Раманаўскія Хутары
Раманаўскія Хутары | |
трансьліт. Ramanaŭskija Chutary | |
![]() | |
Былая назва: | Камяніца |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Берасьцейскі |
Сельсавет: | Мухавецкі |
Насельніцтва: | 2178 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 162 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°1′43″ пн. ш. 23°48′5″ у. д. / 52.02861° пн. ш. 23.80139° у. д.Каардынаты: 52°1′43″ пн. ш. 23°48′5″ у. д. / 52.02861° пн. ш. 23.80139° у. д. |
Раманаўскія Хутары на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Раманаўскія Хутары | |
![]() |
Рама́наўскія Хутары́[1] (з 1969[2] году — Му́хавец[1]) — пасёлак у Берасьцейскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Раманаўскія Хутары ўваходзяць у склад і зьяўляюцца цэнтрам Мухавецкага сельсавету.
Раманаўскія Хутары знаходзяцца ў прыгараднай зоне Берасьця за 15 км на паўднёвы ўсход ад абласнога цэнтру, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Берасьце-Паўднёвы, на аўтадарозе Берасьце — Ковель, побач р. Каменка (прыток р. Мухавец).
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гісторыя паселішча пачалася ў 1909 годзе, калі, згодна з сталыпінскай рэформай земляробства, была праведзеная разьбіўка на хутары дзяржаўнага маёнтка Камяніца Біскупская Камяніца Жыравецкай воласьці Берасьцейскага павету Гарадзенскай губэрні, які раней належаў графіні Красінскай з роду Браніцкіх. Паводле дакумэнтаў з Гарадзенскага архіву, продаж хутароў на гэтай тэрыторыі пачаўся ў 1911 годзе, і называліся яны спачатку Хутары Камяніца. Афіцыйна ж «для арганізацыі належнага грамадзкага кіраваньня» сельскае таварыства Раманаўскя хутары (у памяць 300-гадовага юбілею дома Раманавых) было створанае 1 студзеня 1915 году. Паселішча складалася з 31 хатняй гаспадаркі з насельніцтвам 134 душы мужчынскага і 89 жаночага полу.
Аднак, не пасьпеўшы абжыцца, першыя хутаранцы былі прымусова вывезеныя ў жніўні 1915 году разам з усім насельніцтвам заходніх губэрняў і расьселеныя ў цэнтральных губэрнях Расеі. Вярнуцца дадому яны змаглі толькі да пач. 1920-х гг. і ўжо ў Польшчу. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Раманаўскія Хутары знаходзіліся ў складзе Польшчы, у Камяніца Жыравецкай гміне Берасьцейскага павету Палескага ваяводзтва. На канец 1921 году ў калёніі Раманаўскія хутары гміны Камяніца Жыравецкая Берасьцейскага павету Палескага ваяводзтва мелася 16 жылых будынкаў і паштовая станцыя, там пражывала 97 чалавек дарослага насельніцтва. На пач. 1920-х на Раманаўскія хутары пачалі перасяляцца сям’і з навакольных вёсак Вулька, Закій, Камяніца-Жыравецкая, Заслучна, Камяніца-Біскупская, Бярнады, Міцькі і інш.
З 1939 году ў складзе БССР. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 164 вяскоўцы. У кастрычніку 1948 году арганізаваны калгас імя В. П. Чкалава, у які ўключана 26 гаспадарак з 32.
У савецкія пасьляваенныя часы, з канца 1940-х да сярэдзіны 1960-х, пачалося перасяленьне з хутароў. Раскіданыя па навакольлі гаспадаркі былі зьнішчаныя, а хаты перавезеныя ў адно месца і ў выніку ўтварылі цяперашнюю вуліцу Рабочую ў пас. Мухавец.[3]
Да 1969 году мясцовасьць мела назву Раманаўскія хутары. 21 студзеня 1969 году ўказам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Раманаўскія хутары былі перайменаваныя ў пасёлак Мухавец. У верасьні 1971 году паводле рашэньня Берасьцейскага абласнога Савета дэпутатаў Камяніца-Жырывецкі сельскі Савет быў перайменаваны ў Мухавецкі, а яго цэнтар быў перанесены ў пасёлак Мухавец.
У пасёлку Мухавец у 1970 годзе ўстаноўлены помнік Сяргею Багданчуку — беларускаму дзеячу рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, стаіць помнік загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцам, вясной 2010 году закладзены сквэр памяці воінаў-аўганцаў.
У Мухаўцы доўгія гады жыве і працуе пісьменьнік Аляксей Філатаў.
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- 1940 год — 42 двары, 215 жыхароў
- 1997 год — 542 гаспадаркі, 1632 жыхары
- 1999 год — 1648 жыхароў
- 2005 год — 644 гаспадаркі, 1999 жыхароў
- 2010 год — 2178 жыхароў
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пасёлак Мухавец — цэнтар дзяржаўнага ўнітарнага сельска-гаспадарчага прадпрыемства «Племзавод „Мухавец“». Штогод прадпрыемства займае прызавыя месцы на міжнароднай сельскагаспадарчай выставе «Белагра».[4]
У Мухаўцы ёсьць дом-культуры зь бібліятэкай і этнаграфічным музэем, сярэдняя школа, дзе навучаецца 338 вучняў, дзіцячая школа мастацтваў, цэнтар дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсіяў, ясьлі-сад, амбуляторыя, лясьніцтва, аддзяленьне сувязі, філіялы Беларусбанку, сталовая, прамтаварная і прадуктовая крамы. У лясным масіве пасёлка Мухавец разьмешчаны гасьцінічны комплекс «Энэргія» з трох карпусоў, збудаваны ў 2000 годзе.
Вуліцы пасёлку: 60 год Кастрычніка, Багданчука, Лясная, Маладзёжная, Палеская, Палявая, Рабочая, Сьветлая, Сонечная, Трудавая, Юбілейная і інш.
У 1991 годзе ў пасёлку збудавана штучнае возера плошчай 8 гектараў.[4]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 86
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с.
- ^ Сергей Мощик. «Царский Мухавец»(недаступная спасылка)
- ^ а б Марина Самосевич. Программа минимум для Мухавца
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Раманаўскія Хутары — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў