Перайсьці да зьместу

Галакост у Харватыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Канцлягеры ў Незалежнай дзяржаве Харватыя на мапе Югаславіі ў часе II сусьветнай вайны.

Галакост у Незалежнай дзяржаве Харватыя — генацыд жыдоў і іншых этнічных меншасьцяў у часе II сусьветнай вайны ў Незалежнай дзяржаве Харватыя, фашысцкай дзяржаве з марыянэткавым рэжымам усташаў, якая займала большасьць тэрыторыі сучаснай Харватыі, усю Босьнію і Герцагавіну і ўсходнюю частку Срэму (цяпер у складзе Сэрбіі). Большасьць жыдоў былі зьнішчаныя ў створаных усташамі канцэнтрацыйных лягерох кшталту Ясенаўцу і іншых, іншая іх частка была схопленая усташамі і высланая на зьнішчэньне ў Нямеччыну.

25 сакавіка 1941 прынц Югаславіі Павал падпісаў Трохбаковы пакт, злучыўшы Каралеўства Югаславія з краінамі Восі. Пасьля гэтага прынц быў зрынуты, і да ўлады прыйшоў антынямецкі ўрад на чале з Пэтрам II і Душанам Сімавічам. Новая ўлада адмовілася ад падтрымкі Восі, аднак не скасавала Трохбаковы пакт. Тым ня меней, нацысцкая Нямеччына ў красавіку 1941 року напала на Югаславію.

10 красавіка усташы абвясьцілі Незалежную дзяржаву Харватыя. На ейнай тэрыторыі апынуліся прыкладна 40 000 жыдоў, зь якіх толькі 9000 перажылі вайну[1].

A Jewish prisoner is forced to remove his ring upon arrival in the Jasenovac concentration camp.
Ustaše executing people over a mass grave near Jasenovac.

Антысэміцкія законы і пачатак ганеньняў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя расавыя законы ў Незалежнай дзяржаве Харватыя былі прынятыя і ўхваленыя лідэрам усташаў Антэ Павэлічам 30 красавіка 1941: «Заканадаўчы дэкрэт па расавым паходжаньні» (Zakonska odredba o rasnoj pripadnosti) і «Заканадаўчы дэкрэт па абароне арыйскае крыві і гонару харвацкага народу» (Zakonska odredba o zaštiti arijske krvi i časti hrvatskog naroda)[2]. 10 кастрычніка 1941 быў прыняты «Заканадаўчы дэкрэт па нацыяналізацыі жыдоўскай уласнасьці і жыдоўскіх кампаніяў».

Адразу па абвяшчэньні незалежнай Харватыі пачаліся ганеньні на жыдоў. 10—11 красавіка 1941 у Загрэбе быў арыштаваны шэраг жыдоў, за якіх усташы запатрабавалі выкуп. 13 красавіка тое самае адбылося ў Осіеку, дзе усташы і нямецкія групоўкі ў дадатак разбурылі сынагогу і жыдоўскія могілкі[3]. Падобныя дзеі паўтараліся неаднаразова на працягу 1941—1942 рокаў.

Антысэміцкая прапаганда

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усташы неадкладна распачалі актыўную антысэміцкую прапаганду. На наступны дзень пасьля прыняцьця асноўных расавых законаў газэта усташаў, Hrvatski narod (Харвацкі народ), на першай старонцы апублікавала тэкст: «Кроў і гонар харвацкага народу абароненыя адмысловымі пастановамі»[4]. Праз два дні газэта Novi list напісала, што харвацкі народ мусіць «быць больш насьцярожаны да абароны ўласнай расавай чысьціны, ніж іншыя народы … Нам неабходна захаваць нашую кроў ў чысьціні ад жыдоў»[4]. Таксама газэта паведаміла, што жыды — сынонімы «здрады, ашуканства, сквапнасьці, распусты і прыхадняў»[4].

Адной з асноўных ідэяў прапаганды усташаў быў той факт, нібы жыды заўсёды супрацьстаялі незалежнасьці Харватыі і ейнага народу. У красавіку 1941 газэта Hrvatski narod (Харвацкі народ) абвінаваціла іх у адказнасьці за «мноства няўдачаў і бедаў столькіх харватаў», што Правадыр[a] мусіць «вынішчыць гэткае ліха»[4]. Артыкул у Spremnost паведамляў, што рух усташаў характарызуе «юдаізм як аднаго з найгоршых ворагаў людзкога роду»[4].

Асобныя каталіцкія сьвятары падтрымалі антысэміцкую прапаганду усташаў. Каталіцкі біскуп Сараева Іван Шарыч напісаў у дыяцэзіяльнай газэце, што «памкненьне да сьвету, вольнага ад жыдоў, уяўляе сабой рух да аднаўленьня чалавечай годнасьці. Усёведны і ўсемагутны Бог падтрымлівае гэты рух»[5]. У ліпені 1941 францішканскі сьвятар Дыянісыюс Юрычаў пісаў у «Novi list», што «забойства сямігадовага дзіцяці болей ня ёсьць правінай»[6].

