Лупалава
Лупалава — раней пасад (прадмесьце) Магілёва, разьмешчаны на ўсходнім беразе Дняпра. У цяперашні час частка Кастрычніцкага раёну гораду.
Утварэньне пасаду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З XV стагодзьдзя ў гістарычных дакумэнтах згадваецца Задняпроўскі пасад Магілёва. На тэрыторыі Задняпроўскага пасаду некалі знаходзіліся Лупалаўская і Траецкая сотні. У канцы ХІХ стагодзьдзя за гэтай часткай Магілёва замацавалася назва Маскоўскае прадмесьце. Аднак больш вядомы назоў — Лупалава.
Праз гэтую частку гораду праходзілі гандлёвыя шляхі на поўдзень і ўсход. Скураныя вырабы, якімі на працягу стагодзьдзяў славіліся лупалаўскія майстры, вывозіліся ў Польшчу і Прыбалтыку. Гандаль вёўся з гарадамі левабярэжнай Украіны. Акрамя рамяства і гандлю, жыхары Задняпроўя займаліся земляробствам, агародніцтвам, садоўніцтвам (у прыватнасьці, вырошчвалі кавуны, абрыкосы) і жывёлагадоўляй.
Сьведчаньнем разьвіцьця рамесьніцтва і гандлю зьяўляюцца назвы вуліцаў. З XVII ст. вядомыя вуліцы: Мсьціслаўская, Чавуская, Чарнігаўская, Альхоўская, Лупалаўская, Ганчарная, Алейная (на ёй жылі майстры, якія выраблялі алей) і іншыя. У 1604 г. на тэрыторыі Лупалава налічвалася 204 домаўладальнікі, у якіх было 214 гектараў сядзібнай і агароднай зямлі. На левым беразе Дняпра знаходзілася значная частка гарадзкіх сенажацяў і 2000 гектараў каралеўскага лесу, які належаў гораду. У раёне Любужа знаходзіўся таксама гарадзкі млын.
Паходжаньне назвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва пасаду (прадмесьця) Лупалава вельмі старажытная. З аднаго боку, у гэтым месцы жылі пераважна гарбары, якія «лупілі скуру з жывёл», таму, хутчэй за ўсё, пазьней месца іх пражываньня трансфармавалася ў назву Лупалава. У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя на тэрыторыі Маскоўскага прадмесьця знаходзілася 30 гарбарных заводаў.
Але існуе і іншая вэрсія. Лупалава ўзьнікла непадалёк ад урочышча Грабёж. Магчыма, што назва паходзіць ад словазлучэньня «лупу браць» — зьбіраць даніну з праежджых купцоў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На працягу войнаў ХVI—ХVIІІ стагодзьдзяў прадмесьце і яго жыхары моцна пацярпелі. Неаднаразова зьнішчаліся будынкі, рабавалася маёмасьць гараджан. Праз зручную раўнінную мясцовасьць на тэрыторыі прадмесьця разьмяшчаліся на пастой арміі, праводзіліся ваенныя манэўры.
Менавіта тут, на левым беразе Дняпра, у 1581 годзе стаяў разам са сваімі казакамі і ратнымі людзьмі, рыхтуючыся да штурму Магілёўскага замку, будучы заваёўнік Сыбіры Ярмак Цімафеевіч.
У 1706 годзе тут рабіў агляд свайго войска Пётар I, які прыбыў у Магілёў разам з Мартай Скаўронскай.
8 верасьня 1708 году падчас Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) войскі Пятра I, празь некалькі тыдняў пасьля ладнага рабаваньня Магілёва войскамі швэдзкага караля Карла XII, што стаялі тут каля 2-х месяцаў, спалілі квітнеючае і багатае гандлёва-купецка-рамеснае места.
Тады згарэла ўся правабярэжная (разам з цэнтрам) частка гораду. Драўлянае Лупалава ацалела. Яго жыхары своечасова скралі і схавалі ўсе чаўны і іншыя «пераправачныя сродкі».
У траўні 1780 году ў Магілёве для сустрэчы з аўстрыйскім імпэратарам Ёзэфам II прыбыла расейская імпэратрыца Кацярына II. Адмыслова для іх былі наладжаныя грандыёзныя вайсковыя манэўры.
У 1802 годзе тут быў арганізаваны ваенны агляд для імпэратара Аляксандра I, які пажадаў убачыць, як дзейнічаюць войскі ва ўмовах, максымальна набліжаных да баявых. У выніку загінулі дзясяткі салдат і мясцовых жыхароў, якія прыйшлі паглядзець на відовішча.
