Перайсьці да зьместу

Мікалаеўская карчма

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карчма
Карчма ў мястэчку Мікалаеўшчына
Літаграфія Міколы Купавы
Літаграфія Міколы Купавы
КраінаБеларусь
ВёскаМікалаеўшчына
Тып будынкакарчма
Архітэктурны стыльнароднае дойлідзтва
Першае згадваньне1596 г.
Дата пабудовы1881 г.
Станзьнішчана

Мікала́еўская карчма́ — колішняя карчма ў Мікалаеўшчыне Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці, у якой у 1908—1910 гадах жыла сям’я беларускага паэта Якуба Коласа.

Карчма ў Мікалаеўшчыне ўпамінаецца яшчэ ў 1596 годзе, але яна неаднаразова зьнішчалася. Апошні будынак карчмы быў пабудаваны ў 1881 годзе на беразе Нёмана, пры дарозе на Новы Сьвержань. Акрамя будынку шынка, у яе склад уваходзілі вазоўня, прыбудаваная да карчмы і абора. Поўнае апісаньне пабудоваў знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Беларусі.

Пасьля пераезду са Стаўпецкай лясной каморы ў Цёмных лядах Міцкевічы выкупілі будынак колішняй карчмы ў Мікалаеўшчыне. Некаторы час у ім жыў і сам Кастусь, але вясной 1908 году ён зьехаў у Менск для адбываньня пакараньня за ўдзел у настаўніцкім зьездзе.

У 1910 годзе ў Мікалаеўшчыне адбыўся пажар, падчас якога згарэла карчма. Аднаўляць яе ня сталі і Міцкевічы пераехалі зь вёскі ў Смольню.

« Крайнім будынкам ад Нёмана супраць броду была старая карчма на высозным падмурку. Калісь гэта быў вір сялянскага жыцьця, і не адна мікуціцкая[a] душа захлынулася ў ім. З таго часу, як увялі манапольку, карчма заняпала, а потым згарэла. Але па старой прывычцы зьбіраўся тут народ, як на старадаўняе веча, дзе вырашаліся сялянскія справы і разважалі аб розных пытаньнях мікуціцкага побыту. »

Якуб Колас «На ростанях» (1921—1955)[1]

У адрозьненьне ад іншых сядзібаў Коласа, такіх як Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня, карчма ў Мікалаеўшчыне не была адноўлена, хаця такія варыянты разглядаліся[2].

  1. Мікуцічамі ў творы называецца Мікалаеўшчына.