Тамаш Жаброўскі
![]() Т. Жаброўскі. Мастак І. Эгенфэльдэр, XVIII ст. | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 25 лістапада 1714 |
Памёр | 18 сакавіка 1758 |
Род | Жаброўскія |
Дзейнасьць | матэматык, астраном, архітэктар |
Тамаш Жаброўскі (па-польску: Tomasz Żebrowski; 25 лістапада 1714, каля Наваградку[1][2] — 18 сакавіка 1758) — рымска-каталіцкі дзяяч, матэматык, архітэктар. Магістар філязофіі й вольных навук.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Навучаўся ў Наваградзкім езуіцкім калегіюме, потым на філязофскім (1735—1738) і тэалягічным (1740—1744) факультэтах Віленскага ўнівэрсытэту[3].
У 1732 уступіў у Ордэн езуітаў, у 1743 высьвечаны на ксяндза. У 1745—1746 прафэсар рыторкі й паэтыкі ў Ілукшце (Курляндыя), у 1746 прэфэкт будовы ў Бабруйску, у 1746—1748 прафэсар філязофіі й прэфэкт бурсы ў Крожах, у 1748—1750 міністар і прэфэкт будовы ў Вільні. У 1750—1752 вывучаў матэматыку, астраномію й архітэктуру ў Празе й Вене. У часе навучаньня ў Праскім унівэрсытэце слухаў лекцыі прафэсара I. Стэплінга, заснавальніка і кіраўніка Праскай астранамічнай абсэрваторыі.
Па вяртаньні ў 1752 зрабіўся прафэсарам Віленскай акадэміі, стварыў у ёй кабінэты (факультэты) матэматыкі й экспэрымэнтальнае фізыкі. Кіраваў катэдрай, выкладаў усе навукі матэматычнага цыклу, зь ягонай ініцыятывы ўнівэрсытэцкі курс матэматыкі пашырыўся да вышэйшай, займаўся ўдасканаленьнем вадзяных млыноў і ветракоў.
З фундацыі Альжбеты з Агінскіх Пузыны збудаваў у Вільні астранамічную абсэрваторыю, для якой выпісаў з Ангельшчыны неабходнае абсталяваньне. Будынак абсэрваторыі, як адзначалі сучасьнікі, сваім абсталяваньнем і архітэктурай не саступаў падобным збудаваньням Эўропы[3].
Зрабіў спробу вызначыць геаграфічныя каардынаты Вільні. Як архітэктар распрацаваў пляны шматлікіх касьцёлаў і палацаў. Кіраваў будовай касьцёла ў Ілукшце, перабудовай касьцёлаў сьвятых Пятра й Паўла ў Бабруйску й сьвятых Ігната й Яна і будовай астранамічнае абсэрваторыі ў Вільні. Аўтар праекту касьцёла бэнэдыктынак у Крожах і езуіцкага калегіюму ў Жодзішках[1].
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Жаброўскі Тамаш // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 622.
- ^ Календарыюм(недаступная спасылка) // «Czasopis» № 11, 2004.
- ^ а б А. Госцеў. Жаброўскі Тамаш // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. — Менск: Універсітэцкае, 1997.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4