Орлен

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 52°35′9″ пн. ш. 19°41′2″ у. д. / 52.58583° пн. ш. 19.68389° у. д. / 52.58583; 19.68389

«Орлен»
польск. Orlen
Płock, Orlen, budynek biurowy.jpg
Тып акцыянэрнае таварыства
Лістынг на біржы БКПВ: PKN
Дэвіз Наганяем будучыню адказна
Заснаваная 1944 (76 гадоў таму)
Заснавальнікі Польскі камітэт народнага вызваленьня
Уласьнікі Дзяржаўны скарб Польшчы (27%), «Нацыянальна-нідэрляндзкі» АПФ (7%), АПФ «Авіва» (6%)[1]
Краіна Польшча
Разьмяшчэньне Мазавецкае ваяводзтва
Адрас Плоцк, вул. Хімікаў, д. 7[2]
Ключавыя фігуры Войцех Ясінскі[3], Даніэль Абайтэк[4]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя авіягаза, ацэтон, бутадыен, бэнзін, бэнзол, вокіс этылену, дызэльнае паліва, ізабутан, мазута, параксілол, поліпрапілен, поліэтылен, прыродны газ, трэт-бутылэтылавы этэр, тэлефталевая кісьля, фэноль, цеплавая энэргія, электраэнэргія, этыленгліколь
Абарачэньне Red Arrow Down.svg86,180 млрд злотых (2020 год; 22,929 млрд $)
Апэрацыйны прыбытак Red Arrow Down.svg3 908 млрд злотых (2020 год; 1,039 млрд $)
Чысты прыбытак Red Arrow Down.svg2,825 млрд злотых (2020 год; 751,6 млн $)[5]
Лік супрацоўнікаў 22 337 (2020 год)[6]
Даччыныя кампаніі «Орлен Летувы» (Мажэйкаўскі раён), «Уніпэтрол» (Чэхія)
Аўдытар ТАА «Дэлойт Аўдыт» (Ангельшчына)

«Орлен»[7] («Арлен»[8]) — польскі нафтаканцэрн, заснаваны ў ліпені 1944 году ў якасьці «Польскай нафтавай манаполіі».

На 2021 год канцэрн меў уласныя прадпрыемствы ў Канадзе і 4 краінах Эўропы — Летуве («Орлен Летува», Мажэйкаўскі раён), Нямеччыне, Польшчы, Славаччыне і Чэхіі. Агульная магутнасьць нафтаперапрацоўчых заводаў перавышала 35 млн тонаў сырой нафты за год. Раздробная сетка налічвала звыш 2800 аўтазаправачных станцыяў у краінах Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. Звыш 50 відаў нафтапрадуктаў пастаўлялі ў больш як 90 краінаў. «Орлен» быў таксама найбольшым прамысловым вытворцам электраэнэргіі ў Польшчы з магутнасьцю 1,9 гігават. На канец 2018 году ўласныя запасы нафты і прыроднага газу складалі каля 211 млн бочак (33,5 млрд літраў)[9].

Здабыча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год ПНК «Орлен» здабываў прыродны газ праз «Орлен Апстрым» на 11 канцэсіях у 4-х ваяводзтвах — Вялікапольскім, Малапольскім, Падкарпацкім і Паморскім. У рамках яшчэ 18 канцэсіяў вялі здабычу сумесна з АТ «Польская здабыча нафты і газу» (Варшава) пры долі 49 % у «Орлен Апстрым». Сярод іншага, на ўсходзе Перадкарпацкага прагіну распрацоўвалі газарадовішча Быстровічы (Яраслаўскі павет), якое залягала ў міяцэнавых утварэньнях канцэсіі «Сенаў-Ракетніца». У Куяўска-Паморскім ваяводзтве адкрылі газарадовішча ў ваколіцах места Тухола і вёскі Баерцы (Хэлмінскі павет). Штодзённая здабыча складала 1000 барэляў. На канец 2019 году холдынгу «Орлен» належала ў Польшчы 11 млн бочак нафтагазавай сыравіны, зь якой 92 % прыпадала на прыродны газ[10].

У 2013 годзе заснавалі «Орлен Апстрым Канады», які займеў 3 радовішчы ў правінцыі Альбэрта: прыроднага газу — у ваколіцах ракі Каква (Мантнійскае ўтварэньне), нафты — у мясцовасьцях Фэр'ер-Страчан і Лохэнд (Кардыюмскае ўтварэньне), газу і нафты — у мясцовасьці Кэйбоб (Данвейганскае ўтварэньне). Таксама на ўсходнім беразе правінцыі Новая Шатляндыя набылі 4 % будаванага Голдбараўскага тэрміналу звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). У 2019 годзе штодня здабывалі 17 200 бочак сыравіны, зь іх якіх 53 % складалі вадкія вуглевадароды — нафта, кандэнсат і ЗПГ. На канец 2019 году выведаныя запасы налічвалі 186 млн бочак сыравіны (29,5 млрд літраў)[10].

