Орлен Летува
Каардынаты: 56°23′36″ пн. ш. 22°10′34″ у. д. / 56.39333° пн. ш. 22.17611° у. д.
лет. Orlen Lietuva | |
Тып | акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 1980 |
Заснавальнікі | Міністэрства нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасьці СССР |
Уласьнікі | ПНК «Орлен» (100%) |
Краіна | Летува |
Разьмяшчэньне | Цельшыцкі павет |
Адрас | Мажэйкаўскі раён, в. Юадэйкі, Мажэйкаўская вул., д. 75[1] |
Ключавыя фігуры | Міхал Рудніцкі, Пшамыслаў Гартлінскі[2] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | авіягаза, бітум, бэнзін, дызэльнае паліва, звадкаваны нафтавы газ, мазута, серка |
Абарачэньне | ▲4006,655 млн эўра (2017 г.; $4540,698 млн)[3] |
Апэрацыйны прыбытак | ▲249,737 млн эўра (2017 г.; $285,608 млн) |
Чысты прыбытак | ▼211,457 млн эўра (2017 г.; $241,420 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 1597 (2018 г.) |
Матчына кампанія | Польскі нафтаканцэрн «Орлен» (Плоцк) |
Даччыныя кампаніі | ЗАТ «Эмас» (в. Юадэйкі, Мажэйкаўскі раён) |
Аўдытар | ЗАТ «Дэлойт Летува» (Вільня) |
«О́рлен Летува́»[4] («Орлен Летувы»[5], «Арлен Летува»[6]) — нафтаперапрацоўчае прадпрыемства Летувы, заснаванае ў 1980 годзе ў вёсцы Юадэйкі Мажэйкаўскага раёну ў якасьці Мажэйкаўскага нафтаперапрацоўчага заводу (НПЗ).
На 2019 год прадпрыемства валодала адзіным нафтаперапрацоўчым заводам у краінах Прыбалтыкі, сеткай аўтазаправачных станцыяў і марскім тэрміналам. У 2018 годзе НПЗ перапрацаваў 8 млн тонаў нафты. АТ «Орлен Летува» было найбольшым падаткаплатнікам Летувы і мела найбольшае абарачэньне ў краіне. Прадпрыемства было найбольшым пастаўніком бэнзіну і дызэльнага паліва ў Летуве, Латвіі і Эстоніі. Адзіным пайшчыкам і ўласьнікам прадпрыемства быў Польскі нафтаканцэрн «Орлен»[7]. На 2019 году глыбіня перапрацоўкі нафты складала 72,5 %[8].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год АТ «Орлен Летува» ўлучала: 1) Мажэйкаўскі НПЗ, заснаваны ў 1980 годзе; 2) Бутынскі партовы нафтаналіўны тэрмінал (Паланскае гарадзкое самакіраваньне), запушчаны ў 1999 годзе; 3) нафтаперапамовачную станцыю (НПС) ў Біржах (Панявескі павет), створаную ў 1970 годзе для нафтаправоду «Сяброўства». Мажэйкаўскі НПЗ месьціўся за 18 км на паўночны захад ад гораду Мажэйкі і за 90 км ад Бутынскага тэрміналу Клайпедзкага порту ў Летуве і Вэнтсьпілскага порту ў Латвіі. Увесну 2002 году ад Бутынскага тэрміналу да Мажэйкаўскага НПЗ праклалі нафтаправод працягласьцю 92,5 км. Біржанская НПС загадвала 220 км нафтаправоду на поўначы Летувы, які вядзе да заводу[9]. Гадавая магутнасьць Мажэйкаўскага НПЗ складала 15 млн тонаў нафты. Таксама на заводзе перапрацоўвалі газавы кандэнсат, мазуту і прамежкавыя дыстыляты. Зь ліпеня 2006 году асноўную частку нафты на НПЗ пастаўлялі праз Бутынскі нафтавы тэрмінал. Рэшту дастаўлялі грузавікамі ад вытворцаў нафты ў Летуве[10].
