Варшаўскі гарадзкі аддзел БГКТ
Варшаўскі гарадзкі аддзел БГКТ | |
Даведка | |
---|---|
Дата ўтварэньня | 13 траўня 1956 (69 гадоў таму) |
Дата спыненьня існаваньня | 4 студзеня 1993 году |
Сядзіба | ![]() |
Дзейнічае ў месцах | Варшава |
Службовыя мовы | беларуская |
Галоўная ўправа | Зьезд БГКТ, ГП БГКТ |

Варшаўскі гарадзкі аддзел БГКТ ў Польшчы — аддзел, які дзейнічаў у месьце Варшава, ПНР. Сядзіба аддзелу была ў месьце Варшава.
Віктар Швед стаў членам Варшаўскага аддзелу з самага заснаваньня. Ён казаў ва ўзросьце 85 год наступнае:
Каб не адчуваць сябе адзінокім у польскім асяродзьдзі, працаваў я ў Варшаўскім аддзеле БГКТ.
— Віктар Швед. «Не пакідаюць мяне мары...».[1].
Варшаўскі аддзел меў асабовы склад каля 300 асоб з насельнікаў Варшавы, а прыблізна палова членаў аддзела былі вучні розных ВНУ места Варшава[1]. Члены ўправы аддзелу праводзілі работу ў асноўным культурна-асьветную:
- казаньні зь беларускаю тэматыкаю
- аўтарскія сустрэчы зь пісьменьнікамі з Польшчы і БССР, а затым, пасьля распаду СССР зь Беларусі
- праводзілі вечарыны з музыкаю, пляскамі й сьпевамі для моладзі.
Варшаўскі аддзел меў сваю бібліятэку[1].
Польскія пісьменьнікі былі ў асноўным з Варшавы. Пісьменьнікі з БССР, якія былі з прыездам у Варшаву. Сярод іх можна назваць[1]: Максім Танк, Адам Мальдзіс, Пятро Глебка, Уладзімер Караткевіч, Алег Лойка і інш. Сустракаліся зь вядомым беларускім песьняром з Чэхаславачыны па імю Міхал Забэйда-Суміцкі.
Заснаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У студзені 1956 году зайшоў да Юрыя Туронка на работу Мацей Канапацкі і паведаміў, што пасылае яго «душа беларускага руху ў Варшаве» Віктар Храноўскі, які запрашае мяне да супрацоўніцтва. 23 сакавіка 1956 году яны сустрэліся ў рэстаране «Сталіца», зьелі яечню са шпінатам, пілі каву. Тады ўпершыню Юры Туронак пазнаёміўся зь Віктарам Храноўскім, які ў 1954 годзе закончыў вучобу ў Ленінградзе і рабіў у Плянавае камісыі ў Варшаве. Паходзіў ён зь вёскі Дзернякова Беластоцкага павету. На яго просьбу падрыхтаваў даклад аб эканамічным разьвіцьці Беларускае ССР, зь якім 14 красавіка выступіў на сустрэчы са студэнтамі ў клюбе Таварыства польска-савецкай дружбы на Крэдытовай вуліцы. Юры Туронак пачаў прыходзіць на пасяджэньні ініцыятыўнай групы, якія пераважна адбываліся на кватэры Віктара Лэпкоўскага, ранейшага штатнага работніка Службы бясьпекі ПНР. Стваралі Варшаўскае БГКТ асобы: Віктар Храноўскі, Віктар Лэпкоўскі, Анатоль Якаўлюк (асістэнт Варшаўскае Палітэхнікі), Васіль Місеюк, студэнты Юрка Бусловіч, Янка Рубчэўскі і іншыя[2].
Бадай усе былі зьвязаныя з Рускім культурна-асветным таварыствам, а новую беларускую арганізацыю ўяўлялі хутчэй за ўсё нечым накшталт ідэйнага філіяла рускай. Няцяжка было здагадацца, што кіруюць імі зьнешнія сілы. Сваіх поглядаў на беларускае пытаньне яны не выяўлялі, магчыма, задавальняліся канцэпцыяй адзінай непадзельнай Русі. У гэтым асяродзьдзі я быў чужы, але патрэбны, бо ў адрозьненьне ад іх лепш ведаў беларускую мову. Відаць таму называлі мяне «грамацеем».
— За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны[3].
Пасьля зьезьду БГКТ і заснаваньня 26 лютага 1956 году Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Беластоку, выпуску штотыднёвіка «Ніва»[3] пачалася работа па заснаваньні гурту ў Варшаве. У красавіку і пачатку траўня 1956 году Юры Туронак уключыўся ў работу па заснаваньні Варшаўскага аддзелу БГКТ. Ён пісаў даклады і словы для выступу членаў праўленьня аддзелу на устаноўчым зьезьдзе. Віктар Храноўскі прапанаваў пасаду пісара (сакратара) праўленьня Варшаўскага аддзелу Юрыю Туронку. 13 траўня 1956 году ў зале Таварыства польска-савецкай дружбы адбыўся ўстаноўчы сход Варшаўскага аддзела БГКТ. Прысутнічала каля сотні чалавек. Сход адкрыў Віктар Храноўскі, старшыняваў на ім Анатоль Якаўлюк, які запрасіў у прэзыдыюм прадстаўнікоў арганізацыі савецкіх грамадзян (Шпак), Галоўнага праўленьня БГКТ (Казёл, Валкавыцкі), Расейскага таварыства (Пісарэвіч), аргкамітэта Украінскага таварыства (Макух). Выступіла 14 чалавек, у тым ліку толькі дзьве неплянаваныя асобы. Гаварылі пра будучую работу, бібліятэку, хор, пра беларускую філалёгію, сувязі з БССР. Пісарэвіч заявіў, што ён беларус, зьвязаны з расейскаю культураю, і заклікаў да адзінства. Яго падтрымаў Васіль Місеюк. Гутарка прайшла гладка, па пляне. Праўленьне Варшаўскага аддзелу[4]: старшыня Анатоль Якаўлюк, сакратар — Віктар Храноўскі, касір — Юры Туронак і рэвізійная камісія: Віктар Лэпкоўскі, Юрка Бусловіч, Каліцкая. Вечарам выступіў хор з Гарадку, прысутнічала каля 300 чалавек.
Канец дзейнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля падзеньня ПНР урад Польшчы не даваў грошаў на дзейнасьці ўстановаў, якія былі створаныя ў часы ПНР. Сярод іх было БГКТ. Па гэтай прычыне 4 студзеня 1993 году быў пазбаўлены памяшканьня на вуліцы Старасьцінскай Варшаўскі аддзел БГКТ. Гэты быў канец дзейнасьці БГКТ у Варшаве[5].
Глядзі таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Гурток БГКТ
- Бельскі павятовы аддзел БГКТ
- Беластоцкі гарадзкі аддзел БГКТ
- Бельскі павятовы аддзел БГКТ
- Бэтэска
- Гайнаўскі павятовы аддзел БГКТ
- Гданскі аддзел БГКТ
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Сяргей Чыгрын Мора Віктара Шведа: артыкулы і гутаркі. — Менск: Кнігазбор, 2015. — С. 26—27, 29. — 32 с. — 50 ас. — ISBN 978-985-7119-71-4
- ^ Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 133. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — ISBN 978-985-6887
- ^ а б Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 134. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — ISBN 978-985-6887
- ^ Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 135. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — ISBN 978-985-6887
- ^ Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 220—221. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — 500 ас. — ISBN 978-985-6887