Дзіванна
Дзіванна | |
Звычайная дзіванна (штат Нэвада, ЗША) | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Расьліны |
Група | Судзінкавыя расьліны |
Аддзел | Кветкавыя расьліны |
Кляса | Двухдольныя |
Атрад | Ясноткакветныя |
Сямейства | Залозьнікавыя |
Бінамінальная намэнклятура | |
Verbascum Карл Лінэй | |
Дзіва́нна — род травяністых расьлінаў сямейства залозьнікавых.
Пераважна густаапушаныя з высокім і прамастойным сьцяблом ды суцэльным лісьцем. Кветкі адзінкавыя або па 2—10 у гронкападобным або мяцёлчатым суквецьці. Плод — каробачка. Існуюць 1-, 2- і шматгадовыя віды. Вядома каля 350 відаў, пашыраных пераважна ў Міжземнамор'і. Сустракаюцца дэкаратыўныя, фарбавальныя і лекавыя віды, якія выкарыстоўваюць у якасьці адхарквальнага і зьмякчальнага, ранагаючага і слабільнага, супрацьгліснага і супрацьзапаленчага сродка. У Беларусі налічвалася 7 дзікарослых відаў. У 1970-я гады Цэнтральны батанічны сад Акадэміі навук БССР увёў яшчэ адзін лекавы від. У чэрвені—ліпені для грудной гарбаты зьбіраюць кветкі і лісьце, а позна ўвосень — карані[1].
У якасьці пустазельля і зьдзічэлай расьліны сустракаецца ў Амэрыцы. Расьце ў сухіх пяшчаных сонечных месцах і сьветлых лясах. Лісьце чаргаванае і папарна зьбліжанае, цэльнае і рэдка перыстаразьдзельнае. Кветкі зь 5 пялёсткамі і звычайна жоўтыя, радзей фіялетавыя. Таксама кветкі бываюць адзіночныя, у гронках і каласах або ў складаных гронка- і коласападобных ды мяцёлчатых суквецьцях[2].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольшае пашырэньне ў Беларусі мелі 3 віды дзіванны. Таксама зрэдку трапляліся густакветная, лекавая і тараканавая дзіванна.
- Звычайная дзіванна (мядзьведжае вуха). Мае народныя назвы каўтунічнік і касмак. Расьце на лясных палянах і схілах ды ў пясчаных мясьцінах, а таксама ў хмызьняку. Таксама яе вырошчваў Цэнтральны батанічны сад Акадэміі навук Беларусі. Квітнее ў чэрвені—верасьні. Двухгадовік вышынёй 50—150 см з моцным сьцяблом, укрытым попельна-белым лямцавым апушэньнем. Падоўжана-эліпсоіднае лісьце сыходзіць крыламі па сьцябле. Сьветла-жоўтыя кветкі ў густой коласападобнай гронцы. Вядомая ў якасьці лекавай расьліны зь Сярэднявечча. Выкарыстоўваецца ў народнай мэдыцыне.
- Чорная дзіванна. Мае народную назву царская сьвечка. Расьце на лугах і сярод хмызьнякоў. Квітнее ў чэрвені—жніўні. Шматгоднік вышынёй 25—100 см зь верацёнападобным коранем і чырвона-бурым уверсе рабрыстым сьцяблом. Лісьце чаргаванае двойчыгародчастае. Зьверху — голае, а зьнізу — тонкалямцавае. Ніжняе і сярэдняе — яйцападобнае з круглаватай асновай, на доўгіх чарапках. Па 2—4 кветкі ў пазухах лінейных сукветкаў утвараюць гронку.