Канцэнтрацыйныя лягеры усташаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ужо ў красавіку 1941 усташы стварылі канцлягеры Даніца[7] (каля Капрыўніцы) і Керэстынец, дзе разам з камуністамі ды іншымі палітычнымі апанэнтамі ўтрымліваліся й жыды. У траўні усташы схапілі ў Заграбе 165 жыдоў-маладзёнаў ад 17 да 25 гадоў, большасьць зь якіх належалі да спартовага таварыства «Макабі», і накіравалі іх у Даніцу (усе зь іх, акрамя 3, былі забітыя усташамі)[8]. У траўні-чэрвені усташы стварылі новыя лягеры, прызначаныя найперш для жыдоўскіх уцекачоў зь Нямеччыны ды іншых акупаваных краінаў. Таксама сюды накіроўвалі жыдоў, схопленых у Заграбу (22 чэрвеня), Біхачы (24 чэрвеня), Карловацы (27 чэрвеня), Сараеве, Вараждзіне, Белавары і інш.

8 ліпеня усташы загадалі накіраваць усіх арыштаваных жыдоў у Госьпіч, адкуль іх перавялі ў лягеры сьмерці Ядаўна на Вэлебіце і Слана на высьпе Паг[9], дзе адбыліся масавыя расстрэлы. Гісторык Паўль Мойзэш пералічвае 1998 жыдоў, 38 010 сэрбаў і 88 харватаў, забітых у Ядаўне і іншых месцах зьнішчэньня[10], сярод іх 1000 дзяцей. Паводле іншых крыніцаў колькасьць забітых у сыстэме лягероў Ядаўна вагаецца ад 10 000 да 68 000, сярод якіх ад некалькіх сотняў[10] да 2500—2800[11] жыдоў.

У жніўні 1941 усташы заснавалі канцлягер Ясенавац, адзін з найбуйнейшых у Эўропе[12]. У ягоную структуру ўваходзіў і канцлягер Стара Градзішка для жанчын і дзяцей. Мэмарыяльны музэй Галакосту ў Вашынгтоне ацэньвае, што рэжым усташаў у 1941—1945 роках забіў у Ясенаўцы ад 77 000 да 99 000 чалавек[13]. На мэмарыяле ў Ясенаўцы пазначаныя блізкія лічбы — ад 80 000 да 100 000 ахвяраў[14]. Паводле Мэмарыяльнага музэю Галакосту, прынамсі 20 000 з забітых былі жыдамі; на мэмарыяле пазначаныя імёны 83 145 ахвяраў, зь якіх 13 116 жыдоў, 16 173 цыганы, 47 627 сэрбаў, 4255 харватаў, 1128 мусульманаў[15] і інш., зь якіх 20 101 былі дзецьмі да 12-гадовага ўзросту, яшчэ 23 474 — жанчыны[15].

Неўзабаве пасьля прыходу ў Сараева нацысцкіх войскаў была зруйнаваная сэфардысцкая сынагога[16]. У пэрыяд з 10 кастрычніка 1941 па красавік 1942 на загад майра усташаў Івана Вэрнэра была зруйнаваная Заграбская сынагога. У 1941 былі забароненыя абодва жыдоўскія футбольныя клюбы, заграбскі і осіецкі «Макабі»[17].

У красавіку 1942 жыды Осіеку атрымалі наказ збудаваць у Цені «юдэйскае паселішча», куды іх пасялілі разам з жыдамі ўсіх ваколіцаў. У чэрвені-ліпені 1942 у Ценю было пераселена каля 3000 чалавек[2]. 200 жыдоў адсюль пазьней былі транспартаваныя ў Ясенавац, яшчэ 2800 — у Асьвенцім[2].

5 траўня 1943 кіраўнік СС Гайнрых Гімлер з кароткім візытам наведаў Заграб, дзе правёў перамовы з Антэ Павэлічам[18]. З 7 траўня рэшта заграбскіх жыдоў была схопленая гестапа на чале з Францам Абрамайтам[19]. У гэты пэрыяд арцыбіскуп Стэпінац прапанаваў галоўнаму рабіну Заграбу Міраславу Фрайбэргеру дапамогу ва ўратаваньні ад аблавы, ад якой той адмовіўся[20]. Цягам тыдню было схоплена 1700 жыдоў у Заграбе і яшчэ 300 у ваколіцах. Усе яны былі вывезеныя ў Асьвенцім[21].

Пасьля капітуляцыі Італіі 8 верасьня 1943 нацысцкая Нямеччына анэксавала населеныя харватамі правінцыі Пула і Рыека ў сваю апэрацыйную зону Адрыятычнага ўзьбярэжжа. 25 студзеня 1944 немцы зьнішчылі сынагогу ў Рыецы[21]. Мэджымурскі рэгіён у 1941 быў анэксаваны Вугорскім каралеўствам. У красавіку 1944 жыды Мэджымур’я былі перакінутыя ў лягер у Надзьканіжы, пасьля вывезеныя ў Асьвенцім. Там загінулі прыкладна 540 мэджымурскіх жыдоў і яшчэ 29 — у Ясенаўцы[22].

Order for Serbs and Jews to move out of their homes in Zagreb, Croatia and a warning of forcible expulsion and punishment of those that failed to comply.

Шматлікія гісторыкі называюць масавыя забойствы рэжымам усташаў сэрбаў генацыдам[23][24][25][26][27]. Асобныя расавыя законы Нямеччыны прымяняліся ў Харватыі, акрамя жыдоў і цыганоў, і да сэрбаў. Уладзімер Жэр’явіч налічвае 322 000 сэрбаў, забітых у Незалежнай дзяржаве Харватыя, з агульнай іхняй колькасьці ў 1,8 мільёнаў. Такім чынам, гэта кожны шосты сэрб, што зьяўляецца найвышэйшай дзеляй у Эўропе пасьля жыдоў і цыганоў.

Рэжым усташаў пачаў перасьлед цыганоў у траўні 1942. Цэлымі сем’ямі цыганоў накіроўвалі ў Ясенавац, дзе забівалі адразу ці цягам бліжэйшых месяцаў. Колкьасьць ахвяраў вагаецца ад 16 000 (паводле Ўладзімера Жэр’явіча) да 40 000. Мэмарыял Ясенавацу пералічвае 16 173 імёнаў цыганоў, забітых на ягонай тэрыторыі. З-за іхняга ладу жыцьця мноства ахвяраў маглі быць незарэгістраваныя. Так, нямецкі гісторык Аляксандар Корб і Мэмарыяльны музэй Галакосту (Вашынгтон, ЗША) ацэньваюць колькасьць ахвяраў у ня меней як 25 000, што складае амаль усё цыганскае насельніцтва Незалежнай дзяржавы Харватыя.

Канцэнтрацыйныя лягеры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праведнікі народаў сьвету

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Больш за тысячу харватаў былі названыя Праведнікамі народаў сьвету. Сярод іх Жарка Долінар і Маце Уевіч.

  1. ^ маецца на ўвазе лідэр усташаў Антэ Павэліч
  1. ^ Goldstein, Ivo. Croatia: A History, C. Hurst & Co. Ltd., London, 1999. (p. 136)
  2. ^ а б в Živaković-Kerže, Zlata. Od židovskog naselja u Tenji do sabirnog logora
  3. ^ Jewish Virtual Library
  4. ^ а б в г д Boško Zuckerman, «Prilog proučavanju antisemitizma i protužidovske propagande u vodećem zagrebačkom ustaškom tisku (1941—1943)» Zavod za hrvatsku povijest, Vol. 42, Zagreb, 2010
  5. ^ Michael Phayer, The Catholic Church and the Holocaust, 1930—1965, Bloomington, Indiana University Press, 2000. Page 35
  6. ^ Michael Phayer, The Catholic Church and the Holocaust, 1930—1965, Bloomington, Indiana University Press, 2000. Page 34
  7. ^ Kako je osnovan prvi ustaški logor u NDH. Vecernji list.
  8. ^ Hapšenje 165 jevrejskih omladinaca u Zagrebu u maju 1941. Godine
  9. ^ Concentration camp «Uvala Slana», Pag island
  10. ^ а б {{{аўтар}}} 2011. С. 60.
  11. ^ {{{аўтар}}} 2009. С. 160.
  12. ^ Pavlowitch (2008), p. 34
  13. ^ Jasenovac. United States Holocaust Memorial Museum.
  14. ^ Official website of the Jasenovac Memorial Site
  15. ^ а б Poimenični Popis Žrtava KCL Jasenovac 1941-1945 (харв.). Spomen podrucje Jasenovac Memorial Site.
  16. ^ Never-ending story of the Sarajevo Haggadah
  17. ^ Nogometni leksikon, Miroslav Krleža Lexicographical Institute, Zagreb, 2004. (p. 307)
  18. ^ Goldstein, Ivo. Holokaust u Zagrebu, Novi liber, Zagreb, 2001. (p. 475)
  19. ^ Goldstein, Ivo. Holokaust u Zagrebu, Novi liber, Zagreb, 2001. (p. 470)
  20. ^ Goldstein, Ivo. Holokaust u Zagrebu, Novi liber, Zagreb, 2001. (p. 472)
  21. ^ а б Krizman, Narcisa Lengel. Antisemitizam Holokaust Antifašizam, Studia Iudaico-Croatica, Zagreb, 1996. (p. 256)
  22. ^ Sudbina međimurskih Židova
  23. ^ Іва Гольдштайн Uspon i pad NDH. Faculty of Humanities and Social Sciences, University of Zagreb. Праверана 20 лютага 2011 г.
  24. ^ Samuel Totten, William S. Parsons. Century of genocide: critical essays and eyewitness accounts. — 1997. — С. 430. — ISBN 0-203-89043-4
  25. ^ Mesić: Jasenovac je bio poprište genocida, holokausta i ratnih stratišta (харв.). Index.hr (30 красавіка 2006). Праверана 28 верасьня 2010 г.
  26. ^ Helen Fein. Accounting for Genocide, New York, The Free Press, 1979., p. 79, 105
  27. ^ Robert M. Hayden. Independent State of Croatia. e-notes. Праверана 20 лютага 2011 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]