Перайсьці да зьместу

Сысуны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Млекакормячыя»)
Сысуны
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
ПадтыпХрыбетныя
КлясаСысуны
Бінамінальная намэнклятура
Mammalia
Linnaeus, 1758

Сысуны́ (па-лацінску: Mammalia) — кляса хрыбетных жывёлаў, асноўнай адрознай асаблівасьцю якіх зьяўляюцца жывароднасьць (за выняткам інфраклясы кляачных) і ўскормліваньне дзіцянятаў малаком. Супрацьпастаўленымі сысунам клясамі сярод хрыбетных зьяўляюцца птушкі, рыбы, паўзуны і земнаводныя. Сысуны характарызуюцца валоданьнем эндатэрміі, валасоў, наяўнасьцю трох сярэдніх костак вуха, і малочных залозаў. Большасьць сысуноў валодаюць таксама потавымі залозамі й спэцыялізаваным зуб’ем. Самая вялікая група сысуноў, пляцэнтарных, мае пляцэнту, празь якую сілкуе нашчадзтва падчас цяжарнасьці. Мозг сысуноў, з характэрнай наяўнасьцю новай кары, рэгулюецца эндатэрмічнай і крывяноснай сыстэмамі, а наяўнасьць чатырохкамэрнага сэрца спрыяе вельмі высокай хуткасьці абмену рэчываў. Сысуны маюць розныя памеры, гэтак жывёла віду Suncus etruscus зь сямейства зямлярыйкавых у даўжыню складае толькі 35 мм, у той час як блакітны кіт можа дасягаць 33 мэтраў у даўжыню.

Клясыфікацыя сысуноў адносна стабільна на ўзроўні клясы, аднак на ўзроўні сямейства зьмянялася дамолі часта. Многія апошнія зьмены адлюстроўваюць вынікі клядыстычнага аналізу й малекулярнай генэтыкі. Вынікі малекулярнай генэтыкі, напрыклад, прывялі да прыняцьця новых групаў, як то Afrotheria, і да адмовы ад традыцыйных групаў, як то насякомаедныя. Паводле адных клясыфікацыяў сысуны й зьвяры (па-лацінску: Theria) разглядаюцца як тоесныя, а паводле іншых зьвяры — асобная падкляса ў клясе сысуны (у які, аднак, уваходзіць пераважная большасьць сучасных відаў), які супрацьпастаўляецца падклясе першазьвяры (па-лацінску: Prototheria).

Кляса сысуноў зьмяшчае ≈ 6430 сучасных відаў[1] у 160 сямействах і 28 атрадах[2]. Найбольшая колькасць відаў зьмяшчаецца ў атрадах грызуноў (Rodentia) — 2594 відаў і рукакрылых (Chiroptera) — 1440 відаў[1].

  1. ^ а б Explore Current Mammalian Taxonomy (анг.). American Society of Mammalogists. Праверана 10.06.2021 г.
  2. ^ Харчук, С.; Загороднюк, І. Родини ссавців світу: огляд таксонів та їхні українські назви  (укр.) // Geo & Bio. — 2019. — Т. 17. — С. 85–115. — DOI:10.15407/gb.2019.17.085