Каляндар Багаі
Каляндар Багаі — каляндар, які выкарыстоўвае вера Багаі. Быў уведзены Бабам, папярэднікам Бахавулы і вядомы зараз як каляндар Бадзі альбо каляндар Багаі. Паводле гэтага календара дзень — гэта пэрыяд часу паміж двума пасьлядоўнымі заходамі сонца. У Баяне Баб зрабіў месяц Ала месяцам Посту. Ён пазначыў, што дзень Наўруза сьведчыць пра сканчэньне гэтага пэрыяду, і абвесьціў Наўруз Божым Днём. Бахавула зацьвердзіў каляндар Бадзі, у якім Наўруз пазначаны як сьвята.
Наўруз — першы дзень новага году. Ён прыпадае на веснавое роўнадзеньне ў паўночным паўшар’і, якое звычайна адбываецца 21 сакавіка. Бахавула тлумачыць, што гэтае сьвята мусіць адзначацца ў той дзень, калі сонца пераходзіць у сузор’е Аўна, нават калі гэта адбываецца ўсяго за хвіліну да заходу сонца. Такім чынам, Наўруз можа прыпасьці на 20, 21 альбо 22 сакавіка, у залежнасьці ад надыходу роўнадзеньня.
Права ўдакладняць шматлікія зь ягоных запаветаў Бахавула перадаў Сусьветнаму Дому справядлівасьці. Сярод іх — і пэўныя пытаньні, якія тычацца календара Багаі. Захавальнік Веры Багаі казаў, што для ўвядзеньня міжнароднага закону пра час сьвяткаваньня Наўруза неабходна вызначыць месца на зямной паверхні, якое б зьяўлялася эталонам для вызначэньня моманту надыходу веснавога роўнадзеньня. Ён таксама зазначыў, што выбраць такое месца даручана Сусьветнаму Дому Справядлівасьці.
Каляндар Бадзі заснаваны на сонечным годзе ў 365 дзён, 5 гадзінаў і 50 дадатковых хвілінаў. Год складаецца зь 19 месяцаў па 19 дзён кожны (такім чынам усяго — 361 дзень) з дадаваньнем чатырох (у высакосны год — пяці) дзён. Баб ня вызначыў дакладнага месца гэтых устаўных дзён у новым календары. У Кітаб-і-Агдам гэтае пытаньне разьвязваецца шляхам замацаваньня за гэтай «рэштай» дзён пастаяннага каляндарнага месца непасрэдна перад месяцам Ала, пэрыядам Посту.
Тыдзень Багаі складаецца зь сямі дзён, выходны — пятніца. Вылучаюцца таксама дзевятнаццацігадовыя цыклі, у якіх кожны год мае сваю назву. Пэрыяд у 361 год (19×19 дзён) называецца Кул-і Шай (па-арабску — «усё існае»).
Месяцы багаі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Арабская назва | Па-арабску | Пераклад | Грэгарыянскія даты |
|---|---|---|---|
| Бахā | بهاء | Пышнасьць | 21 сакавіка—8 красавіка |
| Джалāл | جلال | Слава | 9 красавіка—27 красавіка |
| Джамāл | جمال | Прыгажосьць | 28 красавіка—16 траўня |
| ‘Аз̣амат | عظمة | Вялікасьць | 17 траўня—4 чэрвеня |
| Нур | نور | Сьвятло | 5 чэрвеня—23 чэрвеня |
| Рах̣мат | رحمة | Літасьцівасьць | 24 чэрвеня—12 ліпеня |
| Калімāт | كلمات | Словы | 13 ліпеня—31 ліпеня |
| Камāл | كمال | Дасканаласьць | 1 жніўня—19 жніўня |
| Асмā’ | اسماء | Імёны | 20 жніўня—7 верасьня |
| ‘Ізат | عزة | Моц | 8 верасьня—26 верасьня |
| Машыйят | مشية | Воля | 27 верасьня—15 кастрычніка |
| ‘Ільм | علم | Веды | 16 кастрычніка—3 лістапада |
| К̣удрат | قدرة | Магутнасьць | 4 лістапада—22 лістапада |
| К̣аул | قول | Мова | 23 лістапада—11 сьнежня |
| Масā’іль | مسائل | Пытаньні | 12 сьнежня—30 сьнежня |
| Шараф | شرف | Гонар | 31 сьнежня—18 студзеня |
| Султ̣ан | سلطان | Валадарства | 19 студзеня—6 лютага |
| Мульк | ملك | Панаваньне | 7 лютага—25 лютага |
| Аййāм-і Хā' | ايام الهاء | Устаўныя дні | 26 лютага—1 сакавіка |
| ‘Алā’ | علاء | Узвышанасьць | 2 сакавіка—20 сакавіка (месяц Посту) |
Сьвятыя Дні Багаі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Імя | Грэгарыянскія даты | Праца прыпыняецца |
|---|---|---|
| Наў-Руз (Новы год Багаі) | 21 сакавіка | Так |
| Першы дзень Рыд̣вāна | 21 красавіка | Так |
| Дзявяты дзень Рыд̣вāна | 29 красавіка | Так |
| Дванаццаты дзень Рыд̣вāна | 2 траўня | Так |
| Апавяшчэньне Баба | 23 траўня | Так |
| Узьнясеньне Бахавулы | 29 траўня | Так |
| Пакутніцкая сьмерць Баба | 9 ліпеня | Так |
| Дзень народзінаў Баба | 20 кастрычніка | Так |
| Дзень народзінаў Бахавулы | 12 лістапада | Так |
| Дзень Запавету | 26 лістапада | Не |
| Узьнясеньне Абдул-Баха | 28 лістапада | Не |
Тыдзень Багаі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Арабская назва | Па-арабску | Пераклад | Дзень тыдня |
|---|---|---|---|
| Джалāль | جلال | Слава | субота |
| Джамāль | جمال | Прыгажосьць | нядзеля |
| Камāль | كمال | Дасканаласьць | панядзелак |
| Фід̣āль | فضال | Ласка | аўторак |
| ‘Ідāль | عدال | Справядлівасьць | серада |
| Істыджлāль | استجلال | Вялікасьць | чацьвер |
| Істык̣лāль | استقلال | Незалежнасьць | пятніца |
Вāх̣ід і Кул-і Шай’
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У календары Багаі таксама існуюць 19-гадовыя цыклі, якія называюцца «Вāх̣ід», і 361-гадовыя (19×19) цыклі, якія называюцца Кул-і Шай’ (літаральна — «усё існае»). Дзявяты Вāх̣ід першага Кул-і Шай’ пачаўся ў 1996 годзе. Другі Кул-і Шай’ пачнецца 21 сакавіка 2205 году. Годазьлічэньне вядзецца ад 1844 году.
Назвы гадоў у Вāх̣ідах:
| № | Арабская назва | Па-арабску | Пераклад |
|---|---|---|---|
| 1 | Аліф | أﻟﻒ | А |
| 2 | Бā’ | باء | Б |
| 3 | Аб | أب | Бацька |
| 4 | Дāль | دﺍﻝ | Д |
| 5 | Бāб | باب | Вароты |
| 6 | Вāв | وﺍو | В |
| 7 | Абад | أبد | Вечнасьць |
| 8 | Джāд | جاد | Шчодрасьць |
| 9 | Бахā' | بهاء | Пышнасьць |
| 10 | Х̣уб | حب | Любоў |
| 11 | Багāдж | بهاج | Цудоўны |
| 12 | Джавāб | جواب | Адказ |
| 13 | Ах̣ад | احد | Адзіны |
| 14 | Вагāб | وﻫﺎب | Багацьце |
| 15 | Відāд | وداد | Зьвязанасьць |
| 16 | Бады‘ | بديء | Пачатак |
| 17 | Бахі | بهي | Прамяністы |
| 18 | Абхā | ابهى | Найпрамяністы |
| 19 | Вāх̣ід | واحد | Адзінства |
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |