Ванда Марцінш душ Рэйш
| Ванда Марцінш душ Рэйш | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Нарадзілася | 19 лістапада 1959 (65 гадоў) |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | паэтка, настаўніца, перакладніца, грамадзкая дзяячка |
| Гады творчасьці | 2017 — цяпер |
| Жанр | верш, артыкул |
| Мовы | беларуская, летувіская |
| Дэбют | 2017 |
| Значныя творы | Плод авакада (2019); Мора Мары (2020) |
Ва́нда Марцінш душ Рэйш (па-летувіску: Vanda Martinš duš Reiš; нар. 19 лістапада 1959, вёска Муляры, Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць, БССР, СССР) ― беларуская і летувіская паэтка, перакладніца, публіцыстка, грамадзкая дзяячка.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў 1959 годзе ў вёсцы Муляры на Пастаўшчыне. Маці была з летувіскамоўнай сям’і, а беларускую мову зь ейным мясцовым дыялектам Ванда ўспадкавала ад бацькі[1].
У 1980 годзе скончыла Віцебскі пэдагагічны інстытут і пераехала жыць у Вільню, дзе напачатку працавала эканамісткай на заводзе лічыльнікаў і, адначасова, вучылася завочна на эканамічным факультэце Віленскага унівэрсытэту. Пасьля працавала настаўніцай у Вільні, а ў самым пачатку 90-х выехала на пастаяннае жыхарства ў Вялікабрытанію. З 1998 г. дзяліла свой час паміж Эдынбургам (Шкоцыя) і Мадэйрай (Партугалія)[2]. Атрымала ступень магістра ў індустрыі гасціннасці ва ўніверсітэце Напьера (Эдынбург, 2000).
Некалькі апошніх гадоў жыве ў Летуве, каля Трокаў.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вершы шмат гадоў пісала «ў стол». Прыслухаўшыся да парадаў вядомага беларускага паэта Алега Мінкіна і старшыні віленскага беларускага клюбу «Сябрына» Валянціна Стэха, у 2019 годзе ў віленскім выдавецтве «Рунь» выдала зборнік вершаў «Плод авакада», а ў 2020 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» выйшаў другі зборнік вершаў «Мора мары», які ўвайшоў у доўгі сьпіс прэтэндэнтаў на прэмію імя Натальлі Арсеньневай[3].
З 2017 году друкуецца ў альманаху «Беларус», а таксама публікавала падборкі вершаў у часопісе «Дзеяслоў» і ў газэце «Літаратура і мастацтва». Шмат перакладае летувіскіх, польскіх (віленскіх), ангельскіх, гішпанскіх і партугальскіх паэтаў. Пераклала шмат летувіскіх паэтаў: Вітаўтаса Мачэрніса, Антанаса Ёнінаса і Антанаса А. Ёнінаса, Томаса Вэнцлаву, Юстына Марцынкявічуса, Генрыкаса Радаўскаса і інш[4].
Актыўна ўдзельнічае ў грамадзка-палітычным і культурным жыцьці Вільні, падтрымліваючы прэстыж беларускай мовы ў Летуве і ўшаноўвае багатую беларускую спадчыну Вільні[5].
У 2022 годзе Ванда Марцінш дуж Рэйш пераклала зь летувіскай на беларускую мову тэксты дысыдэнткі і пісьменьніцы Далі Грынкевічуце — «Літоўцы ля мора Лапцевых».
Піша па-беларуску і па-літоўску. Тэматыка паэзіі - пераважна культура, гісторыя і прырода даўняй і цяперашняй Віленшчыны па абодва бакі дзяржаўнай мяжы, а таксама рэфлексія над перажытымі шчаслівымі і цяжкімі момантамі жыцця, маляўнічыя "абразкі" з Партугаліі і Шатландыі.
Узнагароджана сярэбраным медалём Дэпартамента нацыянальных меншасцяў Літвы. За кнігу вершаў "Маланкі над Вільняй" атрымала прэмію мэра Вільні (2024 г.)
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Плод авакада, Рунь, Вільня, 2019.
- Мора Мары, Кнігазбор, Мінск, 2020. (2-е выданне - Клайпеда, 2022).
- Даля Грынкявічутэ, Літоўцы ла мора Лапцевых, Клайпеда, 2022 (пераклад Ванды Марцінш душ Рэйш).
- Маланкі над Вільняй * Žaibai virš Vilniaus * Błyskawice nad Wilnem. Agencja Wydawnicza Ekopress, Беласток, 2023.
- Таямніцы Высокага Двара. Aukšto Dvaro slėpiniai. Slinktys, Вільня, 2025.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Яна Будовіч (25.11.2020). «На тым баку Месяца». Звязда.
- ^ Дзеяслоў, №4 (101) /ліпень-жнівень/ 2019, с. 250.
- ^ «Прэзентацыя кніжкі Ванды Марцінш душ Рэйш „Мора Мары“». Сябрына, Віленскі гарадзкі беларускі клюб.
- ^ DALIOS GRINKEVIČIŪTĖS KNYGOS «LIETUVIAI PRIE LAPTEVŲ JŪROS» VERTIMO Į BALTARUSIŲ KALBĄ PRISTATYMASЮ, Maironio lietuvių literatūros muziejus, https://maironiomuziejus.lt/renginiai/dalios-grinkeviciutes-knygos-lietuviai-prie-laptevu-juros-vertimo-i-baltarusiu-kalba-pristatymas/
- ^ «Ванда Марцінш душ Рэйш». Камунікат.