Перайсьці да зьместу

Гурток БГКТ (Польшча)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гурток БГКТ — найніжэйшая адзінка ў будове Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы. Назва паходзіць ад ніжэйшых суполак БСРГ і ТБШ.

Першыя гурткі пачалі стварацца адразу пасьля заснаваньня БГКТ.

26 кастрычніка 1965 году сакратар партарганізацыі ПАРП у газэце «Ніва» Ўладзімер Паўлючук выставіў на разгляд ГП БГКТ будову таварыства. Асабліва пра гурткі БГКТ. Іх, па мысьлі Ўл. Паўлючука, трэба было пераўтварыць. ГП БГКТ пагадзілася з просьбаю Ул. Паўлючука. Ён жа пачаў пісаць допісы ў газэце «Ніва». Ул. Паўлючук бачыў, што гурток ня можа дзейнічаць. У ім няма людзей, якія б здолелі рабіць справу з-за адсутнасьці ведаў. БГКТ мае дасягненьні, але яны былі зробленыя без удзелу гурткоў. Існавала мастацкая самадзейнасьць, але выдавецкая дзейнасьць, лектарская дзейнасьць, мастацкі рух і г. д., былі адасобленыя ад гурткоў. На думку Ўладзімера Паўлючука, трэба было распусьціць нядзейныя гурткі і засяродзіць увагу на гуртках, дзе нешта робіцца. Яго прапановы прывялі б да скарачэньня колькасьці сябраў БГКТ. Мікола Лобач, работнік ГП БГКТ, пісаў у «Ніву», што гурток існуе, калі існуе ў ім самадзейны мастацкі калектыў. Мікола Лобач хацеў адмовіцца ад гурткоў і працаваць з насельніцтвам. Віктар Швед пацьвердзіў, што гурткі ня дзейнічаюць, але тое было з-за слабых кадраў. Васіль Дзун, работнік ГП БГКТ, выступіў за захаваньне гуртка. За ім пачалі пісаць допісы ў «Ніву» старыя сябры БГКТ. Яны патрабавалі захаваць гурткі. Колішні Старшыня БГКТ Уладзімер Станкевіч выступіў за гурток і БГКТ.

З прычыны 15-годзьдзя БГКТ яе Бельскі аддзел правёў сьвята (фэст) у Орлі. Глядзелі выступленьні мастацкае самадзейнасьці БГКТ, агляд моды ГС, спаборніцтвы футбольныя ад ЛЗС, пажарнікаў (супрацьпажарныя службы), матацыклетныя (ЛПЖ).

Сакрат Яновіч стаў грамадзкім старшынём Беластоцкага гарадзкога аддзелу БГКТ[1]. Ён спрабаваў беларусізаваць Беласток, але сустрэў процідзеяньне і абвінавачваньне ў беларускім нацыяналізьме. Яму дапамагаў інструктар Кастусь Хлябіч, які паходзіў зь вёскі Рыбакі, што каля Бандароў. Сакрат Яновіч у Беластоку стварыў беларускую публічную бібліятэку і беларускія многалюдныя балі. Галоўныя таварышамі былі людзі, якія былі раней у ТБШ і БСРГ: Навіцкі, Маркоўскі, Сідаровіч, Кузьмін і г. д. Раздавалі «Беларускія календары» разам з уваходным білетам.

Пасьля С. Яновіча адной з стваральніцаў сьвята Купальля была Валянціна Ласкевіч. Яна была ў той час старшынёй Беластоцкага гарадзкога аддзелу БГКТ. В. Ласкевіч была вядучаю ў многіх народных мерапрыемствах БГКТ у Беластоку. З пачатку праводзіла конкурсы беларускае песьні ў зьвярынецкім парку, а потым у амфітэатры м. Беласток. Яшчэ яна сьпявала ў «Каласках».

Гарадзкі аддзел БГКТ у Беластоку пад старшынствам Сакрата Яновіча знайшоў сядзібу ў «Сяржнаўскай» сьвятліцы. Пачалі там праводзіць вечарыны з танцамі.

Стварэньне гурткоў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увесну 1958 году Сакрат Яновіч перайшоў працаваць у Галоўную ўправу Беларускага грамадзка-культурнага таварыства. У тым жа годзе Сакрат Яновіч стаў сябрам ПАРП. Сакрату Яновічу даверылі выконваць абавязкі загадчыка Арганізацыйнага аддзелу ГП БГКТ. Канчаткова яго не зацьвердзілі на пасаду загадчыка. Сакрат Яновіч пачаў езьдзіць па вёсках усходзе Беластоцкага ваяводзтва й ствараць новыя гурткі. Сакрат Яновіч пісаў:

Прыдбаў шырокую мапу Беласточчыны, выразаў зь яе доўгую ўсходнюю паласу, і, быццам штабс-капітан, апляноўваў арганізатарскія маршруты. Заязджаў аўтобусам ПКС — напрыклад — у Мілейчычы, дзе знаходзіўся базавы на Пабужжы аддзел БГКТ, і зь інструктарам Міхасём Вішанкам, адбываў апостальскі паход ад вёскі да вёскі, насаджаючы сьвежыя гурткі БГКТ. У Тымянцы. У Клюковічах. У Вілінаве. У Зубачах. Закончыўшы доўгі зімовы марш у Рагачах, дзе жыў Міхась і ў хаце якога можна было адагрэцца ды ад’есьціся. Наступная экспэдыцыя — на падгайнаўскіх багатых сёлах: Ласінка, Курашава, Лянева, Койла, Наваберазова… да Нарвы. На працягу дзесяці дзён. Заўсёды ўзіму, каля гаспадары маюць час прыходзіць на сход, слухаць.

— «Ня жаль пражытага. Успаміны». Сакрат Яновіч[2].

Дзейнасьць Сакрата Яновіча ня была асобнаю. Яго памкненьні да пашырэньня таварыства спраўлялі ў Бельскім аддзеле БГКТ пад старшынствам Канстанціна Майсені. Сакрат Яновіч спамінаў:

Зусім іначай выглядала бельская акцыя пад патранатам менавіта Майсені. Ён склікаў актыў — жыватастае павятовае начальства — арганізоўваў адну або дзьве аўтамашыны (камітэцкую, магістрацкую) і развозіў кадру, скажам, у восем вёсак, быццам парашутыстаў па адным у кожнае. Такім чынам за вечар мелі някепскую лічбу наваўтвораных ячэек. Што выклікала паніку ў польскім грамадзтве, шугалі плёткі: вось-вось прыйдуць сюды саветы са сваёю Беларускаю ССР.

— «Ня жаль пражытага. Успаміны». Сакрат Яновіч[2].

28 красавіка 1963 году была справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя Гайнаўскага аддзелу БГКТ.

5 траўня 1963 году была справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя Бельскага аддзелу БГКТ.

  1. ^  Яновіч, Сакрат Ня жаль пражытага. Ўспаміны / Юры Хмялеўскі. — Беласток: 2002. — С. 101. — 189 с. — (Бібліятэка БЛА Белавежа).
  2. ^ а б  Яновіч, Сакрат Ня жаль пражытага. Ўспаміны / Юры Хмялеўскі. — Беласток: 2002. — С. 106. — 189 с. — (Бібліятэка БЛА Белавежа).