- Мучністая дзіванна. Расьце на палях, лугах і каля дарог. Квітнее ў чэрвені—жніўні. Друхгадовік вышынёй 50 см. Сьцябло ўверсе востраграннае. Буйное лісьце зьнізу зялёнае, а ўверсе шараваталямцавае. Ніжняе — падоўжана-эліпсоіднае, мае звужаны чаранок. Верхняе — яйцападобнае, сядзячае. Кветкі жоўтыя і малочныя, па 3—7 у пазухах прыкветнікаў сабраныя ў гронкі, якія на верхавінцы сьцябла ўтвараюць пірамідную мяцёлку.
- Джунгарская дзіванна. Прывезеная з Каўказу. Двухгадовік вышынёй 150 см, укрыты попельна-шэрым лямцавым апушэньнем. Прыкаранёвае і верхняе лісьце паўдоўжана-лянцэтнае, гародчатае, сэрцападобна-яйцападобнае. Па 2—7 кветак у галінках кожнай мяцёлцы. Каробачка шырокаэліпсоідная або адваротнаяйцападобная. Квітнее на 2-і год у ліпені—жніўні. Пладаносіць у жніўні—верасьні. Размнажаецца насеньнем[1].
Выкарыстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адвар з кветак дзіванны выкарыстоўваюць у якасьці народных лекаў ад кашлю, астмы і іншых хваробаў органаў дыханьня, а таксама ад хваробаў страўніка, апёку і іншых пашкоджаньняў скуры. Таксама адварам дзіванны мыюць валасы для асьвятленьня і наданьня бляску. Урэшце адвар дзіванны быў адным з найбольш пашыраных напояў у Беларусі да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя, калі распаўсюдзілася чайная гарбата. Кветкі дзіванны зьмяшчаюць этэрны алей зь мядовым водарам, таму ў адвар дадаюць мёд. Падчас прыгатаваньня адвар кветак працэджваюць празь некалькі слаёў марлі, каб выдаліць валаскі, якія раздражняюць стрававод і страўнік. Для адвару бяруць сталовую лыжку высушаных кветак. Пасьля заліцьця кіпнем адстойваюць паўгадзіны. Таксама з кветак дзіванны і цукру робяць настой, які пакідаюць на некалькі дзён у слоіку[3].
У культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У старажытнагрэцкім паданьні Адысэй ратаваўся ад чараў Цырцэі спаленьнем сьцёблаў дзіванны. У Літве здавён ад дзіванны запальваюць пахавальныя сьвечкі. У Старажытнасьці лічылася, што расьліна адпужвае злых духаў, бо яе пазьбягаюць жывёлы праз тое, што валаскі яе кветак раздражняюць стрававод і страўнік. Даўней са сьцёблаў дзіванны выраблялі паходні, вымачаныя воскам або лоем. Існуе прыказка: «Дзе расьце дзіванна — без пасагу панна», бо расьліна расьце ў неўрадлівых месцах, такіх як камяністыя схілы, сухія лугі, узбочыны дарог і стэпы. Эліза Ажэшка, якая была аматаркай зёлак, выкарыстала ў аповесьці «Хам» зарасьнік дзіванны ў якасьці вобразу няшчасьця, бо там Павал упершыню спрабаваў абняць Франку, якая ня мела пасагу. Ігнат Ходзька ў апавяданьні «Самавар» прыводзіць просьбу панны Саламеі да бацькі: «Ах! Самавары, татуню, самавар і чай! Гэта ж паўсюль п'юць гарбату зранку і ўвечары нават, а мы адны толькі ліпавым цьветам і дзіваннай душыцца мусім. Тата, далібог мусіш купіць самавар»[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Соф’я Дзьмітрыева, Галіна Пашына. Дзіванна // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 2. Гатня — Катынь. — С. 176—177. — 522 с. — 10 000 ас.
- ^ Генадзь Вынаеў. Дзіванна // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 111. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
- ^ а б Кухмістар Верашчака. «Дзе расьце дзіванна — без пасагу панна» // Ігуменскі тракт : газэта. — 11 лютага 2014. — № 4 (62).
Гэта — накід артыкула пра батаніцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |