Міхаіл Равуцкі
Міхаіл Равуцкі | |
Род дзейнасьці | тэлевядоўца |
---|---|
Месца нараджэньня | Быхаў, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, СССР |
Грамадзянства | Беларусь |
Месца вучобы | Факультэт журналістыкі БДУ |
Прафэсія | журналіст |
Месца працы | Белтэлерадыёкампанія |
Гады дзейнасьці | з 2000-х |
Пасада | загаднік аддзелу навінаў культуры БТРК |
Тэрмін | з 2000-х гадоў |
Жанры | рэпартаж, дакумэнтальны фільм, гістарычны дэтэктыў і трылер |
Бацька | Мікалай Равуцкі |
Узнагароды |
прэмія прэзыдэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва (2013, 2015), «Тэлевяршыня» за найлепшую асьветніцкую праграму (2013)
|
Міхаі́л Мікала́евіч Раву́цкі — беларускі тэлежурналіст.
2-разовы ляўрэат прэміі прэзыдэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва (2013, 2015) за гістарычна-дакумэнтальныя фільмы на беларускай мове, а таксама ўзнагароды «Тэлевяршыня» за найлепшую асьветніцкую праграму (2013). Ляўрэат мэдаля Францішка Скарыны (2023).
Паходжаньне і раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадзед па кудзелі Міхаіл Куранец з-пад Вараніно (Быхаўскі раён) намаляваў пасьля Другой сусьветнай вайны большасьць абразоў у Траецкай царкве Быхава (Магілёўская вобласьць). Таксама пакінуў некалькі мунамэнтальных пэйзажаў і нацюрмортаў. Рэшту абразоў дамалёўваў юны дзед па кудзелі Куранцоў[1].
Міхаіл Равуцкі скончыў школу ў Цюмені (Расея), пасьля чаго спрабаваў паступіць на факультэт журналістыкі БДУ, але не прайшоў на катэдру друкаваных СМІ. Затым уладкаваўся рэпартэрам у раённую газэту «Маяк Прыдняпроўя» ў родным Быхаве (Магілёўская вобласьць). Пазьней паступіў на журфак БДУ на катэдру аўдыёвізуальных СМІ і перайшоў на працу рэпартэрам у Агенцтва тэлевізійных навінаў Белтэлерадыёкампаніі[1].
Беларускае тэлебачаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1-й палове 2000-х гадоў працаваў карэспандэнтам Агенцтва тэлівізійных навінаў Белтэлерадыёкампаніі і зьняў 10-хвілінны дакумэнтальны фільм «Васіль Быкаў. Франтавыя старонкі»[2]. У 2012 годзе кіраваў вытворчасьцю гістарычнага кінатрылера «Слуцкія паясы. Тайныя знакі», які двойчы паказвалі на тэлеканале «Беларусь 1». 4—6 сьнежня 2012 году пад яго кіраўніцтвам на тэлеканале прадставілі трылёгію гістарычных дэтэктываў «Радзівілы. Тайны сям’і». Паказ прысьвячаўся 465-м угодкам атрыманьня Мікалаем Радзівілам «Чорным» княскага тытулу Сьвятой Рымскай імпэрыі[3]. У 2013 годзе стаў весьці тэлеперадачу «Пра мастацтва» на тэлеканале «Беларусь 3»[4]. 9 студзеня 2014 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 9 «Аб прысуджэньні спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2013 году», паводле якога Міхаіла Равуцкага ў якасьці загадніка аддзелу навінаў культуры, рэдактарку Алену Борматаву і рэжысэрку Марыю Жукаву ўзнагародзілі за стварэньне 6 дакумэнтальных фільмаў — «Слуцкія паясы. Тайныя знакі», «Міхаіл Савіцкі. Тайны біяграфіі», «Радзівілы. Тайна сям’і», «Нацыянальная дылёгія. Статут ВКЛ», «Нацыянальная трылёгія: герб, гімн, сьцяг» і «Імя яму — Храм»[5]. Гэтыя фільмы на беларускай мове паказвалі па вечарах[6]. 27 студзеня 2014 году ў інтэрвію газэце «Зьвязда» Міхаіл Равуцкі адзначыў: «Посьпехам мы абавязаныя і калегу па міжнародным аддзеле Анатолю Ліпецкаму — галоўнаму голасу ўсіх нашых праектаў», які «раней быў адзначаны «Тэлевяршыняй» як найлепшы вядучы». Таксама Равуцкі дадаў: «галоўныя нашыя суаўтары — гэта экспэрты зь інстытутаў Акадэміі навук, унівэрсытэтаў, у тым ліку і замежных, навукоўцы Мірскага і Нясьвіскага замкаў»[7].
