Перайсьці да зьместу

Дэвальвацыя беларускага рубля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Дэвальвацыя ў Беларусі»)

Дэвальва́цыя белару́скага рубля́ — аднамомантавыя паніжэньні абменнага курсу нацыянальнае валюты ў 1999, 2009, 2011 і 2014/2015 гадох.

У 1999 годзе курс беларускага рубля быў зьніжаны на 37% адносна даляру ЗША[1]. Паводле зьвестак Сусьветнага банку, дэвальвацыя 1999 году ў Беларусі была найбольш значнай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты ў сьвеце ў 1999 годзе і адной з набуйнейшых дэвальвацыяў за пэрыяд 1990—2010 гадоў: нароўні з Інданэзіяй (37%, 1998) пасьля Аргентыны (54%, 2002), Этыёпіі (54%, 1992) і Расеі (38%, 1998)[2][3].

1 студзеня 2009 году Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь аднамомантава зьнізіў курс беларускага рубля на 20,5% адносна даляру ЗША. Адначасна з гэтым Нацбанк перайшоў да прывязкі курсу рубля да кошыку валют, у склад якое ўлучаныя даляр, эўра і расейскі рубель у роўных долях[4].

Вонкавыя відэафайлы
Пётар Пракаповіч. «Ніякай разовай аднамомантавай дэвальвацыі ніколі ня будзе»

У пачатку 2011 году кіраўнік Нацбанку Пётар Пракаповіч неаднаразова заяўляў пра тое, што дэвальвацыі ў Беларусі не плянуецца, курс беларускага рубля ў адносінах да кошыку валют утрымаецца ў васьміадсоткавым калідоры[5], а паказьнікі, зацьверджаныя ў Асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі, ня будуць парушацца.

« Пакуль я зьяўляюся старшынём праўленьня Нацбанку, ніякай разавай дэвальвацыі за адзін раз ніколі ня будзе. У нас дастаткова досьведу, які мы назапасілі за 15 гадоў, і гэты досьвед сьведчыць аб тым, што гэта дрэннае рашэньне для беларусаў. Калі дрэннае рашэньне, мы яго выконваць ня будзем. <…> Нават дэвальвацыі ў 5% у нас ніколі ня будзе. »

Telegraf.byПракаповіч: нават дэвальвацыі ў 5% у Беларусі ніколі ня будзе, 17 сакавіка 2011

23 траўня 2011 году Нацыянальны банк аднамомантава зьнізіў курс беларускага рубля на 56,2% адносна даляру ЗША да ўзроўню 4930 рублей за 1 даляр[6], пачынаючы з наступнага дню. Паводле зьвестак Сусьветнага банку, такое паніжэньне курсу стала сусьветным рэкордам па дэвальвацыі нацыянальнае валюты за 20-гадовую сусьветную гісторыю, апярэдзіўшы этыёпскую дэвальвацыю 1992 году і аргентынскую 2002 году[3].

Адначасна з 24 траўня цэнтральнае значэньне рублёвага кошту кошыка валют было ўсталяванае на адзнацы 1810 рублёў, і Нацбанк пачаў адлік 12-ціадсоткавага калідору ад гэтага значэньня[7].

У 2014 року ў сувязі з крызісам у суседняй Расеі(ru) і абвалам курсу расейскага рубля (калі на пачатак 2014 року курс даляра ЗША складаў 32,66, а эўра — 45,06 рас. рублёў[8][9], дык 16 сьнежня даляр дасягаў 80,1 а эўра — 100,74 рублёў, хоць у другой палове дня стабілізаваўся на адзнацы 67,89 і 85,15 рублёў адпаведна[10]) падвысіліся дэвальвацыйныя чаканьні і ў Беларусі[11][12], эканоміка якой моцна завязаная на экспарт у Расею[13]. Да таго ж на пачатку году ўласную валюту дэвальваваў яшчэ адзін партнэр Беларусі па Мытным зьвязеКазахстан[14]. Незалежныя экспэрты пасьля гэтага пачалі прагназаваць дэвальвацыю і беларускай валюты, хоць і разыходзіліся ў думках наконт яе ступені[14]. Афіцыйныя ж улады заяўлялі, што падзеньне курсу расейскай ды казахстанскай валютаў ніякім чынам не адаб’ецца на беларускім рублі. Так, намесьнік кіраўніка Нацбанку Тарас Надольны паведаміў, што ніякіх адыходжаньняў ад закладзенага ў бюджэт сярэдняга курсу даляра 9800 рублёў не плянуецца[15]; Аляксандар Лукашэнка да канца году прадказваў плаўную дэвальвацыю 5-6%[16]; міністра эканомікі Мікалай Снапкоў адзначаў, што дзеля беларускіх прадпрыемстваў дэвальвацыі праводзіць не плянуецца, і яна можа быць адмоўнай для ўнутранага рынку[17]. Яшчэ 18 сьнежня Лукашэнка пацьвердзіў, што дэвальвацыі беларускага рубля ўвасьлед за расейскім ня будзе[18].

