Вугорцы ва Ўкраіне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вугорцы ва Ўкраі́не (укр. угорці в Україні) — адна з нацыянальных меншасьцяў Украіны, жыхары краіны вугорскага паходжаньня. Паводле зьвестак перапісу насельніцтва Ўкраіны 2001 году колькасьць асобаў, якія пазначылі сваю нацыянальную прыналежнасьць да вугорцаў, складала 156 600 чалавек. Асноўная частка вугорцаў Украіны сканцэнтраваная ў Закарпацкай вобласьці краіны, асабліва ў яе раёнах пры мяжы з Вугоршчынай. Дзеля вугорскамоўнага насельніцтва ад усяго насельніцтва вобласьці складае каля 12,7%, вугорцаў — 12,1%.

Вялікая частка вугорцаў Украіны пражывае ля мяжы з уласнай нацыянальнай дзяржавай, што, такім чынам, дазваляе разглядаць вугорцаў Украіны ня як дыяспару, а як ірэдэнту.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да прыходу продкаў вугорцаў зь земляў Заходняй Сыбіры на тэрыторыі Эўропы практычна ўсё Закарпацьце было населенае тагачаснымі славянскімі плямёнамі. Прыкладна на мяжы першага й другога тысячагодзьдзяў частка продкаў вугорцаў асела ў раёнах, што складаюць цяперашнюю ўкраінска-вугорскую мяжу, астатняя частка прасунулася далей на паўднёвы ўсход і ўтварыла вугорскую дзяржаўнасьць у Эўропе. Па заснаваньні Каралеўства Вугоршчына ў 1000 годзе Закарпацьце выходзіць з пад кантролю Кіеўскае Русі і трапляе ў склад вугорскае дзяржавы.

З канца XVII стагодзьдзя ўсе землі тагачаснае Вугоршчыны апыняюцца пад уладаю Аўстрыі. У 1867 годзе Аўстрыя рэарганізоўваецца ў фэдэрацыйную Аўстра-Вугоршчыну, пры гэтым Закарпацьце, у адрозьненьне ад астатніх заходнеўкраінскіх зямель застаецца ў складзе Вугоршчыны. Па распадзе Аўстра-Вугоршчыны ў 1918 годзе ў Закарпацьці арганізоўваюцца ўкраінскія рухі, што ставяць на мэце аб’яднаньне зь дзяржавай іншых украінскіх зямель Аўстра-Вугоршчыны, але ўрэшце напрыканцы гэтага ж году рэгіён становіцца акупаваным Румыніяй. Улетку 1919 году Закарпацьце захапляецца камуністычнай Вугоршчынай (Вугорская Савецкая Рэспубліка), але неўзабаве вугорскія сілы атрымліваюць паразу, а краіны Антанты падпісваюць з новым, дэмакратычным урадам Вугоршчыны Трыянонскую дамову, паводле якой Вугоршчына пазбавілася памежных тэрыторыяў былога Каралеўства Вугоршчына, а Закарпацьце, у прыватнасьці, трапіла ў склад Чэхаславачыны пад назваю Карпацкая Русь, стаўшы адным з адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэгіёнаў краіны разам з Багеміяй, Маравіяй і Славаччынай[1].

Падчас акупацыі Чэхаславаччыны Нямеччынай паўднёвая частка Закарпацьця, дзе на той час вугорцы складалі большасьць насельніцтва, была перададзеная Вугоршчыне паводле Першага Венскага арбітражу ў 1938 годзе, астатняя частка атрымала аўтаномію ў г. зв. Другой чэхаславацкай рэспубліцы. Пасьля акупацыі Чэхіі й абвяшчэньня незалежнасьці Славаччыны ўкраінскія арганізацыі Закарпацьця абвясьцілі ўласную незалежнасьць, але ўжо на наступны дзень гэтая тэрыторыя была занятая, а потым анэксаваная Вугоршчынай[1].

Па пераходзе савецкай арміяй межаў Чэхаславаччыны 1938 году СССР адмовіўся ад перадачы Закарпацьця краіне, у выніку чаго ў чэрвені 1945 году прэзыдэнт Чэхаславаччыны Бэнэш афіцыйна саступіў рэгіён Савецкаму Саюзу, пасьля чаго Закарпацьце трапіла ў склад УССР. Па аднаўленьні незалежнасьці Ўкраіны рэгіён захоўвае савецкую адміністрацыйную назву Закарпацкая вобласьць[1].

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Доўгае гістарычнае суседзтва ўкраінцаў-русінаў і мясцовых вугорцаў спрычынілася да ўзаемнага моўнага й культурнага ўплываў. У пэрыяд г.зв. мад’ярызацыі канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя асабліва моцны вугорскі ўплыў зазналі мова, быт, фальклёр, музыка Закарпацьця. Пазьней вугорцы рэгіёну зьведвалі ўплыў украінскай, расейскай і савецкай культураў у рамках СССР.

Вугорцы ў незалежнай Украіне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вугоршчына стала першай краінай, што прызнала незалежнасьць Украіны. Тагачасны прэзыдэнт Вугоршчыны Арпад Гёнц быў запрошаны ў Закарпацьце, пасьля чаго ў сьнежні 1991 году прызнаў за ўкраінскімі вугорцамі калектыўныя й індывідуальныя правы як этнічнай меншасьці. Была падпісаная дамова, якая прадугледжвала захаваньне этнічнай, культурнай, моўнай і рэлігійнай самабытнасьці, усеўзроўневую адукацыю па-вугорску і ўдзел вугорцаў у працы органаў мясцовага самакіраваньня[2].

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ва Ўкраіне існуе сыстэма культурных і адукацыйных вугорскіх установаў, выдавецтваў, СМІ і грамадзкіх аб’яднаньняў. У чатырох вышэйшых навучальных установах Закарпацкае вобласьці адчыненыя групы з вугорскаю моваю выкладаньня (Ужгарадзкі нацыянальны ўнівэрсытэт, Мукачаўскі гуманітарна-пэдагагічны інстытут, Ужгарадзкая вучэльня культуры, Берагаўская мэдычная вучэльня). Пры УжНУ дзейнічае цэнтар гунгаралёгіі — навукі па вывучэньні вугорскай культуры, мовы й гісторыі. Таксама ў Закарпацкай вобласьці дзейнічае Цэнтар каардынацыі дзейнасьці нвучальных установаў этнічных мешнасьцяў. На чатырох факультэтах УжНУ, філялягічным, матэматычным, фізычным і мэдычным, выпускнікі вугорскіх школаў навучаюцца па мэтавых кірунках. У 2005 годзе на гістарычным факультэце УжНУ была адчыненая катэдра гісторыі Вугоршчыны й эўрапейскай інтэграцыі, у 2008 годзе — гуманітарна-натуральны факультэт з вугорскаю моваю вывучэньня навуковых дысцыплінаў. У Берагаве з 1996 року дзейнічае вугорскамоўны інстытут, у якім вучыцца больш за 1200 студэнтаў. Інстытут рыхтуе настаўнікаў па дашкольным выхаваньні, пачатковых школах, па спэцыялізацыях украінскай, ангельскай і вугорскай моваў, геаграфіі, біялёгіі, матэматыкі-інфарматыкі, гісторыі, аўдыту й крэдыту[3].

Статыстыка вугорскай адукацыі на 2008/2009 навучальныя гады:

Колькасьць установаў з навучаньнем па-вугорску Навучальны працэс па-вугорску, вучняў Як прадмет Як факультатыў або гурток Дзеля ад агульнае колькасьці вучняў (4 438 383) Дзеля вугорцаў паводле перапісу-2001
66 16407 1337 278 0,41% 0,32%

Арганізацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правы вугорскае меншасьці ва Ўкраіне прадстаўляе Вугорская Дэмакратычная Фэдэрацыя ва Ўкраіне, заснаваная ў 1991 годзе Фэдэрацыяй Вугорскае Культуры Закарпацьця, Культурнай Фэдэрацыяй вугорцаў Львову й Асацыяцыяй вугорцаў Кіеву. У сваю чаргу, Фэдэрацыя Вугорскае Культуры Закарпацьця мае зносіны з украінскай Вугорскай Партыяй, створанай у лютым 2005 году. У сакавіку 2005 году міністэрства юстыцыі Ўкраіны з ініцыятывы Вугорскай Дэмакратычнай Фэдэрацыі зарэгістравала Вугорскую Дэмакратычную Партыю. 1 сьнежня 2008 году мескім кіраўніком Мукачава быў абраны Золтан Лэндэл, акрамя гэтага Вугорская Дэмакратычная Фэдэрацыя мела посьпехі на выбарах у Берагавым, Вінаградаве й Цячаве.

Расьсяленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Этнічныя групы ў Закарпацкай вобласьці на 2001 г.:

     украінцы (у т.л. русіны)

     вугорцы

     румыны

     украінцы (у т.л. русіны) і расейцы

Паводле зьвестак перапісу насельніцтва Ўкраіны ў 2001 годзе ў краіне налічвалася 156 600 вугорцаў. Параўнальна зь перапісам 1989 году ў СССР колькасьць вугорцаў скарацілася на 4%, што тлумачыцца ніжэйшым узроўнем фэртыльнасьці ў вугорцаў у параўнаньні з украінцамі і, адпаведна, большым нарастаньнем натуральнага зьмяншэньня насельніцтва.

Амаль 95% вугорцаў Украіны лічаць роднай мовай вугорскую (149 431 чал.), 5 367 чал. — украінскую (3,4%) і 1513 чал. — расейскую (1,6%). Пераважная большасьць украінскіх вугорцаў — вугорцы Закарпацкае вобласьці (151,5 тыс. з 156,6 тыс.), дзе яны складаюць 12,1% адсотак ад насельніцтва (2001 год). Паводле зьвестак перапісу насельніцтва 2001 году вугорцы складаюць абсалютную большасьць насельніцтва ў Берагаўскім раёне (блізу 3/4 ад насельніцтва раёну), прыкметную частку ад насельніцтва складаюць ва Ужгарадзкім (1/3), Вінаградаўскім (1/4) і Мукачаўскім (1/8) раёнах. Асыміляцыя вугорцаў у славянскім асяродзьдзі традыцыйна была невялікай, але за апошнім часам у некаторай ступені яе тэмпы павялічыліся. Таксама прадухіляюць асыміляцыю кампактнае расьсяленьне ў межах некалькіх раёнаў на мяжы з Вугоршчынай.

Разьмеркаваньне вугорцаў па местах Закарпацкае вобласьці (тысячаў, перапіс 2001 року)[4]
Места Насельніцтва Вугорцы Дзеля ад насельніцтва
Ужгарад 115,6 8,0 6,9
Берагава 26,6 12,8 48,1
Мукачава 81,6 7,0 8,6
Хуст 31,9 1,7 5,4

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У населеных пунктах, дзе кампактна пражываюць украінскія вугорцы, дзейнічаюць 87 бібліятэк, у фондах якіх месьціцца 408,3 тыс. асобнікаў вугорскамоўных кніг (пры абласной цэнтралізаванай навуковай, Мукачаўскай мескай і Вінаградаўскай раённай бібліятках працуюць сэктары вугорскай літаратуры); 76 клюбных установаў, 395 калектываў мастацкае самадзейнасьці, прафэсійны вугорскі драматычны тэатар імя Д. Іеша ў Берагаве.

Ва Ўкраіне зарэгістравана 88 пэрыядычных выданьняў па-вугорску, зь іх у Закарпацкай вобласьці — 20. Газэта «Карпаці ігаз со» падтрымліваецца з абласнога бюджэту, зь мясцовых бюдэтаў фінансуюцца такія выданьні, як «Унгвары відэкі гірэк», «Бэрэгсаз», «Нодзьсэўлаш відэкі гірэк», «Бэрэгі гірлап». У закарпацкай абласной дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі працуе вугорскамоўная рэдакцыя. З 1 лістапада 2005 году на базе абласной дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі заснаваны канал «Тиса-1», на якім, у тым ліку, трансьлююцца й вугорскамоўныя перадачы. З 1 верасьня 2006 году праграмы трансьлююцца праз спадарожнік[3].

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны 2010 г. па выбарчых акругах.

Вугорская этнічная меншасьць ва Ўкраіне параўнальна актыўная ў палітычным жыцьці краіны і, у прыватнасьці, Закарпацкае вобласьці.

У сакавіку 1990 году вугорцы бралі ўдзел у выбарах рэспубліканскага і мескіх саветаў народных дэпутатаў. У тагачасны Вярхоўны Савет УССР ня быў абраны ніводны з вугорцаў, тады як у абласны савет Закарпацкае вобласьці з 120 чалавек было абрана 14 вугорцаў (11,6%), зь іх 11 сяброў Таварыства вугорскае культуры Закарпацьця (9,1%)[5]. У 1994 годзе ў выніку парлямэнцкіх выбараў дэпутатам ад Берагаўскай выбарчай акругі быў абраны кіраўнік Дэмакратычнай грамады вугорцаў Украіны, М. Тоўт, які на момант абраньня займаў пасаду прадстаўніка прэзыдэнта ў Берагаскім раёне. Да 1998 году Тоўт прадстаўляў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны інтарэсы вугорскае меншасьці.

У 1994 годзе ў Вярхоўнай Радзе краіны была створаная палітычная камісія па пытаньнях правоў чалавека, нацыянальных меншасьцяў, міжнацыянальных зносінаў. У склад камісіі ўвайшла падкамісія па пытаньнях нацыянальных меншасьцяў, этнічных групаў і карэннага насельніцтва, на чале якой стаў М. Тоўт. 5 сакавіка 1996 году ім разам з І. Папэску ды іншымі 18 дэпутатамі было створанае міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднаньне нацыянальных меншасьцяў у Вярхоўнай Радзе, мэтаю якога стала прыцягненьне ўвагі дэпутатаў да адлюстраваньня ў новай канстытуцыі краіны асноўных правоў, свабодаў чалавека й калектыўных правоў нацыянальных меншасьцяў.

Падчас парлямэнцкіх выбараў 1998 году была створаная вугорская нацыянальная выбарчая акруга. Адпаведна з часткамі 1-2 артыкула 7 закону «Аб выбарах народных дэпутатаў Украіны» (Про вибори народних депутатів України) пры ўтварэньні выбарчай акругі мусіў брацца да ўвагі фактар кампактнасьці пражываньня нацыянальных меншасьцяў, мясцовасьці падобнага тыпу не павінныя былі выходзіць за межы адной выбарчай акругі. З прычыны таго, што вугорцы ў Закарпацкай вобласьці зьяўляюцца другой паводле колькасьці нацыянальнасьцю пасьля ўкраінцаў, а іх месца пражываньня зьяўляецца кампактным, на парлямэнцкіх выбарах 1998 году Цэнтральная Выбарчая Камісія Ўкраіны стварыла 72 выбарчую акругу з цэнтрам у Берагаве, большасьцю выбарцаў у якім сталі этнічныя вугорцы. Галоўнымі вугорскімі прэтэндэнтамі на атрыманьне дэпутацкага мандату сталі кіраўнік Таварыства вугорскае культуры Закарпацьця М. Ковач і М. Тоўт. Паводле вынікаў галасаваньня перамогу атрымаў М. Ковач, набраўшы 29,27% галасоў выбарцаў. Тым ня менш, вугорцы ў Вярхоўнай Радзе трэцяга скліканьня былі прадстаўленыя адным дэпутатам.

Паводле вынікаў выбараў у мясцовыя органы ўлады ў 1998 годзе колькасьць вугорцаў у радах рознага ўзроўню Закарпацкае вобласьці вырасла і склала 13,3% (у Берагаўскім — 75,6%; Вінаградаўскім — 26,9%). У абласной радзе з 60 дэпутатаў шэсьць мандатаў атрымалі вугорцы, у раённых радах — 120 з 320, 49 з 130 кіраўнікоў радаў населеных пунктаў таксама зьяўляліся вугорцамі. Паводле вынікаў выбараў у Берагаўскай выбарчай акрузе была атрыманая другая паводле памеру адсоткавай дзелі колькасьць галасоў супраць усіх, саступіўшы толькі Севастопалю. Падобныя вынікі тлумачацца недастатковай увагай партыяў да этнічных меншасьцяў, паколькі пры арыентацыі на іх існуе рызыка страты галасоў этнічнае большасьці.

На выбарах у Вярхоўную Раду 2002 году дэпутатам ад Берагаўскай выбарчай акругі быў абраны кіраўнік Дэмакратычнае грамады вугорцаў Украіны І. Гайдаш, які набраў 33,05 галасоў выбарца[6].

Аналітыкі прагназавалі перамогу ў дадзенай акрузе М. Ковачу, сябру групы «Солідарність», прыхільніку ідэяў рэгіяналізму й ініцыятару стварэньня вугорскай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Тым ня менш, Ковач атрымаў толькі 32,72% галасоў. Падлікі галасоў у дадзенай акрузе адбываліся даўжэй за астатнія, галасаваньні ў шэрагу ўчасткаў былі прызнаныя несапраўднымі. У паразе М. Ковача таксама сваю ролю адыграла балятаваньне ягонага цёзкі М. Ковача, які набраў 8,04% галасоў.

І. Гайдаш заняў пасаду Сакратара Камітэту Вярхоўнае Рады Ўкраіны па пытаньнях правоў чалавека, нацыянальных меншасьцяў і міжнацыянальных адносінаў і стаў кіраўніком прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў нацыянальных меншасьцяў Украіны пры прэзыдэнце Ўкраіны. У 2005 годзе ён стаў кіраўніком Дэмакратычнае партыі вугорцаў Украіны.

На выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ў 2004 годзе вугорскія арганізацыі падтрымлівалі Віктара Януковіча, таму адну з апошніх перадвыбарчых паездак у трэцім туры выбараў Януковіч зьдзейсьніў у Берагава. У выбарах 2006 году ў абласную раду Закараацкае вобласьці з 90 мандатаў 5 атрымалі Партыя вугорцаў Украіны, 4 — Дэмакратычная партыя вугорцаў Украіны. Напярэдадні выбараў прэзыдэнта 2010 году Дэмакратычная грамада вугорцаў Украіны падтрымала Віктара Януковіча і накіравала просьбу аб перакладзе тэстаў незалежнага ацэньваньня ведаў на вугорскую мову для выпускнікоў школаў на мовах нацыянальных меншасьцяў.

У сучасных раённых радах Закарпацкае вобласьці вугорцы маюць 18,8% мандатаў у Вінаградаўскім раёне, 76,1% — у Берагаўскім, 24,8% — ва Ужгарадзкім, менш за 1% — у Пярэчынскім, Вялікаберазьнянскім, Міжгорскім і Валавецкім раёнах, 0,4% — у Сваляўскім, 12,9% — у Мукачаўскім, 0,1% — у Іршаўскім, 5% — у Цячаўскім, 3,8% — у Хусцкім, 2,9% — у Рахаўскім. Некаторымі вугорскімі арганізацыямі, у прыватнасьці Дэмакратычнай грамадой вугорцаў Украіны, падтрымліваецца праект г. зв. Прыцісянскай аўтаноміі — мясцовай аўтаноміі паводле вугорскай этнічнай прыкметы[7].

Мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Вугорская мова ва Ўкраіне

Вугорская мова належыць да вугорскае групы фіна-вугорскае галіны ўральскае моўнае сям’і, што рэзка адрозьнівае яе ад суседніх моваў, якія адносяцца да індаэўрапейскае моўнае сям’і. Абсалютная большасьць вугорцаў указвае вугорскую мову як родную (паводле зьвестак 2001 году), мова мае рэгіянальны статус у некалькіх раёнах Закарпацкае вобласьці й горадзе Берагава.

Гістарычна вугорская мова зьяўлялася крыніцай цэлага плясту лексычных запазычваньняў для мясцовых гаворак украінскай мовы, але разам з гэтым вугорская мова сама ўтрымлівае значную дзелю лексэмаў славянскага паходжаньня.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Subtelny, Orest. Ukraine: A History. — University of Toronto Press, 2000. — С. 448. — ISBN 0-8020-8390-0
  2. ^ Kovrig, Bennett. Partitioned nation: Hungarian minorities in Central Europe / Michael Mandelbaum (ed.). — The new European Diasporas: national minorities and conflict in Eastern Europe. — New York: Council on Foreign Relations Press, 2000. — С. 19-80.
  3. ^ а б Тетяна Пилипенко. Реальний стан забезпечення прав і задоволення потреб угорської спільноти (укр.) Форум націй Праверана 9 красавіка 2014 г.
  4. ^ а б Держкомітет статистики України
  5. ^ Токар П. Національний рух на Закарпатті: 1988-1993 рр.: Соціолого-політологічний аналіз. — Ужгород: 2002. — С. 47.
  6. ^ ў33. Закарпаття — багатонаціональний край // Поточний архів управління у справах національностей та міграції Закарпатської ОДА. — Ужгород, 2003. — с. 4
  7. ^ Автономія для угорців Закарпаття стоїть на порядку денному, — Товт // zaholovok.com.ua. — 2013.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У складзе Хусцкага раёну.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]