Перайсьці да зьместу

Луол Дэнг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Луол Дэнг
Пазыцыя: лёгкі форвард
Рост: 206 см
Вага: 100 кг
Грамадзянства:
Нарадзіўся: 16 красавіка 1985(1985-04-16)[3][4][5][…] (41 год)
Альма-матэр:
Драфт

7, драфт НБА 2004 году
Фінікс Санз

Клюбы
Гады Клюб
2003—2004 Д’юк Блю Дэвілз[d]
2004—2014 Чыкага Булз
2014 Кліўлэнд Кавальерз
2014—2016 Маямі Гіт
2016—2018 Лос-Анджэлес Лэйкерз
2018—2019 Мінэсота Тымбэрўулвз
Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні
Статыстыка на NBA.com

Луол Майкл Дэнг (па-ангельску: Luol Michael Deng; нар. 16 красавіка 1985 году, Судан) — колішні брытанска-суданскі баскетбаліст. Доўгі час выступаў за каманду Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі «Чыкага Булз», але бараніў колеры і іншых клюбаў лігі. Дэнг — адзіны замежнік, які выйграў Прыз за спартовыя паводзіны НБА у сэзоне 2006—2007 гадоў. Быў натуралізаваны Вялікабрытаніяй у 2006 годзе, а сам паходзіць з народу дынка.

Пасьля школы прыняў прапанову Майка Кжызэўскага далучыцца да Ўнівэрсытэту Д’юка, дзе гуляў з 2003 па 2004 год.

У 2004 годзе гулец быў абраны ў першым раўндзе драфту НБА пад 7-м нумарам камандай «Фінікс Санз» і адразу ж быў абменены ў «Чыкага Булз». У сваім першым сэзоне ў НБА згуляў 61 гульню, у якіх назьбіраў 11,7 пунктаў, а таксама быў улучаны ў зборную ўсіх пачаткоўцаў НБА. У наступным сэзоне Дэнг палепшыў свае статыстычныя паказьнікі, набіраючы 14,3 пунктаў за гульню і робячы 6,6 падбораў. Ён дапамог камандзе другі раз запар прабіцца ў плэй-оф, дзе «Булз» былі выбітыя з гульні «Маямі Гіт». У сэзоне 2006—2007 гадоў баскетбаліст стаў адзіным гульцом «Чыкага», які выйшаў у стартавым складзе ўва ўсіх 82 гульнях сэзону. Брытанец лідаваў у камандзе паводле колькасьці згуляных хвілінаў і адсотку трапных кідкоў (51,7%). Ён быў другім паводле колькасьці назьбіраных пунктаў пасьля Бэна Гордана з 18,8 пунктамі за гульню. 26 сакавіка 2007 году спартовец згуляў свой найлепшы на час матч у кар’еры, набраўшы 38 пунктаў у пераможным матчы супраць «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз». У сэзоне 2007—2008 гадоў Дэнг згуляў у 63 гульнях, прапусьціўшы 19 праз запаленьне ахілу. Не зважаючы на гэта, ён зьбіраў у сярэднім 17 пунктаў за гульню, але ня здолеў дапамагчы камандзе выйсьці ў плэй-оф.

Дэнг у складзе «Чыкага Булз».

Перад пачаткам сэзону 2008—2009 гадоў было афіцыйна абвешчана аб падаўжэньні кантракту, сума якога складала 71 мільён даляраў[9]. Статыстычныя паказьнікі баскетбаліста пагоршыліся да 14,1 пунктаў і 6 падбораў за гульню. Праз траўмы ён згуляў толькі ў 48 гульнях і зусім прапусьціў плэй-оф. У сэзоне 2009—2010 гадоў згуляў у 70 гульнях, у якіх ужо зьбіраў 17,6 пунктаў і рабіў 7,3 падбораў. Ён дапамог камандзе трапіць у плэй-оф, дзе «Булз» саступілі «Кліўлэнд Кавальерз» у першым раўндзе. 1 лістапада 2010 году гулец усталяваў новы рэкорд у колькасьці пунктаў, набраўшы 40 пунктаў у матчы супраць «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз». У сярэднім за сэзон ён зьбіраў 17,4 пунктаў за гульню, займаючы трэцяе месца ў камандзе пасьля Дэрыка Роўза (25) і Карласа Бузэра (17,5). Каманда дайшла да фіналу Ўсходняй канфэрэнцыі, дзе прайграла «Маямі Гіт»[10]. 9 лютага 2012 году Дэнг быў улучаны ў зборную ўсіх зорак Усходняй канфэрэнцыі. У канцы сэзону ён таксама трапіў у другую зборную ўсіх зорак абароны. У наступным сэзоне брытанец зноў быў улучаны ў зборную ўсіх зорак Усходняй канфэрэнцыі. Ён быў лідэрам каманды паводле колькасьці пунктаў, маючы 16,5 балаў за гульню. Гулец усталяваў рэкордны ў кар’еры адсотак рэалізацыі штрафных кідкоў — 81%. У плэй-оф дружына спачатку выбіла «Бруклін Нэтс», але ў наступным раўндзе зноў зазнала паразу ад «Маямі Гіт» у сэрыі зь сямі гульняў.

У адсутнасьць Дэрыка Роўза Дэнг быў найлепшым бамбардзірам «Чыкага» ў першай палове сэзону 2013—2014 гадоў, набіраючы ў сярэднім 19 пунктаў за гульню[11]. Аднак 7 студзеня 2014 году яго абмянялі ў «Кліўлэнд Кавальерз» на Эндру Байнама, дзе ён правёў астатнюю частку сэзону. Баскетбаліст у сярэднім за гульню клаў на свой рахунак 14,1 пунктаў.

15 ліпеня 2014 году гулец быў абменены ў «Маямі Гіт»[12]. У сваім першым сэзоне ў камандзе ён зьбіраў у сярэднім 14 пунктаў і рабіў 5,2 падбораў. У сваім другім сэзоне ён выйшаў у плэй-оф, дзе ўсталяваў рэкорд «Гіт» паводле колькасьці пунктаў у дэбютным матчы плэй-оф, набраўшы 31 пункт у першай гульні[13]. 7 ліпеня 2016 году Дэнг падпісаў чатырохгадовы кантракт на 72 мільёны даляраў з «Лос-Анджэлес Лэйкерз»[14]. 15 сакавіка 2017 году брытанец быў выключаны з складу каманды да канца сэзону. 10 верасьня 2018 году Дэнг узгодніў кантракт зь «Мінэсотай Тымбэрўулвз»[15]. За новы клюб амаль не гуляў, а апошні матч гульца ў НБА адбыўся 27 лютага 2019 году. Пазьней ён падпісаў аднадзённы кантракт з «Булз», каб завяршыць кар’еру ў камандзе, дзе калісьці пачынаў кар’еру[16].