Перайсьці да зьместу

Гісторыя Чэрыкава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Чэрыкаўмагдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мескі герб з Пагоняй, 1862 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Чэрыкаў датуецца 1460 годам[1]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў ён увайшоў у склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1578 годзе мястэчка стала цэнтрам староства Магілёўскай эканоміі.

У пачатку XVII стагодзьдзя Чэрыкаў атрымаў статус места[2]. У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбурскае права[2] і герб: «у блакітным полі срэбны мур з трыма вежамі, у цэнтральнай — брама з збройным рыцарам зь дзідай у руцэ»[3].

У кастрычніку 1648 году казакі на чале з Крывашапкай занялі Чэрыкаў, адкуль рабілі набегі на шляхецкія маёнткі Амсьціслаўскага ваяводзтва. Неўзабаве казакоў разьбіў аддзел полацкай шляхты на чале з князем Лукомскім. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) места спустошылі маскоўскія захопнікі[2]. У 1678 годзе Чэрыкаў стаў цэнтрам воласьці (павету) Амсьціслаўскага ваяводзтва[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Праект пераплянаваньня, 1839 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Чэрыкаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1773 годзе Чэрыкаў зноў атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету Амсьціслаўскай правінцыі (у 1796—1802 гадох — Беларускай, пазьней — Магілёўскай губэрні). У 1781 годзе расейскія ўлады даравалі яму новы герб. На 1787 год у месьце было 300 дамоў, дзейнічалі 2 царквы, працавала школа. У 1789 годзе адкрылася 2-клясная вучэльня. У канцы XVIII ст. праз Чэрыкаў прайшоў тракт МагілёўЧавусыКрычаўАмсьціслаў, у ХІХ стагодзьдзі — Маскоўска-Варшаўская шаша. У гэты час на Сажы існавалі тры прыстані; праводзіліся конныя кірмашы, працаваў цукровы завод. На 1811 год у месьце было 364 двары, на 1839 год працавалі 2 плісавыя, 1 палатняная, 1 гарбарная, 1 паташная і 2 медзеплавільныя мануфактуры. У пачатку 1840-х гадоў — 380 драўляных і 2 мураваныя будынкі, працавалі 39 крамаў, на 1848 год — 407 дымоў.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) Я. Жукоўскі сфармаваў у Чэрыкаве паўстанцкі аддзел, які пазьней злучыўся з Горацкім аддзелам Л. Зьвяждоўскага. На 1865 год у месьце было 15 мураваных (астрог, 2 адміністрацыйныя будынкі, паштовая станцыя, застаўны шашэйны дом, 9 крамаў і 2 жылыя дамы) і 566 драўляных будынкаў (царква, касьцёл, 4 малітоўныя школы, 54 крамы, мескі млын, 505 жылых дамоў). Плян складаўся з 4 пляцаў, 12 вуліцаў, 13 завулкаў, частка зь якіх была брукаванай. На 1880 год у Чэрыкаве было 564 будынкі. У 1904 годзе ў месьце працавалі 23 дробныя прадпрыемствы, 162 рамесьнікі, лякарня на 20 ложкаў. У 1913 годзе працавалі вінны завод, лесапільна-мукамольны завод, млыны.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чэрыкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Беліцкай воласьці Чэрыкаўскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[4]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Чэрыкаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Чэрыкаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну Калінінскай, у 1927—1930 гадох Магілёўскай акругі, з 1938 году — у Магілёўскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 17 ліпеня 1941 да 1 кастрычніка 1943 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1959—1962 і 1965—1966 гадох Чэрыкаў уваходзіў у склад Крычаўскага раёну, у 1962—1965 гадох — у склад Краснапольскага раёну. У 2002 годзе афіцыйна зацьвердзілі гістарычны мескі герб[5].