Перайсьці да зьместу

Мар’ян Пецюкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мар'ян Пецюкевіч»)

Мар’ян Пецюкевіч (24 верасьня 1904, Цяцеркі, Браслаўшчына — 13 верасьня 1983, Торунь) — беларускі этнограф, грамадзкі дзяяч, публіцыст, паэт.

Мар’ян Пецюкевіч
Дата нараджэньня 24 верасьня 1904
Месца нараджэньня вёска Цяцеркі, Браслаўшчына, Новааляксандраўскі павет, Ковенская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 25 верасня 1983
Месца сьмерці Торунь, Польшча
Месца пахаваньня
Грамадзянства Польшча
Месца вучобы

Віленская беларуская гімназія, Радашковіцкая беларуская гімназія,

Універсытэт Стэфана Баторыя
Занятак мэмуарыст, этноляг, фальклярыст, этнограф
Навуковая сфэра этнограф, фальклярыст, этноляг
Месца працы Шлях моладзі (1929), этнаграфічны адзьдзел акруговага музэю ў Торуні (1959-1970)
Сябра ў Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускае грамадзка-культурнае таварыства і Беларускае літаратурнае аб’яднаньне «Белавежа»
Навуковая ступень магістар філязофіі ў галіне этнаграфіі і этналёгіі

Мар’ян Пецюкевіч нарадзіўся 24 верасьня 1904 году ў вёсцы Цяцеркі Дзісенскага павету Ёдзкае воласьці Віленскае губэрні (цяпер у Браслаўскім раёне Віцебскае вобласьці) ў шматдзетнай сям’і малазямельнага селяніна Восіпа Пецюкевіча.

Да вайны навучаўся ў расейскай народнай вучэльні ў вёсцы Шаўляны. Пасьля сем гадоў давялося займацца самаадукацыяй, падвучвацца ў польскіх школках у маёнтку Зайнова і вёсцы Зайнова, пасьля ў мястэчку Ёды, дзе настаўнік меўся падрыхтаваць Мар’яна да паступленьня ў Дзісенскую гімназію. Але хлопец не прайшоў іспытаў. На параду ксяндза Віктара Шутовіча ў 1922 годзе Мар’ян паступіў у Віленскую беларускую гімназію.

Чалец Беларускага Студэнцкага Саюзу, Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры, Беларускага навуковага таварыства.

У 1926 паступіў у беларускую гімназію ў Радашкавічах і праз год скончыў яе. Пасьля сканчэньня юнак паступіў у Карлавы ўнівэрсытэт у Празе, але па дарозе туды быў затрыманы на мяжы і адасланы ў віленскі 5-ы полк легіянэраў. Праз тры месяцы накіраваны ў падафіцэрскую школу ў Цешын, але адтуль хутка быў выгнаны за распаўсюд беларускае літаратуры і вернуты ў полк.

Адслужыўшы, у 1929 годзе здаў іспыт на атэстат сталасьці пры Дзяржаўнай камісіі Віленскай школьнай кураторыі і прыняты ў Віленскі ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць «гісторыя, этнаграфія, этналёгія». У 1929—1931 гадах першы рэдактар часопіса «Шлях Моладзі». У 1938 годзе Мар’ян Пецюкевіч абараніў магістарскую працу «Прымітыўныя рысы ў матэрыяльнай культуры стараабрадцаў Браслаўскага павету» і атрымаў тытул магістра філязофіі ў галіне этнаграфіі і этналёгіі.

У 1939 годзе працаваў дырэктарам музэю імя Івана Луцкевіча. Па прыходзе Саветаў працаваў дырэктарам бібліятэкі, вёў беларускія перадачы на Віленскім радыё, працаваў у прафзьвязе працоўных культуры Вільні. Калі Вільню аддалі Летуве, адмовіўся пераехаць у Менск, тады яго зьнялі з пасады дырэктара бібліятэкі.

З пачаткам вайны амаль увесь час жыў на вёсцы ў цесьця і займаўся сельскай гаспадаркай. БНК запрасіў Мар’яна на 5-месяцовыя настаўніцкія курсы ў Вільні, пасьля якіх ён быў прызначаны павятовым інспэктарам асьветы ў Ашмяне, а ў 1944 годзе працаваў у Новавілейскім мэдычным інстытуце.

1 студзеня 1945 року адбыўся першы арышт Пецюкевіча, і тры з паловай месяцы ён ўтрымліваўся ў Лукіскай турме. Пасьля 4 гады жыў зь сям’ёй у Няменчынцы пад Вільняй. У 1948 годзе нават быў абраны дэпутатам Ажулаўскага сельсавета, але 27 сакавіка 1949 зноў арыштаваны і дэпартаваны разам зь сям’ёй у Краснаярскі край. Там займаўся пчалярствам. 31 ліпеня 1952 году паводле пастановы Генпракурора ЛетССР асуджаны на 25 гадоў і сасланы ў лягер катаржанаў у Варкуту.

У 1956 годзе рэабілітаваны, прыехаў у Вільню, уладкаваўся настаўнікам. Аднак праз паўгады быў звольнены і зьехаў да сям’і ў Шчэцін. У 1959 годзе на запрашэньне прафэсара Казімера Машынскага (пад кіраўніцтвам якога ён колісь пісаў магістарскую працу) і прафэсаркі Марыі Знамяроўскай-Пруферавай пераехаў працаваць у Аддзел этнаграфіі Торунскага музэю. Крыху пазьней Мар’ян Пецюкевіч стаўся ініцыятарам стварэньня самастойнага Музэю этнаграфіі, дзе і працаваў да 1970 году.

Да самай сьмерці супрацоўнічаў зь беларусамі Беласточчыны, Віленшчыны, пісаў артыкулы ў розныя газэты (у т. л. ў беластоцкую «Ніву»), рыхтаваў сваю манаграфію пра родную вёску Цяцеркі, якую не прысьпеў скончыць.

У 1980 годзе ён перанес цяжкую апэрацыю, да таго ж Мар’ян пакутваў на страўнік і раматус. У 1983 годзе памёр праз мэтастазы раку ў мозаг.

Мар’ян Пецюкевіч вядомы перадусім як этнограф і публіцыст, але да таго яшчэ пісаў вершы, успаміны пра беларускіх грамадзкіх дзеячоў, артыкулы пра мову і традыцыю беларусаў.

У 1926 годзе супольна з ксяндзом Барадзініцкай парафіі заснаваў філію БІГіК’у ў Цяцерках, займаўся асьветніцкай дзейнасьцю. Пэўны час Мар’ян супрацоўнічаў з газэтай «Беларуская крыніца», дасылаў туды свае артыкулы, развагі аб лёсе беларускага народу, мове.

У Беларускім студэнцкім саюзе Мар’ян Пецюкевіч вёў культурна-асьветніцкую работу. У Вільні напісаў больш за 200 артыкулаў публіцыстычнага і навуковага характару, разьмешчаных у беларускіх, польскіх, летувіскіх і расейскіх выданьнях, гэткіх, як «Сялянская ніва», «Шлях моладзі», «Калосьсе», «Kurjer wilenski», «Słowo», «Zagary», «Poprostu» ды іншых.

Свае творы падпісваў як Марвіч (узяўшы першы склад з імя, а другі з прозьвішча), Цяцерскі, М. Цяцерскі, дзед Марцін (пад гэтым псэўданімам Пецюкевіч пісаў розныя жартоўныя гісторыі), лацінкай – Marvič, M. Marvič, крыптонімамі М.П. і M.P.

Друкаваўся ў «Biełaruskim hołasie», «Крыніцы», па вайне і адбываньні пакараньня пачаў супрацу зь беластоцкай «Нівай», куды дасылаў свае артыкулы да канца жыцьця.

Пачынаючы ад сваёй магістарскай працы «Прымітыўныя рысы ў матэрыяльнай культуры стараабрадцаў Браслаўскага павету», стаў дасьледаваць народную культуру беларусаў і зьмяшчаць свае артыкулы на тэмы этналёгіі, меласу, мовы ў розных выданьнях. Найбольш плённы пэрыяд у этнаграфічнай дзейнасьці прыпаў у Мар’яна Пецюкевіча на паваенны пэрыяд. Супрацоўнічаў з рэдакцыямі газэтаў і часопісаў «Lud», «Literatura ludowa», «Prace popularnonaukowe Towarystwa nawukowego».

  • «Апытальнік да народнага адзеньня, абутку і аздабленьня» (Беласток, 1959)
  • «Tradycyjna uprawa i obrobka roslin włoknistych w Polsce połnocnej»
  • «Матэрыяльная культура Сакольскага павету» (1964)
  • «У пошуках зачараваных скарбаў» (Вільня, 1998)
  • «Кара за службу народу» (Беласток, 2001)
  • «Трагічныя ніткі лёсу беларускага патрыёта» (Вільня, 2003)
  • «Лісты 1956—1982» (Беласток, 2005) — лісты да розных асобаў
  • «Мой дзёньнік. Пра падарожжа ў Рым» (Вільня, 2007)
  • «Сьляды незабыўных продкаў» (Менск, 2007) — зборнік этнаграфічных артыкулаў

У 1968 годзе пачаў пісаць працу «Апісаньне Цяцерскіх і Барадзеніцкіх тканін», але ня скончыў (захоўваецца ў браслаўскіх музэйных фондах). Да 1976 году працаваў над манаграфіяй, прысьвечанай гісторыіі і этнаграфіі вёскі Цяцеркі, матэрыялы да якой цяпер захоўваюцца ў Торунскім этнаграфічным музэі. Бальшыня дакумэнтаў, зьвязаных з жыцьцём і творчасьцю Пецюкевіча, знаходзіцца ў Торунскіх музэйных архіўных зборах, шэраг дакумэнтаў — у Браслаўскім музэйным аб’яднаньні.

8 красавіка 1978 году Мар’ян Пецюкевіч быў прызначаны да залатой адзнакі «Za opieke nad zabytkami».

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 кастрычніка 2004 году ў Торуні адзначылі 100-я ўгодкі Мар’яна Пецюкевіча і праведзена канфэрэнцыя, дзе выступалі дасьледнікі ягонае творчасьці з Польшчы і Беларусі.