Перайсьці да зьместу

Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Камуністы́чная па́ртыя (бальшавіко́ў) Літвы́ і Белару́сі (КП(б)ЛіБ, па-летувіску: Lietuvos ir Baltarusijos komunistų partija (bolševikai)) — беларуская палітычная партыя ў 1919—1920 роках. Утвораная ў выніку аб’яднаньня Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі і Камуністычнай партыі Літвы і Заходняй Беларусі з прычыны аб’яднаньня Летувы і Беларусі ў адзінае дзяржаўнае ўтварэньне — Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел).

27 лютага 1919 року ў Вільні на аб’яднаным паседжаньні ЦВК Летувы і Беларусі было абвешчанае ўтварэньне Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбела) са сталіцаю ў Вільні. У сувязі з гэтым паўстала неабходнасьць аб’яднаньня Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі і Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Летувы, якія разам налічвалі ў тую пару 17 636 камуністаў.

4—6 сакавіка 1919 року ў Вільні адбыўся аб’яднаўчы зьезд кампартыяў, на якім прысутнічалі 159 дэлегатаў. Зьезд выбраў ЦК КП(б) Літвы і Беларусі на чале са старшынём Вінцасам Міцкявічусам-Капсукасам. У склад Прэзыдыюму ЦК увайшлі таксама Вільгельм Кнорын (сакратар), Зігмас Ангарэціс, Вацлаў Багуцкі, Якаў Далецкі, С. Іваноў, Майсей Калмановіч, Аляксандар Мясьнікян, Ёсіф Уншліхт, Казімер Ціхоўскі, Віктар Яркін і інш. Былі аб’яднаныя камсамольскія арганізацыі абедзьвюх рэспублік.

24 красавіка 1919 року Прэзыдыюм ЦК КП(б)ЛіБ падзелены на Палітбюро і Аргбюро ЦК КП(б)ЛіБ. З прычыны наступленьня польскіх войскаў Палітбюро ЦК КП(б)БліБ у красавіку 1919 року абвясьціла рэспубліку на ваенным становішчы і пачало мабілізацыю ў армію камуністаў, камсамольцаў і спачуваючых. Аднак наладзіць актыўнае супраціўленьне польскім войскам не ўдалося. 21 красавіка 1919 року польскія войскі захапілі сталіцу Літбела Вільню, 8 жніўня — Менск, да верасьня 1919 року — усю тэрыторыю рэспублікі.

Пасьля акупацыі Менску ЦК КП(б)ЛіБ пераехаў у Бабруйск, потым у Смаленск, адкуль кіраваў падпольным і партызанскім рухам. 3 верасьня 1919 року створанае Бюро па нелегальнай рабоце (старшыня Міцкявічус-Капсукас). На акупаванай тэрыторыі выдаваліся газэты «Зьвязда», «Савецкая Беларусь», «Komunistas» («Камуніст», летувіская), «Młot» («Молат», польская), «Дэр Штэрн» (жыдоўская).

Пасьля вызваленьня Беларусі ад польскіх войскаў (ліпень — жнівень 1920 року) ЦК КП(б)ЛіБ вярнуўся ў Менск, дзе ўжо дзейнічала Менская губэрнская партыйная арганізацыя. 30 ліпеня 1920 року створаны Менскі губэрнскі камітэт КП(б)ЛіБ.

Пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб абвяшчэньні незалежнасьці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі Аргбюро ЦК РКП(б) 9 жніўня прыняло пастанову аб перайменаваньні Менскага губэрнскага камітэту КП(б)ЛіБ, захаваўшы агульную назву партыі — КП(б)ЛіБ, у Цэнтральнае Бюро КП(б)Б.

У пачатку верасьня 1920 року ЦБ КП(б)Б унесла ў ЦК РКП(б) прапанову аб ліквідацыі КП(б)ЛіБ і стварэньні ў рамках РКП(б) Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі і Кампартыі (бальшавікоў) Летувы.

8 лістапада 1920 року ЦК КП(б)Б вырашыла наступную партыйную канфэрэнцыю назваць Трэцім зьездам КП(б)Б.