Перайсьці да зьместу

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Жодзішкі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Краіна Беларусь
Вёска Жодзішкі
Каардынаты 54°37′24.67″ пн. ш. 26°26′32.3″ у. д. / 54.6235194° пн. ш. 26.442306° у. д. / 54.6235194; 26.442306Каардынаты: 54°37′24.67″ пн. ш. 26°26′32.3″ у. д. / 54.6235194° пн. ш. 26.442306° у. д. / 54.6235194; 26.442306
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Гарадзенская дыяцэзія 
Архітэктурны стыль рэнэсансная архітэктура[d]
Заснавальнік Крыштоф Камар[d]
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на мапе Беларусі
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на Вікісховішчы

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Жодзішках. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на правым беразе ракі Вяльлі[a]. Дзее. Твор архітэктуры рэнэсансу і барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы драўляны касьцёл у Жодзішках каля 1453 году заснавалі ўладальнікі маёнтку Осьцікавічы. Паводле адных зьвестак, у канцы XVІ ст. з фундацыі наступных уладальнікаў, Кішкаў, у Жодзішках збудавалі мураваны кальвінскі збор. Паводле іншых зьвестак, яго збудаваў на месцы касьцёла Крыштап Комар у 1612 годзе, а яго сын Геранім вярнуў род у каталіцтва і да 1669 году збудаваў новы драўляны касьцёл пад тытулам Найсьвяцейшай Тройцы, пры якім заснаваў парафіяльную школу. Іншыя крыніцы сьцьвярджаюць, што Крыштап Комар у 1612 годзе адразу збудаваў мураваны касьцёл, а Геранім павялічыўшы фундуш, падараваў яму маёмасьць, збудаваў плябанію і парафіяльную школу.

У 1708 годзе ў падараванай Барбарай (з Комараў) Мінкевіч (Міцкевіч) і яе сынам Адамам сядзібе зьявіліся езуіты. У 1727 годзе яны збудавалі касьцёл Сьвятога Юды Тадэвуша, у 1745 годзе адкрылі музычную бурсу, у 1767 годзе — аптэку. У 1757—1766 гадох паводле праекту архітэктара Тамаша Жаброўскага збудавалі мураваны калегіюм. У 1778 годзе праводзілася рэканструкцыя касьцёла.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Жодзішкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў расейскія ўлады выслалі ў Кастраму пробашча Вішнеўскага і канфіскавалі тры абразы: «Сэрца Езуса», «Сьвяты Язафат» і «Сьвяты Андрэй Баболя». У 1886 годзе касьцёл атачылі высокай мураванай агароджай. У 1902 годзе да яго прыбудавалі бакавыя капліцы.

За часамі Першай сусьветнай вайны войскі Нямецкай імпэрыі зруйнавалі вежу і зладзілі ў будынку шпіталь, а потым шавецкую фабрыку.

У 1924 годзе пробашчам стаў прыхільнік беларусізацыі касьцёла Вінцэнт Гадлеўскі. Касьцёл адрэстаўравалі. У 1929 годзе да парафіі далучылася капліца ў Дубцы. У 1937 годзе мастак Пётра Сергіевіч размаляваў скляпеньні касьцельных капліцаў. У савецкі час касьцёл працягваў дзеяць.

Помнік архітэктуры рэнэсансу і барока. Сьпярша выцягнуты падожнай восьсю прастакутны будынак з 2-яруснай чацьверыковай вежай-званіцай на галоўным фасадзе атрымаў крыжападобную форму. З заходняга боку да яго далучаецца квадратная ў пляне, умацаваная кутнімі контрфорсамі апсыда, над якой раней узвышалася высокая і масіўная вежа-званіца. Перакрыжаваныя прастакутныя аб’ёмы накрываюцца 2-схільнымі дахамі, трыкутныя шчыты якіх ёсьць працягам роўнічных фасадаў. На галоўным фасадзе руставаным парталам вылучаецца галоўны ўваход. Сьцены падзяляюцца роўнымі лапаткамі, злучанымі спрошчана прафіляваным карнізам, праразаюцца лучковымі праёмамі вокнаў і нішамі.

Унутраная прастора перакрываецца цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеньнямі. Апсыда раскрываецца ў залю аркавым прасьветам, усходы ў паўночна-ўсходнім куце залі вядуць на хоры. Галоўны і меншыя маштабам два бакавыя алтары маюць карынцкія калянады, што абрамляюць алтарныя абразы і нясуць фігурныя ляпныя насьценныя шчыты з мэдальёнамі ў цэнтры. Скляпеньні капліцаў аздабляе размалёўка, выкананая ў 1937 годзе мастаком Пётрам Сергіевічам[1].

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Першамайская, 2Б
  1. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 144.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000594