Гісторыя ЛГБТ у Польшчы
Ад самага свайго пачатку польская дзяржава ніколі — за выключэньнем пэрыядаў акупацыі — ня ня мела законаў, якія выразна дыскрымінавалі ЛГБТ-людзей. Гомасэксуальнасьць і гендэрная ненарматыўнасьць былі табуяванымі тэмамі на працягу амаль усёй гісторыі Польшчы, што, разам з адсутнасьцю кадыфікаванай дыскрымінацыі тлумачыць брак гістарычных крыніцаў, датычных гэтае тэмы. Гомасэксуальнасьць у Польшчы была дэкрыміналізаваная ў 1932 г.
Раньняя гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З-за недахопу гістарычных крыніцаў і касьцёльнай цэнзуры цягам стагодзьдзяў рэканструяваць славянскія рэлігіі, звычаі і традыцыі ў дачыненьні да ЛГБТ складана.[1]
У многіх, калі не ва ўсіх славянскіх краінах, якія прынялі хрысьціянства, быў вядомы звычай складаньня асьвячаных Царквой шлюбаў паміж двума людзьмі аднаго полу, звычайна мужчынамі. Яны вядомыя пад назвамі адальфопоэзыс у грэцкай (па-грэцку: ἀδελφοποίησις); братотвореніе і побратімство — у славянскіх мовах — цырымонія “братаньня” або “братастварэньня”. Дакладны характар гэтых адносінаў застаецца прадметам дэбатаў. Некаторыя гісторыкі трактуюць іх як, па-сутнасьці, аднаполыя шлюбы паміж мужчынамі. Такія абрады сустракаюцца ў гісторыі Рыма-каталіцкай Царквы да XIX стаг.,[2] а ва ўсходняй Праваслаўнай Царкве — да пачатку ХХ стаг.[3][4][5] У польскіх крыніцах шлюбы братаньня сустракаюцца ў праваслаўных малітоўніках з рэгіёнаў Холма і Пшэмысьля аж да 18 стаг.[6]
Шлюб караля Баляслава V Сарамлівага ніколі ня быў кансумаваны. Некаторыя гісторыкі бачаць у гэтым знак яго гомасэксуальнасьці.[7]
Цягам стагодзьдзяў абвінавачаньне ў гомасэксуальнасьці — бяз розьніцы, ці мела яна месца, ці не — ужывалася супраць ідэйных або палітычных ворагаў і для зьняважаньня памерлых знакавых асобаў. Сярэднявечны гісторык Ян Длугаш абвінавачваў Баляслава Сьмелага ў "садоміі". Ён таксама тлумачыў паразу і сьмерць Уладыслава III, адзінага караля-крыжаносца, не кананізаванага пасьля бітвы пад Варнай, фактам таго, што перад гэтай вырашальнай бітвай кароль спаў у адным ложку з мужчынай.[8]
Згодна з Магдэбурскім правам, якім кіраваліся многія гарады, пакараньнем за парушэньне шостага прыказаньня ("ня ўчыняй распусты") прызначалася сьмерць. На практыцы, аднак, судзьдзі каралі за гэтую правіну турмой, штрафам альбо слупом сораму.[9] Стаўленьне масаў да пазашлюбнага сэксу было збольшага мяккім у сярэднявеччы.[10] Адзіным вядомым сьмяротным прысудам за "грахі супраць прыроды" быў выпадак Войцэха з Познані 1561 г. Ён апранаўся ў жаночую вопратку і навакольныя ўспрымалі яго за кабету. Як жанчына, ён пабраўся шлюбам з двума мужчынамі, Сэбастыянам Сладоўнікам у Познані і Ваўжынцам Влошакам у Кракаве. Прысуд да спаленьня яго на вогнішчы ўлічваў таксама іншыя правіны Войцэха: крадзяжы і зьбіцьцё першага мужа цаглінай падчас сваркі.[11] Адзіным іншым прысудам за “садомію” была справа Агнэшкі Кусьцярчанкі ў 1642 г., якая была асуджаная на публічнае зьбіцьцё і выгнаньне. Яна апраналася як мужчына і "праўдападобна заляцалася як мужчына".[12] Іншыя судовыя дакумэнты ўзгадваюць аднаполыя стасункі безь зьневажальнай лексыкі. Такія стасункі згадваюцца нэўтральна, як факты ў выпадках злачынстваў, не зьвязаных з сэксуальнасьцю, што сьведчыць пра маўклівае, без актыўнага перасьледу, стаўленьне да аднаполых стасункаў.[13]
