Самаацэнка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Самаацэнка — ацэнкавае самаўспрыманьне, што залежыць ад думак, пачуцьцяў ды схільнасьцяў, скіраваных на ўласныя ўчынкі, выгляд, рысы цела й паводзінаў. Уплывае на выбар спосабу паводзінаў, дзейнасьці й зносінаў. Станоўчая самаацэнка дазваляе ставіцца да іншых людзей з павагаю ды зычлівасьцю, што засьцерагае ад разбурэньня міжасабовых зносінаў.

Узроўні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вылучаюць тры ўзроўні самаацэнкі:

  1. высокую (прыроджаную) — пры ўпэўненасьці асобы ў сваёй жыцьцяздольнасьці, вартасьці й рацыі;
  2. сярэднюю — пры ваганьнях і нязгоднасьці ў паводзінах;
  3. нізкую — пры няпэўнасьці ў сваіх здольнасьцях і ўчынках.

Якасныя паказьнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Людзі з здароваю самаацэнкаю:

  • вераць у ды бароняць ад староньніх пярэчаньняў азначаныя каштоўнасьці й правілы, пры гэтым не адмаўляюцца ад іх зьмены ў сьвятле ўласнага досьведу;
  • здольныя дзеіць паводле ўласнага меркаваньня без пачуцьця віны за тое, што іншыя не ўхваляюць іх выбару;
  • аддаюць перавагу паўсядзённаму жыцьцю й задумам на будучыню з улікам мінуўшчыны перад турботамі аб мінулых ды мажлівых здарэньнях;
  • вераць у сваю здольнасьць пераадольваць цяжкасьці, аднак пры неабходнасьці не саромяцца прасіць аб дапамозе;
  • лічаць сябе роўнымі іншым паводле годнасьці ды прымаюць адрозненьні ў талентах, пашане ды дастатку;
  • загадзя мяркуюць, што зьяўляюцца цікавымі й каштоўнымі для сваіх сяброў;
  • супрацьдзеяць падштурхоўваньню ды супрацоўнічаюць зь іншымі толькі тады, калі ўяўляецца мэтазгодным ды зручным;
  • прызнаюць ды прымаюць станоўчыя ды адмоўныя пачуцьці й пабуджэньні, пры гэтым выяўляюць свае пабуджэньні іншым толькі на іх выбар;
  • здольныя займацца разнастайнымі відамі дзейнасьці;
  • чулыя да пачуцьцяў ды патрэбаў іншых — шануюць агульнапрызнаныя ў грамадзе правілы ды не дамагаюцца квітнець за кошт іншых[1].

Адмоўнымі прыкметамі нізкай самаацэнкі зьяўлюцца:

  • cамаасуджэньне — імкненьне зрабіць звыклым стан саманезадаволенасьці;
  • чульлівасьць да неўхваленьня — адчуваньне заатакаванасьці ды ўстойлівай абуранасьці на асуджальнікаў;
  • сталая нерашучасьць — перабольшаны страх зрабіць памылку;
  • прыслужлівасьць — няздольнасьць адмовіць праз страх не дагадзіць просьбіту;
  • дасканальства — расчараваньне небезпамылковасьцю ажыцьцяўленьня спробаў;
  • самавінавачаньне — перабольшваньне велічыні ды бясконцыя скаргі на ўласныя памылкі або правіны без дасягненьня поўнага выбачэньня;
  • агульная варожасьць — выяўленьне раздражненьня праз адчуваньне расчараванасьці й незадаволенасьці;
  • абарончая схільнасьць — адмоўнае самаўспрыманьне ды адсутнасьць волі да атрыманьня асалоды ад жыцьця[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дон Хамачэк Сустрэчы з сабою = па-ангельску: Encounters with the Self. — Нью-Ёрк: Rinehart, 1971. — 264 с. — ISBN 9780030777851
  2. ^ Джэймс Джыл Незаменная самааацэнка // Разьвіцьцё чалавека = па-ангельску: Human Development. — 1980 Т. 1.