Перайсьці да зьместу

Ангельска-беларускае таварыства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Англа-беларускае таварыства»)

Анге́льска-белару́скае тавары́ства (па-ангельску: Anglo-Belarusian Society) — брытанская грамадзкая арганізацыя, якая існуе з мэтай пашырэньня кантактаў беларускай дыяспары з брытанскімі арганізацыямі, а таксама распаўсюджваньня ведаў пра Беларусь, беларускую гісторыю і культуру.

Ангельска-беларускае таварыства было створанае 16 сакавіка 1954 году ў межах Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Першымі сябрамі Таварыства сталіся зацікаўленыя Беларусьсю прадстаўнікі брытанскіх палітычных і акадэмічных колаў, з якімі беларускай супольнасьцю былі наладжаныя сувязі ў 1950-х гадах. Гэтая зацікаўленасьць часткова тлумачылася тым, што падчас Халоднае вайны брытанскія беларусы ўвасаблялі для іншых брытанцаў «паняволеныя нацыі», якія знаходзіліся пад камуністычным кіраваньнем.

Таварыства, нягледзячы на сваю “ангельскую” назву, ні ў якім разе не мела і не мае намеру выключыць са сваёй дзейнасьці Шкоцыю, Ўэйлз і іншыя часткі Злучанага Каралеўства.[1][2]

Першым прэзыдэнтам Таварыства быў Дэвід Ормсьбі-Гор (William David Ormsby-Gore), вядомы брытанскі дыплямат і палітык. Віцэ-прэзыдэнтам арганізацыі доўгі час была Фрэнсіс Ўорд (Frances Ward), лэдзі Фіпс (Phipps), сужэнка амбасадара Эрыка Фіпса. Яшчэ адной жанчынай у кіраўніцтве Таварыства стала Кэтрын Макмілан (Katharine Macmillan), якая ў 1968 была абраная намесьніцай старшыні Кансэрватыўнай партыі. Спачатку яна займала пасаду віцэ-прэзыдэнта Ангельска-беларускага таварыства, а пазьней – прэзыдэнта арганізацыі.

Але гэтыя асобы выконвалі хутчэй сымбалічную ролю і давалі арганізацыі сваё імя і сувязі. Першым жа дзейным старшынём Таварыства быў Оберан Гербэрт (Auberon Herbert), які “быў натхняльнікам і практычным рэалізатарам многіх праектаў”.[2]

Сярод першых культурніцкіх чыннасьцяў таварыства былі публікацыя часопіса пра Беларусь і арганізацыя канцэртаў беларускай царкоўнай музыкі, фальклёру і танцаў у холе Ўэстмінстэрскай катэдры ў 1950 гадах.[1][2]

У 1965 годзе Таварыства пачало публікаваць англамоўны часопіс “The Journal of Belarusian Studies” (па-беларуску: "Часопіс беларускіх дасьледаваньняў”), уступ да першага нумара якога напісаў вядомы ангельскі філёляг Робэрт Оці. Часопіс распаўсюджваўся штогод ва ўнівэрсытэты, бібліятэкі і прыватным замоўцам у Вялікабрытаніі, ЗША, Савецкім Саюзе і іншых краінах сьвету. Часопіс зьмяшчаў артыкулы пра беларускую літаратуру, мовазнаўства, гісторыю, мастацтва, а таксама хроніку падзеяў і бібліяграфію папярэдняго году. У 1965 годзе Таварыства таксама апублікавала буклет “An Introduction to Byelorussia” (па-беларуску: “Уводзіны ў Беларусь”).

Таварыства і Часопіс многія дзесяцігодзьдзі зьяўляліся дасьледніцкай плятформай для тых, хто цікавіўся беларусазнаўчай тэматыкай. Сярод аўтараў Часопіса былі Гай Пікарда, Вера Рыч, Арнольд Макмілін, Джым Дынглі, біскуп Часлаў Сіповіч, айцец Аляксандар Надсан, Пітэр Джон Мэё і іншыя.[2] Пасьля 1988 году выхад часопісу быў спынены, але адноўлены з 2013 году.[3]

Ангельска-беларускае таварыства па сёньняшні час зьяўляецца вядучай арганізацыяй, якая спрыяе распаўсюджваньню беларускай культуры і беларусазнаўства ў Брытаніі. Сярод сучасных мерапрыемстваў Таварыства можна адзначыць:

Дзейным прэзыдэнтам Таварыства зьяўляецца Алан Флаўэрз.[6]

  1. ^ а б History | Anglo-Belarusian Society [Гісторыя | Ангельска-беларускае таварыства]
  2. ^ а б в г Гардзіенка Наталля. Беларусы ў Вялікабрытаніі. Мінск: Згуртаванне беларусаў свету Бацькаўшчына, Медысонт, 2010, ст. 466–488. ISBN 978-985-6887-63-8.
  3. ^ Вялікая Брытанія ўзнавіла беларускі часопіс пасля 24 гадоў маўчання, 2012.11.18
  4. ^ Annual report of the chairman of the Anglo-Belarusian Society for 2016 [Гадавая справаздача прэзыдэнта Ангельска-беларускага таварыства за 2016 год], Journal of Belarusian Studies. 8 (2): 86–87
  5. ^ Annual Report of the Chairman of the Anglo-Belarusian Society for 2019 | Anglo-Belarusian Society [Гадавая справаздача прэзыдэнта Ангельска-беларускага таварыства за 2019 год | Ангельска-беларускае таварыства]
  6. ^ People | Anglo-Belarusian Society [Асобы | Ангельска-беларускае таварыства]