Ганна Душэўская
Ганна Душэўская | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1 (13) сьнежня 1893 Глыбокае |
Памёр | невядомая |
Пахаваны | невядомае |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладніца, паэтка, музыка |
Мова | беларуская |
Значныя творы | Верш "Ноч", 1921 |
Га́нна Душэўская (1 (13) сьнежня 1893, Глыбокае, Віленская губэрня (цяпер Віцебская вобласьць) - пасьля 1940) - беларуская пісьменьніца, паэтка, музыка, мовазнаўца і перакладніца. Родная сястра беларускага і летувіскага грамадзка-палітычнага дзяяча, дыплямата і архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ганна Душэўская нарадзілася 1 (13) сьнежня 1893 году ў Глыбокім Віленскай губэрні ў сям’і зьбяднелага шляхціца, будаўніка паводле прафэсіі. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Вільні ў мясцовай жаночай гімназіі. У 1917-м паступіла на гістарычна-філялягічны факультэт Пецярбургскага ўнівэрсытэту, пасьпела закончыць два курсы. Досьвед навучаньня ў гэтай вядомай установе дапамог ёй стаць адной з укладальнікаў унікальнага «Сямімоўнага слоўніка» (нямецка-польска-расейска-беларуска-літоўска-латыска-габрэйскага), які ўбачыў сьвет у Ляйпцыгу ў 1918 годзе[1].
У Вільні Ганна Душэўская актыўна ўдзельнічала ў беларускім нацыянальным руху, была сяброўкай Беларускага таварыства помачы пацярпелым ад вайны, Беларускага настаўніцкага хаўрусу, выкладала польскую мову ў Віленскай беларускай гімназіі. Дзякуючы сваім артыстычным здольнасьцям Ганна з 1919 году ўдзельнічала ў спэктаклях Віленскай беларускай драматычнай дружыны, грала вядучыя ролі ў п’есах Францішка Аляхновіча і Ўладзіслава Галубка[2].
Праявіла сябе і як актывістка беларускага жаночага руху, была адной з ініцыятарак стварэньня ковенскага гуртка беларусак. Часта мела праблемы з паліцыяй, а таму часта зьяжджала ў Коўна да брата Клаўдзія[3]. У 1921-1925 гг. жыла ў Бэрліне (Нямеччына), дзе паступіла ў Бэрлінскую кансэрваторыю ў клясу вакалу. У ейнай кватэры па Філяндаштрасэ раз-пораз спынялася Палута Бадунова, зь якой у маладой сьпявачкі былі сяброўскія адносіны. Набыўшы прафэсійную музычную адукацыю, Ганна хацела вярнуцца ў Вільню і арганізаваць там беларускі хор, але не атрымала дазволу ад польскіх уладаў. Нязьдзейсьненай засталася і спроба стварыць такі хор у Менску.
У 1925-1927 гадах Ганна Душэўская жыла ў Таліне ў сястры Ядвігі, потым — зноў у Коўне, працавала настаўніцай музыкі.
Далейшы лёс невядомы.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акрамя сьпеваў і музыкі Ганна Душэўская шмат перакладала з польскай, расейскай і нямецкай моваў. Пераклады былі абумоўленыя ейнай музычна-тэатральнай дзейнасьцю: у асноўным перакладала на беларускую мову чужаземныя опэры і песьні[4].
Пісала вершы, публікавалася ў газэтах «Гоман», «Наша думка» (Вільня), «Голас беларуса» (Рыга). Асобнай кнігай творы паэткі і перакладніцы ніколі не друкаваліся. Верш «Ноч», апублікаваны ў віленскай газэце «Наша думка» за 14 студзеня 1921 году, раскрывае мадэрнісцкі талент паэткі. У 2017 годзе верш увайшоў у анталёгію беларускай жаночай паэзіі міжваеннага пэрыяду - «Бліскавіцы»[5].
Кнігапіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ганна Душэўская. Пад Новы Год. // Наша думка : грамадзка-палітычная і літаратурная тыднёвая газэта. — 7 студня 1921. — № 1. — С. 4.
- Ганна Душэўская. Ноч. Верш. // Наша думка : грамадзка-палітычная і літаратурная тыднёвая газэта. — 14 студня 1921. — № 2. — С. 2.
- Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / укладаньне і камэнтар: Аксана Данільчык, Віктар Жыбуль. — Менск: Кнігазбор, 2017. — С. 283—285. — 446 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып. 88). — 500 ас. — ISBN 978-985-7144-87-7
Пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Wiktor Gomulicki. Na Biełarusi. (Perekłała s polskaha H. Dušeŭskaja). (бел.) // Homan : газэа. — 1918, 3 krasawika. — № 28 (224). — С. 3.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Sieben-Sprachen-Wörterbuch: Deutsch, Polnisch, Russisch, Weissruthenisch, Litauisch, Lettisch, Jiddischhttp, Leipzig: A. Spamer, 1918, https://archive.org/details/siebensprachenw00prusuoft
- ^ Віктар Жыбуль, Таямнічая Ганна: тэатралка, сьпявачка, перакладчыца, паэтка, Радыё Свабода, 9 лютага 2017, https://www.svaboda.org/a/28299843.html
- ^ Віктар Жыбуль, Таямнічая Ганна: тэатралка, сьпявачка, перакладчыца, паэтка, Радыё Свабода, 9 лютага 2017, https://www.svaboda.org/a/28299843.html
- ^ Іскра, 31 траўня 1925, Вільня, С. 4.
- ^ Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / уклад., камент. А. Данільчык, В. Жыбуля. - Мінск: Кнігазбор, 2017, С. 282-284.