Перайсьці да зьместу

Нарказалежнасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Наркаманія»)

Нарказале́жнасьць (наркаманія; грэц. νάρκη + μᾰνία — «здранцьвеньне» + «вар’яцтва») — устойлівае ўжываньне наркотыкаў, што выклікае разлад абмену рэчываў, страўнікава-кішачнага тракту, сардэчна-сасудзістай і нэрвовай сыстэмаў. Ужываньню наркотыкаў спрыяюць нізкая самаацэнка, душэўны разлад і правапарушэньні. Найбольшую схільнасьць маюць падлеткі і моладзь. Хвароба адмяжоўвае ад рэчаіснасьці, разбурае пачуцьцё адказнасьці і абавязку, выклікае схільнасьць да хлусьні, сябелюбства, рабунку і гвалту. Суправаджаецца павышанай пагрозай заражэньня гепатытам, сухотамі і ВІЧ (СНІД). Скарачэньню жыцьця хворых спрыяюць перадазіроўка, заражэньне крыві і спробы самагубства. Дзеці ў захварэлых часьцей нараджаюцца зь цялеснымі і душэўнымі адхіленьнямі і разладамі[1]. Лячэньне ажыцьцяўляецца цягам 2—4 гадоў пры дапамозе зьмены ўстановак(en) пад наглядам псыхоляга і псыхатэрапэўта[2].

Вылучаюць 3 ступені хваробы: адаптацыя, пазбаўленьне(en) (абстынэнцыя) і зьнясіленьне. У хворых выяўляецца зьмененая рэактыўнасьць, душэўная і цялесная залежнасьць. Аднаразовае ўжываньне наркотыка выклікае эўфарыю. На раньняй ступені назіраецца душэўная залежнасьць(en) у выглядзе пастаянных думак аб ужываньні наркотыка і стану незадаволенасьці, прыгнечанасьці і раздражняльнасьці. Цялесная залежнасьць(en) праяўляецца неадольнай хваравітай цягай да наркотыка і разьвіцьцём сындрому пазбаўленьня (абсыстэнцыі), калі перапынак у прыёме наркотыка выклікае разлад цялесных і душэўных функцыяў[1].

На ліпень 2011 году пад назіраньнем наркалягічнай службы Беларусі знаходзіліся 8952 нарказалежныя і 4458 рэдкіх наркаспажыўцоў. Штогод кожны нарказалежны ў сярэднім прыцягваў да спажываньня наркотыкаў больш за 5 іншых асобаў[2]. На сакавік 2012 году 53% улічаных у дыспансэрах нарказалежных людзей пражывалі ня ў шлюбе. Каля 50% улічаных нарказалежных мелі судзімасьць, у тым ліку каля 30% — паўторную[3]. У 2012 годзе 85 % дурманаў, якімі калоліся нарказалежныя ў Беларусі, гатавалі з насеньня маку[4].

  1. ^ а б Алена Скугарэўская. Наркаманія // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 160. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
  2. ^ а б Сьвятлана Барысенка. Рэабілітацыйныя наркалягічныя аддзяленьні ёсьць ва ўсіх абласьцях // Зьвязда : газэта. — 14 ліпеня 2011. — № 131 (26995). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Сьвятлана Барысенка. Кантроль над наркотыкамі // Зьвязда. — 2 сакавіка 2012. — № 42 (27157). — С. 2.
  4. ^ Сьвятлана Яскевіч. Пінскі варыянт // Зьвязда. — 28 верасьня 2013. — № 183 (27548). — С. 3.