Перайсьці да зьместу

Валерыя Касьцюгова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Валерыя Касьцюгова
Дата нараджэньня 30 сьнежня 1967
Грамадзянства Беларусь
Занятак палітоляг, рэдактарка, палітычны вязень
Навуковая сфэра Палітычная навука
Месца працы Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспэртызы, праект «Наша меркаваньне»
Вядомая як Рэдактарка сайту экспэртнай супольнасьці «Наша меркаваньне», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка», кіраўніца групы экспэртаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе»

Валéрыя Бары́саўна Касьцюгóва (нар. 30 сьнежня 1967) — беларуская паліталягіня, аналітыца, рэдактарка сайту экспэртнай супольнасьці «Наша меркаваньне», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка», кіраўніца групы экспэртаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Палітычная зьняволеная, абвінавачаная па пратэстах у Беларусі ў 2020—2021 гадах.

Працавала на радыёстанцыі «Бі-Эй», адкуль была звольненаяь пасля рэфэрэндуму 1996 году. У 1997 годзе на курсах ангельскай мовы пазнаёмілася з будучым мужам Анатолем Панькоўскім. Пасьля працавала рэдактаркай у газэце «Дорожный патруль», далей у газэце «Белорусская деловая газета», дзе некалькі гадоў была рэдактаркай тэмы міжнародных адносінаў.

Пасьля заснаваньня праекту «Наша меркаваньне» у 2003, які арганізавалі Аляксандар Фядута і Сяргей Панькоўскі, пачала пісаць тэксты для яго, зь цягам часу зрабілася мадэратаркай сайту праекту. Пасьля сьмерці Сяргея Панькоўскага ў 2009 годзе, стала галоўнай рэдактаркай сайту[1].

Касцюгава — кіраўніца Агенцтва палітычнай экспэртызы пры Беларускім інстытуце стратэгічных дасьледаваньняў (Вільня), з 2013 ператворанага ў Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспэртызы[2].

З сакавіка 2018 Касьцюгава ўваходзіла ў экспэртную раду «Менскага дыялёгу», кансультацыйнай пляцоўкі пад кіраўніцтвам Яўгена Прайгермана.

Апошнія гады даглядала свайго бацьку-інваліда, які памёр у сьнежні 2021, праз некалькі месяцаў пасьля затрыманьня Валерыі[3].

Муж — Анатоль Панькоўскі, дачка Анастасія (зараз працуе ў камандзе Сьвятланы Ціханоўскай)[4].

Палітычны перасьлед

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

В. Касьцюгава была затрыманая 30 чэрвеня 2021 годуь пасля вобшуку ў сваёй кватэры, які праводзілі супрацоўнікі КДБ. Яе зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, адтуль неўзабаве перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага[5].

У канцы ліпеня 2021 дачка Касьцюгавай Анастасія паведаміла, што палітзьняволеную абвінавацілі ў змове з мэтай захопу ўлады (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу) і дапамаганьні ў закліках да захопу ўлады (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу)[4], па другім артыкуле ёй можа пагражаць да 12 гадоў зьняволеньня[6].

Вядома, што пэўны час у СІЗА на Валадарскага Касьцюгава знаходзілася разам з дырэктаркай TUT.BY Людмілай Чэкінай.

20 ліпеня 2021 году восем беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтар прызналі Валерыю Касьцюгаву палітычнай зьняволенай і адзначылі, што «пазбаўленьне волі Валерыі Касцюгавай і іншых было ўжыта выключна з-за іх перакананьняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыцьцяўленьнем свабоды выказваньня меркаваньняў і інфармацыі»[7].

22 верасьня 2021 пра палітычны характар перасьледу Касьцюгавай на сваім выступе ў Генэральнай асамблеі ААН узгадала прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава[8].

18 лістапада 2021 году шэфства (сымбалічнае хроснае бацькоўства) над палітзьняволенай узяла Штэфані Прэцыёза, дэпутатка Нацыянальнай рады Швайцарыі[9].

6 лютага 2023 году ў Менску пачаўся суд над Валерыяй Касьцюговай і Тацянай Кузінай. У залежнасьці ад ролі Валерыю Касьцюгову і Тацяну Кузіну абвінавачваюць па трох артыкулах КК: ч. 1 арт. 357 («дапамаганьне дзеяньням, учыненым з мэтай захопу ўлады»), ч. 3 арт. 361 («заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы») і ч. 3 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»)[10].

17 сакавіка 2023 году Валерыі Касьцюговай і Тацяне Кузінай прысудзілі па 10 гадоў калёніі агульнага рэжыму[11].

1 сакавіка 2012 была ўзнагароджаная прэміяй імя Сьвятланы Навумавай (намінацыя «Аналітыка»)[12].

  1. ^ Валерия Костюгова. История политического обозревателя, 08.04.2022, Белорусская ассоциация журналистов, https://web.archive.org/web/20230207172810/https://baj.by/ru/analytics/valeriya-kostyugova-istoriya-politicheskogo-obozrevatelya
  2. ^ Валерия Костюгова. История политического обозревателя, 08.04.2022, Белорусская ассоциация журналистов, https://web.archive.org/web/20230207172810/https://baj.by/ru/analytics/valeriya-kostyugova-istoriya-politicheskogo-obozrevatelya
  3. ^ У палітзьняволенай Касьцюговай памёр бацька, у Беларусі не засталося сваякоў, якія могуць яго пахаваць, Радыё Свабода, 8 сьнежня 2021, https://www.svaboda.org/a/31599670.html
  4. ^ Валерия Костюгова. История политического обозревателя, 08.04.2022, Белорусская ассоциация журналистов, https://web.archive.org/web/20230207172810/https://baj.by/ru/analytics/valeriya-kostyugova-istoriya-politicheskogo-obozrevatelya
  5. ^ Затрыманыя журналісты "Белсат" і "Радыё Свабода", а таксама Таццяна Кузіна і Валерыя Касцюгова прызнаныя палітвязнямі, 20.07.2021, сайт "Вясны", https://spring96.org/be/news/104384
  6. ^ Затрыманыя журналісты "Белсат" і "Радыё Свабода", а таксама Таццяна Кузіна і Валерыя Касцюгова прызнаныя палітвязнямі, 20.07.2021, сайт "Вясны", https://spring96.org/be/news/104384
  7. ^ Валерыя Касцюгова, сайт "Вясны", https://prisoners.spring96.org/be/person/valeryja-kascjuhova
  8. ^ Президент Словакии упомянула в ООН Валерию Костюгову, 22.09.2021, REFORM.by, https://reform.by/259963-prezident-slovakii-v-oon-upomjanula-valeriju-kostjugovu
  9. ^ WeStandBYyou: Новыя хросныя для беларускіх палітвязняў, 26.11.2021, сайт "Вясны", https://spring96.org/be/news/105831
  10. ^ У Менску судзяць рэдактарку Касьцюгову і дасьледчыцу Кузіну, Радыё Свабода, 6 лютага 2023, https://www.svaboda.org/a/32257215.html
  11. ^ Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну асудзілі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі
  12. ^ Премию имени Светланы Наумовой получили Калинкина, Костюгова и Полаженко - фото, Udf.by, 1.03.2012, https://udf.name/news/multi/56288-premiyu-imeni-svetlany-naumovoy-poluchili-kalinkina-kostyugova-i-polazhenko-foto.html