Псыхічны разлад

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Восем жанчын, якія ўвасабляюць распаўсюджаныя псыхічныя захворваньні ў XIX стагодзьдзі. Праца Армана Гат’е.

Псыхі́чны разла́д (душэўны разлад) — стан псыхікі, адрозны ад нармальнага ці здаровага, у шырокім сэнсе. Аднак гэты тэрмін можа мець больш прыватнае значэньне ў такіх галінах, як юрыспрудэнцыя, псыхіятрыя і псыхалёгія. Супрацьлегласьцю псыхічнага разладу зьяўляецца псыхічнае здароўе. Людзі, якія здольныя прыстасавацца да ўмоваў жыцьця і вырашыць жыцьцёвыя праблемы, звычайна ацэньваюцца як псыхічна здаровыя[1]. Калі ж гэтыя здольнасьці абмежаваныя і чалавек не спраўляецца з паўсядзённымі задачамі ў асабістым, сямейным жыцьці або на працы, калі ён ня ў стане дасягнуць асабістых мэтаў, то можа ісьці гаворка аб той ці іншай ступені псыхічнага разладу[1].

Прадстаўленьні пра тое, што зьяўляецца, а што не зьяўляецца псыхічным разладам, зьмяняюцца разам з разьвіцьцём навукі. Напрыклад, сацыяфобія яшчэ пару дзесяцігодзьдзяў таму не лічылася псыхічным разладам, а людзі, якія пакутвалі ад гэтае хваробы, лічыліся проста асабліва сарамлівымі. І наадварот, гомасэксуальнасьць некалькі дзесяцігодзьдзяў таму лічылася псыхічныя разладам, якія патрабаваў лячэньня, а паводле сучаснага Міжнароднага клясыфікатара хваробаў 10-га перагляду сама празь сябе сэксуальная арыентацыя як разлад разглядацца ня можа — толькі псыхалягічныя праблемы, якія ўзьнікаюць у сувязі зь ёй (F66), клясыфікуюцца як хваробы.

Псыхічнае захворваньне цягне зьмены і парушэньні ў сфэры пачуцьцяў, мысьленьня, паводзінаў, і разам з гэтым амаль заўсёды адбываюцца зьмены саматычных функцыяў арганізму[2]. Стварэньне пасьпяховых псыхалягічных і мэдыкамэнтозных мэтадаў лячэньня магчыма пры супрацоўніцтве мэдыцыны і псыхалёгіі і разглядзе псыхічных разладаў з розных пунктаў гледжаньня[2]. Паводле дадзеных СААЗ, кожны чацьвёрты ці пяты чалавек у сьвеце мае псыхічны або паводніцкі разлад. Прычыны многіх псыхічных разладаў да канца ня вызначаны. Маецца шэраг прыкметаў і сымптомаў, пры зьяўленьні якіх спэцыялісты рэкамэндуюць зьвяртацца на прафэсійную дапамогу[3].

На 2014 год, паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, налічвалася 450 млн людзей (6,3% насельніцтва Зямлі) з душэўнымі хваробамі, у тым ліку 300 тысячаў чалавек у Беларусі (3,2% насельніцтва краіны)[4]. У 2011 годзе ў Беларусі мужчыны гінулі ад душэўных разладаў амаль утрая часьцей за жанчынаў[5].

Віды разладаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуюць шмат розных катэгорыяў псыхічнага разладу, а таксама шмат розных аспэктаў чалавечых паводзінаў і станаў, якія могуць быць клясыфікаваныя як разлад[6][7].

Неспакой або страх, што перашкаджаюць нармальнаму функцыянаваньню, могуць быць клясыфікаваны як трывожны разлад[6]. Агульнапрызнаныя катэгорыі разладаў уключаююць у сябе спэцыфічныя фобіі, трывожны разлад, сацыяфобію, панічны разлад, агарафобію, абсэсіўна-кампульсіўны і пасьлятраўматычны стрэсавы разлад.

Іншыя афэктыўныя працэсы могуць таксама стаць разладамі. Да разладу настрою адносяцца незвычайна інтэнсіўны і ўстойлівы смутак, мэлянхолія або адчай, вядомы як дэпрэсія (таксама вядомы як аднапалярная або клінічная дэпрэсія). Пры больш мяккай, але ўсё ж зацяжнай дэпрэсіі можа быць пастаўлены дыягназ дыстыміі. Біпалярны афэктыўны разлад, які таксама вядомы як маніякальная дэпрэсія, уключае ў сябе ненармальна «высокі» або запрасаваны стан настрою, вядомы як манія або гіпаманія, якому на зьмену прыходзіць нармальны ці дэпрэсіўны настрой.

Праблемы з выкарыстаньнем лёгікі, мовы і ўспрыманьнем рэальнасьці могуць быць сымптомамі разладу, як то трызьненьне, разлад мысьленьня, галюцынацыі. Псыхатычны разлад у гэтай галіне ўключае шызафрэнію і вар’яцкі разлад. Шызаафэктыўны разлад зьяўляецца катэгорыяй, якая выкарыстоўваецца для асобаў, у якіх назіраюцца сымптомы як шызафрэніі, гэтак і афэктыўнага разладу.

Разлад харчовых паводзінаў уключае непрапарцыйную заклапочанасьць у пытаньнях ежы і асабістай вагі[6]. Разлады ў гэтай галіне ўключаюць у сябе анарэксію, нэрвовую булімію і псыхагеннае пераяданьне. Разлады сну, як то бессань, зьвязаны з парушэньнямі ў нармальнай структуры сну або са зьяўленьнем пачуцьця стомленасьці, нягледзячы на нармальны ​​сон.

Людзі, якія ня ў стане натуральна супрацьстаяць пэўным пазывам або імпульсам, якія могуць быць шкоднымі для іх саміх ці іншых, могуць быць клясыфікаваныя як людзі, якія маюць разлад кантролю. Да такіх разладаў адносяцца клептаманія (цяга да крадзяжу) або піраманія (цяга да падпалаў). Розныя паводніцкія прыхільнасьці, як то залежнасьць ад азартных гульняў, могуць быць клясыфікаваныя як разлад.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Вітхэн 2006. С. 17.
  2. ^ а б Вітхэн 2006. С. 14.
  3. ^ Каковы ранние признаки психических расстройств? СААЗ Праверана 26 лістапада 2013 г.
  4. ^ Алеся Вараб’ёва. Дом, які лечыць душу // Газэта «Зьвязда», 6 лістапада 2014 г. Праверана 23 лістапада 2017 г.
  5. ^ Сьвятлана Барысенка. Жанчыны стабілізуюць. Мужчыны ствараюць або разбураюць // Зьвязда : газэта. — 13 чэрвеня 2012. — № 111 (27226). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ а б в «Mental Health: Types of Mental Illness». WebMD.
  7. ^ «Teacher’s Guide: Information about Mental Illness and the Brain». NIMH.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Виттхен Г.-У. Энциклопедия психического здоровья. — М.: Алетейа, 2006. — 552 с. — ISBN 5-89321-124-3

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]