Бутынскі тэрмінал, пабудаваны ў 1999 годзе, быў разьлічаны на прыём і адгрузку да 14 млн тонаў нафты за год. Тэрмінал месьціўся ў незамярзальнай частцы Балтыйскага мора. Бутынскі тэрмінал улучаў: 1) нафтаправод да Мажэйкаўскага НПЗ, 2) берагавое абсталяваньне, 3) нафтавыя рэзэрвуары ў Бутынзе, 4) марскі трубаправод, 5) буй швартоўкі. Трубаправоды АТ «Орлен Летува» ўлучалі: 2 нафтаперапамповачныя станцыі (НПС) пад Біржамі, НПС пад Янішкамі, нафтаправоды да Мажэйкаўскага НПЗ і Бутынскага тэрміналу, нафтаправод і дызэльны трубаправод да Вэнтсьпілсу. Нафтаправод «Полацак — Біржы — Вэнтсьпілс», пабудаваны ў 1968 годзе, меў працягласьць 87 км у Летуве, гадавую магутнасьць у 13 млн тонаў і дыямэтар 72 см. Трубаправод «Ілукстэ — Біржы — Вэнтсьпілс», пабудаваны ў 1971 годзе, меў працягласьць 87 км у Летуве, гадавую магутнасьць у 8 млн тонаў дызэльнага паліва і дыямэтар 53 см. Нафтаправод «Полацак — Біржы — Мажэйкі», пабудаваны ў 1979 годзе, меў працягласьць 225,5 км, прапускную магутнасьць — 16 млн тонаў за год і дыямэтар 72 см. Нафтаперапамповачныя станцыі месьціліся прыблізна праз кожныя 120 км. Кляпаны ўсталёўвалі на трубаправодах праз блізу кожныя 20 км. Галоўная дыспэтчарская служба ў Біржах кіравала кляпанамі і НПС большасьці трубаправодаў, празь якія вызначала ціск у трубах. Толькі кляпанамі і НПС нафтаправоду «Мажэйкі — Бутынга» кіравалі з Бутынскага кантрольнага пакою[11].
З 2009 году АТ «Орлен Летува» мела даччынае ЗАТ «Эмас», што ўсталёўвала і рамантавала электраабсталяваньне. За мяжой у краінах Прыбалтыкі працавалі 2 гандлёвыя дамы, заснаваныя ў 2003 годзе: ТАА «Орлен Латвія» і АТ «Орлен Эстонія»[12]. У складзе прадпрыемства працаваў Асяродак дасьледаваньня якасьці, заснаваны ў 1979 годзе ў якасьці галоўнай працоўні Мажэйкаўскага НПЗ. З 2001 году Асяродак улучаў аддзел абслугі і 3 працоўні: 1) сьветлых нафтапрадуктаў, 2) звадкаванага нафтавага газу (ЗНГ), серкі і цяжкіх нафтапрадуктаў, 3) выпрабаваньняў і ўваходнага кантролю сыравіны[13].
Вырабы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год АТ «Орлен Летува» выпускала:
- бэнзін А95 і А98, у тым ліку А95 зь біяэтанолем;
- дызэльнае паліва — арктычнае 0-га, 1-га і 2-га гатункаў, зімовае, летняе і міжсэзоннае, з мэтылавымі этэрамі тлустых кісьляў,
- афарбаванае дызэльнае паліва для ацяпленьня і сельскай гаспадаркі, у тым ліку з мэтылавымі этэрамі тлустых кісьляў (МЭТК);
- марскі газойль, у тым ліку з МЭТК;
- авіягаза гатунку А-1 (тэмпэратура замярзаньня -47 °C);
- топачная мазута;
- аўтамабільны звадкаваны нафтавы газ (ЗНГ) — зімовы і летні;
- побытавы звадкаваны вуглевадародны газ;
- прапан-прапіленавы ЗНГ;
- дарожны і дахавы бітум;
- крупчастая газападобныя серка[14].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]24 чэрвеня 1970 году Міністэрства нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасьці СССР зацьвердзіла мясьціну ў Мажэйкаўскім раёне Летувіскай ССР для будоўлі нафтаперапрацоўчага заводу. Увосень 1971 году пачалі будаваць пад’язную аўтадарогу і чыгунку. У 1972 году пачалося будаўніцтва заводу. У 1979 годзе скончылі нафтаправод «Полацак — Біржы — Мажэйкі». У 1980 годзе на Мажэйкаўскім нафтаперапрацоўчым заводзе пусьцілі камбінаваную ўстаноўку ЛК-6У распрацоўкі «Лендзіпранафтахіму» (Ленінград, Расейская СФСР), што ўлучала атмасфэрную перагонку, каталітычны рыформінг(uk), гідраачыстку паліва і газафракцыйную ўстаноўку. У 1982 годзе ўзьвялі вытворчасьць бітуму. У 1984 годзе пусьцілі 2-ю ўстаноўку ЛК-6У. У 1989 годзе здалі ўстаноўку перапрацоўкі мазуты КТ-1/1, што ўлучала вакуўмную перагонку мазуты, вісбрэкінг(uk) гудрону, каталітычны крэкінг, абсорбцыю і газафракцыяваньне[15].
У 1995 годзе нафтаперапрацоўчы завод «Нафта» пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства «Мажэйкаўская нафта». 10 % паёў прадпрыемства разьмеркавалі між супрацоўнікамі заводу. 1 сьнежня 1998 году ў склад АТ «Мажэйкаўская нафта» ўлучылі 2 прадпрыемствы — АТ «Бутынская нафта» (Паланскае гарадзкое самакіраваньне), заснаванае ў 1995 годзе для будаўніцтва Бутынскага нафтавага тэрміналу, і АТ «Нафтаправод», створанае ў 1992 годзе для кіраваньня летувіскай часткай нафтаправоду «Сяброўства». На 1999 год глыбіня перапрацоўкі нафты складала 68,9 %[8]. Улетку 1999 году скончылі будаўніцтва Бутынскага тэрміналу, дзе 22 ліпеня 1999 году заправілі 1-ы танкер. 29 кастрычніка 1999 году амэрыканскі вытворца газатурбінных рухавікоў «Ўільямс Інтэрнэшнл» (Понтыяк, штат Мічыган) набыў 33 % паёў АТ «Мажэйкаўская нафта». 18 ліпеня 2002 году ўрад Летувы прадаў 26,85 % паёў расейскаму ААТ «Юкас» (Масква), што належала Міхаілу Хадаркоўскаму. 18 верасьня 2002 году «Ўільямс Інтэрнэшнл» таксама прадаў 26,85 % паёў «Юкасу», які ў выніку атрымаў кантрольны пакет паёў. У верасьні 2003 году запусьцілі ўстаноўку ізамэрызацыі. У 2004 годзе адчынілі чыгуначную эстакаду для наліву нафтапрадуктаў. У 2005 годзе АТ «Мажэйкаўская нафта» набыло кантрольны пакет паёў АТ «Мажэйкаўская электрастанцыя». 18 сьнежня 2006 году Польскі нафтаканцэрн «Орлен» набыў 53,7 % паёў «Мажэйкаўскай нафты» ў «Юкаса» за $1,492 млрд і 30,66 % паёў ва ўраду Летувы за $852 тыс. У жніўні 2007 году здалі ўстаноўку каталітычнага крэкінгу для серкаачысткі бэнзіну. У чэрвені 2009 году адчынілі новую вытворчасьць вадароду. 1 верасьня 2009 году «Мажэйкаўская нафта» зьмяніла назву на «Орлен Летува». У красавіку 2013 году пусьцілі ўстаноўку серкавай дэгазацыі і грануляваньня. У лютым 2014 году ўвялі ў дзеяньне ўстаноўку вакуўмнай перагонкі і вісбрэкінгу. У студзені 2018 году ў Бутынскім тэрмінале адчынілі 6 нафтавых рэзэрвуараў[15].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандар Маслаў (1975—1984)
- Браніслаў Вайнора (1984—1995)
- Гедзімін Кес (1995—1999)
- Відмонт Мацэвіч (1999)
- Стывэн Гункус (1999—2000)
- Джэймз Стыл (2000—2002)
- Томас Шнайдэр (2002)
- Пол Інгліш (2002—2007)
- Марэк Мрачкоўскі (2007—2009)
- Хрысьціян Патэр (2009—2010)
- Ірыней Фанфара (2010—2019)
- Міхал Рудніцкі (з 2019 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Асноўныя кантакты (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ Управа (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ Саўлюс Бакас. Кансалідаваная фінансавая справаздача за 2017 год (лет.) // АТ «Орлен Летува», 14 сакавіка 2018 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ Таварныя знакі (рас.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ Кіеў можа адмовіцца ад беларускага бэнзіну // Прэс-цэнтар «Хартыя'97», 6 верасьня 2019 г. Праверана 24 красавіка 2021 г.
- ^ Кіеў можа адмовіцца ад беларускага бэнзіну // Тэлеканал «Белсат», 6 верасьня 2019 г. Праверана 24 красавіка 2021 г.
- ^ Акцыянэрнае таварыства (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ а б Нафтаперагонны завод (анг.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ АТ «Орлен Летува» (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ Нафтаперапрацоўчы завод (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ Тэрмінал і трубаправоды (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ Група АТ «Орлен Летува» (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ Асяродак дасьледаваньня якасьці (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ Вырабы (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- ^ а б Гісторыя (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Цэны на вырабы (лет.) // АТ «Орлен Летува», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
- Кантракты (лет.)
- Частыя пытаньні (лет.)
- Кантакты гуртовага збыту (анг.)
- Агульныя ўмовы куплі-продажу тавараў (рас.)
- Навіны (лет.)
- Кантакты (лет.) // ЗАТ «Эмас», 2019 г. Праверана 14 траўня 2019 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |