Перайсьці да зьместу

Вінцук Склубоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вінцук Склубоўскі
Дата нараджэньня 31 ліпеня 1911(1911-07-31)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 2 траўня 2002(2002-05-02) (90 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак грамадзкі дзяяч, юрыст
Месца працы
Сябра ў Таварыства беларускай школы і Беларускае грамадзка-культурнае таварыства

Вінцук Склубоўскі (31 ліпеня 1911, в. Малышкаўшчына, Віленская губэрня2 траўня 2002, Беласток) — беларускі грамадзка-культурны дзеяч, юрыст і пісьменьнік.

Нарадзіўся ў вёсцы Малышкаўшчына Ашмянскага павета Віленскай губэрні. Бацькі — Аляксандар і Вольга Склубоўскія.

Вучыўся ў Беларускай гімназіі ў Вільні, а пазней ва Унівэрсытэце Стэфана Баторыя ў Вільні. Там уключыўся ў левы беларускі студэнцкі рух, быў дзеячам беларускага руху Заходняй Беларусі. Быў членам Таварыства беларускай школы, часта сустракаўся з Рыгорам Шырмам, Максімам Танкам, Янкам Хворастам.

Быў галоўным рэдактарам беларускай газеты «Наша воля», першы нумар якой выйшаў 24 сьнежня 1935 года ў Вільні. Пакінуў выразны сьлед у беларускім руху ў міжваеннай Польшчы. У час нямецкай акупацыі хаваўся, а пасля быў вывезены на працу ў Германію. Пасьля прыходу саветаў апынуўся на захадзе Польшчы, рабіў у судзе, а ў 1957 годзе пераехаў у Беласток на працу ў Беластоцкі Ваяводзкі суд.

Уключыўся ў дзейнасьць Беларускага грамадзка-культурнага таварыства. Рыхтаваў радыёперадачы, якія раз на тыдзень ішлі на Польскім радыё. Пачынаючы з 1958 года штотыдзень аказваў юрыдычную дапамогу ў рэдакцыі «Нівы». Яго юрыдычныя парады друкаваліся ў «Ніве» і «Беларускіх календарах». У гэтых жа выданьнях ён публікаваў гістарычныя артыкулы, зьвязаныя зь беларускім даваенным рухам, а таксама прозу. Адначасова быў членам навуковага гуртка, які існаваў пры БГКТ.

Быў шматгадовым членам, членам прэзідыума, а ў 1966—1969 гадах старшынёй БГКТ. Узнагароджаны шматлікімі мэдалямі і ордэнамі, у тым ліку Афіцэрскім крыжам адраджэньня Польшчы. Пахаваны на гарадзкіх могілках Беластока.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]