18 красавіка 2013 году на 10-м нацыянальным конкурсе «Тэлевяршыня» атрымаў узнагароду за найлепшую асьветніцкую праграму «Нацыянальная трылёгія»[8]. 23 чэрвеня 2014 году прадставіў на тэлеканале «Беларусь 3» гістарычную сагу «Шляхта. Брутальная гісторыя»[9]. Фільм складаўся зь 5 сэрыяў, якія ўлучалі інтэрвію з нашчадкамі беларускай шляхты[10]. 7 кастрычніка 2015 году выступіў суаўтарам дакумэнтальнага цыклю «Мы — беларусы» зь 52-хвілінных сэрыяў, які паказвалі штовечар на «Беларусь 1»[11]. 30 сьнежня 2015 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 528 «Аб прысуджэньні спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2015 году», паводле якога Міхаіла Равуцкага, карэспандэнтку Натальлю Бардзілоўскую і рэжысэра Алега Даўгаполава ўзнагародзілі за стварэньне 10-сэрыйнай гісторыка-дакумэнтальнай кінастужкі «Яны сьпявалі за Радзіму»[12]. Урачыстае ўзнагароджаньне прайшло ў Палацы Рэспублікі[13].
1 і 10 студзеня 2016 году пад кіраўніцтвам Равуцкага на тэлеканале «Беларусь 1» прадставілі фільм «БТшнікі», прысьвечаны 60-годзьдзю Беларускага тэлебачаньня[14]. У красавіку 2017 году прадставіў на «Беларусь 1» 12-сэрыйны дакумэнтальны цыкль «Справа жыцьця» пра распрацоўкі беларускіх навукоўцаў, які працягнуў сэрыямі пра дзеячоў мастацтва[15]. У чэрвені 2017 году стаў аўтарам фільмаў «Аляксандру Ціхановічу 65 гадоў» і «Полацак»[16].
14 студзеня 2023 году атрымаў мэдаль Францішка Скарыны за значны асабісты ўклад у разьвіцьцё нацыянальнай журналістыкі і тэлебачаньня[17].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Алена Драпко. «У кожнага БТшніка — сваё БТ» // Зьвязда : газэта. — 10 чэрвеня 2016. — № 109 (28219). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Відэа і аўдыё з Васілём Быкавым // Газэта «Наша ніва», 3 кастрычніка 2006 г. Праверана 9 сьнежня 2021 г.
- ^ Д.А. Здавалася, мы ведаем усё // Культура : газэта. — 1 сьнежня 2012. — № 48 (1070).
- ^ Дыяна Равякова. Да новага тэлевізійнага сэзону гатовыя // Белтэлерадыёкампанія, 18 верасьня 2013 г. Праверана 8 сьнежня 2021 г.
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2014 г. № 9 «Аб прысуджэньні спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2013 году» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 12 студзеня 2014 г. Праверана 9 сьнежня 2021 г.
- ^ Ільля Сьвірын. Прайм-тайм для гісторыі // Культура. — 18 студзеня 2014. — № 3 (1129).
- ^ Алена Ляўковіч. «Памяркоўны» — гэта не пра беларусаў // Зьвязда : газэта. — 28 студзеня 2014. — № 15 (27625). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Вікторыя Целяшук. На «Тэлевяршыні» зазірнулі ў будучыню // Зьвязда. — 19 красавіка 2014. — № 73 (27683). — С. 3.
- ^ Ніна Шчарбачэвіч. «Шляхта. Брутальная гісторыя» // Зьвязда. — 20 чэрвеня 2014. — № 114 (27724). — С. 3.
- ^ Ніна Шчарбачэвіч. «Мы ніколі не былі на задворках гісторыі» // Ігуменскі тракт. — 8 ліпеня 2014. — № 22 (80).
- ^ Кацярына Шыбко, тэлеканал «Беларусь 1». Прэм'ера дакумэнтальнага фільма «Мы - беларусы» // Белтэлерадыёкампанія, 18 верасьня 2013 г. Праверана 8 сьнежня 2021 г.
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 сьнежня 2015 г. № 528 «Аб прысуджэньні спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2015 году» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 1 студзеня 2016 г. Праверана 9 сьнежня 2021 г.
- ^ Аляксей Адашкін, тэлеканал «Беларусь 1». У Палацы Рэспублікі ўручаць прэміі «За духоўнае адраджэньне» // Белтэлерадыёкампанія, 12 студзеня 2016 г. Праверана 8 сьнежня 2021 г.
- ^ «БТшнікі» руляць // Зьвязда. — 31 сьнежня 2015. — № 252 (28110). — С. 8.
- ^ Вікторыя Захарава. Дыхаць мастацтвам // Зьвязда. — 14 красавіка 2017. — № 71 (28435). — С. 7.
- ^ Уладзімер Каралёў, тэлеканал «Беларусь 1». Вялікая прэм'ера на «Беларусь 1» // Белтэлерадыёкампанія, 6 чэрвеня 2017 г. Праверана 8 сьнежня 2021 г.
- ^ Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды журналістам і работнікам культуры // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 студзеня г. Праверана 15 студзеня 2023 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхаіл Равуцкі, тэлеканал «Беларусь 1». Ладзімір Зброя «Шкадую я» // Тэлеперадача «Добрай раніцы, Беларусь», 8 красавіка 2018 г. Праверана 8 сьнежня 2021 г.
- Тамара Абрамчук «Не уцякай ад мяне» // 2 траўня 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |