Гісторыя Харватыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб Харватыі
Герб Харватыі

Тэрыторыя Харватыі ў старажытнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрыторыя, на якой сёньня разьмяшчаецца Харватыя, упершыню была заселеная ілірскімі плямёнамі ў часы палеаліту, а пазьней і нэаліту. Паводле гэтых плямёнаў на гэтых землях замацавалася назва Ілірыя. Тутэйшае насельніцтва з 3 стагодзьдзя да н. э. змагалася супраць экспансіі рымлян. Пазьней тут была створаная рымская правінцыя Illyricum. Пасьля падзелу Рымскай імпэрыі ў 395 годзе Illyricum належала ўсходняй яе частцы, пазьней сталася часткай Бізантыйскай імпэрыі.

Прыход славянскіх плямёнаў і ўзьнікненьне сярэднявечнай харвацкай дзяржавы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Отан Івэкавіч, Прыход харватаў на Адрыятыку

З канца VI стагодзьдзя тэрыторыя сучаснай Харватыі цярпела ад нападаў качавых аварскіх і славянскіх плямёнаў. Харваты і іншыя славяне прыйшлі на Балканскую паўвыспу ў 7 стагодзьдзі. Паводле імпэратара Бізантыі Канстанціна VII Багранароднага раней племя харватаў жыло за Карпатамі ў мясцовасьці, якую называлі Вялікай ці Белай Харватыяй (цяперашняя Галіччына ва Ўкраіне). Харваты перамаглі авараў і на запрашэньне імпэратара Іраклія аселі на Балканах, засяліўшы найперш тэрыторыю адрыятычнага ўзьбярэжжа (Далматыйская Харватыя, Прыморская Харватыя), а пазьней, пасьля заняпаду аварскай дзяржавы, і Ніжнюю Панонію (Панонская Харватыя, Пасаўская Харватыя). У 9 стагодзьдзі ўладары Панонскай і Далматыйскай Харватыя апынуліся ў залежнасьці ад імпэрыі франкаў. Спробы авалодаць Далматыйскай Харватыяй рабілі таксама Вэнэцыя і Бізантыя. У 867 годзе Базыль І вызваліў з арабскай аблёгі горад Рагузу (Дуброўнік), пасьля чаго ён аднавіў Бізантыйскую ўладу на Далматыйскім узьбярэжжы і стварыў там тэму Далмацыя. Паводле загаду імпэратара далматыйскія гарады Спліт, Задар (цэнтар тэмы), Трогір павінны былі плаціць падаткі харвацкаму ўладару.

Што датычыць увядзеньня хрысьціянства, то большы ўплыў меў на харвацкіх землях папскі нунцыят, але некаторыя біскупствы прызнавалі ўладу канстантынопальскага патрыярха. Хрысьціянізацыя харватаў пачалася за ўладай Іраклія, таму тут магла быць адноўленая царкоўная сыстэма з часоў Рымскай імпэрыі. Напрыклад, была адноўленая эпархія ў Ніне, рэзыдэнцыі харвацкіх князёў, што дазволіла князю Трпіміру ў 864 годзе стварыць самастойную царкоўную арганізацыю. Пазьней у Ніне працавала некалькі вучняў Мятода, якія папулярызавалі славянскую літургію і пісьменства. Пасьля стварэньня тэмы Далмацыі прайшла другая хваля хрысьціянізацыі харватаў і першыя хрысьціянскія місіі ў сэрбаў. З Далмацыі на славянскія тэрыторыі пранікалі грэцкія місіянэры і прапагандавалі хрысьціянства бізантыйскага ўзору. У 886 годзе сюды прыйшлі вучні арцыбіскупа Мятода.

Выбітным харвацкім князем быў Таміслаў з роду Трпіміравічаў. Неўзабаве пасьля ўзыходу на сталец у 910 годзе ён здолеў далучыць частку Панонскай Харватыі, якая была занятая мадзьярскімі качэўнікамі. Гэтыя землі з 10 стагодзьдзя носяць назву Славонія. Арыентацыя Трпіміравічаў на папства прынесла Таміславу вялікую карысьць — каралеўскі тытул (у 924 ці 925 годзе). У той жа час першы сынод 925 году ў Спліце абмежаваў славянскія богаслужэньні і вызначыў рэлігійную арыентацыю на Рым. Другі сынод у 928 годзе скасаваў біскупства ў Ніне і ўлучыў Харватыю ў Спліцкае біскупства. У часе пагрозы баўгарскай экспансіі Таміслаў заключыў дамову з Бізантыяй і дапамог ёй перамагчы цара Сімэона І. Бізантыя прызнала каралеўскую ўладу ў Далмацыі.

Пэрсанальная унія з вугорскім каралеўствам і ўлада Габсбургаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1102 годзе Харватыя далучылася да Вугоршчыны, заключыўшы пэрсанальную унію. У гэты час на дзяржаўнай сцэне зьяўляюцца арыстакратычныя роды Франкапанаў і Шубічаў. Далмацыю кантралявала Бізантыя, а з 1409 году Вэнэцыянская рэспубліка. На поўдні Далмацыі з 14 стагодзьдзя існавала незалежная Дуброўніцкая рэспубліка. З 15 стагодзьдзя Харватыя, перш за ўсё яе ўсходняя частка Славонія, былі вымушаныя супрацьстаяць турэцкім нападам. Пасьля бітвы на Магачы (1526) Харватыя ў складзе Вугоршчыны з 1 студзеня 1527 году ўваходзіць у пэрсанальную унію з Аўстрыяй. Калі Асманская імпэрыя пашырылася ў Эўропу, Харватыя апынулася на мяжы з новымі турэцкімі тэрыторыямі. Нягледзячы на актыўны супраціў, Харватыя страчвала ўсё большыя і большыя тэрыторыі. У 1529 годзе на яе тэрыторыі ўзьнікае Вайсковая мяжа (па-харвацку Vojna krajina), мэтай якой зьяўляецца абарона хрысьціянскага сьвету ад туркаў. У гэтую мясцовасьць, уцякаючы ад туркаў на захад, масава перасяляліся сэрбы, зьмяняючы этнічны склад тэрыторыі. Пасьля падзеньня Біхача ў 1592 годзе ад колішніх Харвацкіх тэрыторыяў засталося толькі 16 800 км². Гэтыя землі называлі «reliquiae reliquiarum olim inclyti regni Croatiae» (рэшткі рэшткаў калісьці вялікага Харвацкага каралеўства). У 1700 годзе ў выніку баявых дзеяньняў паміж Аўстрыяй і Асманскай імпэрыяй была вызваленая Славонія. Яе тэрыторыя была разьдзеленая паміж Вайсковай мяжой і навастворанай кароннай зямлёй каралеўствам Славонія, якое ў 1745 годзе было злучана з Харватыяй у Харвацка-Славонскае каралеўства. Калі ў 1797 годзе перастала існаваць Вэнэцыянская рэспубліка, яе тэрыторыі на ўсходнай Адрыятыцы зрабіліся прадметам спрэчкі паміж Францыяй і Аўстрыяй. Падчас Напалеонаўскіх войнаў Францыя ў 1809 годзе перамагае Аўстрыю, і Харватыя да 1814 году ў рамках так званых Ілірскіх правінцыяў анэксаванае Францыяй. У 1815 годзе ўзмацняецца мадзьярызацыя, рэакцыяй на якую было атрыманьне самастойнасьці Харвацка-Славонскага каралеўства ў межах Аўстрыйскай імпэрыі.

Бан Ёсіп Елачыч

Нацыянальнае адраджэньне пачалося ў Харватыі ў 19 стагодзьдзі і было рэакцыяй на германізацыю, мадзьярызацыю і італьянізацыю харватаў. Ідэі ілірызму захапілі шмат каго з уплывовых асобаў харвацкага грамадзтва, пачынаючы з 1830-х гадоў. Гэта прывяло да рэформы і канчатковай кадыфікацыі літаратурнай мовы і ўсплеску ў разьвіцьці нацыянальнай культуры. Харвацкая мова была ўведзеная ў якасьці афіцыйнай у Далмацыі, Харвацка-Славонскім каралеўстве. Ствараюцца палітычныя партыі.

У 1867 годзе быў заключаны Аўстра-вугорскі кампраміс, пасьля чаго Харвацка-Славонскае каралеўства было вернутае пад уладу Вугоршчыны, але ў 1868 годзе атрымала частковую аўтаномію.

Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў і Каралеўства Югаславія (Першая Югаславія) (1918—1941)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 сьнежня 1918 году харвацкія землі ўваходзяць у Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў (Каралеўства СХС), створанае з тэрыторыяў, якія былі пад уладай Аўстра-Вугоршчыны. У межах Каралеўства адбываецца аб’яднаньне Харвацка-Славонскіх тэрыторыяў з Далмацыяй і ўтварэньне ў такім выглядзе аўтаномнай Харватыі. У 1921 годзе ўлада ў Каралеўстве была цэнтралізаваная ў Белградзе. Таксама былі перакроеныя ўнутраныя межы Каралеўства, супраць чаго вельмі актыўна выступала Харвацкая рэспубліканская сялянская партыя на чале з Ст’епанам Радзічам. У 1928 годзе ў каралеўскім парлямэнце Ст’епан Радзіч быў сьмяротна паранены сэрбскім дэпутатам Пунышам Рачычам, што выклікала непакоі ў Загрэбе. 3 кастрычніка 1929 году кароль Аляксандар І абвясьціў дыктатуру і выдаў новую канстытуцыю, а таксама перайменаваў Каралеўства СХС у Каралеўства Югаславію. У 1934 годзе кароль Аляксандар быў забіты радыкаламі, якіх раней уціскаў. Харватыя атрымала аўтаномію ў 1939 годзе пад назвай Банавіна Харватыя.

Другая сусьветная вайна і Незалежная дзяржава Харватыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля ліквідацыі нацысцкай Нямеччынай югаслаўскай дзяржавы ў 1941 годзе харвацкія ўсташы абвясьцілі стварэньне Незалежнай дзяржавы Харватыя, у якую ўваходзіла бальшыня харвацкіх тэрыторыяў, а таксама тэрыторыя Босьніі і Герцагавіны. Кіраўніком усташоўскай партыі, а потым і Незалежнай дзяржавы Харватыі, быў генэрал Антэ Павэліч. Ягоны рэжым прымаў расысцкія законы, стварыў на тэрыторыі НДзХ восем канцэнтрацыйных лягераў і пачаў кампанію па зьнішчэньні сэрбаў, габрэяў і цыганоў, а таксама сваіх палітычных супраціўнікаў, у першую чаргу камуністаў. Напачатку 1941 году ў Харватыі зьявіўся і антыфашысцкі рух, якім кіравала Камуністычная партыя Югаславіі на чале з Ёсіпам Брозам Тытам. Сэрбская арганізацыя чэтнікаў змагалася супраць усташоў і харватаў наогул, але ўжо ў 1942 годзе, калі пачаў мацнець партызанскі рух на чале з камуністамі, чэтнікі пачалі адкрыта супрацоўнічаць з усташамі ў барацьбе супраць партызанаў. Аднак маштаб партызанскага руху ўзрастаў. З часам ён пашырыўся на ўсю тэрыторыю і з дапамогай савецкіх войскаў у 1945 годзе ліквідаваў нацысцкую ўладу.

Сацыялістычная Югаславія (Другая Югаславія) (1945—1991)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пасьляваенны час Харватыя насіла назву Народнай рэспублікі (1945—1963), а потым Сацыялістычнай рэспублікі (1963—1990) у складзе Фэдэратыўнай народнай, а потым Сацыялістычнай фэдэратыўнай рэспублікі Югаславіі. Дзяржавай кіравала Камуністычная партыя. Увесь гэты час Харватыя была другой пасьля Славеніі па ўзроўні эканамічнага разьвіцьця, таму вымушаная была падтрымліваць бяднейшыя рэспублікі (напрыклад, Македонію). Пасьля сьмерці югаслаўскага прэзыдэнта Ёсіпа Броза Тыта пачалі паглыбляцца канфлікты паміж асобнымі народамі Фэдэрацыі, галоўным чынам паміж харватамі і сэрбамі. Прычынай аднаго зь іх былі, напрыклад, патрабаваньні аўтаноміі паўмільёну сэрбаў, якія насялялі харвацкую Славонію. Няўдалая палітыка камуністычных партыяў у рэспубліках СФРЮ прывяла да разбурэньня манаполіі ўлады.

На першых свабодных выбарах, якія адбыліся 8 красавіка 1990 году, перамог Франьё Туджман з Харвацкай дэмакратычнай супольнасьці (Hrvatska demokratska zajednica, HDZ). Франьё Туджман стаўся прэзыдэнтам Харватыі, а прэм’ерам быў прызначаны Сьцяпан Мэсіч. Новая ўлада не задавальняла сэрбскае насельніцтва, якое галасавала альбо за камуністаў, альбо за наваствораную Сэрбскую дэмакратычную партыю. У гэтым жа годзе Ф. Туджман абвясьціў стварэньне Сувэрэннай дзяржавы Харватыі, у якой харваты зьяўляюцца асноўным народам, а астатнія народы мяншынямі. Сэрбскае насельніцтва ў намаганьні пазьбегнуць уціску падтрымала югаслаўскую палітыку Слабадана Мілошэвіча. У верасьні сэрбы прынялі Дэклярацыю сувэрэннасьці і аўтаноміі сэрбскага народа на выпадак, калі Харватыя сапраўды аддзеліцца ад фэдэрацыі. На рэфэрэндуме гэтая дэклярацыя была ўхвалена. Сэрбскае насельніцтва абвясьціла горад Кнін цэнтрам свайго аўтаномнага рэгіёну. Аднак канстытуцыйны суд Харватыі не прызнаў аўтаноміі, туды была высланая харвацкая паліцыя і пачаліся першыя неспакоі. 30 траўня 1991 харвацкі парлямэнт прыняў рашэньне аб аддзяленьні ад Югаславіі. У гэты ж час сэрбскае насельніцтва абвясьціла аб стварэньні Рэспублікі Сэрбская краіна як самастойнай часткі СФРЮ, дзе прызнаваліся толькі сэрбскія законы. Народныя хваляваньні падштурхнулі Франьё Туджмана да абвяшчэньня поўнай незалежнасьці Харватыі.

Вайна за незалежнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Югаслаўскае войска падтрымала сэрбскае насельніцтва Харватыі, што і было пачаткам вайны. Аднак у хуткім часе ўзьнікла яшчэ адна праблема: ад СФРЮ хацела аддзяліцца і Босьнія і Герцагавіна. У якасьці кампрамісу сэрбскі бок прапанаваў рэарганізацыю фэдэрацыі ў канфэдэрацыю, але было позна. Да 1992 году югаслаўскае войска захапіла траціну харвацкай тэрыторыі. У 1994 годзе былі спробы правесьці перамовы, але яны ня мелі посьпеху. Баявыя дзеяньні не былі здольныя спыніць нават кантынгенты НАТО, ААН і ЭЗ. У 1995 годзе харвацкае войска на чале з Антэ Гатовінам правяло надзвычай жорсткую апэрацыю «Навальніца» (operacija Oluja), падчас якой была захопленая заходняя Славонія, больш за 200 000 сэрбаў было выгнана, шмат было забітых. Далейшы наступ харвацкага войска быў спынены ціскам ЗША. Усходняя Славонія тры гады было пад кантролем кантынгенту ААН. У 1998 годзе гэтая тэрыторыя была вернутая Харватыі, а сэрбы, якія яе насялялі, сталіся харвацкімі грамадзянамі.

Незалежная Харватыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Харватыя была вельмі пашкоджаная працяглымі баявымі дзеяньнямі, галоўным чынам у Славоніі і Далмацыі. Прэзыдэнт Туджман быў нацыяналістычна арыентаваны, таму незалежны друк быў абмежаваны, таксама як і супрацоўніцтва зь Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі. У 2000 годзе прэзыдэнтам стаўся Сьцяпан Мэсіч, які абяцаў, што Харватыя будзе больш міралюбнай і эўрапейскай краінай.