У пэрыяд барока грамадзкасьць збольшага ігнаравала гомасэксуальнасьць. Да яе ставіліся як да зьявы, якая паходзіць з "дэгенератыўнага" Захаду і якая бытавала сярод шляхты, якая кантактавала з Захадам, і сярод псыхічна хворых.[14] Турэччына лічылася адным зь месцаў, адкуль паходзілі лезьбійскія адносіны.[15] Падарожнікі XVIII стагодзьдзя дзяліліся гэтымі вераваньнямі і хвалілі Польшчу, кантрастуючы яе з суседзямі.[16] Абвінавачваньні ў "садоміі" па-ранейшаму выкарыстоўваліся для прыніжэньня палітычных апанэнтаў, як гэта было ў выпадку з Уладыславам IV, Міхалам Карыбутам Вішнявецкім і Якубам Сабескім.[17]
Паводле летапісца Марціна Матушэвіча, князь Януш Аляксандар Сангушка з Дубна, "утрымліваў мужчын для любошчаў". Яго жонка Канстанцыя Дэнхоф вярнулася да бацькоў, "не атрымаўшы ад мужа ніякіх шлюбных доказаў, за выключэннем «добрай раніцы» на сьвітаньні і «дабраначы» — увечары". Ён ахвяраваў горад Козьмін і сямнаццаць вёсак свайму каханку Кáралю Шыдлоўскаму.[17] Сангушка меў цэлы шэраг фаварытаў, якіх ён адкрыта падтрымліваў і фінансаваў. Сангушка не баяўся таго, што яго мужчыны-каханкі не былі сакрэтам для публікі ў той самы час, калі ён займаў пазыцыю літоўскага мечніка.[17] Ежы Марцін Любамірскі меў улюбёнага маладога казака, якога ён зрабіў заможным і — набыўшы статус у Панятоўскага — тытулаваным. Любамірскі стаў прадметам газэтнага скандалу, калі ён зьявіўся апрануты ў жаночую вопратку на баль ў масках у Варшаве ў 1782 г.[8]
Пэрыяд падзелаў Рэчы Паспалітай
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Напалеонаўскі кодэкс, уведзены ў Варшаўскім герцагстве ў 1808 г., маўчаў пра гомасэксуальнасьць. Пасьля 1815 г. усе тры дзяржавы, якія валодалі польскімі тэрыторыямі, абвясьцілі гомасэксуальныя стасункі незаконнымі: у кангрэсавай Польшчы гомасэксуальнасьць была крыміналізаваная ў 1818 г., у Прусіі — у 1871 г., і ў Аўстрыі — у 1852 г.[18] У першым расейскім крымінальным кодэксе 1845 г. (па-расейску: Уложение о наказаниях уголовных и исправительных) пакараньнем за гомасэксуальныя стасункі была высылка ў Сыбір.[19]
Нягледзячы на агульны недахоп гістарычнай інфармацыі пра лезьбіянак і бісэксуальных кабетаў у гісторыі Польшчы, вядома, што Нарцыза Жміхоўская мела сувязь з дачкой заможнага магната, што пазьней натхніла яе напісаць раман «Паганка».[8] У 1907 г. іншая пісьменьніца, Марыя Каморніцкая, спаліла сукенкі і абвясьціла сваё новае мужчынскае імя — Пётр Адменец Уласт, — і працягвала апранацца па-мужчынску і пісаць пад гэтым імем.[20]
Пэрыяд Другой Польскай рэспублікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Часопіс «Wiadomości Literackie» (Літаратурныя навіны), у якім публікаваліся многія тагачасныя пісьменьнікі, часта закраналі польскія сэксуальныя і маральныя табу, напр. кантрацэпцыю, мэнструацыю і гомасэксуальнасьць. Найбольш частымі аўтарамі такіх публікацыяў былі Тадэвуш Бой-Жаленскі і Ірэна Кшывіцкая.[21] У 1935 г. Бой-Жаленскі, Вінцэнты Жымоўскі і Кшывіцкая, у ліку іншых іншых, стварылі Лігу рэформы звычаяў (па-польску: Liga Reformy Obyczajów).[18]
