні мяжы. Алехандро апытвае мужчынаў, затрыманых у ваколіцах Нагалеса. Рэджы і Кейт патрабуюць раскрыць мэту допыту затрыманых. Мэт’ю кажа пра пошук мясцовасьці, якую перасяленцы пазьбягаюць на ўсход ад Нагалеса, бо Гіерма сказаў пра тамашні церазьмежны наркатунэль побач з Сасабэ. Кейт выказвае сумнеў, што Гіерма выдаў тунэль добраахвотна. Тады Мэт’ю кажа, што Гіерма паабяцалі 30 год зьняволеньня ў бясьпечнай вязьніцы ЗША замест выдачы назад у Мэксыку на верную сьмерць. Мэт’ю дадае, што мэтай ёсьць адкліканьне Мануэля Дыяса ў Мэксыку да яго начальніка Фаўста Аляркона, каб выявіць месцазнаходжаньне апошняга.
Зранку Рэджы кажа Кейт, што ЦРУ ня мае весьці дзейнасьць у ЗША. Кейт згадвае, што Мэт’ю называўся дарадцам Міністэрства абароны ЗША. У гасьцініцы 3 мэксыканскія перасяленцы пацьвярджаюць Алехандру разьмяшчэньне церазьмежнага наркатунэля побач з Арызонскай дзяржаўнай аўтадарогай 86. Адзін перасяленец пазначае ўваход у тунэль побач з кінутым аўтамабілем. Мэт’ю наводзіць штурмавое зьвяно паліцыі Фінікса на затрыманьне жанчыны, якая здымае $9000 з банкаўскага рахунка Дыяса. Кейт насуперак парадзе Мэт’ю завітвае ў банк са сьледчым, дзе яе прысутнасьць запісвае відэакамэра. У банку высьвятляецца, што ўклад штодня прырастае на $9000, каб пазьбегнуць справаздачнасьці. Сьледчы кажа, што паток грошай апынуўся крэдытнай лініяй банка, бо плацяжы ажыцьцяўляюцца за пазыку, таму паказваюцца ў якасьці адмоўнага балянсу замест наяўных сродкаў. У выніку адсутнічае справаздача перад Службай унутраных даходаў Мінфіну ЗША. Кейт кажа Мэт’ю пра замарожваньне $17 млн на рахунку. Аднак той заяўляе пра немагчымасьць перасьледу, бо адсутнічае кіраваньне ўкладам грошай на рахунак. У ФБР Давыд Джэнінгз пераконвае Кейт, што «гэтыя рашэньні робяцца далёка адсюль службоўцамі, выбранымі на пасаду». У шынку Рэджы знаёміць Кейт са сваім сябрам-паліцыянтам Тэдам, які таксама разьведзены. Пасьля танцаў Кейт запрашае Тэда да сябе, дзе высьвятляе, што той атрымлівае грошы ад Мануэля Дыяса. Тэд спрабуе яе задушыць, але Алехандро затрымлівае яго. Тэд пагаджаецца выдаць іншых прадажных паліцыянтаў, калі Мэт’ю згадвае магчымасьць аховы яго дачкі і зьняволеньне ў працоўнай вязьніцы ў штаце Мізуры.
Наступным ранкам Мануэля Дыяса выклікаюць у Мэксыку. Правадыр зьвяна «Дэльта» тлумачыць жаўнерам будову тунэля, у якім згадвае супраціў тузіна бандытаў. Мэт’ю ўдакладняе, што наркотыкі перавозіць мэксыканскі паліцыянт, таму людзі ў форме таксама разглядаюцца ў якасьці бандытаў. Правадыр згадвае, што зачыстка робіцца для перамяшчэньня свайго агента. Кейт пытае, чаму яе і Рэджы бяруць на спэцапэрацыю толькі для назіраньня. Мэт’ю кажа, што «ЦРУ ня можа дзейнічаць унутры межаў ЗША без прывязкі да ўнутранага ведамства». Тым часам Сыльвіё выяжджае са складу на паліцэйскім аўтамабілі з багажнікам, загружаным наркотыкамі. Па прыезьдзе да тунэлю правадыр зьвяна «Дэльта» заклікае Кейт і Рэджы трымаць зброю на засьцерагальніку, каб не падстрэліць сваіх. Уначы яны апранаюць акуляры начнога бачаньня і прыладжваюць цеплавізары да аўтаматаў. Пры ўваходзе ў тунэль Алехандро заразае нажом 2 бандытаў. Пакуль жаўнеры ўдзельнічаюць у перастрэлцы ў тунэлі Кейт сьледуе за Алехандро. На мэксыканскім баку пры выхадзе з тунэля Алехандро страляе ў бандыта, які разгружаў з Сыльвіё наркотыкі. Сыльвіё называе Алехандра медэінцам, калі Кейт са сьпіны крычыць «замры». Алехандро страляе ў бронекамізэльку Кейт, заклікае яе вярнуцца ў тунэль і зьяжджае разам з Сыльвіё.
Па вяртаньні з тунэля Кейт уступае ў бойку з Мэт’ю, які абязрушвае яе. Мэт’ю кажа Кейт, што тая ўбачыла зашмат, бо пайшла ня ў той канец тунэля. Кейт цікавіцца словам Медэін. Мэт’ю тлумачыць, што гэта быў час панаваньня адной групы ў наркагандлі, што забясьпечвала кіраваны парадак. Ён дадае, што «пакуль хтось ня знойдзе шлях пераканаць 20% насельніцтва перастаць удыхаць і паліць» дурман, той «парадак ёсьць лепшым, на які мы можам спадзявацца». Мэт’ю тлумачыць Кейт, што тая бачыла, як «Алехандро працуе над вяртаньнем таго парадку». Тады Кейт адзначае, што Алехандро працуе на калюмбійскі картэль канкурэнтаў. Мэт’ю кажа, што Алехандро будзе працаваць на ўсялякага, хто дапаможа яму дабрацца да асобы, якая адрэзала галаву яго жонцы і кінула яго дачку ў кадзь з кісьляй. Тым часам Сыльвіё наганяе Мануэля Дыяса па Саюзнай шашы 17 і спыняе яго на загад Алехандро. Мануэль і Сыльвіё выходзяць з машынаў. Алехандро расстрэльвае Сыльвіё і падстрэльвае Мануэля ў нагу, пасьля чаго зьяжджае з Мануэлем да кіраўніка картэля. Пасьля прыезду ў сядзібу Аляркона, Алехандро застрэльвае 5 ахоўнікаў і Мануэля. Ва ўнутраным двары ён застае служанку на кухні і Фаўста Аляркона з жонкай і 2 сынамі за сталом. Фаўсто сьцьвярджае, што забойства жонкі і дачкі Алехандро не было асабістым. Ён заклікае Алехандро ўстрымацца ад забойства на вачах у сыноў. Тады Алехандро застрэльвае на вачах Фаўста яго жонку і сыноў, пасьля чаго расстрэльвае самога Фаўста.
Алехандро завітвае да Кейт і кажа, што тая нагадвае яму дачку. Кейт падпісвае прынесеную ім заяву аб правамоцнасьці яго службовай дзейнасьці, бо Алехандро прыстаўляе пісталет да яе галавы.
Акторы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кейт Мэйсэр, афіцэрка Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў (ФБР) ЗША — Эмілія Блант
- Рэджынальд Ўэйн, афіцэр ФБР — Дэніел Калуя
- Давыд Джэнінгз, чыноўнік ФБР — Віктар Гарбэр
- Філіп Купэрс, чыноўнік ФБР — Генры Роджэрсан
- Алехандро Гілік, сябра Медэінскага картэлю — Бэнісіё дэль Торо
- Мэт’ю Грэйвэр, афіцэр Цэнтральнай разьведвальнай управы (ЦРУ) ЗША — Джош Бролін
- Стывэн Форсінг, афіцэр ЦРУ — Джэфры Донаван
- Тэд, паліцыянт зь Фінікса — Джон Бэрнталь
- Рафаэль, фэдэральны паліцыянт Мэксыкі — Раўль Трухільё
- Фаўсто Аляркон, кіраўнік Санорскага картэлю — Джульё Сэзар Сэдыльё
- Старэйшы сын Фаўсто — Хуліян Артэга
- Малодшы сын Фаўсто — Ян Пасада
- Мануэль Дыяс, прадстаўнік Санорскага картэлю ў ЗША — Бэрнардо Сарасіно
- Гіермо, брат Мануэля Дыяса — Эдгар Арэола
- Сыльвіё, мэксыканскі паліцыянт — Максымільяно Хэрнандэс
- Жонка Сыльвіё — Кім Лярыхіё
- Бёрнэт — Кевін Ўігінс
- Элізео — Хэсус Нэварэс-Кастыльё
- Правадыр зьвяна «Дэльта» — Дылан Кенін
- Намесьнік зьвяна «Дэльта» — Джон Трэхо
- Афіцэр штурмавога зьвяна ФБР — Марці Ліндсі
- Патолягаанатам — Алекс Найт
- Паліцыянт зь Фінікса — Рыё Аляксандар
- Вайсковы паліцыянт — Эрык Стэйніг
- Ахоўнік інфапаста — Майкл Давыд Арагон
- Прыстаў — Вік Браўдэр
- Кіт, прыстаў — Буц Сазэрлэнд
- Кевін, прыстаў — Адам Тэйлар
- Боб Фіскс, афіцэр памежнай аховы — Давыд Гарвэр
- Памежныя разбойнікі — Антоніё Лейба, Фрэнк Андрадэ, Хуан Карляс Мора, Хэсус Маёрга
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]21 лютага 2016 году Джо Ўокер атрымаў узнагароду «Спадарожнік» за лепшы мантаж ад Міжнароднай акадэміі прэсы (Бэвэрлі-Гілз, штат Каліфорнія). Таксама фільм уганаравалі 3 узнагародамі мясцовых таварыстваў кінакрытыкаў: Чыкага (штат Іліной) — за лепшую ролю 2-га пляну (Бэнісіё дэль Торо), Сан-Дыега (Каліфорнія) — за лепшую апэратарскую працу (Роджэр Дыкінс), Вашынгтон (акруга Калюмбія) — за лепшую музыку да фільма (Ёхан Ёхансан)[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Узнагароды 2015 году (анг.) // Вашынгтонскае аб’яднаньне кінакрытыкаў, 2016 г. Праверана 6 лістапада 2018 г.