Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар аўгустынаў (Міхалішкі)
| Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар аўгустынаў | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла | |
| Краіна | Беларусь |
| Вёска | Міхалішкі |
| Каардынаты | 54°48′50,86″ пн. ш. 26°09′51,74″ у. д.HGЯO |
| Канфэсія | каталіцтва |
| Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
| Архітэктурны стыль | сармацкае барока[d] |
| Аўтар праекту | Крыштаф Пенс[d] |
| Дата заснаваньня | XVII ст. |
| Статус | Ахоўны статус |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар аўгустынаў на мапе Беларусі Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар аўгустынаў | |
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар аўгустынаў — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Міхалішках. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка пры гістарычнай Сьвіранскай вуліцы, на беразе ракі Вяльлі. Касьцёл дзее, кляштар існаваў да 1832 году. Твор архітэктуры сармацкага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс Міхалішкаўскага аўгустынскага кляштару складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам з брамамі. У сярэдзіне XX ст. савецкія ўлады зруйнавалі кляштарны корпус.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1622 годзе Ян Цыпрыян Бжастоўскі фундаваў у Міхалішках кляштар аўгустынаў, пры якім пачаў дзеяць драўляны касьцёл. Да 1653 году замест драўлянага збудавалі мураваны касьцёл, які ў інвэнтары за 1654 году значыцца як «новы». Існуе меркаваньне, што мураваны касьцёл фундаваў Цыпрыян Павал Бжастоўскі ў 1662 годзе. Аўтарам праекту лічыцца архітэктар бэльгіец Крыштап Пэнс.
У 1684—1700 гадох група замежных майстроў (Джавані Галі, Андрэа Капонэ, Ян Пэнс, сын архітэктара) пад кіраўніцтвам флярэнтыйскага мастака П’етра Пэрці з удзелам мясцовага майстра Міколы Жылевіча выканала плястычнае аздабленьне інтэр’еру. У 1700 годзе касьцёл кансэкравалі пад тытулам Міхала Арханёла. Пры кляштары дзеяў шпіталь.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Міхалішкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Аднак па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) У 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар. Касьцёл працягваў дзеяць як парафіяльны.
У Першую сусьветную вайну касьцёл і кляштарны корпус атрымалі пашкоджаньні.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1920-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі аднавілі помнік[1]. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зруйнавалі кляштарны корпус.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Помнік архітэктуры сармацкага барока. Гэта 1-нэфавая 2-вежавая базыліка. Да прастакутнага ў пляне асноўнага аб’ёма з паўночнага ўсходу далучаецца 5-гранная апсыда зь дзьвюма невысокімі закрысьціямі. Асноўны аб’ём накрываецца 2-схільным дахам з вальмамі над апсыдай. Галоўны фасад падзяляецца на два ярусы простым карнізам, завершаным чацьверыкамі вежаў з 4-схільнымі шатровымі дахамі і атыкавым франтонам паміж імі. Нязначны перапад вышыняў зальнай часткі, апсыды і вежаў стварае прыступкавасьць сылюэту будынка. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы аб’ём пад конусападобным дахам. Сьцены праразаюцца вокнамі з паўцыркульнымі завяршэньнямі і падзяляюцца філёнгавымі нішамі.
Унутраная прастора перакрываецца цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі на папружных арках, якія пераходзяць у магутныя пілястры. Алтарная частка мае паўцыркульныя аркавыя праёмы. Пад хорамі разьмяшчаюцца два ўваходы ў ніжнія ярусы вежаў, дзе знаходзяцца капліцы. Сьцены паўкруглага аб’ёма падзяляюцца шасьцю паўцыркульнымі нішамі для скульптур. У дэкаратыўным аздабленьні, сканцэнтраваным на паверхні сьценаў цэнтральнага аб’ёму, дамінуюць бела-блакітныя стукавыя барэльефы з выявамі сьвятых і пышны расьлінны арнамэнт, які аб’ядноўвае ўвесь дэкор у адзінае плястычнае цэлае.
Інтэр’ер аздабляюць 9 алтароў, апярэзаных акантам з галовамі дракона, сырэнаў і іншых фантастычных істотаў. Галоўны алтар мае 2-ярусы зь вітымі калёнкамі. На карнізе першага 3-часткавага яруса стаяць фігуры ўкленчаных біскупаў, у цэнтры — фігуры двух анёлаў. У навершы алтара рэльеф «Новазапаветная Тройца». На шырокіх сьценавых пілёнах месьцяцца гарэльефы 12 апосталаў. Пастаўленыя на квадратныя кансолі з маскаронамі розных тыпаў і памераў, яны амаль поўнасьцю аддзяляюцца ад сьценаў і ствараюць эфэкт руху. У прасьценках паміж пілёнамі знаходзяцца стукавыя алтары. У ляпных рамах алтарныя карціны: «Сьвятая Радзіна» ў срэбраным з пазалотай абкладзе пачатку XVIII ст., «Маці Божая Ружанцавая» (пачатак XIX ст.). Побач з карцінамі сюжэтныя барэльефы. Амбон, аздоблены пазалочаным расьлінным арнамэнтам, падтрымліваецца ўнізе разным арлом, які трымае ў кіпцюрах картуш з гербам Бжастоўскіх. Драўляны разны балдахін мае выгляд кароны. Капліцы Сьвятога Язэпа (XVIII ст.) і Хрыста (XIX ст.) аздабляе каваная агароджа[2].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Пляны
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Плян кляштару
- 1844 г.
- 1901 г.
- 1901 г.
Гістарычныя здымкі і графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Старыя здымкі і графіка
- М. Янушкевіч, 1871 г.
- 1916 г.
- Ф. Краўскопф, 1916 г.
- 1917 г.
- 1924 г.
- 1924 г.
- 1924 г.
- 1924 г.
- 1924 г.
- Ю. Клос, 1930 г.
- Ю. Клос, 1930 г.
- 1930 г.
Праект Ю. Клоса
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Праект рэканструкцыі касьцёла. Архітэктар Ю. Клос, 1924 год
- Галоўны фасад
- Бакавы фасад
- Вежа
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сучасны стан
- Выгляд з боку апсыды
- Інтэр’ер
- Галоўны алтар
- Дэкор
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Ярашэвіч А. Міхалішкаўскі кляштар аўгусцінцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 317.
- ↑ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 349.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000051 |