Дыскусіі табуяваных тэмаў былі натхнёныя рухам жаночай эмансыпацыі і збольшага абмяжоўваліся літаратурнымі коламі. Большасьць грамадзтва, якое падзяляла каталіцкі сьветапогляд, у іх ніяк ня ўдзельнічала. Тагачасныя пісьменьнікі спакваля пачалі ўключаць у свае творы тэмы геяў і аналізоўвалі псыхіку гомасэксуальных і бісэксуальных пэрсанажаў.[18] Такімі прыкладамі зьяўляюцца творы Яраслава Івашкевіча, Зофіі Налкоўскай («Romans Teresy Hennert»), Яна Парандоўскага («Król Życia», «Adam Grywałd») і опэра «Król Roger» кампазытара і гея Караля Шыманоўскага.[22]
У 1932 г. гомасэксуальнасьць у Польшчы была дэкрыміналізаваная, але і пасьля заставалася табу. У выніку, захавалася мала гістарычных матэрыялаў — паліцэйскіх пратаколаў, судовых стэнаграмаў і пад., — пра гей-субкультуру ў міжваенны пэрыяд у параўнаньні з многімі іншымі эўрапэйскімі краінамі.[18]
У 1936 г. міжнародныя СМІ паведамлялі пра выпадак 25-гадовага польскага сяржанта Ночмэна Тэнэнбаўма, які нарадзіў здаровае дзіця ў радзільным доме ў Варшаве.[23] Газэты сьцьвярджалі, што гэта была першая "[полавая] мэтамарфоза [...] настолькі поўная, што рэпрадукцыя стала магчымай". Тэнэнбаўм хутчэй за ўсё быў транс-мужчынам, якому жаночы пол быў прызначаны пры нараджэньні; ён, напэўна, прыняў сацыяльную ролю мужчыны для службы ў арміі, але захаваў рэпрадуктыўную сыстэму, што дала яму магчымасьць зацяжарыць і нарадзіць дзіцё.[24]
Другая сусьветная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас нацысцкай акупацыі Польшчы геі і бісексуалы ня былі перасьледаванымі катэгорыямі насельніцтва — у адрозьненьне ад Нямеччыны, дзе геі і бісэксуалы караліся згодна з 175-м параграфам крымінальнага кодэксу. Іх перасьледавалі і забівалі як і іншых палякаў.[18] У дзёньніках Мар’яна Панькоўскага («Z Auszwicu do Belsen») і Вяслава Келяра («Anus mundi») захаваліся сьведчаньні зьняволеных геяў падчас вайны.[18]
Польская Народная Рэспубліка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1948 г. узрост сэксуальнай згоды для ўсіх быў вызначаны 15-цю гадамі. Іншыя міжваенныя законы датычна гомасэксуальнасьці не зьмяніліся.[18] Кіроўная Камуністычная партыя актыўна цэнзуравала інфармацыю пра рэвалюцыйныя для Захаду дасьледваньні ў сфэры сэксуальных паводзінаў амэрыканца Альфрэда Кіньсі.[18] Паліцыя цікавілася закрытай, ізаляванай гей-субкультурай, каб вызначыць, ці не зьяўляецца сэксуальная арыентацыя фактарам у злачыннай дзейнасьці.[25] Лезьбіянкі і бісэксуалкі пазьбеглі такога інтарэсу паліцыі — яны заставаліся збольшага "нябачнымі" для грамадзтва.[18] Геі ў Польшчы 1980-х гадоў часта падвяргаліся рызыцы фізычнага гвалту з боку гетэрасэксуальных мужчынаў.[26]