19 сьнежня пасьля дакладу на сумесным паседжаньні Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу намесьнік прэм’ер-міністра Пётар Пракаповіч, адказваючы на пытаньні журналістаў, заўважыў, што «дэвальвацыі ня будзе, хоць гэта і не ад яго залежыць»[19], а беларускім імпартэрам «будуць кампэнсаваныя страты ад дэвальвацыі»[20]. У той жа дзень Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў абавязковы 30%-вы збор за набыцьцё валюты юрыдычнымі і фізычнымі асобамі[21], які першапачаткова меў дзейнічаць да 1 лютага[22], аднак паступова быў зьменшаны сьпярша да 20%[23], пасьля да 10%[24], а 8 студзеня 2015 быў скасаваны канчаткова[25]. Экспэрты назвалі такі крок «схаванай дэвальвацыяй»[22][26], што пацьвердзілася пасьля скасаваньня збору за набыцьцё валюты. Так, калі 19 сьнежня 2014 року афіцыйны курс даляру складаў 10 890 руб., а эўра — 13 390 руб.[27], дык 9 студзеня (наступны дзень па скасаваньні збору) даляр каштаваў 13 760 рублёў, а эўра — 16 240 руб.[28] (то бок адносна даляру рубель абясцэніўся на 26,35%, адносна эўра — на 21,28%). Пасьля гэтага курс рубля працягнуў падзеньне і на 18 лютага 2015 склаў 14 910 руб./даляр ЗША і 16 930 руб./эўра[29] (36,91% і 26,43% адпаведна). Самалёты з валютай[30] так і не даляцелі.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Дэвальвацыя ў Беларусі б'е сусьветныя рэкорды // Telegraf.by, 24 траўня 2011 г. Праверана 23 красавіка 2014 г.
  2. ^ Daniel Lederman. Large Devaluations, Foreign Direct. Investment and Exports // The World Bank, сакавік 2011
  3. ^ а б Агенцтва фінансавых навінаў. Беларусь пабіла сусьветны рэкорд па дэвальвацыі // Наша Ніва, 24 траўня 2011 г. Праверана 23 красавіка 2014 г.
  4. ^ Нацбанк повысил курс доллара на 20,5%
  5. ^ Выбор Прокоповича: девальвация или дефолт(недаступная спасылка) // Хартыя-97 (23 лютага 2011)
  6. ^ Нацбанк Белоруссии сохраняет границы колебаний курса белорусского рубля к корзине инвалют в рамках плюс/минус 12%(недаступная спасылка) // РБК 23.05.2011
  7. ^ Об установлении обменных курсов белорусского рубля (рас.) Прэс-рэлізы. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (23 траўня 2011). Праверана 21 чэрвеня 2011 г.
  8. ^ Динамика валютных курсов ЦБ РФ в 2014 г. Досье (рас.) Биографии и справки. ТАСС (16 верасьня 2014). Праверана 18 лютага 2015 г.
  9. ^ Анастасия Алексеевских. (16 сьнежня 2014) Обменники начали закупать пятизначные табло валют (рас.) Экономика. ИзвестияПраверана 18 лютага 2015 г.
  10. ^ Артём Сизов. (16 сьнежня 2014) Россия входит в кризис (рас.) Отдел бизнеса. Газета.Ру. Праверана 18 лютага 2015 г.
  11. ^ Тамара Савіч. (3 сакавіка 2014) Эканаміст: З-за Ўкраіны беларускі рубель можа паскорыць падзеньне Канфлікт у Крыме. ЭўрарадыёПраверана 18 лютага 2015 г.
  12. ^ Тацяна Лісічэнка. (11 верасьня 2014) Людзі ня вераць у беларускі рубель Фінансы. Новы часПраверана 18 лютага 2015 г.
