Перайсьці да зьместу

Беларусы ў Нямеччыне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік «Змагарам за волю Беларусі» ў Мітэнвальдзе, Баварыя

Беларуская дыяспара ў Нямеччыне складаецца з ураджэнцаў Беларусі, грамадзянаў Беларусі і этнічных беларусаў. Паводле перапісу 2020 года, у Нямеччыне жылі 24.250 грамадзянаў Беларусі[1].

Сяреднявечча і Новы час

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Франтон Царквы тэатынаў у Мюнхене з гербамі Баварыі і Рэчы Паспалітай у гонар шлюбу Марыі Ганны Саксонскай і курфюрста баварскага Максыміліяна III

У розныя часы мелі месца шлюбы паміж манархамі нямецкіх дзяржаваў і дачкамі вялікіх князёў літоўскіх. Ядзьвіга Ягелонка (1457—1502), унучка Ягайлы і Соф’і Гальшанскай, была жонкай баварскага герцага Юрыя (Георга) Багатага. Марыя Ганна Саксонская (1728—1797), дачка перадапошняга вялікага князя літоўскага Аўгуста Саса, была жонкаю курфюрста баварскага Максыміліяна III.

Памяці пра сьвяткаваньне шлюбу Ядзьвігі Ягелонкі і Юрыя Багатага прысьвечаны буйны фэстываль сярэднявечнай культуры «Ляндсгуцкае вясельле», які адбываецца кожныя чатыры гады ў горадзе Ляндсгут, Баварыя.

З 1919 па 1925 гг. у Бэрліне дзейнічала дыпляматычная місія Беларускай Народнай Рэспублікі, пры якой існавала беларускае прэс-бюро і місія па справах ваеннапалонных. У нямецкіх лягерах для ваеннапалонных на канец Першай Сусьветнай вайны знаходзілася каля 60.000 беларусаў з шэрагаў былой расейскай арміі[2].

Са сьнежня 1939 года ў Бэрліне выдавалася газэта «Раніца». 19 чэрвеня 1941 года ў Бэрліне быў утвораны Беларускі нацыянальны цэнтр на нарадзе прадстаўнікоў Беларускага камітэта самапомачы і Беларускага прадстаўніцтва.

Пасьля Другой сусьветнай вайны ў Нямеччыне апынулася да 100 тысячаў уцекачоў і перамешчаных асобаў зь Беларусі, большасьць зь якіх у дакумэнтах пазначалі сябе палякамі, каб пазьбегнуць прымусовага вяртаньня ў сталінскі СССР[3].

Жыхары Заходняй Беларусі, якія мелі польскае грамадзянства, складалі 70—75% беларускіх уцекачоў у Заходняй Эўропе пасьля Другой Сусьветнай вайны[4].

Помнік загінулым у 1939—1945 беларусам, Ляймэн, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг

На тэрыторыі Нямеччыны і Аўстрыі існаваў шэраг лягераў для перамешчаных асобаў пад апекай адміністрацыі ААН па дапамозе і рэгабілітацыі (UNRRA), у якіх заўважную колькасьць насельнікаў складалі беларусы. Сярод лягераў з заўважнай колькасьцю беларусаў былі:

  • Ватэнштэт (брытанская акупацыйная зона)
  • Варбэрг (брытанская акупацыйная зона)
  • Госьляр (брытанская акупацыйная зона)
  • Рэгенсбург (амэрыканская акупацыйная зона)
  • Міхельсдорф (амэрыканская акупацыйная зона)
  • Мітэнвальд
  • Бокгорст
  • Браўншвайг
  • Гамэльн
  • Гановэр
  • Зээдорф
  • Любэк
  • Плінкэ
  • Райнэ
  • Рынгельгайм
  • Фішбэк
  • Эккендордэ.

Лягер з найбольшым беларускім насельніцтвам знаходзіўся ў Ватэнштэце, Ніжняя Саксонія. За чатыры гады пасьля вайны празь яго прайшло 1420 беларусаў.

У лягерах для перамешчаных асобаў існавалі беларускія школы (у тым ліку Беларуская гімназія імя Янкі Купалы), скаўцкія арганізацыі, дзейнічалі аматарскія сьпеўныя, танцавальныя, тэатральныя калектывы, выдаваліся кнігі i пэрыёдыкі[3].

У пасьляваеннай Нямеччыне аформіліся асноўныя беларускія палітычныя плыні, якія існавалі ў эміграцыі. 29 сьнежня 1947 г. у Остэргофэне на сходзе, прысьвечаным 30-й гадавіне І Усебеларускага кангрэсу, было афіцыйна абвешчана пра аднаўленьне дзейнасьці Рады БНР на чале з прэзыдэнтам Міколам Абрамчыкам. 9 траўня 1948 г. у Эльвангене быў скліканы ХІІ Пленум БЦР, на якім Беларуская Цэнтральная Рада была абвешчана «выканаўчым і прадстаўнічым на эміграцыі органам незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі»[4].

5 чэрвеня 1948 г., у дзень сьв. Эўфрасіньні Полацкай, у горадзе Канстанц прайшоў саборык БАПЦ, на якім было абвешчана пра аднаўленьне БАПЦ і яе часовае падпарадкаваньне япіскапу Сяргею (Ахатэнку) з УАПЦ[4].

Пераважная большасьць беларусаў зь лягераў для перамешчаных асобаў зь цягам часу пераехалі ў Вялікую Брытанію, Канаду, ЗША і іншыя краіны, утварыўшы там беларускія асяродкі.

Ад 1954 г. да 1995 г. у Мюнхене працавала беларуская служба радыё «Вызваленьне» (потым «Свабода» ці «Свабодная Эўропа»). Таксама ў Мюнхене да 1966 г. выдавалася газэта «Бацькаўшчына». У 1950 г. там жа сама быў створаны Інстытут вывучэньня СССР, дзе пасьля рэарганізацыі ў 1954 г. сталі працаваць некалькі беларускіх навукоўцаў. Яны выдавалі «Беларускі зборнік», цягам 1955—1960 г. выйшла 12 нумароў[5]. Непрацяглы час пасьля вайны ў Нямеччыне дзейнічалі літаратурныя аб’яднаньні Шыпшына і Баявая Ўскалось.

Акцыя пратэсту беларусаў у Мюнхэне

Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Беларусі ў Нямеччыне зьявіліся новыя арганізацыі беларускай дыяспары, у тым ліку Згуртаваньне беларусаў у Нямеччыне (старшыня — Язэп Паўловіч, Зіген) і Зьвяз беларусаў Нямеччыны (старшыня — Яўген Мурашка, Ляндсгут). У жніўні 2020 году была створаная арганізацыя беларускай дыяспары Беларуская суполка RAZAM.

У Нямеччыне доўгі час пражывалі ў эміграцыі Васіль Быкаў, Сьвятлана Алексіевіч і іншыя беларускія культурніцкія і грамадзкія дзеячы, перасьледваныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Апошнія гады жыцьця правёў і быў пахаваны ў Нямеччыне выбітны беларускі навуковец і грамадзкі дзеяч Барыс Кіт.

У 2020 і 2021 гг. у розных гарадах Нямеччыны адбываліся акцыі салідарнасьці з Пратэстамі ў Беларусі пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў.

Колькасьць грамадзянаў Беларусі, якія пражываюць у Нямеччыне[1]
2020 2015
Усяго 24.250 21.151
У тым ліку жанчынаў 17.095 14.986
У тым ліку мужчынаў 7.155 6.165