У Задняпроўі разьмяшчаліся дзьве праваслаўныя царквы, касьцёл, некалькі сынагог.
Праваслаўныя цэрквы: Траецкая (ад яе назвы паходзіць назва сотні) і Петрапаўлаўская. Прыход Траецкай царквы быў заснаваны ў ХVI стагодзьдзі, драўляная царква вядомая з ХVIІ стагодзьдзя. З 1792 Лупалава ўпрыгожыла каменная Траецкая царква, якая знаходзілася амаль на самым беразе Дняпра. Драўляная Петрапаўлаўская царква вядомая з 1633 году. Будаўніцтва мураванай царквы пачалося ў 1769. Усе цэрквы былі зачыненыя ў 1929—1930 гады. Часткова яны былі пашкоджаныя ў гады вайны 1941—1945 гг. і канчаткова разбураныя ў 1950-я гады.
У 1841—1849 гады праз Лупалава быў пракладзены шлях Ворша — Доўск, як частка магістралі Пецярбург — Кіеў. У 1860 годзе быў здадзены ў эксплюатацыю мост на палевых апорах праз Дняпро. Да праектоўкі, стварэньня дарогі і маста меў непасрэднае дачыненьне інжынэр, палкоўнік, аўтар першага ў Расеі падручніка па мэханіцы — Мікалай Ястржэмбскі.
Менавіта ў Магілёве ён напісаў працяг «Мёртвых душ» Гогаля. Апублікаваныя ў Маскве, яны былі ўспрынятыя чытачамі як арыгінальны, цудам выратаваны твор вялікага пісьменьніка. Пазьней зь цяжкасьцю М. Ястржэмбскі здолеў пераканаць літаратуразнаўцаў ў тым, што гэта «містыфікацыя», а аўтар працягу — менавіта ён, а ня Гогаль.
Мост праз Дняпро быў зьнішчаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У другой палове ХІХ ст. Лупалава славілася сваімі піваварамі. «Лупалаўскае» піва было шырока вядомае нават па-за межамі Расейскай імпэрыі. У 1862 годзе быў створаны бровар Ф. Лекерта, а ў 1870 — бровар, які належаў Э. Яньнік.
У 1909—1910 гадах у гарбарных майстэрнях Магілёва працаваў Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч), які пазьней стаў вядомым беларускім паэтам, акадэмікам, першым кіраўніком ураду БССР.
Неўзабаве пасьля кастрычніцкага перавароту Магілёў быў акупаваны спачатку войскамі пад камандаваньнем генэрала Ю. Доўбар-Мусьніцкага, а потым германскімі войскамі.
23 мая 1918 году па Дняпры стала праходзіць мяжа паміж кайзэраўскай Нямеччынай і савецкай Расеяй. На Лупалава замацавалася савецкая ўлада. Прадмесьце стала памежным горадам. На мосьце праз Дняпро з абодвух бакоў (савецкага і германскага) былі вартавыя.
31 траўня 1918 году на сходзе прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва, які адбыўся на Лупалава, быў абраны Лупалаўскі павятовы выканаўчы камітэт. Менавіта з гэтага моманту пачынаецца савецкая гісторыя Лупалава і Лупалаўскага раёну — адміністрацыйных адзінак, якія мелі асобны ад гораду Магілёва статус.
10 чэрвеня 1918 грамадзяне Лупалава заявілі пра сваё жаданьне застацца ў складзе РСФСР. І з 1919 да 1924 Лупалава, як і Магілёў, уваходзіць у склад савецкай Расеі.
З 3 сакавіка 1924 Лупалава ў складзе БССР.
У 1926 Лупалава зноў стала часткай Магілёва. Лупалаўскі раён, а ў яго склад уваходзіла 19 сельсаветаў, праіснаваў да сакавіка 1931 году.
У 1941-1944 гадох на ўскрайку Лупалава існаваў фашыстоўскі лягер сьмерці.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ігар Пушкін. Гісторыя майго горада: Лупалава або «лупу браць» // Цэнтар гарадзкіх інфармацыйных сыстэмаў, 12 кастрычніка 2010 г. Праверана 29 жніўня 2013 г.
- Луполово — что это такое?
- Могилёв: Энцикл. справ. / Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 472 с., ил.