Сетка аўтазаправак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На канец 2015 году холдынг «Орлен» налічваў 2679 аўтазаправачных станцыяў у Летуве, Нямеччыне, Польшчы і Чэхіі[11]. Зь іх 1749 АЗС (65 %) было ў Польшчы. У Нямеччыне запраўкі працавалі пад назвай «Зорка», а ў Чэхіі — «Бэнзін»[12]. У красавіку 2009 году набылі 100 % паёў заводу «Мажэйкаўская нафта», якому належаў марскі тэрмінал «Бутынская нафта» ў Клайпедзкім порце. На 2021 год у Летуве налічвалася 29 аўтазаправак[13]. У чэрвені 2004 году «Орлен» набыў у Фонду народнай маёмасьці Чэхіі 94 % паёў нафтахімічнага холдынгу «Уніпэтрол», якому належаў «Чэскі нафтаперапрацоўчы завод» у Літвінаве (Усьцецкі край). Таксама ў склад холдынгу ўваходзілі: сетка аўтазаправак «Бэнзін», вытворца хімічных паўфабрыкатаў «Хемапэтрол», а таксама завод аліваў і аўтамабільнага паліва «Парамо». У 2018 годзе долю ў холдынгу «Уніпэтрол» дакупілі да 100 %. На канец 2018 году сетка АЗС «Бэнзін» налічвала 407 аўтазаправак, якія займалі 23 % рынку Чэхіі[14]. У 2003 годзе «Орлен» заснаваў дачыннае ТАА «Орлен Нямеччыны», якое на канец 2015 году налічвала 565 аўтазаправак «Зорка» з доляй 6 % на рынку Нямеччыны[15].

Вырабы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год ПНК «Орлен» вырабляў:

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры канцы ліпеня 1944 году Польскі камітэт народнага вызваленьня ў Холме (Люблінскае ваяводзтва) заснаваў установу нафтавай інфраструктуры разьмеркаваньня. 14 жніўня 1944 году яна атрымала назву «Польская нафтавая манаполія». У кастрычніку 1944 году яе перайменавалі ў «Дзяржаўнае бюро продажу нафтапрадуктаў». 3 сьнежня 1945 году міністар прамысловасьці Польшчы падпісаў Пастанову аб пераўтварэньні дзяржаўнага прадпрыемства ў «Аб'яднаньне нафтапрадуктаў» («АНП»). У 1955 годзе прадпрыемства перайменавалі ў «Цэнтральную ўправу абароту нафтапрадуктаў». У 1958-м прадпрыемству вярнулі назву «Аб'яднаньне нафтапрадуктаў». У 1960-я гады Рышард Бояр распрацаваў бела-аранжавую эмблему прадпрыемства і разам зь Юрым Солікам і Юрыем Славікоўскім прыдумаў нагляднае аздабленьне для аўтазаправачных станцыяў. У сьнежні 1995 году прадпрыемства пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства Дзяржаўнага скарбу Польшчы. У траўні 1998 году ўрад Польшчы вырашыў далучыць да «Аб'яднаньня нафтапрадуктаў», якое налічвала звыш 1400 аўтазаправак і каля 600 аўтацыстэрнаў, АТ «Нафтахімія Плоцку» (Мазавецкае ваяводзтва), заснаванае ў 1965 годзе. 7 верасьня 1999 году ўтварылі «Польскі нафтаканцэрн» («ПНК»). 3 красавіка 2000 году Агульны сход акцыянэраў «ПНК» зацьвердзіў Пастанову аб гандлёвай назьве «Орлен» ад словаў «арол» і «энэргія». У 2000 годзе на «Біржы каштоўных папераў у Варшаве» падчас 2-га выпуску паёў прадставілі таварны знак у выглядзе галавы арла ў чырвоным, белым, шэрым і срэбраным адценьнях. Яго стварыў прафэсар графікі Генрык Хылінскі[22].

У 2003 годзе «Орлен» заснаваў дачыннае ТАА «Орлен Нямеччыны», якое на канец 2015 году налічвала 565 аўтазаправак «Зорка» з доляй 6 % на рынку Нямеччыны[15]. У чэрвені 2004 году «Орлен» набыў у Фонду народнай маёмасьці Чэхіі 94 % паёў нафтахімічнага холдынгу «Уніпэтрол», якому належаў «Чэскі нафтаперапрацоўчы завод» у Літвінаве (Усьцецкі край). Таксама ў склад холдынгу ўваходзілі: сетка аўтазаправак «Бэнзін», вытворца хімічных паўфабрыкатаў «Хемапэтрол», а таксама завод аліваў і паліва «Парамо»[14]. У красавіку 2009 году «Орлен» набыў 100 % паёў заводу «Мажэйкаўская нафта», якому належаў марскі тэрмінал «Бутынская нафта» ў Клайпедзкім порце[13]. На 2020 год статутны капітал ПНК «Орлен» складаў 534,6 млн злотых[23].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Будова акцыянэрнага капіталу(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  2. ^ Кантакты(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  3. ^ Назіральная рада(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  4. ^ Управа таварыства(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  5. ^ Кансалідаваныя фінансавыя вынікі за 2020 год(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 15 красавіка 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  6. ^ У лічбах за 2019 год(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2020 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  7. ^ Кампанія «Орлен Летува» ўвяла ў эксплюатацыю чарговую інвэстыцыю // Беларуская служба Польскага радыё, 17 лютага 2020 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  8. ^ Зьвяз Літвы і Польшчы становіцца ўсё больш моцным // «Хартыя'97», 20 верасьня 2018 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  9. ^ Пра фірму(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  10. ^ а б Здабывальная дзейнасьць(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  11. ^ У Эўропе(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  12. ^ У Польшчы(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  13. ^ а б У Летуве(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  14. ^ а б У Чэхіі(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  15. ^ а б У Нямеччыне(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  16. ^ Для бізнэсу(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  17. ^ Араматычныя вуглевадароды(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  18. ^ Нафтахімічныя рэчывы(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  19. ^ Энэргетычныя і пабочныя вырабы(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  20. ^ Электрычная і цеплавая энэргія(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  21. ^ Прыродны газ(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  22. ^ Нашая гісторыя(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 2021 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.
  23. ^ Статут(пол.) // АТ «Польскі нафтаканцэрн «Орлен», 5 чэрвеня 2020 г. Праверана 25 красавіка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]