Мовазнаўства
Выгляд
(Перанакіравана з «Мовазнаўца»)
Мовазна́ўства, лінгві́стыка — навука аб будове, функцыянаваньні й разьвіцьці моваў сьвету.
Разьдзелы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Агульнае мовазнаўства займаецца вывучэньнем рысаў, уласьцівых любой мове. Лінгвістычныя дасьледаваньні могуць праводзіцца як індуктыўна (эмпірычна, з дапамогай тыпалёгіі), так і дэдуктыўна (дасьледаваньне агульначалавечых заканамернасьцяў функцыянаваньня мовы, вылучэньне ўнівэрсаліяў, асаблівасьцяў любога маўленчага акту ды іншых).
- Прыватнае мовазнаўства займаецца вывучэньнем або асобнай мовы (беларусістыка, япаністыка ды іншыя), або групы роднасных моваў (раманістыка, германістыка, цюркалёгія ды іншыя), або геаграфічныя зоны, у якіх групуюцца арэальна і/ці тыпалягічна блізкія мовы (балканістыка, каўказазнаўства ды іншыя).
Часам па найбольш агульным аб’екце вывучэньня мовазнаўства падзяляюць на ўнутранае ды зьнешняе. Унутранае мовазнаўства вывучае, у першую чаргу, структуру пляна выражэньня і пляна зьместу, і менш цікавіцца экстралінгвістычнымі (пазамоўнымі) зьявамі, зьвязанымі з моўнымі знакамі, а зьнешняе мовазнаўства дасьледуе сувязь лінгвістычных і экстралінгвістычных зьяваў. Зрэшты, падзел на ўнутраную і зьнешнюю лінгвістыку досыць умоўны.
Як у агульным мовазнаўстве, так і ў прыватных галінах навукі вылучаюцца асобныя вобласьці, зьвязаныя найперш з узроўневай структурай пляну выражэньня моўных адзінак:
- фанэтыка ды фаналёгія арыентаваныя на гукавы ўзровень мовы. Прадмет фанэтыкі — гукі мовы ва ўсёй іх разнастайнасьці, а іменна акустычныя (фізычныя) ды артыкуляцыйныя (фізіялягічныя) адметнасьці тых ці іншых гукаў. Фаналёгія вывучае гукі з функцыянальнага ды сыстэмнага пункту гледжаньня. Прадметам фаналёгіі зьяўляюцца сэгмэнтныя фанэмы і/ці фаналягічныя дыфэрэнцыйныя прыкметы, радзей склады ці сілябэмы (напрыклад, у тыбэцкай мове), а таксама супрасэгмэнтны ўзровень (націск, інтанацыя, тон і г. д.).
- марфаналёгія, прадметам якой зьяўляецца вывучэньне фаналягічнага складу морф (частак словаформаў) і разнастайныя граматычна абумоўленыя фанэмныя чаргаваньні.
- граматыка — разьдзел мовазнаўства, які дасьледуе марфэмы, морфы, марфалягічныя часткі словаў і іх спалучэньні. У граматыцы вылучаюць два вялікія падразьдзелы — гэта
- марфалёгія і яе падразьдзелы — словаўтварэньне і словазьмяненьне ды
- сынтаксіс.
- лексычная сэмантыка вывучае слоўны склад мовы. Яе падразьдзелы:
- фразэалёгія
- сэмантычны сынтаксіс
- лексыкалёгія, якая дасьледуе «моцную сэмантыку» словаў
- лексыкаграфія,
- стылістыка.