  13. ^ Патрэбная дэвальвацыя, — экспарцёры Эканоміка. Радыё «Свабода» (13 сьнежня 2014). Праверана 18 лютага 2015 г.
  14. ^ а б Зьміцер Лукашук. (12 лютага 2014) На колькі казаскі тэнге дэвальвуе беларускі рубель? Дэвальвацыя ў Беларусі. ЭўрарадыёПраверана 18 лютага 2015 г.
  15. ^ Зьміцер Лукашук. (2 красавіка 2014) Нацбанк: У бюджэце сярэдні курс долара 9800 і ніякіх зменаў мы не бачым Дэвальвацыя ў Беларусі. ЭўрарадыёПраверана 18 лютага 2015 г.
  16. ^ Лукашэнка расказаў, якой будзе дэвальвацыя ў Беларусі Дэвальвацыя ў Беларусі. Эўрарадыё (22 красавіка 2014). Праверана 18 лютага 2015 г.
  17. ^ Міністр эканомікі Снапкоў: Дэвальвацыя не карысная для нацвалюты Дэвальвацыя ў Беларусі. Эўрарадыё (17 лістапада 2014). Праверана 18 лютага 2015 г.
  18. ^ Лукашэнка: Беларусь не будзе дэвальваваць нацыянальную валюту Дэвальвацыя ў Беларусі. Эўрарадыё (18 сьнежня 2014). Праверана 18 лютага 2015 г.
  19. ^ Сяргей Каралевіч, БелаПАН. (19 сьнежня 2014) Пракаповіч: Дэвальвацыі не будзе, калі вы мне верыце. Наша НіваПраверана 18 лютага 2015 г.
  20. ^ Зьміцер Лукашук. (19 сьнежня 2014) Пётр Пракаповіч: У дэвальвацыі няма неабходнасці Дэвальвацыя ў Беларусі. ЭўрарадыёПраверана 18 лютага 2015 г.
  21. ^ Прэс-рэліз. Аб рашэньнях Урада і Нацыянальнага банка па недапушчэньні разьвіцьця нэгатыўных тэндэнцый на фінансавым рынку // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 19 сьнежня 2014 г. Праверана 18 лютага 2015 г.
  22. ^ а б Зьміцер Уласаў, БелаПАН. (7 студзеня 2015) Падатак на куплю валюты адмяняецца з 8 студзеня Эканоміка. Наша НіваПраверана 18 лютага 2015 г.
  23. ^ БелаПАН. (29 сьнежня 2014) Камісійны збор на набыцьцё валюты зьнізілі да 20% Навіны. БелсатПраверана 18 лютага 2015 г.
  24. ^ У Беларусі зьнізілі валютны падатак да 10%. Польскае радыё (5 студзеня 2015). Праверана 18 лютага 2015 г.
  25. ^ Віталь Ругайн. (9 студзеня 2015) Долар па 20 тысяч і збор 30% пры пакупцы еўра за долары Курсы валют. ЭўрарадыёПраверана 18 лютага 2015 г.
  26. ^ Ільля Маліноўскі. (19 сьнежня 2014) Расшыфроўка пастановы Нацбанка пра 30%-ны збор простай мовай Дэвальвацыя ў Беларусі. ЭўрарадыёПраверана 18 лютага 2015 г.
  27. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь штодзённа, на 19.12.2014 Курсы валют. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (19 сьнежня 2014). Праверана 18 лютага 2015 г.
  28. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь штодзённа, на 09.01.2015 Курсы валют. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (9 студзеня 2015). Праверана 18 лютага 2015 г.
  29. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь штодзённа, на 18.02.2015 Курсы валют. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (18 лютага 2015). Праверана 18 лютага 2015 г.
  30. ^ Нацбанк: у Беларусь ляцяць самалёты з валютай Дэвальвацыя ў Беларусі. Эўрарадыё (19 сьнежня 2014). Праверана 18 лютага 2015 г.