Шыпшына (літаратурнае аб’яднаньне)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шыпшына
Дата ўтварэньня 9 студзеня 1945
Дата спыненьня існаваньня 1950
Тып літаратурнае аб’яднаньне
Афіцыйныя мовы беларуская

«Шыпшы́на» — літаратурнае згуртаваньне беларусаў у Заходняй Нямеччыне, якое задзіночыла беларускіх літаратараў на першых этапах жыцьця на чужыне па Другой сусьветнай вайне.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арганізацыя была створаная на адпаведным сходзе 9 студзеня 1945 году. На сходзе былі Натальля Арсеньнева, Юрка Віцьбіч, Уладзімер Сядура, Уладзімер Клішэвіч, Тодар Лебяда, Алесь Салавей, Мікола Цэлеш, Андрэй Чэмер, Вольга Таполя, Лявон Случчанін, Янка Золак[1]. Тады ж Віцьбіч і Сядура былі абраныя, каб зьвярнуцца да Радаслава Астроўскага з мэтай афіцыйнага афармленьня арганізацыі, але ваенныя падзеі перашкодзілі[1].

Згуртаваньне аднавілася ў адным зь лягераў ДП на ўскраіне Рэгенсбургу 9 красавіка 1946 г. Яе аднаўляльнікамі сталі Юрка Віцьбіч, Натальля Арсеньнева, Янка Золак і Майсей Сяднёў. Хутка яно задзіночыла блізу ўсіх паэтаў і пісьменьнікаў на эміграцыі. Галінка шыпшыны з кветкамі і калючкамі стала сымбалнм-эмблемай арганізацыі, а верш Уладзімера Дубоўкі «О, Беларусь, мая шыпшына» — паэтычным маніфэстам. Дэклярацыю «Шыпшыны» падпісала 12 пісьменьнікаў (Натальля Арсеньнева, Юрка Віцьбіч, Мікола Вярба, Янка Золак, Хведар Ільляшэвіч, Аўген Кавалеўскі, Уладзімер Клішэвіч, Алесь Салавей, Майсей Сяднёў, Уладзімер Сядура і Мікола Цэлеш). Пазьней да таварыства далучыліся таксама Міхась Кавыль, Уладзімер Дудзіцкі, Сымон Жамойда і Рыгор Крушына[1].

Па выхадзе апошняга нумара ў 1950 годзе і разьезьдзе сяброў таварыства арганізацыя фактычна спыніла сваё існаваньне.

Часопіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аднайменны часопіс, будучы органам таварыства, выходзіў у 1946—1950 гадах, зьявілася ўсяго 9 нумараў. Рэдактарам быў Юрка Віцьбіч. У выданьні друкавала свае творы больш за 30 беларускіх аўтараў. Апрача таго, друкаваліся ў «Шыпшыне» творы 34 беларускіх пісьменьнікаў, якія жылі ў Беларусі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Лявон Юрэвіч «Узвышша», «Шыпшына» і Юрка Віцьбіч // Архіўная кніга. — Нью-Ёрк: БІНіМ, 1996.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]