Каталіцкая Царква, якая захоўвала значны ўплыў на жыцьцё ў Польшчы і стала адной з галоўных сілай супраціву новай сыстэме, была таксама каталізатарам няпрыняцьця гомасэксуальнасьці ў грамадзтве. Тым ня менш, Ежы Завейскі, які прадстаўляў каталікоў у парлямэнце, быў геем і жыў са сваім партнёрам Станіславам Трэнбачкевічам.[27] У 1970-я гады гей-рух у Заходняй Эўропе атрымаў значны імпульс, але ў Польшчы гей-супольнасьць была менш сацыяльна- і палітычна-актыўнай. Гей-субкультура прыжывалася збольшага ў раёнах, дзе была магчымасьць сэксуальнага круізынгу.[18]
Польскія ЛГБТ-рухі пачыналіся зь лістоў заходнім арганізацыям і рэакцыяй на ВІЧ/СНІД.[18] У 1982 г. аўстрыйская ЛГБТ-асацыяцыя HOSI Wien стварыла аддзел, Eastern Europe Information Pool (EEIP), які займаўся Ўсходняй Эўропай.[28] Ён пачаў наладжваць кантакты і аказваць дапамогу невялікім, нованароджаным ЛГБТ-групам ва Ўсходняй Эўропе. Ён таксама дапамог прыцягнуць увагу Міжнароднай асацыяцыі лезьбіянак, геяў, бісексуалаў, транс-і інтэрсэксуалаў (ILGA), дзе дамінавалі тады заходнія ЛГБТ-арганізацыі, якія нічога ня ведалі аб сытуацыі ва Ўсходняй Эўропе.[18] Анджэй Селяровіч, які супрацоўнічаў з EEIP, праводзіў у 1983-84 гг. патаемныя сустрэчы польскіх ЛГБТ людзей, зь якіх пачаліся новыя групы і самвыдацкі часопіс Etap.[29] У 1985 г. артыкул «Мы розныя» (Jesteśmy inni) у штотыднёвіку «Polityka» справакаваў дэбаты нацыянальнага маштабу пра гомасэксуальнасьць.[30] У тым жа годзе Міністэрства аховы здароўя стварыла пасаду ўпаўнаважанага па справах СНІДу і экспэртную раду па СНІДу. Гэта было за год да таго, як у Польшчы быў зарэгістраваны першы выпадак СНІДу.[18]
Апэрацыя Гіяцынт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Урад выкарыстоўваў традыцыйна нэгатыўнае стаўленьне да гомасэксуальнасьці для перасьледу і шантажу, а таксама для вэрбоўкі агентаў для спэцслужбаў. Кульмінацыяй гэтых практыкаў стала апэрацыя Гіяцынт, распачатая 15 лістапада 1985 г. па распараджэньні міністра ўнутраных справаў Чэслава Кішчака. Раніцай таго дня супрацоўнікі Службы бясьпекі (па-польску: Służba Bezpieczeństwa) правялі масавыя затрыманьні мужчынаў, якія падазраваліся ў гомасэксуальнасьці альбо ў сувязях з "гомасэксуальнымі групамі" у коледжах, на фабрыках і ў офісах па ўсёй Польшчы.[18] Мэтай апэрацыі было стварыць нацыянальную базу дадзеных усіх польскіх геяў і тых, хто падтрымлівалі зь імі сувязь.[31] У выніку, каля 11 тыс. чалавек патрапілі ў сьпісы Службы бясьпекі. Афіцыйная польская прапаганда заявіла, што прычынамі апэрацыі былі неабходнасьць папярэджаньня нядаўна выяўленага вірусу ВІЧ (бо гомасэксуалы разглядаліся як група павышанай рызыкі), кантроль за гомасэксуальнымі злачыннымі групоўкамі (бо гей-субкультура была адасобленай ад мэйнстрыму і закрытай) і барацьба з прастытуцыяй.[32]
Выказваліся меркаваньні, што апэрацыя была ня толькі сродкам шантажу і рэкрутаваньня супрацоўнікаў для спэцслужбаў, але і мела на мэце спыніць разьвіцьцё наваствораных праваабарончых рухаў. Гей-актывіст Вальдэмар Збарэльскі адзначыў у сваіх успамінах, што прычынай інтарэсу спэцслужбаў да гей-арганізацыяў была іх актыўная перапіска з заходнімі праваабаронцамі.[33] У 2005 г. стала вядома, што справы ахвяраў апэрацыяў спэцслужбаў па-ранейшаму захоўваюцца Інстытутам нацыянальнай памяці (па-польску: Instytut Pamięci Narodowej – Komisja Ścigania Zbrodni przeciwko Narodowi Polskiemu; IPN) — урадавай установай для расьсьледваньня злачынстваў рэжымаў у 1917-90 гг . Нягледзячы на лісты ЛГБТ-актывістаў з просьбай аб зьнішчэньні справаў, Інстытут заявіў, што гэта было б незаконна.[18]
