Анатоль Альшэўскі
Анатоль Альшэўскі | |
Дата нараджэньня | 4 ліпеня 1904 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1937 |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | пісьменьнік |
Псэўданімы | Юрка Пружанскі[1][2] |
Сябра ў | Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі[d] і Камуністычны саюз моладзі Польшчы[d] |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Альшэўскі.
Анато́ль Ада́мавіч Альшэ́ўскі (4 ліпеня [ст. ст. 21 чэрвеня] 1904, мястэчка Бяроза-Картуская Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні, цяпер горад Бяроза Берасьцейскай вобласьці — 1937, Менск) — публіцыст, дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Партыйныя псэўданімы і крыптанімы: Юрка Пружанскі, Ю. Пружанскі, Ю. П..
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і пісара, прадстаўніка зьбяднелай шляхты. Падчас Першай сусьветнай вайны сям’я пераехала ў Арзамас. Анатоль вучыўся ў школе разам з Аркадзем Голікавым (будучы камандзір Чырвонай Арміі і пісьменьнік Аркадзь Гайдар), стваралі разам дзіцячую, пасьля камсамольскую арганізацыю. Цяпер у Арзамасе на доме, у якім жыла сям’я Альшэўскіх, вісіць мэмарыяльная дошка з імем Анатоля Альшэўскага, аднаго зь першых камсамольцаў гораду.
Пасьля сканчэньня вайны бацькі вярнуліся ў родную Бярозу-Картускую, а Анатоль у 15-гадовым узросьце (1919) ўступіў у Чырвоную Армію, ваяваў на Палесьсі; тады ж стаў сябрам РКП(б). Сфармаваў на Пружаншчыне сетку камсамольскіх ячэек, праводзіў запіс у Чырвоную Армію; супрацоўнічаў з чальцамі Пружанскага рэўкаму Засімам, Вінаградавым, Горыным (Калядом). У 1920 быў накіраваны на вучобу ў Камуністычны ўнівэрсытэт імя Сьвярдлова(ru) ў Маскве. Тут пазнаёміўся з Фаінай Аляксандраўнай Цыгельніцкай, таксама актывісткай рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, будучай жонкай.
Пасьля сканчэньня вучобы, у 1925, як ураджэнец Заходняй Беларусі, накіраваны туды на падпольную работу. Быў сакратаром ЦК КСМЗБ, сябрам ЦК КСМ Польшчы. У 1926 і 1928 выбіраўся сябрам ЦК КПЗБ. Актыўна займаўся публіцыстыкай і рэдактарскай справай — рэдагаваў цэнтральныя органы ЦК КПЗБ «Бальшавік» і «Чырвоны сьцяг». Друкаваўся ананімна і пад псэўданімамі ў падпольных выданьнях. Асноўная тэма яго публіцыстыкі — вострая крытыка палітыкі польскага ўраду ў Зах. Беларусі.
У 1927 арыштаваны польскімі ўладамі і зьняволены ў Макотаўскай турме(pl) ў Варшаве. Праз катаваньні давялося ампутаваць два паламаныя пальцы на руцэ. У 1928 па абмене палітычнымі вязьнямі трапіў у СССР. У 1928—1933 працаваў у рэдакцыі прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Менску, за выняткам непрацяглага пэрыяду ў 1932, які правёў у заходнебеларускім камуністычным падпольлі. З 1933 на прафсаюзнай рабоце.
Арыштаваны сталінскім рэжымам у 1937. 22 сьнежня 1937 прыгавораны да расстрэлу пастановай камісіі НКВД і пракурора СССР па абвінавачаньні ў «контаррэвалюцыйнай шпіёнскай дзейнасьці на тэрыторыі СССР». 22 сьнежня 1956 году Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР рэабілітаваны пасьмяротна[3].
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Імя Альшэўскага нададзена вуліцам у Бярозе і Пружанах. У Бярозе захаваўся дом, дзе ён жыў; на ім усталяваная мэмарыяльная шыльда (цяпер яе няма).
Уладзімер Калесьнік прысьвяціў Анатолю Альшэўскаму сваю дакумэнтальную аповесьць «Пасланец Праметэя» (1984), на жаль, значная частка біяграфічных зьвестак цэнзура не прапусьціла, у тым ліку пра тое, што ён быў рэпрэсаваны.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Жонка Фаіна Аляксандраўна пасьля накіраваньня сям’і ў Заходнюю Беларусь працавала сакратаром Баранавіцкага акружкаму КПЗБ. Арыштаваная, асуджаная адбываць пакараньне ў Віленскай турме на Лукішках. Вызваленая пасьля захопу Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй у 1939 годзе. У пачатку вайны эвакуявалася ў Арэнбурскую вобласьць. Пасьля вайны працавала ў Горадні загадчыцай аддзелу прапаганды ў абкаме партыі.
- Брат Яраслаў таксама застаўся ў Расеі, служыў у Чырвонай Арміі. Калі Анатоль Альшэўскі быў арыштаваны, Яраслава звольнілі з працы, пазбавілі ўсіх званьняў, выгналі з кватэры. Некалькі гадоў да вайны ён працаваў экспэдытарам — развозіў хлеб. Пасьля пачатку Вялікай Айчыннай вайны пайшоў добраахвотнікам на фронт, даваяваўся да лейтэнанта і загінуў пад Курскам.
- Дачка Іна — жонка беларускага пісьменьніка Аляксея Карпюка[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Беларусь у асобах і падзеях (белар.)
- ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын (белар.) — Мінск: 1996. — Т. 1. — С. 289, 290. — 552 с. — ISBN 978-985-11-0036-7
- ^ а б Карпюк Іна Анатолеўна. Карпюк хацеў забіць Прытыцкага, а Прытыцкі…. Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат». Праверана 4 ліпеня 2009 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- . — Мн.: С. 1. — С. 289—290.
- Ольшевский Анатолий Адамович (4.07.1904—1937) // Их именами названы…: Энцикл. справочник. — Мн.: БелСЭ, 1987. — С. 460. — 30 000 ас.
- Калеснік Ул. Пасланец Праметэя: Дакум. аповесць. — Мн.: 1984.
- Орехво Н.С. Справы й людзі КПЗБ: Успаміны = Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. — Мн.: 1983.
- Анатоль Адамавіч Альшэўскі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 75—76.
- Саламевіч. Слоўнік псеўданімаў. ЭГБ, т. 1.
- Альшэўскі Анатоль Адамавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — С. 107—108.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Маракоў, Леанід. Альшэўскі Анатоль Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991 Праверана 4 ліпеня 2009 г.
- Нарадзіліся 4 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1904 годзе
- Нарадзіліся ў Бярозе
- Памерлі ў 1937 годзе
- Памерлі ў Менску
- Выпускнікі Камуністычнага ўнівэрсытэту імя Сьвярдлова
- Беларускія публіцысты
- Сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Расстраляныя беларускія літаратары
- Людзі, у гонар якіх названыя вуліцы