Зюзя
Зю́́зя (Маро́з, Ледзяны́ Дзед) — бог зімы ў беларускай міталёгіі. Паходзіць ад дзеяслова «зюзець» — мерзнуць, калець ад марозу. Зьяўляецца ўвасабленьнем зімовае сьцюжы, а таксама каляндарнага пэрыяду ад Калядаў да веснавога раўнадзеньня[1]. Пэрсанаж блізкі да Дзеда Мароза, Санта-Кляўса.
Этымалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэмантыка імя Зюзі зьвязаная з такімі беларускімі словамі, як «зюзець» (мерзнуць, калець ад марозу), «азызнуць» (азглець, зьмерзнуць на марозе). Імаверна, этымалягічна імя гэтае стасуецца са словамі бел. Жыж, Жыжа, Жыжаль і лет. žiužė — агонь, у аснове сэмантыкі якіх — сема «быць пякучым», бел. «жыжкі» (пякучы)[2].
Па-палеску «зюзя» азначае холад, мароз.
Уяўленьні беларусаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле паданьняў Зюзя ўяўляецца як дзед нізкага росту, зь белымі валасамі ды доўгай сівой барадой. Жыве ў лесе, ходзіць басанож, без капелюшу, у белым кажуху. У руцэ трымае жалезную булаву. Брат Перуна і Чарнабога[3]. Верылі, што большую частку зімы Зюзя праводзіць у лесе, але часам наведвае і вёскі, прыносячы туды моцную сьцюжу. Раззлаваўшыся, Зюзя б’е булавой па пні, спрычыняючы траскучыя маразы[2].
Пад Новы год беларусы варылі для Зюзі куцьцю, каб задобрыць.
Зюзя мае памочніка — дзядулю з чырвоным ці сінім носам, Мароза (Дзед Мароз, Ледзяны Дзед)[4].
Прымаўкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Зюзя ў хаце, а тут ужо ні снапа на палаце…»
- «Зюзя на дварэ — куцьця на стале»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сяргей Санько. Некаторыя падставовыя прасторавыя й часавыя структуры традыцыйнай беларускай касмалёгіі. Тэмпаральныя структуры. // Kryŭja: Crivica. Baltica. Indogermanica. 1998. № 1
- ^ а б Беларуская міфалогія: Энцыклап. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Менск: Беларусь, 2004. C. 198
- ^ Глебік Н.Е. Рэферат па гісторыі Беларусі на тэму: «Рэлігія ўсходніх славян. Увядзенне хрысціянства». 5ka.su. Праверана 27 сьнежня 2009 г.
- ^ Алесь Шамак, Юля Шамак. Ярила, Девоя и Перелет-трава // «Нёман», 3-2001
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская міфалогія: Энцыклап. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Менск: Беларусь, 2004.— 592 с.: іл. ISBN 985-01-0473-2.
- Зюзя // Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданьне. — Мн. : БелЭн, 1994. — 109 с. ISBN 5-85700-162-5.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зюзя (Зюзик) (рас.). Энциклопедия вымышленных существ. Праверана 27 сьнежня 2009 г.