Жыве Беларусь!

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам (імя ўдзельніка выдаленае) у 11:12, 8 верасьня 2011. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.

Жыве Беларусь! — патрыятычны заклік-дэвіз, скіраваны на абуджэньне нацыянальна-грамадзянскіх пачуцьцяў, кансалідацыю народу Беларусі ў абарону свабоды, незалежнасьці сваёй краіны, роднай мовы, усёй нацыянальнай культуры[1].

Гісторыя

Бярэ вытокі ад паўстанцкага руху 1863—1864, дзейнасьці яго кіраўніка К. Каліноўскага, нелегальнага паролю віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі: «Люблю Беларусь. — Так узаемна»[1]. Канчатковую ідэйна-мастацкую ляпідарную завершанасьць набывае ў вершы Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь» (19051907), вар’іруецца і замацоўваецца ў паэтычных і публіцыстычных творах многіх іншых пісьменьнікаў-нашаніўцаў, ідэолягаў нацыянальнага руху[1].

У рэдакцыйнай нататцы «Нашай Нівы» (1911, № 9—10) зазначалася:

« Расьце беларускі нацыянальны рух, будзяцца да новага, уласнага жыцьця забытыя ўсімі ўбогія беларускія вёскі; будзяцца і пачынаюць пазнаваць свае нацыянальнае імя нашы мястэчкі і месты. Будзіцца аграмадны крывіцкі абшар родных гоняў, лугоў і лясоў, і ў песьнях народных песьняроў грымне, што «жыве Беларусь! »

Гэты ж заклік-дэвіз у мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе — «Няхай жыве вольная Беларусь!» — прагучаў на Ўсебеларускім зьезьдзе 1917, атрымаў пашырэньне ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларускай Народнай Рэспублікі, потым, у саветызаванай форме, у БССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.)[2][1].

Менавіта «Жыве Беларусь!» упершыню загучала як палітычны нацыянальны заклік у 1918 (выступленьне А. Баліцкага ў Кіеўскім унівэрсытэце, што А. Баліцкаму ставіў у віну С. Вальфсон — «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі», 1931, С. 45), кліч ужываўся на сходах студэнтаў у 1920-х у Празе, пазьней на грамадзкіх сходах у Парыжы, Вільні[3].

Па Другой Сусьветнай вайне зрабіўся прыкметным, неад’емным элемэнтам палітычнага і духоўнага жыцьця беларускай эміграцыі. Пад назовам «Жыве Беларусь» выходзілі часапісы, а пазьней так зваўся пэрыёдык Беларускага вызвольнага руху (19571962, АнгельшчынаЗША), бюлетэнь БЦР (19761986, НямеччынаЗША). Спрыяла пашырэньню клічу «Жыве Беларусь!» у Заходняй Эўропе дзейнасьць тэатральнае беларускае трупы такога ж назову. Гэтая трупа езьдзіла па Нямеччыне ў 19441948 і сотні разоў выступала як для беларусаў, гэтак і для небеларусаў. Кліч «Жыве Беларусь!» зрабіўся стандартным для беларускіх скаўтаў пры абавязковым характары афіцыйнага скаўцкага клічу «Напагатове!». Арганізацыі моладзі, студэнцкія й грамадзкія суполкі выдалі дзясяткі жэтонаў, плякатаў, паштовак з надпісамі «Жыве Беларусь». Арганізацыя беларуска-амэрыканскае моладзі аздобіла летнія саколкі з надпісам «Жыве Беларусь»[3].

На Беларусі аднаўленне, грамадзкая легітымнасьць гэтага выразу абумовілася разьвіцьцём руху Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», іншых грамадзкіх арганізацыяў[1].

Пад дэвізам «Жыве Беларусь!» выходзіць «Народная газета» — афіцыйнае друкаванае выданьне парлямэнту Беларусі.

Цікавыя факты

  • У некаторых афіцыйных пратаколах Рэспублікі Беларусь заклік «Жыве Беларусь» фігуруе пад азначэньнем «антыдзяржаўны лёзунг»[4].

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ а б в г д Аляксей Каўка. Жыве Беларусь! // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 377.
  2. ^ Виктор Корбут. Жыве Беларусь! // «Советская Белоруссия» № 126 (22781), 11 ліпеня 2007.
  3. ^ а б Вітаўт Кіпель. Жыве Беларусь! // «Наша Ніва» № 8 (270), 22 лютага 2002.
  4. ^ Турэмны дзёньнік Артура Раманчука — пляменьніка былога кандыдата ў прэзыдэнты Гарадзеншчына. Радыё «Свабода» (24 сьнежня 2010). — ...выкрыкваў антыдзяржаўныя лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Сыходзь!». Праверана 28 сьнежня 2010 г.