Варшаўскі гей-рух
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апэрацыя "Гіяцынт" стала каталізатарам актывізацыі ЛГБТ-супольнасьці. У 1987 г. быў заснаваны Варшаўскі гей-рух. У яго вытокаў стаяла група актывістаў на чале з Вальдэмарам Збаральскім, Славамірам Старостам і Кшыштафам Гарватоўскім.[34] Усе раньнія заснавальнікі былі мужчыны-геі, але ўжо ў першы месяц дзейнасьці да групы сталі далучацца таксама лезьбіянкі.[35][36]
Першапачаткова дзейнасьць руху была арыентавался на пашырэньня ведаў пра бясьпечны сэкс, прафіляктыку СНІДу і заахвочваньне геяў праходзіць тэсьціраваньне на ВІЧ. Рэакцыя асноўных польскіх СМІ і Міністэрства аховы здароўя на існаваньне Варшаўскага гей-руху была станоўчай. Генэрал Чэслаў Кішчак, міністар унутраных справаў, пад уплывам Каталіцкай царквы, аднак, перашкодзіў спробе легалізаць рух у адпаведнасьці з законам аб аб’яднаньнях у сакавіку 1988 г.[37]
Постсацыялістычная Польшча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]28 кастрычніка 1989 г. была створаная асацыяцыя групаў пад назвай «Лямбда». Яе зарэгістравалі ў ваяводзкім судзе Варшаве 23 лютага 1990 г. Сярод прыярытэтаў асацыяцыі было пашырэньне талерантнасьці і ведаў, і прадухіленьне ВІЧ.[38] Увесну 1990 г. Яраслаў Эндэр і Славамір Староста распачалі кампанію пад назвай «Любі, не забівай» (па-польску: Kochaj, nie zabijaj) — "грамадзкі моладзевы рух для пашырэньня ўсьведамленьня пра СНІД".[18]
Першы нумар часопіса «Inaczej» (Інакш), выданьня для тых, хто “кахае інакш” (па-польску: Kochają inaczej — фраза, якая стала эўфэмізмам для сэксуальных меншасьцяў у польскай мове) выйшаў у чэрвені 1990 г. Яго заснавальнікам быў Анджэй Бульскі, уладальнік выдавецкай кампаніі, якая ў 1990-х выдала некалькі ЛГБТ-арыентаваных кніг.[18] 7 кастрычніка 1990 г. адкрыўся клюб Café Fiolka ў Варшаве — першы афіцыйны гей-клюб у Польшчы. Ён закрыўся ў 1992 г. пасьля неаднаразовых актаў вандалізму.[38]
Першым публічным камінг-аўтам у польскіх СМІ быў артыкул у часопісе «Kobieta i Życie» (Кабета і жыцьцё) пра папулярнага актора Марэка Барбасэвіча ў верасьні 1992 г.[39] Першым публічным камінг-аўтам лезьбіянкі была заява Ізабэлы Філіпяк у часопісе «Viva» у 1998 г.[40]
У адказ на нараджэньне ЛГБТ-актывізму некаторыя палітыкі спрабавалі выкарыстаць страх перад ЛГБТ для здабыцьця папулярнасьці. Сярод іх быў віцэ-міністар аховы здароўя Казімеж Капэра, які быў звольнены з пасады ў траўні 1991 г. пасьля сваёй заявы на дзяржаўным тэлебачаньні пра тое, што гомасэксуальнасьць зьяўляецца вычварэньнем і прычынай эпідэміі СНІДу.[18]
14 лютага 1993 г. група прадстаўнікоў «Лямбды» правяла дэманстрацыю пад Слупом Жыгімонта ў Варшаве з патрабаваньнем "права кахаць". Гэта была першая публічная ЛГБТ-акцыя ў Польшчы.
Увесну 1995 г. польскія імігранты ў Нью-Ёрку стварылі групу «Razem» (Разам) для дапамогі суайчыньнікам трымаць кантакт з ЛГБТ-супольнасьцю ў Польшчы і інтэгравацца ў ЗША.[18]
У 1996 г. быў створаны OLA-Archiwum, лезьбійскі фэмінісцкі архіў. У 1997-2000 архіў выдаў восем нумароў «Furia Pierwsza» (Першая фурыя), "літаратурнага фэмінісцкага і лезьбійскага" часопісу.[18]
Першы інтэрнэт-партал гей-супольнасьці «Inna Strona» (Іншая старонка) быў створаны ў верасьні 1996 г. Ён быў перайменаваны ў Queer.pl і да гэтага часу застаецца актыўным. У тым жа годзе быў створаны «Сайт польскіх лесьбіянак».[18]
У 1998 г. Яраслаў Эндэр і Славамір Староста ініцыявалі ўручэньне прэміі «Tęczowe Laury» (Вясёлкавыя лаўры) за пашырэньне талерантнасьці й павагі да ЛГБТ-людзей. Сярод узнагароджаных прыміяй былі Кора, Зофія Куратоўская, Моніка Алейнік, Ежы Яскерня і штодзённая газэта «Выборча».[38]
У 2001 г. у Варшаве адбыўся першы Парад роўнасьці (па-польску: Parada Równości), у якім узяла ўдзел больш за 300 чалавек. Гэта быў першы маштабны пратэст супраць дыскрымінацыі ЛГБТ. У тым жа годзе была створаная Кампанія супраць гамафобіі (па-польску: Kampania Przeciwko Homofobii).[18] Першая мастацкая акцыя супраць гамафобіі — «Niech nas zobaczą» (Няхай нас пабачаць) — была праведзеная ў 2003 г. Гэтая выстава складалася з 30 фатаздымкаў Караліны Брэгулы, якія паказвалі пары гомасэксуалаў і лесьбіянак. Здымкі выстаўляліся ў галерэях і друкаваліся на рэклямных шчытах, якія часта падвяргаліся вандалізму.[41]
У 2004 і 2005 гг. чыноўнікі адмовіліся дазволіць правядзеньне варшаўскага Параду роўнасьці, спаслаўшыся, сярод іншага, на верагоднасьць контр-дэманстрацыяў, перашкоду рэлігійным і дзяржаўным сьвятам і адсутнасьць неабходных узгадненьняў.[42] Супраць параду выступіла кансэрватыўная партыя Права і справядлівасьць, якую ўзначальваў Лех Качынскі, мэр Варшавы, які пазьней стаў прэзыдэнтам Польшчы. Качынскі заявіў, што парад у Варшаве сталі б прапагандай гомасэксуальнага ладу жыцьця.[43] На знак пратэсту, у 2004 г. у Варшаве адбылася іншая падзея — Веча свабоды (па-польску: Wiec Wolności),[44] якая сабрала ад 600 да 1000 удзельнікаў.[45] У адказ на забарону параду ў 2005 г. каля 2500 чалавек выйшлі на акцыю грамадзянскага непадпарадкаваньня, падчас якой было зроблена некалькіх кароткатэрміновых арыштаў.[46]
З далучэньнем да Эўразьвязу Польшча мусіла інкарпараваць у сваю прававую сыстэму антыдыскрымінацыйныя законы, у тым ліку тыя, якія ахоўваюць ад дыскрымінацыі па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі.[18]
Парлямэнцкія выбары 2011 г. былі адметныя тым, што ўпяршыню ў польскі парлямэнт былі абраныя ЛГБТ-дэпутаты: адкрытыя гей Робэрт Бэдрань і трансгендэрная кабета Ганна Гродзка.[40]
Парлямэнцкія выбары ў 2015 г. выйграла партыя Права і справядлівасьць, якая займала выразную антымігранцкую пазыцыю. Напярэдадні наступных выбараў у 2019 г. яна засяродзілася на супрацьдзеяньні заходняй "ЛГБТ-ідэалёгіі"[47] Шэраг польскіх муніцыпалітэтаў і чатыры ваяводзтвы — у адказ на падтрымку правоў ЛГБТ мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім — абвясьцілі сябе "зонамі без ЛГБТ".[47][48]
У жніўні 2019 г. прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасьці заявілі, што адчуваюць сябе ў небяспэцы ў Польшчы.[49] У 2019 г. назіралася ўзмацненьне гвалтоўных нападаў на ўдзельнікаў гей-прайдаў, у т.л. першага беластоцкага Маршу роўнасьці.[50][51] Паліцыя спыніла спробу арганізацыі выбуху падчас падобнага маршу ў Любліне.[52][53]
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Suslau, Dzmitry (December 2011). Eastern Europe in Drag: Drag Shows, the LGBTI Subculture and Sexual Citizenship in Poland, Belarus and Ukraine (MA in International Performance Research & MA in Theatre studies thesis). University of Warwick & University of Amsterdam.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ivakhiv, Adrian The Revival of Ukrainian Native Faith. У: Michael F. Strmiska (ed.). Modern Paganism in World Cultures: Comparative Perspectives. — Santa Barbara: ABC-CLIO, 2005. — С. 209–239. — ISBN 9781851096084
- ^ Ebner, Adalabert "Die klösterlichen Gebets-Verbrüderungen bis zum Ausgange des karolingischen Zeitalters. Eine kirchengeschichtliche Studie" (1890).
- ^ Christopher Isherwood (1976) Christopher and His Kind: 1929-1939. New York: Farrar, Straus and Giroux, p. 137.
- ^ Tih R Georgevitch (1917) Serbian Habits and Customs. Folklore, 28:1, p. 47
- ^ M. E. Durham (1928) Some Tribal Origins, Laws and Customs of the Balkans. London: George Allen & Unwin, p. 174.
- ^ Aleksander Naumow, Andrzej Kaszlej Rękopisy cerkiewnosłowiaskie w Polsce. Katalog. — Wydanie drugie zmienione. — Kraków: scriptum, 2004. — ISBN 83-9198814-4-4
- ^ Fijałkowski, Paweł Homoseksualizm: wykluczenie, transgresja, akceptacja. — Eneteia, 2016. — ISBN 9788361538080.
- ^ а б в Stanley, John D. (2004) Poland (анг.) GLBTQ Archive
- ^ Kracik J., Rożek M. (1986) Hultaje, złoczyńcy, wszetecznice w dawnym Krakowie: o marginesie społecznym XVI-XVIII w. Kraków, s. 53
- ^ Tazbir J. (1985) Staropolskie dewiacje obyczajowe. Przegląd Humanistyczny, 29:7/8, s.9.
- ^ Oczko P., Nastulczyk T. (2012) Homoseksualność staropolska: przyczynek do badań. Kraków, 2012, s. 280
- ^ Oczko P., Nastulczyk T. (2012) Homoseksualność staropolska: przyczynek do badań. Kraków, 2012, s. 277
- ^ Tomasz Wiślicz (2004) Z zagadnień obyczajowości seksualnej chłopów w Polsce XVI-XVIII wieku: przyzwolenie i penalizacja (пол.) Lud: organ Towarzystwa Ludoznawczego we Lwowie, 88 Архіўная копія
- ^ Zbigniew Kuchowicz (1992) Człowiek polskiego baroku. Łódź: Wydawnictwo Łódzkie, s. 319
- ^ Zbigniew Kuchowicz (1992) Człowiek polskiego baroku. Łódź: Wydawnictwo Łódzkie, s. 321
- ^ Tazbir J. (1985) Staropolskie dewiacje obyczajowe. Przegląd Humanistyczny, 29:7/8, s. 13
- ^ а б в Oczko, P. (2008) Dlaczego nie chcę pisać o staropolskich samcołożnikach? Przyczynek do „archeologii" gay studies w Polsce (пол.) Teksty Drugie Nr 5. IBL PAN.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц Jacek Kochanowski, Marta Abramowicz, Robert Biedron. Queer Studies. Podręcznik kursu. — Warszawa: Kampania Przeciw Homofobii, 2010. — ISBN 978-83-930480-0-7
- ^ Prawa mniejszości seksualnych – prawami człowieka, "Biblioteczka Pełnomocnika Rządu ds. Równego Statusu Kobiet i Mężczyzn", zeszyt 5, Warszawa, 2003, s. 59
- ^ Maria Dernałowicz (1977) Piotr Odmieniec Włast. Twórczość, no. 3, pp. 79–95.
- ^ Tuszyńska A (2009) Krzywicka. Długie życie gorszycielki. Warszawa: Wydawnictwo Literackie, s. 18.
- ^ Kydryński L. (1989) Opera na cały rok. Kalendarium. Tom 1. Polskie Wydawnictwo Muzyczne.
- ^ Army Sergeant Gives Birth To Nine-Pound Baby (анг.) Nippu Jiji
- ^ Nochmen Tenenbaum (1911–?) army sergeant
- ^ Paweł Kurpios (2003) Poszukiwani, poszukiwane. Geje i lesbijki a rzeczywistość PRL (пол.) Kultura i społeczeństwo PRL. Materiały ze Studenckiej Sesji Naukowej, Wrocław, 26 kwietnia 2001 r. Wrocław: Katedra Kulturoznawstwa UW. Архіўная копія
- ^ Igor Snijders Communist Poland’s hidden queer history. And the men shedding light on it Iron Curtain Project
- ^ Wielcy i niezapomiani: Jerzy Zawieyski. queer.pl (December 17, 2004).
- ^ HOSI, "Inaczej", nr 12, maj 1991 r., s. 7
- ^ Postscriptum do "Wspomnień Weterana", "Inaczej", nr 13, czerwiec 1991 r., s. 3.
- ^ Warkocki, Błażej Trzy fale emancypacji homoseksualnej w Polsce (пол.) Архіўная копія
- ^ Iwona Zielinska (2005) Who is afraid of sexual minorities? Homosexuals, moral panic and the exercise of social control (анг.) Occasional Paper 1. Centre for Criminological Research, Sheffield University.
- ^ Wokół akcji Hiacynt (анг.) Queer.pl Архіўная копія
- ^ Wspomnienia weterana, "Inaczej", nr 9, luty 1991 r., s. 3.
- ^ Kostrzewa, Yga; Minałto, Michał; Pietras, Marcin; Szot, Wojciech; Teodorczyk, Marcin; Tomasik, Krzysztof; Zabłocki, Krzysztof; Pietras, Marcin QueerWarsaw. Historical and cultural guide to Warsaw (whole issue). — Warszawa: Stowarzyszenie Lambda Warszawa, 2010. — С. pp. 201–204. — ISBN 978-83-926968-1-0
- ^ Pierre Noël (February 1988) Nouvelles de Pologne (фр.). Tels Quels Magazine (Belgium). Праверана 18 December 2013 г.
- ^ Franz Werner (June 1988) Pedal in Polen (ням.). Rosa Flieder (Germany). Праверана 18 December 2013 г. Архіўная копія ад 17 December 2013 г.
- ^ Andrzej Selerowicz Leksykon kochających inaczej. — Poznań: Wydawnictwo SOFTPRESS, 2010. — P. 19–28. — ISBN 83-900208-6-6
- ^ а б в Tomasik K ., 20 lat polskiego ruchu LGBT, "Replika", 05/06 2009, nr 19, s 17
- ^ Polskie coming outy: Marek Barbasiewicz Архіўная копія ад 17 March 2012 г.
- ^ а б O historii ruchu LGBT w Polsce Архіўная копія ад 20 April 2019 г.
- ^ "Niech nas zobaczą
- ^ Polish capital bans Pride again. Gay,com. Архіўная копія ад 13 March 2007 г.
- ^ Gay marchers ignore ban in Warsaw, BBC News Online, 11 June 2005
- ^ Krótka historia Parady Równości | Parada Równości. Paradarownosci.eu. Праверана 7 May 2014 г. Архіўная копія ад 8 May 2014 г.
- ^ (11.02.2010) Wiec Wolności. Mediateka.ngo.pl. Праверана 7 May 2014 г. Архіўная копія ад 2014-05-08 г.
- ^ Europe | Gay marchers ignore ban in Warsaw 2005-06-11 г. Архіўная копія ад 27 December 2013 г. Праверана 7 May 2014 г.
- ^ а б Polish towns advocate ‘LGBT-free’ zones while the ruling party cheers them on, Washington Post, 21 July 2019, reprint at Independent
- ^ Polish ruling party whips up LGBTQ hatred ahead of elections amid 'gay-free' zones and Pride march attacks, Telegraph, 9 August 2019
- ^ Activists warn Poland’s LGBT community is 'under attack', Euronews, 8 August 2019
- ^ Marc Santora and Joanna Berendt (27 July 2019) Anti-Gay Brutality in a Polish Town Blamed on Poisonous Propaganda (анг.). The New York Times.
- ^ Polish city holds first LGBTQ pride parade despite far-right violence
- ^ Steve Hinkle (6 October 2019) Couple Arrested Over Explosive Device at Polish Pride Parade (анг.). Instinct Magazine.
- ^ Poland: as government’s anti-LGBTQ+ campaign intensifies, homophobes bring bomb to Pride March