Перайсьці да зьместу

Орлен Летува

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мажэйкаўскі НПЗ»)

Каардынаты: 56°23′36″ пн. ш. 22°10′34″ у. д. / 56.39333° пн. ш. 22.17611° у. д. / 56.39333; 22.17611

«Орлен Летува»
лет. Orlen Lietuva
Тып акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 1980
Заснавальнікі Міністэрства нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасьці СССР
Уласьнікі ПНК «Орлен» (100%)
Краіна Летува
Разьмяшчэньне Цельшыцкі павет
Адрас Мажэйкаўскі раён, в. Юадэйкі, Мажэйкаўская вул., д. 75[1]
Ключавыя фігуры Міхал Рудніцкі, Пшамыслаў Гартлінскі[2]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя авіягаза, бітум, бэнзін, дызэльнае паліва, звадкаваны нафтавы газ, мазута, серка
Абарачэньне 4006,655 млн эўра (2017 г.; $4540,698 млн)[3]
Апэрацыйны прыбытак 249,737 млн эўра (2017 г.; $285,608 млн)
Чысты прыбытак 211,457 млн эўра (2017 г.; $241,420 млн)
Лік супрацоўнікаў 1597 (2018 г.)
Матчына кампанія Польскі нафтаканцэрн «Орлен» (Плоцк)
Даччыныя кампаніі ЗАТ «Эмас» (в. Юадэйкі, Мажэйкаўскі раён)
Аўдытар ЗАТ «Дэлойт Летува» (Вільня)

«О́рлен Летува́»[4] («Орлен Летувы»[5], «Арлен Летува»[6]) — нафтаперапрацоўчае прадпрыемства Летувы, заснаванае ў 1980 годзе ў вёсцы Юадэйкі Мажэйкаўскага раёну ў якасьці Мажэйкаўскага нафтаперапрацоўчага заводу (НПЗ).

На 2019 год прадпрыемства валодала адзіным нафтаперапрацоўчым заводам у краінах Прыбалтыкі, сеткай аўтазаправачных станцыяў і марскім тэрміналам. У 2018 годзе НПЗ перапрацаваў 8 млн тонаў нафты. АТ «Орлен Летува» было найбольшым падаткаплатнікам Летувы і мела найбольшае абарачэньне ў краіне. Прадпрыемства было найбольшым пастаўніком бэнзіну і дызэльнага паліва ў Летуве, Латвіі і Эстоніі. Адзіным пайшчыкам і ўласьнікам прадпрыемства быў Польскі нафтаканцэрн «Орлен»[7]. На 2019 году глыбіня перапрацоўкі нафты складала 72,5 %[8].

На 2019 год АТ «Орлен Летува» ўлучала: 1) Мажэйкаўскі НПЗ, заснаваны ў 1980 годзе; 2) Бутынскі партовы нафтаналіўны тэрмінал (Паланскае гарадзкое самакіраваньне), запушчаны ў 1999 годзе; 3) нафтаперапамовачную станцыю (НПС) ў Біржах (Панявескі павет), створаную ў 1970 годзе для нафтаправоду «Сяброўства». Мажэйкаўскі НПЗ месьціўся за 18 км на паўночны захад ад гораду Мажэйкі і за 90 км ад Бутынскага тэрміналу Клайпедзкага порту ў Летуве і Вэнтсьпілскага порту ў Латвіі. Увесну 2002 году ад Бутынскага тэрміналу да Мажэйкаўскага НПЗ праклалі нафтаправод працягласьцю 92,5 км. Біржанская НПС загадвала 220 км нафтаправоду на поўначы Летувы, які вядзе да заводу[9]. Гадавая магутнасьць Мажэйкаўскага НПЗ складала 15 млн тонаў нафты. Таксама на заводзе перапрацоўвалі газавы кандэнсат, мазуту і прамежкавыя дыстыляты. Зь ліпеня 2006 году асноўную частку нафты на НПЗ пастаўлялі праз Бутынскі нафтавы тэрмінал. Рэшту дастаўлялі грузавікамі ад вытворцаў нафты ў Летуве[10].

Бутынскі тэрмінал, пабудаваны ў 1999 годзе, быў разьлічаны на прыём і адгрузку да 14 млн тонаў нафты за год. Тэрмінал месьціўся ў незамярзальнай частцы Балтыйскага мора. Бутынскі тэрмінал улучаў: 1) нафтаправод да Мажэйкаўскага НПЗ, 2) берагавое абсталяваньне, 3) нафтавыя рэзэрвуары ў Бутынзе, 4) марскі трубаправод, 5) буй швартоўкі. Трубаправоды АТ «Орлен Летува» ўлучалі: 2 нафтаперапамповачныя станцыі (НПС) пад Біржамі, НПС пад Янішкамі, нафтаправоды да Мажэйкаўскага НПЗ і Бутынскага тэрміналу, нафтаправод і дызэльны трубаправод да Вэнтсьпілсу. Нафтаправод «Полацак — Біржы — Вэнтсьпілс», пабудаваны ў 1968 годзе, меў працягласьць 87 км у Летуве, гадавую магутнасьць у 13 млн тонаў і дыямэтар 72 см. Трубаправод «Ілукстэ — Біржы — Вэнтсьпілс», пабудаваны ў 1971 годзе, меў працягласьць 87 км у Летуве, гадавую магутнасьць у 8 млн тонаў дызэльнага паліва і дыямэтар 53 см. Нафтаправод «Полацак — Біржы — Мажэйкі», пабудаваны ў 1979 годзе, меў працягласьць 225,5 км, прапускную магутнасьць — 16 млн тонаў за год і дыямэтар 72 см. Нафтаперапамповачныя станцыі месьціліся прыблізна праз кожныя 120 км. Кляпаны ўсталёўвалі на трубаправодах праз блізу кожныя 20 км. Галоўная дыспэтчарская служба ў Біржах кіравала кляпанамі і НПС большасьці трубаправодаў, празь якія вызначала ціск у трубах. Толькі кляпанамі і НПС нафтаправоду «Мажэйкі — Бутынга» кіравалі з Бутынскага кантрольнага пакою[11].

З 2009 году АТ «Орлен Летува» мела даччынае ЗАТ «Эмас», што ўсталёўвала і рамантавала электраабсталяваньне. За мяжой у краінах Прыбалтыкі працавалі 2 гандлёвыя дамы, заснаваныя ў 2003 годзе: ТАА «Орлен Латвія» і АТ «Орлен Эстонія»[12]. У складзе прадпрыемства працаваў Асяродак дасьледаваньня якасьці, заснаваны ў 1979 годзе ў якасьці галоўнай працоўні Мажэйкаўскага НПЗ. З 2001 году Асяродак улучаў аддзел абслугі і 3 працоўні: 1) сьветлых нафтапрадуктаў, 2) звадкаванага нафтавага газу (ЗНГ), серкі і цяжкіх нафтапрадуктаў, 3) выпрабаваньняў і ўваходнага кантролю сыравіны[13].

На 2019 год АТ «Орлен Летува» выпускала:

Будоўля Мажэйкаўскага НПЗ (1979 г.)

24 чэрвеня 1970 году Міністэрства нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасьці СССР зацьвердзіла мясьціну ў Мажэйкаўскім раёне Летувіскай ССР для будоўлі нафтаперапрацоўчага заводу. Увосень 1971 году пачалі будаваць пад’язную аўтадарогу і чыгунку. У 1972 году пачалося будаўніцтва заводу. У 1979 годзе скончылі нафтаправод «Полацак — БіржыМажэйкі». У 1980 годзе на Мажэйкаўскім нафтаперапрацоўчым заводзе пусьцілі камбінаваную ўстаноўку ЛК-6У распрацоўкі «Лендзіпранафтахіму» (Ленінград, Расейская СФСР), што ўлучала атмасфэрную перагонку, каталітычны рыформінг(uk), гідраачыстку паліва і газафракцыйную ўстаноўку. У 1982 годзе ўзьвялі вытворчасьць бітуму. У 1984 годзе пусьцілі 2-ю ўстаноўку ЛК-6У. У 1989 годзе здалі ўстаноўку перапрацоўкі мазуты КТ-1/1, што ўлучала вакуўмную перагонку мазуты, вісбрэкінг(uk) гудрону, каталітычны крэкінг, абсорбцыю і газафракцыяваньне[15].

Падвоз новых рэактараў у Мажэйкі (2008 г)

У 1995 годзе нафтаперапрацоўчы завод «Нафта» пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства «Мажэйкаўская нафта». 10 % паёў прадпрыемства разьмеркавалі між супрацоўнікамі заводу. 1 сьнежня 1998 году ў склад АТ «Мажэйкаўская нафта» ўлучылі 2 прадпрыемствы — АТ «Бутынская нафта» (Паланскае гарадзкое самакіраваньне), заснаванае ў 1995 годзе для будаўніцтва Бутынскага нафтавага тэрміналу, і АТ «Нафтаправод», створанае ў 1992 годзе для кіраваньня летувіскай часткай нафтаправоду «Сяброўства». На 1999 год глыбіня перапрацоўкі нафты складала 68,9 %[8]. Улетку 1999 году скончылі будаўніцтва Бутынскага тэрміналу, дзе 22 ліпеня 1999 году заправілі 1-ы танкер. 29 кастрычніка 1999 году амэрыканскі вытворца газатурбінных рухавікоў «Ўільямс Інтэрнэшнл» (Понтыяк, штат Мічыган) набыў 33 % паёў АТ «Мажэйкаўская нафта». 18 ліпеня 2002 году ўрад Летувы прадаў 26,85 % паёў расейскаму ААТ «Юкас» (Масква), што належала Міхаілу Хадаркоўскаму. 18 верасьня 2002 году «Ўільямс Інтэрнэшнл» таксама прадаў 26,85 % паёў «Юкасу», які ў выніку атрымаў кантрольны пакет паёў. У верасьні 2003 году запусьцілі ўстаноўку ізамэрызацыі. У 2004 годзе адчынілі чыгуначную эстакаду для наліву нафтапрадуктаў. У 2005 годзе АТ «Мажэйкаўская нафта» набыло кантрольны пакет паёў АТ «Мажэйкаўская электрастанцыя». 18 сьнежня 2006 году Польскі нафтаканцэрн «Орлен» набыў 53,7 % паёў «Мажэйкаўскай нафты» ў «Юкаса» за $1,492 млрд і 30,66 % паёў ва ўраду Летувы за $852 тыс. У жніўні 2007 году здалі ўстаноўку каталітычнага крэкінгу для серкаачысткі бэнзіну. У чэрвені 2009 году адчынілі новую вытворчасьць вадароду. 1 верасьня 2009 году «Мажэйкаўская нафта» зьмяніла назву на «Орлен Летува». У красавіку 2013 году пусьцілі ўстаноўку серкавай дэгазацыі і грануляваньня. У лютым 2014 году ўвялі ў дзеяньне ўстаноўку вакуўмнай перагонкі і вісбрэкінгу. У студзені 2018 году ў Бутынскім тэрмінале адчынілі 6 нафтавых рэзэрвуараў[15].

  • Аляксандар Маслаў (1975—1984)
  • Браніслаў Вайнора (1984—1995)
  • Гедзімін Кес (1995—1999)
  • Відмонт Мацэвіч (1999)
  • Стывэн Гункус (1999—2000)
  • Джэймз Стыл (2000—2002)
  • Томас Шнайдэр (2002)
  • Пол Інгліш (2002—2007)
  • Марэк Мрачкоўскі (2007—2009)
  • Хрысьціян Патэр (2009—2010)
  • Ірыней Фанфара (2010—2019)
  • Міхал Рудніцкі (з 2019 году)
  1. ^ Асноўныя кантакты (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  2. ^ Управа (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  3. ^ Саўлюс Бакас. Кансалідаваная фінансавая справаздача за 2017 год (лет.) // АТ «Орлен Летува», 14 сакавіка 2018 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  4. ^ Таварныя знакі (рас.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  5. ^ Кіеў можа адмовіцца ад беларускага бэнзіну // Прэс-цэнтар «Хартыя'97», 6 верасьня 2019 г. Праверана 24 красавіка 2021 г.
  6. ^ Кіеў можа адмовіцца ад беларускага бэнзіну // Тэлеканал «Белсат», 6 верасьня 2019 г. Праверана 24 красавіка 2021 г.
  7. ^ Акцыянэрнае таварыства (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  8. ^ а б Нафтаперагонны завод (анг.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  9. ^ АТ «Орлен Летува» (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  10. ^ Нафтаперапрацоўчы завод (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  11. ^ Тэрмінал і трубаправоды (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  12. ^ Група АТ «Орлен Летува» (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  13. ^ Асяродак дасьледаваньня якасьці (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  14. ^ Вырабы (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
  15. ^ а б Гісторыя (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]